Час перамен — не заўсёды да лепшага

№ 9 (1448) 29.02.2020 - 07.03.2020 г

Наша кіно 80 — 90-х
(Працяг. Пачатак у № № 2 —4, 8.)

/i/content/pi/cult/787/16977/03.JPGУ 1984-м, паставіўшы ў Маскве на студыі імя Горкага некалькі карцін, у тым ліку, “Дастаянне рэспублікі” з Андрэем Міронавым, у Мінск вярнуўся вялікі казачнік Уладзімір Бычкоў — па-студыйнаму: “Бычкок”, сугучна з “Хічкок”.

Прыспеў іншы час — і яму дазволілі зняць з паліцы фільм-пакутнік “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, дзе той праляжаў 23 гады: маўляў, рыхтуйце да пракату. Валодзя склікаў нас, аскепкі здымачнай групы: мантажора Вету Калядэнка, акцёраў Любу Румянцаву, Ігара Смушкевіча, мяне — аўтара закадравага каментарыя... Валодзя Караткевіч нядаўна памёр...

Фінальныя надпісы, дзе ўзгадвалася прозвішча нябожчыка-пісьменніка… Навісла злавесна-разгубленая цішыня. Бычкоў неяк няўпэўнена прапанаваў: “Давайце падумаем: можа, нешта можна перарабіць, палепшыць... У нас ёсць час”. Падняўся пісьменнік Янка Брыль, які чамусьці апынуўся на праглядзе, уздыхнуў: “Нам ужо не раз здавалася, што маем час...” Ціха разыйшліся ў самоце. Люба — выканаўца роляў апостала Іаана і куртызанкі Марыны Крывіч — прамармытала, выходзячы: “Лепш бы яго ў такім выглядзе не бачыла”. Гэта яна параўноўвала ўбачанае з першай аўтарскай версіяй, якую ўзнавіць ужо немагчыма.

Але вось “Бычкок” у другі раз, як гаворыцца, увайшоў у “беларусьфільмаўскую раку” — і па-майстэрску зняў “Восеньскі падарунак фей”, які меў удалы пракат. А ў 1985-м сваю апошнюю ў жыцці карціну “Палёт у краіну пачвараў”. Увесь працэс здымак у мінскіх павільёнах і на натуры — у Эшэры, пад Сухумі — прайшоў пры мне: рэжысёр запрасіў мяне на ролю Шпега. Роля адмоўная, вядома: каго ж яшчэ я магу іграць!

Нястрымана-буянная фантазія “Бычкока”: дрэсіраваныя драпежнікі, артысты цырка, у ролі караля Дулярыса клоўн Уладзімір Крэмена, матацыклісты-каскадзёры, запісны Кашчэй і Баба-Яга дзіцячых фільмаў-казак, востра-характарны акцёр Георгій Мілляр, палёты ў космас, нязвычныя касцюмы Алы Грыбавай, дзівосныя дэкарацыі “масфільмаўца” Паўла Ілышава, усе мы, персанажы-“дрэннышы”, у фінале ператвараемся ў лялькі!

Здымкі натуры ў наваколлі Сухумі штодзень ускладняліся амаль непераадольнымі цяжкасцямі: ужо з сярэдзіны здымачнай змены наўкол бамбукавага гаю на беразе мора ў ценю стаялі легкавікі: гасцінныя абхазцы з нецярпеннем чакалі канца змены, каб разабраць беларускіх “кіношнікаў” і развезці іх па аулах, дзе ўжо стаялі накрытыя сталы.

Як і да якой гадзіны ночы цягнуліся застоллі, не ведаю: я адзін, хто ў тым не ўдзельнічаў. Карыстаючыся неспадзяванай магчымасцю пабыць на моры, узяў у экспедыцыю жонку з трохгадовай дачкой і двухгадовым сынком.

Пасля вельмі паспешлівага “Палёта…” Валодзя пражыў у Мінску яшчэ амаль 20 гадоў, меў задумы… Але больш спрытныя калегі адцяснялі яго, выбівалі дзяржфінансаванне на свае праекты — надышлі новыя “грашовыя” часы… Фантазіі Бычкова мог рэалізаваць толькі ён сам.

У шторанішніх малітвах-марціралогах узгадваю сябра Валеру Рубінчыка, таварышаў Валодзю Караткевіча і Валодзю Бычкова — прастадушнага, бязмежна таленавітага фантазёра. Больш такога ўнікума не бачу сёння ні на беларускім кінадаляглядзе, ні нават на расійскім.

На фасадзе кінастудыі няма мемарыяльных дошак у памяць аб Уладзіміры Бычкове і Леанідзе Нячаеве. І не будзе. Ды і навошта? Ім не трэба нагадваць пра сябе такім матэрыяльным чынам. Яны ж — казачнікі…

А вось дошка — адразу была проста над галоўным уваходам: “Міхаіл Пташук” — з’явілася тут клопатамі жонкі і дачкі рэжысёра. Цяпер дошку ссунулі далей — за Коршам.

Хлопец з вёскі Федзюкі Ляхавіцкага раёна, што на Берасцейшчыне, скончыў у Маскве “Шчуку” як акцёр, працаваў у тэатрах Расіі, паступіў у Маскву і скончыў Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў, асеў на радзіме. Першая значная карціна Пташука — пяцісерыйная “Час выбраў нас”. Тэма — асноўная для “Партызанфільма”: камсамольскае падполле 1942 — 1944 гадоў ва акупаванай фашыстамі Беларусі.

Вядома ж, цяжка персаніфінікаваць кожнага з двух дзясяткаў актыўна дзеючых персанажаў. Водгук:

“...унікальны насычаны матэрыял проста-такі “ўзрывае” даволі схематычная сюжэтная канструкцыя”.

А вось грунтоўнае суджэнне прэсы:

“Какой-то будничный, очень узнаваемый сельский интеллигент, усталый и озабоченный, становится в нравственный и эстетический центр событий”.

Тут міжволі ўзгадваецца першая прыкметная роля ў кіно Інакенція Смактуноўскага — лейтэнант Фарбераў з фільма “У акопах Сталінграда” паводле Віктара Някрасава: інтэлігент-нягега, задумлівы акуляршчык, летуценнік, які ў вогненнай віхуры вайны разважае пра жыццё...

Водгук на персанаж з фільма Пташука:

“Акцёр Пётр Вельямінаў стварае рамантычны вобраз, пазбаўлены прыземістасці”.

И вось вынік: Усесаюзная прэмія Ленінскага камсамола за 1980 год. І яшчэ: фонавая песня Хрэннікава на словы Матусоўскага “Кожны чацьвёрты”. Пачутая ў фільме Уладзімірам Мулявіным, яна ў а-капэльным выкананні стала кульмінацыяй песеннага спектакля “Песняроў” 1984 года “Праз усю вайну”.

І за наступную карціну “Вазьму твой боль” Пташуку — Дзяржаўная прэмія БССР. Тэма тая ж самая: вайна, акупацыя.

Гэта, як мы пераканаліся, і галоўны тэматычны напрамак студыі, і пажыццёвая тэма Міхаіла Мікалаевіча. Яго аднакурснік Гена Харлан расказваў мне, што Міша нават яшчэ акцёрскія эцюды сачыняў пра тое ж: то нешта патаемна падпальваў, то з аглядкай расклейваў улёткі. Слухачы ВКСР пасмейваліся над эцюдамі беларуса. Як даказала жыццё — дарэмна.

Пэўна, прафесіянальная зайздрасць да поспеху “Дзікага палявання караля Стаха” паводле Караткевіча і захопленасць новым дэтэктывам таго ж аўтара падштурхнулі Пташука адыйсці ад тэмы вайны і ўзяцца за “Чорны замак Альшанскі”.

Прызнаюся, я раман не дачытаў: заблытанасць у пошуках скарбу, знарочыстасць у канструяванні аповеда, блеклыя персанажы, — словам, нецікава. Водгук:

“Чыста ўмоўна выглядае скарб… вартая жалю кучка манет”.

У аўтара ў параўнанні з “Дзікім паляваннем…” крок назад. Ну і што ж, што — “Караткевіч”?! Творца бывае не роўны сам сабе.

“Не ўсё ўдалося ў створанай Караткевічам складанай кампазіцыі і мудрагелістай сюжэтнай вязі”.

Недахопы і хібы рамана “перакачавалі” ў фільм. Водгук:

“…шэраг невыразных нецікавых дыялогаў”.

“Тым, хто не чытаў кнігі, цяжка разабрацца, што да чаго”.

А вось і ўхвала:

“Вельмі ўражвае адлюстраванне падзей апошняй вайны”.

Значыцца, удача, калі Пташук выходзіць на сваю асноўную тэму! І ён зробіць з таго выснову.

Далей у яго творчым багажы цікавыя, палітычна злабадзённыя фільмы “Наш бронецягнік” і “Кааператыў “Палітбюро”, ці Будзе доўгім развітанне”.

Сюжэт “Кааператыва”: незапатрабаваныя артысты ў абліччы былых лідараў СССР акцёрствуюць за ганарар і частаванне ў тусоўках “новых рускіх”. Асабліва яскрава і пераканаўча сыграў Аляксей Пятрэнка “Сталіна”: ад усясільнага ўладара 1/6 часткі зямнога шара да нікчэмна-зніжанага акцёрчыка ў грыме “правадыра народаў свету”.

Лічаць лепшым фільмам Пташука “У жніўні 44-га”.

Але вось закадравая перадгісторыя: нейкія містычна няўдалыя сітуацыі з экранізацыяй. Зацікавіўся, было, Андрэй Таркоўскі раманам Багамолава — ён ужо вельмі ўдала перанёс на экран яго апавяданне “Іван”, — але адступіўся: не знайшоў паразумення з аўтарам. А матэрыял прыцягваў! Зняў амаль паўфільма Вітаўтас Жалакявічус — разыйшоўся з аўтарам: той, кажуць, катэгарычна не быў згодны з трактоўкай рэжысёрам-літоўцам дзейнасці савецкай контрразведкі. Усё адзнятае знішчылі — у СССР справа звычная… Фільм Міхаіла, адзначаны ўзнагародамі, — важкі ўнёсак у серыю фільмаў пра вайну.

Аднак фільмам, этапным для Пташука, аўтар застаўся не вельмі задаволены. Яны, пэўна, не кантактавалі: я чытаў “завочны”, не вельмі ухвальны водгук Уладзіміра Багамолава пра фільм і ў адказ — нешта накшталт тлумачэння-апраўдання Пташука… Мір ім абодвум — даспрачаюцца на нябёсах.

А ўсё ж лічу: лепшы фільм Мішы — “Знак бяды” паводле Васіля Быкава — наша тэма, нашы стваральнікі-беларусы, спрэс нашы акцёры. Выключэнне: Ніна Русланава — адметны выбар актрысы-масквічкі! Варты партнёр яе — наш Генадзь Гарбук. Выдатны акцёрскі дуэт “тутэйшых”! Верыш, што яны зжыліся, што гарбаціліся цэлае жыццё разам, зрабіліся як адно.

Жорстка-праўдзівыя “калгасныя” эпізоды Міхаілу Мікалаевічу загадвалі выразаць. Але рэжысёр адмовіўся, стаў на бок аўтарскай першакрыніцы — выстаяў!.. Дзе цяпер тыя, некалі ўсясільныя “забароншчыкі-непушчальшчыкі”? А па-майстэрску зроблены фільм існуе ў поўным аўтарскім варыянце — узор творцам.

На вытворчай базе “Беларусьфільма” ў 1987-м зняты двухсерыйны фільм “Камедыянт”. Менавіта і толькі “на вытворчай”, бо тэлебачанне павільёна для дэкарацыі вялікага дома-тэатра, у якім адбываецца ўся дзея, не мела. А гэта карціна створана на т/а “Тэлефільм” Дзяржтэлерадыё БССР.

Сцэнарый Алеся Асташонка — пра патаемнае вяртанне пасля разгрому паўстання 1863 года ў ноч на Каляды ў свой дом, які знаходзіцца пад наглядам паліцыі, шляхціца-“камедыянта” — тут быў вольны пераказ аўтарам магчымых падзей з жыцця Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Пасля прэм’ернага паказу карціны па ТБ на імя старшыні Дзяржтэлерадыё БССР прыйшоў ліст ад доктара біялагічных навук Валерыя Пятровіча Прыстаўкі — копія ў мяне.

“В фильме Владимира Орлова мы впервые на экране увидели беларуса не в кожухе, лаптях, с автоматом ППШ на груди, а интеллигента, говорящего на английском и французском, играющего на фисгармонии”.

Амаль адразу ж за “Камедыянтам”, я запусціўся з другім двухсерыйным фільмам “Запіскі Самсона Самасуя”. Здабыванне літаратурнай першакрыніцы — патаемная дэтэктыўная гісторыя, вартая асобнага сцэнарыя.

Неяк дазнаўся, што недзе напрыканцы 20-х у некалькіх нумарах часопіса “Узвышша” надрукавалі “Запіскі…”, зацікавіла, што раман — сатырычны. Але ён, па чутках, у таямніча-недасягальным спецзахаванні! Аніводная ўстанова, аніводны “кампетэнтны орган”, куды дасылалі запыты, пра твор той, быццам, нічога не чулі. Але я ўжо ведаў рэальныя “хады” ў нашай краіне: усё вырашае ці 1-шы Сакратар ЦК, ці вахцёр, сярэдзіна паміж імі — пустэча. А таму праз знаёмых бібліятэкарак “Ленінкі” звярнуўся наўпрост да хлопцаў з цэха “множыцельнай тэхнікі” — тых самых “вахцёраў” — і на блакітным воку распавёў пра раман, які, мо, у нейкіх там спецсховах. Хлопцы скемілі і праз пару дзён папрасілі ганарар у сем рублёў — на той час кошт дзвюх бутэлек гарэлкі са сціплай закуссю. І неўзабаве ратапрынт з раманам быў у мяне.

Калі ў часы “гарбачоўскай галоснасці” з “Запісак…” знялі грыф “сакрэтна”, у нас ужо адбылася прэм’ера ў эфіры.

Канешне ж, у абодвух узгаданых фільмах занятыя былі толькі беларускія акцёры. Яшчэ заўважу: режысёрскія сцэнарыі абодвух беларускамоўных фільмаў напісаны на беларускай мове, — увогуле адзіныя, здаецца, у гісторыі беларускага кіно.

Я ўбачыў назву ”Запісак…” у пераліку карцін “Беларусьфільма” — не, гэта вытворчасць т/а “Тэлефільм” Дзяржтэлерадыё БССР.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр

Фота з архіва аўтара і з Сеціва