Алег Хаменка: “Сучасная беларуская вёска перастала быць крыніцай фальклорнай спадчыны”

№ 10 (1449) 07.03.2020 - 14.03.2020 г

Не ведаю, ці выклікае ў вас неспакой тое, што адбываецца з аўтэнтычнай беларускай музыкай, так бы мовіць, на месцах, але асабіста я, у апошнія гады шмат бываючы ў розных кутках краіны, назіраючы за тым, як, на мой погляд, трансфармуецца народная песенная творчасць у вёсках, аграгарадках і іншых невялікіх населеных пунктах, пачуццё трывогі адчуваю. Пакуль яшчэ лёгкае. Разабрацца з тым, ці падманваецца аглядальнік “К” у сваіх хваляваннях, я папрасіў лідара гурта “Палац” Алега ХАМЕНКУ, прызнанага аўтарытэта ў галіне айчыннай этнікі і фольку.

/i/content/pi/cult/788/16973/019.JPGНармальны працэс

— Ці не здаецца табе, што наша аўтэнтычная музыка — тая, якая ў сваім першапачатковым выглядзе жыве менавіта ў сельскай мясцовасці, усё больш раствараецца ў іншых? Слухаеш які-небудзь фальклорны калектыў з вясковага Дома культуры, і чуеш у самай што ні ёсць беларускай народнай песні чужыя інтанацыі, тэхнікі, меладычныя, а то і тэкставыя ўкрапіны. Гэта, дарэчы, тычыцца і абрадаў.

— Каранёвая культура наогул можа існаваць у нейкім устойлівым стане толькі тады, калі вонкавы ўплыў на яе нязначны. У Беларусі стрыжневая частка такой культуры — музычны аўтэнтычны фальклор, распаўсюджаны ў канкрэтных часавых прасторах, вядома, змяняўся. Асабліва гэта стала прыкметна ў 1950 — 1960-я гады мінулага стагоддзя — з развіццём у СССР радыё і тэлебачання. Да таго часу старадаўняе музычнае мастацтва захоўвалася ў вёсках, у большай ступені, у першапачатковым выглядзе. Пасля 1960-х яно пачало трансфармавацца пад уздзеяннем усяго таго, што людзі чулі ў эфіры і, быць можа, спачатку неўсвядомлена пачалі прыўносіць у песні, абрады. Але так адбывалася і ва ўсім свеце, у фальклоры, скажам, апошніх дзесяцігоддзяў і назва ёсць — сучасны фальклор (contemporary folk music). Ён і сёння ствараецца. Іншая справа, што беларуская сучасная вёска перастала быць крыніцай фальклорнай спадчыны. Цяпер яе шмат у чым сілкуе так званы гарадскі фальклор, у тым ліку маргінальны, звязаны з пэўнымі суполкамі, нават “турэмны” (вязьняў). Зараз пра фальклор, як пра — у высокім сэнсе — транслятар народнай мудрасці, казаць не даводзіцца, хутчэй, ён цяпер з’яўляецца перадатчыкам разнастайнай інфармацыі. Першавобразны музычны беларускі аўтэнтычны фальклор, каранёвы фольк, “сышоў на клін”.

— Гэта нармальны працэс, а не культурная інтэрвенцыя, якую мы самі сабе зладзілі?

— Так. Працэс гэты адбыўся ўсюды. Напрыклад, у Амерыцы — у 1920-х гадах XX-га стагоддзя, калі фальклор карэннага насельніцтва спачатку значна скараціўся, потым прысутнічаў толькі ў рэзервацыях, а цяпер індзейцаў, якія хоць нешта памятаюць з традыцый сваіх продкаў, умоўна кажучы, па пальцах адной рукі можна пералічыць. Фальклор у свеце перарадзіўся, як перараджаецца народ з цягам часу, у залежнасці ад абставін. Сучасныя італьянцы гэта ж не рымляне, персы — не арыі, і сучасныя беларусы не літвіны, не крывічы. Але, вядома, клапаціцца трэба аб тым, каб усё, што магчыма — з каранёвай спадчыны, было захавана ў выглядзе музейных экспанатаў. Калі гэта абрад, ён павінен быць максімальна добра апісаны, сфатаграфаваны, зняты на відэакамеру — з указаннем месца яго правядзення, даты, калі абрад зафіксавалі. І такі архіў павінен быць даступны любому чалавеку. Больш за тое: ужо цяпер варта фіксаваць і сучасны фальклор, нешта адметнае з яго як артэфакт застанецца, а нешта, не вытрымаўшы праверку часам, знікне. Аднак, па магчымасці, неабходна захоўваць усё.

— Натуральна, ты сочыш за тым, як развіваецца сучасны беларускі фальклор…

— Мне сапраўды цікава за гэтым назіраць. Цікава, дарэчы, спрабаваць штосьці самому фіксаваць, афармляць артэфакт у экспанат, папулярызаваць яго, дапусцім, у якасці новага твора або навучальнага дапаможніка. Гэта тычыцца і небеларускіх артэфактаў, якія маюць дачыненне да Беларусі. Вось глядзі: перад табой ксеракопія зробленай у Ірландыі копіі арыгінальнага манускрыпта, што датуецца XV — XVI стагоддзямі, ён на старалацінскай мове. Мастачка Алена Марцьянава дапамагла мне гэтую копію прыдбаць. У манускрыпце ёсць словазлучэнне Alba Ruthenia — Белая Русь. Наколькі я разумею, гэта, верагодна, самая першая згадка (або адна з першых пісьмовых) у такім выглядзе рэгіёна, на частцы тэрыторыі якога, магчыма, знаходзіцца сучасная Беларусь. А вось пераклад манускрыпта — на англійскую мову. Там мы ўжо фігуруем як White Russia. Наогул, было б выдатна, калі б хтосьці змог перавесці не англамоўны тэкст, а арыгінальны. Ты, выпадкова, не валодаеш старалацінскім? Ведаю, цалкам манускрыпт уяўляе з сябе нешта накшталт апісання таго, што бачылі нейкія вандроўнікі-ірландцы.

— Вяртаемся да музыкі. Часта цябе раздражняюць сучасныя інтэрпрэтацыі старадаўняга беларускага фальклору?

— Не падлічваў... Замест слова “інтэрпрэтацыя” я зараз скарыстаю слова “рэканструкцыя”, добра? Яна можа быць асэнсаваная, мэтавая, а ёсць і гэтакі новабуд, “пад даўніну”, так званы фЭйклор (fakelore). Тое, якой рэканструкцыя будзе, залежыць ад людзей, што за яе бяруцца, ад іх густу, такту, прафесіяналізму, ведаў. Але ж і ў слухачоў той жа густ, узровень адукаванасці розныя. Таму дрэнная рэканструкцыя можа стаць папулярнай, а добрую не прымуць. Аднак, забараняць чалавеку самарэалізоўвацца — будзь ён хоць тройчы без таленту, вядома, нельга. Але гэта самарэалізацыя будзе інтэрпрэтацыяй, а не рэканструкцыяй фальклору як часткі нацыянальнай культуры.

Новы погляд

— Я назаву табе некаторых выканаўцаў, а ты, калі ласка, выкажы сваё меркаванне пра іх. Гурт Vuraj.

— Сяржук Доўгушаў валодае глыбокімі ведамі ў галіне беларускага фольку. Часам мне здаецца, што ў яго гэтых ведаў зашмат... Сваю працу ён робіць вельмі якасна.

— Сумесныя праекты акардэаніста гурта Port Mone Аляксея Варсобы і спявачкі Ірэны Катвіцкай…

— Port Mone ігралі так званы “інтуітыўны фольк”. А ў тандэме, які выконвае неа-фольк, аб’ядналіся, быццам бы, дзве творчыя супрацьлегласці: Аляксей з яго інтуітыўным еўрапейскім музычным мысленнем і Ірэна з яе дакладна натуральнай манерай спеваў. Эксперымент ужо даў вынік, спадзяюся, супрацоўніцтва іх не разавае, і хацелася б, каб новы плён дзейнасці дуэта быў такім жа цікавым.

— Shuma.

— Гэта не фольк-, а этна-музыка. Адрозненне заключаецца ў тым, што “этна” не звязаная з пэўным часавым адрэзкам і абапіраецца на паняцце “тэрыторыя”. Фольк — на паняцці “народ”, “дзяржава”, “дакладны час”. Таму — беларускі фольк, але — этна-музыка, напрыклад, Балкан. І калі я чую, што гурт Shuma знаходзіцца на вастрыі айчыннага фольку, для мяне такое меркаванне з’яўляецца няслушным. Аранжыроўкі, рытміка, манера спеваў, сама музыка ў калектыва тэрытарыяльна еўрапейскія, а словы, вымаўленне — славянскія.

— Relikt.

— У гурта вельмі магутны палескі бэкграўнд. І калі яго музыканты звяртаюцца да фальклору, у іх ёсць база, паводле якой калектыў і можа эксперыментаваць. І цяпер ён знаходзіцца, безумоўна, у першым эшалоне беларускага фольк-праг-рока.

— Dzieciuki.

— Выдатны фольк-панк з Гродна. На мой погляд, гэта гурт узроўню амерыканцаў Gogol Bordello.

— Irdorath.

— Наш прарыў у Еўропу з фэнтэзі-фолькам. Цудоўны гурт. Маю да іх шчырую сімпатыю. Як і да этна-сімфа- / фольк-джаз-праекта Dzivia.

— Harmonic Style Project.

— Тут ёсць акадэмічная фальклорная манера спеваў. А наогул, жанрава я б аднёс гурт да турба-фольку, месцам нараджэння якога была Югаславія пачатку 1980-х гадоў. Гэта такая сумесь поп-рока і народнай музыкі. Або да польскага дыска-пола — спрошчанага варыянта фолька, электроннага і танцавальнага. Вось і Harmonic Style Project спрабуе стварыць свой зухаваты поп-фольк. Дзяўчаты там, дарэчы, — агонь, а шчырасць вабіць.

— І, дапусцім... “Палац”.

— Гм... Кірунак, якім ішоў гурт, мы называлі постмадэрн-, мадэрн-фольк. І хацелі зафіксаваць найбольш яркія праявы беларускага музычнага фальклору, зрабіць іх больш вядомымі ці папулярнымі. На сучасных інструментах гралі традыцыйныя народныя гармоніі, з адметнасцямі галасавядзення. (Некалі так афраамерыканцы стварылі джаз, узяўшы еўрапейскія інструменты і зайграўшы афрыканскую музыку.) Такім чынам прапанаваліі новы погляд — з дапамогай поп-музыкі — на старадаўнія песні, на артэфакты аўтэнтычнай культуры. Хтосьці кажа, што зараз мы ствараем нешта іншае, але я думаю — тое ж самае, толькі “шырэй і глыбей”. І калі сёння людзі чуюць у каго-небудзь сапраўды аўтэнтычную манеру спеваў, узгадваюць “Палац”. Або “Троіцу” — лідар этна-трыа Іван Кірчук выдатна валодае рознымі традыцыйнымі манерамі спеваў. Дарэчы, у першых альбомах “Песняроў” фальклорная гармонія і рытміка будаваліся па-еўрапейску (біт-музыка), гэта потым яны пры выкананні ансамблем эстрадных кампазіцый ператварыліся ў савецкія. Я не кажу, што стала горш, стала па-іншаму. Некаторыя ўласныя, кампазітарскія творы “Песняроў” адназначна з’яўляюцца цяперашнім фальклорам. Як і асобныя песні Змітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага — з яго, напрыклад, “Тры чарапахі”. Як, безумоўна, “Вы шуміце бярозы” Ханка і Гілевіча. Песні Віктара Цоя, якія кампаніі падлеткаў і па гэты дзень спяваюць у дварах пад гітару. Тое, што сышло ў народ, прынялося грамадствам і ёсць фальклор.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"