Ці вырасце качаня ў лебедзя?

№ 10 (1449) 07.03.2020 - 14.03.2020 г

Абанемент “Класіка — гэта класна!” даўно стаў брэндам і Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі на чале з Яўгенам Бушковым, і ўсёй сталічнай філармоніі. Цягам некалькіх гадоў музыканты імкнуцца даказаць дзятве і дарослым, што далучацца да вечных духоўных каштоўнасцяў зусім не сумна, а вельмі радасна. Чарговы канцэрт абяцаў сусветную прэм’еру музычнай казкі “Брыдкае качаня” маладога беларускага кампазітара Любові Кунейка ў звязцы з “Песнямі для дзяцей” П.Чайкоўскага. Зайздроснае спалучэнне! Ці наадварот — забойна знішчальнае?

Супрацоўніцтва з айчыннымі творцамі — адзін з важных складнікаў работы згаданага калектыву. У мінулыя гады такімі “рэзідэнтамі” аркестра былі Галіна Гарэлава, Канстанцін Яськоў, іншыя знакамітыя кампазітары. Імя ж Любові Кунейка вядома хіба самым адданым знаўцам, якія пільна сочаць за выхаванцамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Нядаўняя выпускніца па класе кампазіцыі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі нашай краіны Алега Хадоскі Люба ўдала працягвае традыцыі старэйшых пакаленняў. Рыхтуючыся стаць маці, яна даказала сваёй новай партытурай, што жанчыны лепей за каго разумеюць, што трэба дзіцяці.

Ідэя сыходзіла ад дырыжора, выбар пэўнай казкі Андэрсена і далейшыя фантазіі — цалкам ад кампазітара. Яна толькі раілася з заказчыкам, ці можна выкарыстаць ударныя, салістаў, дзіцячы хор “Спяваючыя музыканты” Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ (мастацкі кіраўнік — Ала Мазурава) — і на ўсё атрымлівала станоўчыя адказы.

Тэатральнасць выканання выявілася з моманту з’яўлення на сцэне дырыжора Яўгена Бушкова — спачатку ў ролі спрактыкаванага вядучага. Яго яркі швэдар колеру сонечнай віяланчэлі цудоўна гарманаваў з падсветленымі літаўрамі, арганнымі трубамі на задніку сцэны. Ды мае прадчуванні далейшага маляўнічага разгорту не спраўдзіліся, бо фарбамі вылучалася хіба ўласна музыка. У ёй можна было пачуць элементы блізкага дзецям неакласіцызму, пракоф’еўскай “апельсінавасці”, заўважыць кампазітарскую работу з інтанацыйным шэрагам. Тэма лебедзяў аздаблялася духавымі, надыходу вясны спрыяла сольная флейта, да якой пазней далучалася першая скрыпка, іншыя інструменты — прырода прачыналася амаль візуальна, паскараючы нотны капеж.

Тэкст казкі, скарочаны ў адпаведнасці з музыкай, чытаў запрошаны артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Дзмітрый Есяневіч. Майстар характарных роляў, запамінальных эпозідаў, ён як мог імкнуўся расквеціць аповед. Дзеці рэагавалі найперш на яго гукапераймальныя “жартачкі” накшталт трэску шкарлупінаў, але агульная драматургія эмацыйна-зместавага спалучэння тэксту з музыкай так і не склалася. Бо казцы не хапала рэжысёра, які дапамог бы артысту расставіць адпаведныя сэнсавыя акцэнты, дапоўніць чытанне пластыкай. Можа, нават выкарыстаць нейкія цацкі-прылады для больш яскравай “карцінкі”.

Аркестр выкупіў аўтарскія правы кампазітара на два гады і будзе раз-пораз выконваць партытуру, у тым ліку на гастролях. Магчыма, цягам гэтага працэсу штосьці дапрацуецца само сабой. Але праект можна было б працягнуць, зрабіўшы студыйны аўдыёзапіс, прыдатны і для радыётрансляцыі, і для музычнай аўдыёкніжкі. І адначасова падумаць пра суцэльную серыю падобных казак — магчыма, на беларускім матэрыяле, што толькі дадало б яму вагі.

Ну, а ў самім канцэрце патрабаваўся антракт — і каб дзеці пабегалі-адпачылі, і каб цыкл П.Чайкоўскага ўспрымаўся больш адасоблена ды на свежыя сілы, а не як незразумелы дадатак, у час якога слухачы стайкай адлятаючых лебедзяў пачалі ціхутка рушыць да выхаду.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"