Women power на Берлінале

№ 10 (1449) 07.03.2020 - 14.03.2020 г

Кіно жанчын і пра жанчын, як лепшае на кінафестывалі
70-ты Берлінскі кінафорум, лепшым фільмам якога была прызнана стужка “Зла не існуе” іранскага рэжысёра-дысыдэнта Махамада Расулофа, паказаў, што бярэ курс на радыкалізацыю сваёй праграмы. І справа не толькі ў пераможцы, якога вызначала журы на чале з зоркай сусветнага кіно Джэрэмі Айрансам. Новыя кіраўнікі Берлінале Карло Шатрыян і Марыетэ Рысенбек, што ўзначалілі форум пасля шматгадовага праўлення Дзітара Косліка, вырашыліся на спалучэнне ў праграме “ільда” і “полымя”. З аднаго боку, нашумелага супярэчлівага праекта Ільі Хржаноўскага DAU, з іншага — свежых і важных фільмаў жанчын-рэжысёраў. Апошнім, а таксама праектам, у цэнтры якіх аказваюцца жанчыны — і прысвечаны гэты агляд.

/i/content/pi/cult/788/16965/07.JPGАгульная расстаноўка сіл

Яшчэ ў першай палове кінафоруму сярод журналістаў было шмат размоваў: штосьці не так шмат зорак у гэтым годзе, закрылі на рэканструкцыю адзін з галоўных кінатэатраў Берлінале — і адпаведна стала складаней патрапіць на публічныя прэм’еры. У “пачак” прэтэнзій патрапіла і закрыццё любімых бараў і закусачных. Але галоўнае, што працавала на пэўную збянтэжанасць: першыя фільмы конкурснай праграмы былі не тое, каб вельмі. Толькі на трэці, чацвёрты дзень фестывалю сітуацыя пачала змяняцца: з’явіліся “Ундзіна” Крысціяна Петцольда, “Сібір” Абэля Ферары, “Жанчына, якая збегла” Хон Сан Су, “Ніколі, рэдка, часам, заўсёды” Элізы Хітман. Кульмінацыяй конкурснага кінаагляду ў пэўным сэнсе стала стужка Ільі Хржаноўскага “ДАУ. Наташа”, пасля дэманстрацыі якой фестываль захліснула цунамі самых розных рэакцый — усім дакладна перастала быць сумна. “ДАУ” стаў тым самым выклікам, што падзяліў прэсу на “за” і “супраць”, а берлінскую публіку, увогуле, справакаваў на пікеты супраць яго дэманстрацыі. Стала відавочнай і галоўная інтрыга фестывалю: ці дадуць што-небудзь скандальнаму праекту альбо не? І ў гэтым сэнсе, прэм’ера Махамада Расулофа, якая прыпала на апошнія дні конкурсу, хоць і прайшла “на ўзроўні”, апынулася трошкі ў ценю правакатыўных стужак Хржаноўскага. Аднак журы элегантна абышло ўсе “вострыя” вуглы: “Залаты мядзведзь” і тытул “Лепшага фільма” ўдастоілася карціна іранскага рэжысёра, у якой падымаецца праблема персанальнага чалавечага выбару ў абставінах, калі гэтага выбару амаль няма. Праект “ДАУ” быў адзначаны ў асобе легендарнага аператара Юргена Юргенса, які працаваў з такімі класікамі кіно, як Райнер Вернер Фасбіндэр і Вім Вендэрс. У зададзеных умовах закрытай прасторы, ігры-жыцця непрафесійных акцёраў, пры абмежаваным асвятленні, Юрген Юргенс зрабіў усё магчымае, каб выява карціны стала чымсьці значным, большым за літаральную фіксацыю на камеру — “Сярэбраны мядзведзь” майстру быў уручаны ў намінацыі “За выбітнае мастацкае рашэнне”. І галоўнае, — сярод пераможцаў варта абавязкова звярнуць увагу на стужку Элізы Хітман “Ніколі, рэдка, часам, заўсёды”, што атрымала Гран-пры журы. Гэта прыклад простага, чароўнага, але і эмпатычнага кіно, якое падкрэсліла яшчэ адну лінію сёлетняга Берлінале — “womеn power” ці адваротны бок сілы — уразлівасць жанчын. Пры гэтым назваць фільм амерыканскай рэжысёркі кан’юктурным “рука не падымаецца” — стужка заварожвае не абвінавачваннямі, а настроем, за якім хаваецца досвед. “Ніколі, рэдка, часам, заўсёды” — гэта тыя словы, якія і падбірае галоўная гераіня, каб адказаць на, здавалася б, простыя пытанні ў клініцы па перапыненні цяжарнасці. Дзяўчына прыехала ў Нью-Йорк, каб тайна зрабіць аборт, бо ў яе штаце падобная працэдура мусіць быць узгоднена з яе бацькамі. Аніякага шчасця гэта падарожжа і рашэнне сямнаццацігадовай Оутам не нясе. Але найбольш важна зразумець і адчуць, што прымусіла дзяўчыну зрабіць гэты выбар.

Womеn і Берлінале

Увогуле, прысутнасць жанчын у праграме Берлінале была не тое, што відавочнай, але заўважнай. Зорная Сігурні Уівер адкрывала фестываль з фільмам “Мой год Сэлінджэра” (рэжысёр карціны Філіп Фалардо). На кінафорум бліжэй да сярэдзіны прыехала ўласнай персонай Хілары Клінтан — у праграме Берлінале браў удзел чатырохгадзінны дакументальны серыял пра амерыканскага палітыка і экс-кандыдатку ў прэзідэнты. Стужка Нанет Бурштэйн так і называлася — “Хілары”. Безумоўнай падзеяй стаў візіт на кінафорум элегантнай і шыкоўнай Хэлен Мірэн, што была ўганаравана “Залатым мядзведзем” за жыццёвыя дасягненні. Цырымонія ўзнагароджання брытанскай актрысы ў Берлінале Палац завяршылася паказам нашумелай карціны “Каралева”, дзе артыстка ўвасабляе Елізавету ІІ (ды ў цэлым рэтраспектыва фільмаў, дзе здымалася Хэлен Мірэн, упрыгожыла праграму форуму).

Але самае галоўнае, — адны з лепшых фільмаў конкурснай праграмы належалі жанчынам-рэжысёркам: і вышэйзгаданая стужка “Ніколі, рэдка, часам, заўсёды” Элізы Хітман, і “Першая карова” Кэлі Рэйхардт, “Чужак” Наталлі Мета, “Мая малодшая сястра” Стэфаніі Шуат і Веранікі Рэйманд… У пэўным сэнсе, у конкурсе свае фільмы прысвяцілі гераіням геній паўднёва-карэйскага кіно Хон Сан Су — “Жанчына, якая збегла” — з удзелам актрысы Кім Мін Хі, нямецкі рэжысёр, прадстаўнік “берлінскай хвалі” Крысціян Петцольд — “Ундзіна”. Артыстка, якая сыграла галоўную ролю ў яго стужцы — Паўла Бір — была ўганаравана “Сярэбраным мядзведзем” у намінацыі “Лепшая актрыса”.

Незвычайная оптыка

Не ўнікну ад спакусы напісаць пра некаторыя з адзначаных стужак.

Адным з фаварытаў фестывалю з’яўлялася карціна амерыканкі Кэлі Рэйхард “Першая карова”. Амерыка ХІХ стагоддзя. Два героі, якіх зводзіць лёс — кітаец і амерыканец, вырашаюць адкрыць нечаканы “старт-ап” у адным з раёнчыкаў Арыгоны. Мужчыны Дзікага Захаду займаюцца не чымсьці для іх “уласцівым” — напрыклад, ловяць бандытаў, шукаюць золата, ці палююць на звяроў, а… выпякаюць пончыкі. Незямны смак іхняй выпечцы дае нішто іншае, як малако, якое авантурысты вымушаны красці — уначы і тайком яны дояць адзіную ў акрузе карову багатага джэнтльмена. Кэлі Рэйхард “пераварочвае” знаёмае паняцце “амерыканскай мары”, дэманструючы, што ў кожнага ўсё ж такі яна розная, а часам усё, што застаецца кранальным прадпрымальнікам, гэта не поспех, а адно толькі (і гэта, бадай, самае важнае, што ёсць у людзей) — пяшчота сапраўднага сяброўства.

“Чужак” Наталлі Мета быў пазначаны ў праграме як “псіха-секс трылер”. Аднак гісторыя, назва да якой з’яўляецца прыкладна праз восем хвілін дзеяння, распачаўшыся сапраўды як трылер, па ходу не раз мяняе свае фарматныя “адзежкі”. У цэлым жа, несумненна, “Чужы” — гэта “джала” — жанр, які спалучае эротыку і жахі, але стужка зроблена настолькі адвольна, што напрыканцы не ведае і сама, у якой танальнасці і форме ёй застацца. Галоўная гераіня Інэс, якая спявае ў хоры і агучвае эратычныя і хорар фільмы, пакутуе ад начных кашмараў. Пасля загадкавай смерці свайго бойфрэнда жанчына пачынае адчуваць, што кашмары не адно яе ўяўленне, а чароўны голас актрысы — да канца ёй не падуладны. Нехта чужы ахутвае яе сваёй прысутнасцю. У адным нельга адмовіць Наталлі Мета — у дзіўнай пачуццёвасці, якой “працятая” яе карціна. Асобныя сцэны — напрыклад, “кашмар” Інэс у самалёце, сцэна знаёмства жанчыны і загадкавага маладога арганіста (так, у фільме арган паўстае амаль як асобны чужы, які спакушае гераіню), танца маладога чалавека на вечарынцы, — цудоўныя. Але ў цэлым стужцы не хапае стрыжня: яна блытаецца і напрыканцы ўмоўна выходзіць на прыміраючы і дасціпны фінал. Аднак рэжысёрка з Буэнас-Айрэса Наталля Мэта — той аўтар, да якога варта прыгледзецца, і яе кіно, сапраўды, чаруе пачуццёвай хваляй і вольнасцю.

Мужчыны — пра жанчын

Шматслоўная і адначасова медытатыўная карціна Хон Сан Су — “Жанчына, якая збегла” — сапраўдны падарунак для кінаманаў. (Рэжысёр цалкам заслужана атрымаў “Сярэбранага мядзведзя” ў адпаведнай намінацыі). Мінімалістычная, але дасціпная і выразная, незвычайная і нібыта неабавязковая, апошняя стужка паўднёва-карэйскага майстра бярэ ў цэнтр увагі жанчыну, якая ў час ад’езду яе мужа, забаўляе сябе візітамі да сябровак. Гім Хі (так завуць гераіню) заходзіць да адной сваёй прыяцелькі, потым — сакрэтнічае з іншай, а далей выпадкова сустракаецца і з трэцяй, што выяўляецца і не зусім яе сяброўкай. Дасціпныя і павольныя дыялогі, у якіх жанчыны гавораць пра нерухомасць, суседзяў, грошы, бізнес, мужчын, ды і пра катоў, — асобная сцэна з коткай выклікала фурор у кінасупольнасці, — слухаць цікава і займальна. У Хон Сан Су ўсё складваецца нібыта само сабой, нібыта выпадкова, але за гэтым стаіць ціхі геній рэжысёра, кіно якога нараджаецца з тонкіх настрояў, і, лічы, павеваў паветра. Куды збегла ці бяжыць Гам Хі, — разгадаць усё ж не ўдаецца, але тое, што маладая жанчына мае пэўную таямніцу — тое адчуць мы цалкам у стане.

Ундзіна ва ўласна “Ундзіне” Крысціяна Петцольда — і таксама дзяўчына з характарам. Нямецкі рэжысёр (як ня дзіўна ў наш час сацыяльных і экалагічных выклікаў) прысвяціў свой фільм каханню. Апавяданне “Ундзіна сыходзіць” Інгеборгі Бахман — у аснове яго прахалоднага, але пяшчотнага кіно. Але найбольшую цікавасць уяўляе з сябе ўрбаністычны кантэкст, у якім разварочваецца вядомы сюжэт. Здавалася б, як можна ўвасобіць амаль сярэднявечную гісторыю кахання і смерці ў сучасным горадзе? Але рэжысёр дае сваёй гераіні прафесію гісторыка-гіда (тая самая Паула Бір), яе каханы выяўляецца прамысловым вадалазам (Франц Рагоўскі), — і крок ад берлінскай кавярні да воднай стыхіі аказваецца мізэрным. Героі знаёмяцца ў бары, калі са стойкі на пол падае вялізны акварыум, і, разбіўшыся, абдае іх вадой. Крыціяну Петцольду не адмовіш у гумары і адначасова прастаце вобразаў.

У фільме будуць і падводныя пагружэнні закаханых — замест мора паўстане вадасховішча, і надпіс на падводнай арцы Undina, сімвалічныя знакі, няшчасны выпадак, але ўсё на фоне сучаснага Берліна, яго (архітэктурнай) гісторыі. Ключавую фразу вымавіць падчас завучвання новага тэксту для экскурсіі Ундзіна: маўляў, якое аблічча не прымаў бы будынак, які сімвалізуе цэнтр Берліна, яго сутнасць застаецца той жа. Як бы не змянялася аблічча горада — заўжды знойдзецца той, хто аддасць яму самога сябе. Ды і сапраўднае каханне не спыняць ні час, ні смерць. Гэта гісторыя і простая, і няпростая адначасова. Меланхолія Баха, архітэктоны Берліна, і позірк рудой і ранімай Ундзіны, здольнай НЕ жыць без каханага.

Цёмная глыба праекта Ільі Хржаноўскага не адмяняе прыцягальнай сілы гэтых работ, якія сведчаць пра хаду новых аўтараў і іх нечаканага мастацтва.

Фота прадастаўлена прэс-службай фестывалю

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"