Асабіста для мяне яна была і засталася Ірынай. Не з-за панібрацкіх узаемаадносін, а з-за адной са сваіх гераінь — з першай рэдакцыі оперы Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда”. Яе Ірына была моцнай духам сялянскай дзяўчынай, адданай свайму каханню, гатовай дзеля любага шляхціца Рамана прыняць пакуты і нават смерць. Менавіта яна спявала Гальку ў аднайменнай оперы Станіслава Манюшкі (так-так, гэты спектакль калісьці ўпрыгожваў афішу нашага тэатра, хаця ў “беларускасць” аўтара верылі тады далёка не ўсе, прылічваючы яго адно да польскай музычнай культуры).
Ураджэнка вёскі Камуна Любанскага раёна, Ірына Шыкунова цудоўна ўжывалася ў ролі сялянак. Але гледзячы на яе ў жыцці, усе лічылі яе інтэлігенткай у дзясятым калене. Бо яна ўмела прыпаднесці і сябе, і шыкоўны голас, і саму культуру свайго выканання, напрацаваную за гады вучобы ў нашай кансерваторыі, далейшай стажыроўкі ў міланскім тэатры “Ля Скала” і працы ў тэатры. Адказнасць у яе была такая, што і дагэтуль ходзяць легенды: маўляў, за больш як 30 гадоў сольнай кар’еры Шыкунова ніколі не сыходзіла на бюлетэнь — збірала ў кулак усю сваю волю і спявала. Ды так, што яшчэ некалькі хвілін таму “хворы”, здавалася б, голас раптоўна рабіўся здаровым, моцным, прыгожым, бы і не было ніякай прастуды.
Дый выкладчыцай яна стала — што называецца, ад Бога. Умела не толькі навучыць, але і выправіць недахопы, якія ўяўляліся непераадольнымі. З яе класа выйшлі многія цяперашнія знакамітасці. Гэта оперныя салісткі Алена Сало, Таццяна Пятрова, Алена Золава (25 сакавіка яна будзе спяваць Іаланту ў аднайменнай оперы П.Чайкоўскага, паказ быў прымеркаваны да юбілею Ірыны Шыкуновай, станецца данінай яе памяці), вядучыя артысткі нашага Музычнага тэатра Лідзія Кузьміцкая, Святлана Мацыеўская, спявачка сталічнай філармоніі Святлана Старадзетка і іншыя.
Ирына Шыкунова многа разоў памірала на сцэне — і ў кранальным абліччы бязвіннай Дэздэмоны, вымушаючы плакаць не толькі Атэла, але і ўсю глядзельную залу, і ў вобразах Віялеты з “Травіяты” Дж.Вердзі, Маргарыты з “Фауста” Ш.Гуно, Мімі з “Багемы” Дж.Пучыні. Але на гэты раз смерць напаткала яе насамрэч…