Ілья Міцько: “О суперхіт, прыйдзі!”

№ 9 (1448) 29.02.2020 - 07.03.2020 г

Не так многа беларускіх груп, якія могуць пахваліцца міжнароднай вядомасцю і папулярнасцю. Адна з іх — “Лепрыконсы”. Сапраўды, гэтыя песні ведаюць на ўсёй постсавецкай прасторы, хіты 20-гадовай даўніны гучаць, і дагэтуль выклікаюць практычна тыя ж эмоцыі, што і некалі. Але перыядычна ўзнікаюць пытанні — а што адбываецца з “Лепрыконсамі”, дзе яны, чаму пра іх так мала чуваць? Бліскучым напамінам пра колішнюю папулярнасць каманды стаў яе ўдзел з песняй “Халі-галі” ў цырымоніі закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў на мінскім стадыёне “Дынама” — калі разам спявалі тысячы і тысячы гледачоў. Аказваецца, у “Лепрыконсаў” усё ў парадку — калі меркаваць хаця б па колькасці канцэртаў. Група актыўна гастраліруе, рыхтуе новы альбом, і абяцае дажыць як мінімум да свайго 50-гадовага юбілею. З нязменным лідарам калектыву, фронтмэнам і аўтарам песень Ільёй Міцько гаворым пра дзень сённяшні, і пра тое, ці не зарана “Лепрыконсы” прыпісалі сябе да рэтра.

— Група многа выступае, але пра нейкія новыя творчыя здзяйсненні, новыя праекты нічога не чуваць. І ты смела называеш “Лепрыконсы” рэтра-музыкай, быццам усе поспехі засталіся толькі ў мінулым…

— Я радуюся таму, што ёсць. Гадоў да 30-ці ў мяне быў такі максімалізм юнацкі, увесь час я да чагосьці імкнуўся, хацеў штосьці даказаць. А зараз, мне здаецца, я проста атрымліваю задавальненне ад жыцця і карыстаюся тым, што было зроблена за апошнія 20 гадоў. Ізноў жа, цяпер у мяне сям’я, дзеці, і гэта кардынальна ўсё змяніла. Мы часта бачым на тэлеэкране папулярных і быццам такіх паспяховых, такіх бліскучых артыстаў, але як паглядзіш, што ў іх з асабістым жыццём, то разумееш, што гэта глыбока самотныя людзі. Я для сябе такой долі не хачу. Таму — канцэртаў многа, публіцы мы падабаемся, на жыццё зарабляем — а што яшчэ трэба?

/i/content/pi/cult/787/16958/7_1.jpg

І мяне абсалютна не бянтэжыць, калі нас запрашаюць ужо на розныя рэтра-дыскатэкі — “Дыскатэку 90-х”, “Дыскатэку 2000-х”. Хоць там як правіла трэба спяваць пад фанаграмму, але я ўжо пагаджаюся. А згадаць, што калісьці я быў катэгарычна супраць выступленняў пад фанаграму нават на тэлебачанні! Больш за тое, крыўдаваў, калі мяне называлі артыстам — казаў, што я музыкант!

— І ўсё ж — пры слове “рэтра” ўяўляюцца такія дзядкі, а табе і 40-ка няма!

— У красавіку 39 гадочкаў стукне. Як кажуць, у кожнага свой час росквіту. Адзін мой знаёмы ў 40 гадоў пераехаў у Амерыку пачынаць усё спачатку, а я б ужо не рашыўся на такое. Я глыбока закапаны каранямі, усё маё жыццё тут, і, дарэчы, у мяне ніколі не было сумненняў, што дзеці мае павінны расці толькі ў Беларусі — сам я пажыў і ў Кіеве, і ў Маскве, але Беларусь, наш “квітнеючы прыгожы родны край”, — гэта цэнтр майго Сусвету.

— Пра тое, што рэтра можа быць модным і папулярным зараз, сведчыць гісторыя з групай “Руки вверх”, якая неверагодна паспяхова гастралюе і з якой параўноўваюць творчасць Цімы Беларускіх. Вы выступаеце ў адным канцэрце з “Руки вверх”, ездзіце разам у туры — можна сказаць, знайшлі адзін аднаго…

— Я ведаў, дарэчы, што ў Сяргея Жукава і “Руки вверх” усё добра, але не ведаў, што настолькі! У шоу-бізнесе ён зараз знаходзіцца на ўзроўні Бога. Мы з ім праехалі ўжо больш за дзесяць гарадоў, выступалі на вялізных пляцоўках, нават стадыёнах — і паўсюль солд-ауты. Рыга, Вільнюс — лядовыя арэны, Ніжні Ноўгарад, Піцер… У Мінску — 19 тысяч чалавек на канцэрце! У Беларусі з “Руки вверх” выступалі яшчэ ў Салігорску і Гродне.

— Але і без “Руки вверх” у “Лепрыконсаў” многа канцэртаў.

— Вельмі многа, але ў межах кантынента Еўразія — за акіян пакуль што не лятаем. А так — сёння, напрыклад, іграем на круізе Барселона — Манака — Ібіца, а заўтра ўжо ў Паўночным Казахстане ці — як мінулым летам — на горным курорце Шымбулак паблізу Алма-Аты. Уся Расія і Украіна — гэта само сабой. Часта выступаем у Турцыі, Егіпце, нядаўна ігралі на Кіпры. Канешне, гэта ўсё публіка з так званай постсавецкай прасторы, “russian talking people”, якой няма справы да актуальнасці нашай музыкі — людзі хочуць эмоцый і ўспамінаў пра маладосць. І Сярога Жукаў нездарма ж нас абраў для сваіх гастроляў. Як я кажу, у “Лепрыконсаў” хоць і паўтары песні, затое якіх! І яны дагэтуль нас кормяць.

Падчас нават думаю — а няхай бы хоць з паўгода не было канцэртаў, таму што ёсць страшэнная стомленасць. Раней пасля ўсіх навагодніх ёлак бывала зацішша, а цяпер і гэтага няма: працуем і ў студзені, і ў лютым. У мінулым жыцці я паддаваўся паніцы, калі раптам якая паўза ўтваралася — маўляў, усё скончана, усе на мяне забыліся, канцэртаў больш не будзе! Цяпер ужо супакоіўся, і гэта добра, але з іншага боку — і стымулу асаблівага займацца піарам, новымі запісамі і да таго падобным няма. Вось не магу знайсці матывацыю, каб пісаць новыя песні, і пісаць іх пра нешта новае. Хаця ў запасніках і нямала, але паказваю музыкантам, а тыя: “Ну, клас. Ну давай, можа, зробім”. Але бачу, што ніхто не гарыць ідэяй, і мяне гэта засмучае. А ў групе я ж і дырэктар, і менеджар, і бухгалтар… Яшчэ і сам за рулём, калі канцэрты не надта далёка, да тысячы кіламетраў. Так што не сказаць, што я адпачываю, хоць і не запісваю нічога новага.

— Але ад саміх канцэртаў ты яшчэ атрымліваеш задавальненне?

— Канешне! “Лепрыконсы” — гэта ж жывая банда, у нас кожны раз як сапраўдны рок-канцэрт. А я і музыкант, і стэндап-артыст — у мяне лёгка атрымліваецца імправізаваць, жартаваць, як прыфесійны стэндапер маю і загатовачкі. Але колькі мы ўжо наездзіліся, колькі наляталіся! Падчас адчуванне, што з-за гэтых пераездаў жывеш у бясконцым Дні сурка. Магу проста агучыць графік на два апошнія тыдні лютага: Цюмень, Омск, Новасібірск, Іркуцк, Томск, Краснаярск, Кемерава, Барнаўл… І ў такім рэжыме і наступныя месяцы. Аднак вось так пастогнеш, а потым падумаеш — а раптам больш не будзе? (смех) Карацей, я ўдзячны лёсу і цаню ўсё, што ў мяне ёсць, і дай Божа, каб так было і далей. Я хоць чалавек і не царкоўны, але да Бога, да нейкай вышэйшай сілы, да сусветнай энергіі Дабра кожны дзень звяртаюся і дзякую за ўсё.

— Песня “Халі-галі” пару гадоў таму проста па новай стала суперхітом: гучыць адусюль — і па радыё, і ў тэлепраграмах… Можна згадаць, і які поспех яна мела на цырымоніі закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску…

— Я сам бываю ў шоку — дзякуючы таму, што мяне адзначаюць у інстаграме, бачу, што “Халі-галі” ставяць у нейкіх маладзёжных клубах, на маладзёжных вечарынках: моладзь адрываецца пад наш старадаўні твор! Але гэта і зразумела, песня ж піянерская, падлеткавая. Каб стварыць яшчэ адзін такі хіт, як “Халі-галі”, патрэбна вялікая ўдача. Я ж і пасля яе напісаў пяць альбомаў, і пісаў іх з душою і поўнай аддачай, але суперхітамі песні не сталі.

— Нягледзячы на тое, што “Лепрыконсы” — цалкам стабільны і дзейсны калектыў, ёсць адчуванне, што ў нашай краіне пра яго мала чуваць. Справа нават не ў новых песнях — не ўсім яны і патрэбны. Напрыклад, у нас зараз летам столькі фестываляў адбываецца, а “Лепрыконсаў” на іх няма. Пра сольныя канцэрты і гаворкі не вядзецца. Нядаўна ты расказваў, што маеш вялікае жаданне праехацца з паўнавартасным гастрольным турам менавіта па Беларусі, а не па Расіі і Украіне.

— Сапраўды, хочацца іграць на Радзіме не пяць-шэсць разоў на год, і не толькі на карпаратывах ці Днях горада. Нядаўна быў госцем праграмы “Макаёнка, 9”, і сказаў пра такое сваё жаданне. Пасля праграмы мне патэлефанаваў дырэктар аднаго мясцовага Палаца культуры, мы паразмаўлялі, але… У зале 300 месцаў, білеты можна зрабіць рублёў па дзесяць. Такім чынам, па фінансах нічога не атрымліваецца — мы ж жывая рок-банда, нам аднаго абсталявання колькі трэба, а ўжо каб зарабіць нешта — пра гэта і гаворкі няма. Так што жаданне ў мяне ёсць, але як вырашыць усе праблемы, я пакуль не маю ідэй.

І на вялікія беларускія оўпэн-эйры нас перыядычна клічуць, але не заўсёды атрымліваецца дамаўляцца па ўмовах. Бо мы ўсё ж калектыў са сваімі патрабаваннямі, са сваімі расцэнкамі і райдэрам, з такой-сякой міжнароднай папулярнасцю, а нас запрашаюць як нейкую малавядомую мясцовую каманду. Не як музыкант, а як дырэктар калектыву, які павінны яго карміць, — я на такое не пагаджаюся. Справа нават не столькі ў грошах, колькі ў тым, што давядзецца адмаўляцца ад іншых выступленняў і фестываляў за межамі Беларусі — летам уікенды ўсе занятыя.

У інфармацыйнай прасторы “Лепрыконсаў” не так многа таму, што, па-першае, я зараз удзельнічаю ў здымках ці даю інтэрв’ю толькі ў двух выпадках — калі мне самому гэта цікава ці калі я проста не магу адмовіць чалавеку, бо, напрыклад, паважаю яго, мы даўно знаёмыя. А так кажу — прабачце, але не бачу ў гэтым сэнсу. І нават тэлеканалам адмаўляю. Вось калі б хто прапанаваў зняць наш жывы канцэрт — то я быў бы рады, а інакш гэта простае марнаванне часу. Таму і не так часта чуваць пра нашу групу.

/i/content/pi/cult/787/16958/7_2.jpg— У цябе два сыны — Мірон і Мацвей, старэйшаму ўжо дзесяць гадоў. Ці знаёмыя яны з творчасцю бацькі, ці падабаюцца ім песні “Лепрыконсаў”?

— Песні, канешне, ведаюць, і радуюцца, калі дзе мяне бачаць — але тэлевізар мы не глядзім, ён у нас не падключаны: хапае Youtube і інтэрнэта. А вось такая вялікая падзея, як выступленне “Лепрыконсаў” на закрыцці ІІ Еўрапейскіх гульняў на стадыёне, ім моцна спадабалася. Жонка з дзецьмі сядзелі на трыбунах, дык расказвала, што малодшанькі наш ажно верашчаў: “Гэта мой тата! Ён лепрыконс!” І мяне самога, шчыра кажучы, — хоць я ўжо дзе толькі ні выступаў, на якіх сцэнах ні бываў, і стаў увогуле такім непрабіўным — гэта расчуліла, прымусіла хвалявацца: буслік ляціць, прэзідэнты сядзяць, людзі радуюцца… А спачатку ж паставіўся так — ну прыйдзем, праспяваем, што тут такога. Але потым ацаніў і арганізацыю свята, і пастаноўку, і тое, як публіка нас прымала, адчуў гонар і за краіну, і за “Лепрыконсаў”. Ну, і няхай, што нам — беларускім артыстам — потым давялося пешшу ісці дадому, бо найперш развозілі замежных гасцей. (смех)

— Як ты думаеш, наколькі групе хопіць такога існавання без новых хітоў?

— О, прыйдзі да мяне, суперхіт! Павер, “Лепрыконсы” яшчэ і сваё 50-годдзе на сцэне адзначаць! Хаця да яго і не так многа засталося, нам ужо 23 гады. А новы альбом я усё-такі раблю. Але там цяпер такія тэмы, пра якія раней мне мама казала: “Сыночак, ну пра што ты спяваеш! Праспявай вось лепш пра нашу дачу, пра сваю настаўніцу…” (смех) І вось ў мяне песня пра маму, песня пра дзяцінства. Я ж просты хлопча, што бачу, пра тое і спяваю — сям’я, сям’я… Мабыць, сёлета ўсё ж выдадзім новы альбом. І — раптам, хто ведае, нам ізноў пашанцуе з хітом.

Фота з архіва Ільі Міцько