І дзе той шарык тут катаецца?

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

Заспець мастацтвазнаўцу Лізу МІХАЛЬЧУК на адным месцы — тое ж самае, што ўбачыць жар-птушку ўдзень: натуральна, справа амаль немагчымая. Перасякаючы, пералётваючы розныя адлегласці, межы, прасторы, Ліза паспявае паўсюль: наведаць знакавую выстаўку ў Брэсце, сустрэцца з сябрамі ў Мінску, паабедаць у культавай кавярні ў Вільні, патрапіць у пэўны міжнародны праект і, так, паміж справамі, адолець вучэбную стажыроўку ў Францыі...

 /i/content/pi/cult/175/1695/Maxima.jpg
“Гэтае перасоўванне трэба неяк сцішыць, — смяецца яна, — усё ж такі гады...” Дзякуючы ейнаму задуменнаму настрою і, магчыма, сапраўды пачатку новага этапа ў жыцці маладога навукоўца, карэспандэнту “К” удалося схапіць на гадзіну беларускую жар-птушку з Брэста і распытаць яе пра падарожжа ў французскі Брэст і стажыроўку ў Вышэйшай школе
мастацтваў. “Прызнацца, многія рэчы ў французскай сістэме выхавання мастакоў мяне проста расчаравалі, — распачала Ліза, але як сапраўдны крытык удакладніла: — Гэта зусім не значыць, што ў нас няма недахопаў...”

 
Ні розуму, ні сэрцу
— Мая стажыроўка праходзіла ў Вышэйшай школе мастацтваў у французскім Брэсце на аддзяленні пластычных мастацтваў. Ва універсітэце ўсяго два аддзяленні — дызайну і пластычных мастацтваў, але апошняе ўключае ў сябе мноства відаў: студэнты могуць займацца фатаграфіяй, інсталяцыямі, відэа, медыяпраектамі, графіці, жывапісам і г. д.
Я праходзіла навучанне разам са студэнтамі чацвёртага і пятага курсаў, але мая місія нагадвала, хутчэй, місію міжнароднага назіральніка, чым паўнавартаснага ўдзельніка падзей.

Першае, што надзвычайна ўразіла мяне ў навучанні сучасных мастакоў, — гэта... поўная свабода. Вось што я маю на ўвазе. Пасля ўсім вядомых падзей 1968 года ў Фран цыі была праведзена рэформа вышэйшай адукацыі, у выніку якой у сферы мастацкага выхавання, у прыватнасці, былі скасаваны такія дысцыпліны, як малюнак, жывапіс, кампазіцыя і г. д. Сёння гэтых прадметаў у большасці мастацкіх ВНУ... не існуе. Дзеля таго, каб быць залічаным у школу мастацтваў і вучыцца ў ёй, маладому чалавеку неабходна, у першую чаргу, адчуваць сябе геніяльным творцам, індывідуальнасцю, якая здольная змяніць свет. Часам гэтая ўпэўненасць у сабе выклікае захапленне — я бачыла шмат такіх людзей, — а часам становіцца проста смешнай. Маладыя людзі прыходзяць у школу мастацтваў не з пэўнымі мастацкімі навыкамі, а са стосам вар’яцкіх ідэй, і... пачынаюць ствараць. Нічому звычайнаму для нас — малюнку, жывапісу, проста кажучы, рамяству — іх не вучаць: гэта лічыцца другасным, галоўнае — твае ідэі, свядомасць. І вось студэнты ў выніку збіраюць пакамечаную паперу, нейкія ржавыя падшыпнікі па горадзе, і з гэтага робяць экспазіцыі. Тут я буду бязлітаснай і скажу шчыра: гэта, канешне, усё выглядае вельмі няўклюдна.

Насамрэч, толькі адзінкі сапраўды былі здольныя прапанаваць цікавыя ідэі і ўцямна данесці іх да гледача. Астатняя маса... І ў плане ідэі, і ў форме — як гэта было данесена — пакідала вельмі сумнае ўражанне. Адчувалася, што пад гэтым няма ні грунтоўнай філасофскай базы, ні пэўнай метафізічнай пабудовы. Раз, раз — і зляпілі. Я, у прынцыпе, не вялікі прыхільнік класічнага акадэмічнага мастацтва, але пасля дзесяткаў падобных бязглуздых выставак студэнтаў ці нават пэўных сучасных мастакоў марыла пра тое, каб пабачыць звычайны партрэт, намаляваны алеем, таму што тут хоць я ўбачу майстэрства. А так, як кажуць, — ні розуму, ні сэрцу. Смеяцеся, Дар’я? Ну сапраўды: штосьці ні для першага, ні для другога я там “ежы” не заўважыла.

Часам нават і ў мяне ўзнікала думка: а ці не стварыць штосьці падобнае? Прычым, упэўнена, па частцы выканання гэтага глупства, можа быць, і атрымалася б няблага. Але як чалавек рэфлексіўны я пытаюся ў сябе: а навошта? Што гэта зменіць, калі я накідаю гару падшыпнікаў і іх падпалю? Абсалютна нічога. Дык навошта тады гэта рабіць?

Абгрунтаваць бязглуздзіцу

— З іншага боку, я магу зазначыць і плюсы мастацкага навучання ў Францыі: усіх студэнтаў рыхтуюць да таго, як выжываць, працаваць у рыначнай сістэме, будучы па прафесіі мастаком. Яны праходзяць курсы, на якіх распавядаецца, у якія асацыяцыі яны могуць звяртацца за грантамі на навуковую дзейнасць, як правільна зарэгістраваць сябе ў падаткавай сістэме, якімі правамі валодаюць мастакі, што трэба рабіць, калі твае правы парушаюцца, што дае прафсаюзнае членства і г. д. Свае творчыя працы студэнты мусяць афармляць як навуковыя: гэта значыць — са спісам выкарыстанай літаратуры, з падрабязным апісаннем таго, якая ідэя стаіць за творчым пасылам.

Многіх студэнтаў такі падыход, скажам так, засмучае, таму што часам губляецца ўся радасць творчага імпэту. Магчыма, гэтыя творцы ў чымсьці і маюць рацыю: мастак, у першую чаргу, мусіць ствараць — дзяліцца сваім адкрыццём, перажываннем, а не растлумачваць яго. Але менавіта законы рынку прымушаюць мастака вучыцца прэзентаваць сябе, і ў гэтым плане мы можам павучыцца ў французаў. Нават калі гэта бязглуздзіца, студэнтаў навучаюць абгрунтоўваць сваю думку, адстойваць, а значыць, у далейшым і прадаваць.

Выходзіш на вуліцу — і нічога не засталося

— Калі параўнаць падрыхтоўку ў нас і ў Францыі, я — на баку беларускай школы. Канешне, у нас ёсць свае перакосы: калі, часам, праграмныя патрабаванні не дазваляюць праявіць сваю ідывідуальнасць, але гэтая праблема, мне падаецца, вырашальная. Моцны духам мастак праб’ецца праз пяць гадоў штудый і праявіцьсябе. Астатнія, нават калі і не стануць геніяльнымі творцамі, будуць валодаць прафесіяй — а значыць, будуць здольныя, да прыкладу, нават на спажывецкім узроўні ствараць прыгожыя рэчы. У гэтым плане я моцна сумняваюся наконт французскіх студэнтаў.

Зрэшты, гэткі піетэтны падыход да сучаснага мастацтва спарадзіў на Захадзе яго крызіс. У нас, трэба адзначыць, сучаснага мастацтва ўвогуле не знайсці, не трэба абнадзейвацца, але калі казаць менавіта пра мастацкую кан’юнктуру ў Францыі, сучаснае мастацтва там паўсюль — а, як вядома, тое, што становіцца модным, часам выходзіць за рамкі творчасці. Вельмі цяжка супрацьстаяць гэтай кан’юнктуры самім мастакам, і рынак у выніку перанасычаецца быццам бы актуальнымі, але зусім не цікавымі, пустымі творамі. Трэба мець вельмі моцную волю, індывідуальнасць, каб гэтай спакусе супрацьстаяць і ствараць тое, што сапраўды ідзе ад сэрца, ад натхнення.

Пасля прагляду некалькіх соцень выставак магу сказаць, што для мяне асабіста сучаснае мастацтва вельмі блізкае да рацыяналізатарства. Стаіш, часам, у нейкай сістэме з труб, па якой катаецца шарык, і думаеш: вось загнуў! Такая гукавая інсталяцыя атрымалася! І дзе гэта шарык тут катаецца? А выходзіш на вуліцу — і нічога не засталося. Таму што няма эмацыянальнага пасылу, які, для мяне асабіста, вызначае твор мастацтва. Мастацкі твор павінен не толькі прыцягваць твой позірк, прымушаць цябе думаць, але і прымушаць суперажываць — а значыць, гутарыць не толькі з Космасам, вечнасцю, але і з чалавекам. Асабіста гэтага мне вельмі бракавала ў многіх “вынаходніцтвах”, што называюцца творамі сучаснага мастацтва.

Але, каб зусім не сыйсці ў адмаўленне, я прывяду і добры прыклад contemporary art. Адна французская мастачка зрабіла такі цудоўны праект: заклеіла амаль увесь горад налепкамі, на якіх была фраза: “Хочаш адрэагаваць?”. На паперы не было пазначана, на якую падзею ці на што менавіта адрэагаваць, проста — гэтая фраза і нумар тэлефона. Калі чалавек тэлефанаваў па нумары, там спрацоўваў аўтаадказчык, на якім была запісана рэпліка апошняга, хто званіў. Людзі распавядалі пра свае беды, радасці, кідалі нейкія рэплікі, хтосьці скардзіўся, хтосьці лаяўся,— усё гэта запісвалася на стужку, і ў выніку атрымаўся сапраўдны партрэт горада. Хтосьці нават паспеў пазнаёміцца праз гэты праект. Доўжыўся, баюся памыліцца, ён амаль месяц, і ўсе настроі, фобіі горада аказаліся праяўленымі, выказанымі жыхарамі на безадмоўны аўтаадказчык невядомага нумара. Тут ужо нельга гаварыць адно пра касмічнае вынаходніцтва — тут ёсць пасыл да людзей. І што тут казаць: гэта ўжо, на маю думку, сапраўды Твор сучаснага мастацтва.

Пераўтварыць гарадскую прастору

— Пытаеце, ці не паспрабую я зрабіць што-небудзь падобнае ў нас? У мяне, канешне, не выклікае захаплення тое, што ў нас, увогуле, не ўбачыць сучаснага мастацтва. Гэта мне хочацца падкрэсліць. Але асабіста зараз мне хацелася б ствараць не штосьці кшталту сістэмы з труб, а ажыўляць тыя творы, музеі, выстаўкі, што ёсць у нас. Усё ж такі нашай мастацкай прасторы вельмі не хапае паветра. Усе мы ўжо прызвычаіліся да таго, што, каб пабачыць карціну ці скульптуру, трэба ісці ў музей. Але, па шчырасці, у людзей зараз столькі спраў, што не заўсёды хапае часу, каб нарэшце зазірнуць у нейкую галерэю. У гэтым плане, лічу, нам дакладна трэба браць прыклад з Францыі, дзе карціну могуць смела прычапіць дзенебудзь на слуп. Людзі яе бачаць і зусім па-іншаму ўспрымаюць. Яны нібыта аказваюцца ўцягнутымі ў гульню, а яна правакуе на цалкам нешараговае ўспрыняцце. Пераўтвараць гарадскую прастору трэба і ў нас: да прыкладу, скарыстаць яе дзеля таго, каб прывабіць прахожага ў музей, раскідаць флаеры з нейкім планам, кіруючыся якім чалавек можа трапіць у галерэю, а там — перформанс, цікавая выстаўка. Трэба правакаваць людзей на творчасць, і тады яны са свежым імпэтам будуць успрымаць і старыя палотны. Узгадайце, што адбываецца пад час “Ночы музеяў”! Я прапаную пачаць з гэтага: даць новае жыццё таму, што ў нас ёсць, а потым дайсці і да сучаснага мастацтва.


Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота аўтара

 Даведка
Ліза МІХАЛЬЧУК нарадзілася 26 ліпеня 1982 года ў горадзе Брэсце. З 1990 па 1999 год — актрыса Тэатра-студыі “Раёк”. У 2000 паступіла на акцёрскае аддзяленне ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, але вырашыла абраць прафесію мастацтвазнаўцы. У 2005 скончыла Беларускі дзяржаўны універсітэт з кваліфікацыяй “мастацтвазнаўца-выкладчык”. У 2007 — 2008 праходзіла вучэбную стажыроўку ў Вышэйшай школе мастацтваў у Брэсце (Францыя). 

Анкета “К”

1. Колеры, якія натхняюць.
Аранжавы.
2. У якую пару года падабаецца працаваць?
Увосень.
3. Любімы мастак.
Як можна ў мастацтвазнаўцы пытацца пра гэта?!
4. Найбольш яркі акцёр.
Назаву рэжысёра: на дадзены момант гэта Вонг Кар Вай.
5. Любімы літаратурны твор.
“Калыска для коткі” Курта Ванегута, “Гульня ў класікі” Хуліа Картасара, творы Іосіфа Бродскага.
6. Што слухаеце?
Цяпер — “Tetes Raides”, Порт Манэ”.
7. Радзіма — гэта што?
Месца, дзе жывуць бацькі, сябры.
8. Любімая кветка.
Гладыёлус.