Нарадзіцца пад кроснамі

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

Навукоўцу, доктару мастацтвазнаўства, прафесару, старшыні Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгену Сахуту споўнілася 75!
Гранітныя прыступкі лесвіцы (у будынку старой архітэктуры былога рэдакцыйнага корпуса Дома друку) да нашага холдынга, што знаходзіцца на чацвёртым паверсе, палохаюць сваёй стромкасцю многіх. Прынамсі, пару перапынкаў, каб аддыхацца, той-сёй робіць. Яўген Сахута ўзняўся да нас з лёгкасцю, у добрым тэмпе і без задышкі з адпачынкамі. Гонкі, высокі, жыццярадасны. На 75, словам, ну ніяк не выглядае. З фізічных здольнасцяў і пачалі гутарку.

/i/content/pi/cult/786/16948/12_1.jpg— Яўген Міхайлавіч, колькі кіламетраў можаце адолець без перадыху?

— 15 кіламетраў прайшоў падчас апошняй вандроўкі па нашых вёсках.

— Больш чым ухвальна! Я быў некалькі разоў сведкам таго, як вы “скануеце” паселішчы і падворкі, абыходзячы ўсіх жыхароў. Якую мэту ставіце пры гэтым?

— Я найперш навуковец — даследчык у галіне традыцыйнай культуры і народных рамёстваў. Так, беларуская вёска — у заняпадзе. Прычым, у інтэнсіўным. Аднак, яна працягвае заставацца захавальніцай традыцый, у тым ліку і рамесніцкіх, мастацкіх. Хочацца паспець хоць што-небудзь занатаваць, засведчыць, захаваць. Вандруеш, згадваеш, што быў вось у гэтай вёсцы гадоў трыццаць таму і што змянілася ўсё страшэнна. І народу паменела, і пэўныя паселішчы ўвогуле зніклі. А тыя, што жывуць, — дажываюць. Аграгарадкі праблему не вырашаюць. Люд там — прыезджы, у асноўным абыякавы да мясцовай традыцыі. І самі аграгарадкі ў этнаграфічным, мастацкім плане — нецікавыя: стандартныя пабудовы стаяць радочкам сярод голага поля. Калі б там майстрыха ці майстар апынуліся, дык наўрад ці іх пацягнула б на творчасць.

— Тут для мяне вельмі важны момант ёсць. З чаго творчасць нараджаецца, натхненне. Выйшаў чалавек на падворак, побач — лес, рака, узгоркі. Ад усёй гэтай прыгажосці крылы вырастаюць у чалавека, спяваць яму хочацца, справу сваю выконваць не дзеля адчапнога, а з усведамленнем таго, што кожны рух сякеры, касы, разца, ганчарнага круга і кроснаў павінен радасць прыносіць… І ўсё гэта ад усведамлення таго, на якой зямлі ён жыве…

— Так, усё ад разумення таго, што тут ён вырас, свядома пераняў ад продкаў традыцыі, якія ў яго ў крыві. Ён жыве тут, працуе і працягвае рабіць тое, што рабілі яго продкі. Вядома ж, з чаго песня нараджаецца, з таго і рамяство прарастае.

— Што і калі вас, Яўген Міхайлавіч, уразіла ў традыцыйнай беларускай культуры? У дзяцінстве гэта адбылося, у юнацтве ці ў сталым узросце?

— Ведаеце, мне часта такое пытанне задаюць. Асобныя дзеячы культуры згадваюць, што нарадзіліся яны ў песенных вёсках, у асяроддзі здатных таленавітых майстроў… А ў мяне гэтага не было. Мая Стаўбцоўшчына, дзякуючы транспартным камунікацыям, жыла досыць цывілізавана. І песень не спявалі, і майстроў не было. Але — загадка прыроды… Яшчэ ў школе зацікавіўся творчасцю вясковых людзей. Альбомы былі, але па рускіх народных рамёствах, па ўкраінскіх, польскіх. А па беларускіх — не было. Нават думка тады ўзнікла: гэтак трэба ж так пашэнціла тут нарадзіцца. Потым у старшых класах, у інстытуце сталі трапляцца на вочы не тыя шыкоўныя рамёствы, раскручаныя расіянамі, а нашы тканыя і вышываныя ручнікі. Раней на іх увагі не звяртаў — звыклая рэч. Мы так на сэрца не зважаем, пакуль яно не забаліць. Тое ж і тут. Пра беларускія рамёствы мы нічога не ведалі, бо на гэту тэму ніводнай кніжкі не было. Праўда, фалькларысты штосьці пачалі рабіць. Вось я і зацікавіўся тэмай, пачаў адшукваць звесткі і пра тыя рамёствы, на якія даўно забыліся. А музеі нашы тады ігнаравалі народную культуру.

— Калі гэта было?

— 1970-я гады… Дык вось, пачаў цікавіцца і адкрыў цэлую Атлантыду. З тых часоў і пачалася мая актыўная даследчыцкая дзейнасць. Пасля Віцебскага педагагічнага інстытута паступіў у Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук, дзе скончыў аспірантуру, выйшаў на працу і да сённяшніх дзён працую.

— Мы часта паўтараем слова “традыцыя”. Якія коды для беларускай нацыі крыюцца ў гэтым паняцці і як іх выкарыстоўваць трэба?

— Па-першае, самі майстры над гэтым не задумваюцца, бо проста працуюць ад душы. А для нацыі ўвогуле — гэта падмурак, доказ таго, што повязі паміж пакаленнямі — неперарыўныя.

— Ганчар робіць глечык для продажу, але робіць яго прыгожым. Значыць, задумваецца над тым, што гэтай прыгажосці яго навучыў продак…

— Наконт продажу. Далёка не ўсе нашы рамёствы выходзілі на рынак. Ганчарства — так, часткова — лозапляценне. А большасць мастацкіх промыслаў, якімі мы цяпер ганарымся — гэта была хатняя творчасць, прызначаная пераважна, як кажуць, для душы, для аздаблення інтэр’ера свайго жылля…

— Для стварэння пасагу.

— А як жа ж. Вялікі раздзел традыцыйных рамёстваў — народны мастацкі тэкстыль. Гэта ўсё жаночыя рамёствы. Таму ёсць усе падставы казаць тут пра мастацтва. Мужчынскі клопат — ганчарства, кавальства, разьбярства больш рацыяналізму ўтрымліваюць. І такая практычнасць — апраўданая. І гэта правільна, бо неабходнасць рамёстваў дыктавалася бытавымі патрэбамі. Таму дэкаратыўнасць, мастацкасць тут — на другі план адыходзілі, а маглі і ўвогуле адстунічаць. А ў жаночых рамёствах — ткацтве, вышыўцы, карункапляценні — нават не ведаеш, што на першы план ставіць, а што на другі. Традыцыйнае святочнае адзенне ці тыя ж абрадавыя ручнікі ўтрымліваюць шматлікія паняцці, звязаныя з адносінамі да жыцця, прыроды. І так усё зашыфравана, што адгадаць сёння цяжкавата.

— Нават калі не расшыфроўваем, а проста карыстаемся, любуемся і любім, коды, я ўпэўнены, працуюць.

— Безумоўна, працуюць. Да канца ХІХ стагоддзя (нават і пазней) у нас захоўвалася і ромба-геаметрычная традыцыйная арнаментыка — наш зашыфраваны генетычны код. Захоўвалася і каларыстыка: чырвоны колер арнаменту на белым фоне. Чырвоны — сімвал сонца, белы — чысціні. Кожны элемент арнаменту штосьці ды абазначаў: ромбік з адросткамі — сонца, перакрэслены ромб з кропачкамі — знак засеянага поля. Не кожная майстрыха цяпер гэта згадае, яна працуе так, як працавалі па традыцыі яе маці і бабуля… У ХХ стагоддзі паліхромія ўвайшла ў побыт, вось і сталі забывацца на колеры і арнаментыку. А паліхромія больш пасавала новаму, больш яркаму і дэкаратыўнаму інтэр’еру жылля. Усё было звязана з жыццём, усё перадавалася і перадаецца да апошняга часу.

— Што скажаце пра адаптацыю традыцыі да сённяшніх часін? Як ставіцеся да джынсаў, падперазаных тканым поясам? Такіх моднікаў можна пабачыць усё часцей.

— Саламяны капялюш — таксама стаў папулярным. І вышываная сарочка, якую мы памылкова называем вышыванкай, — рэч распаўсюджаная. І гэта цудоўна! Нават калі на той сарочцы будзе не вышываны арнамент, а прынтавы, штампаваны. Але знешні выгляд яго — традыцыйны. Глядзіш, малады чалавек і зацікавіцца: а што гэта можа абазначаць. Я да такой моды стаўлюся вельмі станоўча. Хоць ёсць, ведаю, і скептыкі. Дык у свой час і “Песняроў” папракалі за “здзекі” над фальклорам. Абсалютна тая ж сітуацыя. Аднак менавіта “Песняры” ўзнялі наш фальклор на сусветны ўзровень! Інтэрпрэтацыя на сучасным узроўні — з’ява нармальная. Цяпер мы можам ганарыцца і нашымі майстрамі. Днямі статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны прысвоілі беларускаму саломкапляценню. Будзем спрабаваць, каб яго і UNESCO прызнала. Гэта ж наш нацыянальны брэнд. Такіх узораў нідзе больш няма, хоць з саломай працуюць паўсюль, дзе злакавыя вырошчваюцца. У нас — зусім іншы ўзровень і характар вырабаў.

— Давайце, Яўген Міхайлавіч, вернемся да вышыванкі. Што тут не так з назвай?

— “Вышыванка” — назва ўкраінская. У нас — вышываная сарочка.

— У 1960-х, памятаю дзіцём, мужчыны вышыванкі ўкраінскія насілі ды яшчэ з цюбецейкамі. Адкуль такая мода была?

— Пасля вайны, калі адрадзіліся арцелі, якія толькі моды не навязваліся. Нават гуцульскія сарочкі былі. Вельмі хутка ўсё прайшло.

— Для журналісцкага шчасця мне не стае энцыклапедыі, дзе гаворка ішла б пра складнікі конскай вупражы, уладкаванне скірды і стога, узвядзення хаты… Не стае звестак пра той самы тканы пояс. Як і дзе яго завязваць, калі чалавек малады або стары, жанаты ці ўдовы?..

— ...калі насіць галаўны ўбор жанчыне і якім ён павінен быць…

— Хацелася б такую энцыклапедыю мець. Ды яшчэ з карцінкамі.

— Ну, гэта фізічна немагчыма. Уявіце, у нас ёсць энцыклапедыя этнаграфіі Беларусі. Тут названы і прапісаны асноўныя віды нашых рамёстваў. Дык вось на кожны энцыклапедычны артыкул можна пісаць асобную манаграфію. На шчасце, вельмі актывізавалася даследчая і выдавецкая дзейнасць. Я не мог калісьці і марыць, што буду трымаць дзясяткі шыкоўных выданняў па рэгіянальным адзенні, па асобных відах рамёстваў. Думаю, дойдуць рукі да вельмі вузкаспецыялізаваных выданняў, дапаможнікаў, падручнікаў.

— Мой колішні ўніверсітэцкі настаўнік і доктар мовазнаўства Аляксей Ненадавец піша манаграфію пра беларускую нячыстую сілу. Падобна, у яго русалка знаёмая ёсць. Калі пачынаеш сумнявацца, ён крыўдзіцца. Пашана да хатніка — таксама традыцыя?

— Увесь час кажу, што школьнікі часам лепш ведаюць грэчаскую міфалогію, чым сваю. Праўда, пэўныя зрухі апошнім часам назіраюцца…

— Аднак Дзед Мароз па-ранейшаму навагодні рэй у раёнах вядзе. Дый у сталіцы — таксама.

— Выйшаў шыкоўны двухтомнік “Беларускі фальклор” з ілюстрацыямі Валерыя Славука. Выйшла чарговае перавыданне “Міфалогія Беларусі” Узняты цэлы пласт народнай культуры. Усе гэтыя нячысцікі нам дапамагалі, напаўнялі побыт, а шкодзілі толькі кепскім гаспадарам.

— З вашага дазволу вернемся да персаналіяў. Японскія майстры па вырабе самурайскіх катан лічацца набыткам дзяржавы. Якім бы беларускім рамеснікам вы надалі б такі пашанотны статус?

— Калі ў 1999 годзе быў прыняты доўгачаканы закон аб народным мастацтве, промыслах і рамёствах (адзін з першых законаў постсавецкай рэспублікі), дык мы загадзя закладвалі, што майстры, якія засвоілі і развіваюць традыцыі, павінны аддзячвацца і ўзнагародамі, і званнямі, і статусамі. Нават фінансавы чыннік прадугледжвалі. Але засталіся толькі маральныя стымулы. На сёння ў нас 140 рамеснікаў маюць статус “народны майстар”. Першую тройку адкрылі майстры саломкапляцення Ларыса Лось, Таіса Агафоненка, Лідзія Главацкая. Не магу не назваць ганчароў з Гарадной Мікалая Шэлеста, Аўрама Басаўца, разьбяра па дрэве Юрася Камандзірчыка з Мядзеля, выцінаншчыц Вольгу Бабурыну, Лізавету Чырвонцаву з Маладзечна, шэраг ткачых з Салігоршчыны, Случчыны, Капыльшчыны: Марыю Волкаву, Валянціну Кіеня, Ніну Гарашчэня, Вольгу Мацкевіч — ткачых старэйшага пакалення, якія выраслі пад кроснамі і да сённяшняга дня з-за кроснаў не вылазяць, вучаць моладзь. Каму як не ім трэба прысвоіць высокі статус. Але вось такія сітуацыі ўзнікаюць: ідзе народны майстар на пенсію, пытаецца ў сабесе, ці будзе яму надбаўка за статус. Работнікі сацыяльнага забеспячэння і рады б улічыць такую надбаўку, але для гэтага — ніякай заканадаўчай базы. А за японцаў я рады.

— Носьбіт традыцыі — заўжды сталы?

— Асаблівы гонар складаюць сталыя майстры, якія натуральным чынам перанялі традыцыі і развіваюць іх. Аднак рэаліі мяняюцца, майстрамі становяцца людзі маладыя, якія пераймаюць навуку не ад продкаў, а самастойна, праз інтэрнэт, напрыклад. Мы стараемся, каб такія рамеснікі пастаянна арыентаваліся на традыцыю.

— Калі мы ўявім карту рамесніцкіх цэнтраў Беларусі, гэта будзе калька самых неўрадлівых земляў краіны?

— Не зусім так. Рамёствы і промыслы былі распаўсюджаны паўсюль незалежна ад узроўню жыцця. Стваралі рукамі ўсе. Кожны мужчына абавязаны быў трымаць сякеру, кожная жанчына — саткаць патрэбную рэч. Уласцівасць — не толькі славянская.

— Еўрапейцаў мы здзіўляем сваімі рамёствамі.

— Так. І па той прычыне, што здолелі іх захаваць і развіць. Гэты працэс адбыўся падчас набыцця Беларуссю незалежнасці. На маіх вачах цуд адбыўся. Усё ж свой скарб мы не страцілі. Як на дзяржаўным узроўні, так і на ўзроўні свядомасці грамадства.

— Але рэспубліканскага музея народнага мастацтва так і не маем.

— Згадаем наш брэнд — саломкапляценне. Мы маем брэнд, а ЗША — музей саломкапляцення.

— А адзіны помнік рамесніку, падаецца, ёсць у Сенненскім раёне. Гэта помнік Матроне Маркевіч, арнамент ручніка якой стаў прататыпам арнаменту на Дзяржаўным Сцягу Беларусі. А ў Чашніцкім раёне ёсць яшчэ адна ўнікальная майстрыха Ганна Асіпкова. Нягледзячы на сталы век, займаецца разьбой па дрэве. Яе толькі турыстам паказваць. Словам, музей народнага мастацтва пуставаць не будзе… Наколькі ведаю, каштоўныя ўзоры нашага рамесніцтва захоўваюцца ў адным з памяшканняў тэхнічнага ўніверсітэта…

— Ужо не захоўваюцца. Прыйшоў новы рэктар, і нас выставілі. Маўляў, тэхнічнае не стасуецца з культурным. Летась палову фондаў падаравалі Лошыцкай сядзібе. Другую палову  — Дудуткам.

— Не хочацца на такой не надта аптымістычнай ноце гаворку заканчваць.

— Я веру ў шчаслівую будучыню. Мы не страцім тое, што маем.

Калектыў “культураўцаў” віншуе Яўгена Міхайлавіча з Днём нараджэння і зычыць яму шчаслівага творчага жыцця!

 

Фота з архіва Яўгена Сахуты

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"