“Маштаб не ў памеры, маштаб — у мысленні”

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

Выстава скульптуры Аляксандра Сакалова ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура адкрылася пад куратарствам іншага скульптара — Івана Арцімовіча. І гэта адразу дае гледачу значную перавагу: ад калегі можна не толькі больш даведацца аб працы з матэрыялам і формай, але і зразумець творчасць аўтара як частку мастацкага асяроддзя, ярчэй убачыць індывідуальнасць.

/i/content/pi/cult/786/16945/9_2.jpgАляксандр Сакалоў адносна нядаўна скончыў БДАМ, дзе яго педагогам быў Аляксандр Міхайлавіч Фінскі, аўтар шматлікіх скульптурных аб’ектаў у грамадскіх прасторах Беларусі.

Яшчэ аднаго майстра Аляксандр успамінае з удзячнасцю: Сяргея Бандарэнку, які таксама добра вядомы — любоўю да коней і спартыўных сюжэтаў, увасобленых у скульптуры. А для вучняў было важна тое, што Сяргей Афанасьевіч, будучы сынам інжынера-ліцейшчыка, валодаў тэхналогіяй мастацкага ліцця. З яго дапамогай Аляксандр засвоіў гэтыя навыкі, “навучыўся фармаваць, апрацоўваць метал”. “Гэта ўсё працаёмкія працэсы, але тое, што мне было трэба, я мог адліць у яго”, — падкрэслівае малады скульптар.

Класічная школа адбіваецца: у 2017 годзе праца Аляксандра Сакалова ўвайшла ў шорт-ліст Нацыянальнай мастацкай прэміі.

Экспазіцыя ў Музеі-майстэрні Заіра Азгура аб’яднала творы некалькіх гадоў: ад 2014-га да 2018-га. Умоўна іх можна падзяліць на дзве часткі: абстрактныя аб’екты і фігуратыўныя. “Маска” (2019) з рэдкага ракушачніка, з натуральнымі пражылкамі, збірае ўяўленні аўтара пра чалавека ў мінімалістычнае, адзінае цэлае. Па словах Аляксандра, яна з’явілася ў выніку эскізных пошукаў, але аказалася запатрабаванай: аб’ект цалкам “кладзецца” ў канцэпцыі сучаснага інтэр’ера. На мой погляд, праца філасафічная — чысціня яе формы, прапорцый і матавая бель ствараюць эфект адхіленасці, пры поўным адчуванні напоўненасці, і нават велічнасці гэтай пасля-выявы чалавека. Вельмі ўдала, што ў экспазіцыі прысутнічаюць дзве “Маскі” ў розных памерах: глядач можа суаднесці свае адчуванні ў залежнасці ад маштабу. Гэта карысны вопыт, і ён нават для спрактыкаванага аматара мастацтва не будзе залішнім. “Трэба разумець, што манументальнасць скульптуры, да якой яна імкнецца, залежыць ад кампазіцыйных якасцяў, а не памеру”, — тлумачыць мастак.

Запамінальныя “Адам і Ева” (2019) — у выкананні Аляксандра Сакалова выглядаюць нешарагова: аўтар бачыць постаці стомленымі, задуменнымі і нават расчараванымі. Няма ўжо рамантыкі і радасці адкрыцця свету, — гэта нашы сучаснікі.

Абедзве працы — свайго роду пункты адліку, якія дапамагаюць нам зразумець скульптуру, яе мову.

А сярод прац, што занялі сваё месца ў грамадскіх прасторах, знакавы, на мой погляд, аб’ект “Сэрца” (2014). Як і “Перакуленая/i/content/pi/cult/786/16945/9_3.jpgфігура” і “Іншы” (абедзве 2014), яна нагадала мне “Помнік загінулым ад гвалту” (1974) славутага савецкага скульптара-авангардыста Уладзіміра Сідура, усталяваны ў Каселе, на плошчы Фрыдрыха, дзе знаходзіцца цэнтральная лакацыя міжнароднай выставы сучаснага мастацтва Documenta. (Зрэшты, не толькі гэтую, але і іншыя работы Сідура можна было ўбачыць у Нацыянальным гістарычным музеі на выставе “Вайна і свет” у 2019 годзе). На мой погляд, гэтыя мастакі — розных пакаленняў і цалкам розных лёсаў — выйшлі да блізкага падыходу: рэалістычны малюнак у іх творах быццам бы “зрушваецца”, пазбаўляецца будзённых вобразаў, і звыклае набывае рысы знака. Мера, патрэбная для гэтага зруху, кожны раз — адкрыццё, і тое ўжо пытанне таленту.

— З “Сэрцам” мне пашанцавала, гэта быў мой дыплом, і замова адначасова, — распавядае пра сваю вядомую працу ды іншыя творы Аляксандр Сакалоў. — “Сэрца” ўстаноўлена перад РНПЦ кардыялогіі, на вуліцы Розы Люксембург, а пазней яго копія — у Лондане. У Санкт-Пецярбург з’ехала “Перакуленая фігура”, але ўсяго купляюць адну — дзве скульптуры ў год.

Мастак зазначае, што, на жаль, пакуль арт-рынак у нашым асяродку не развіты, такая колькасць аўтарскіх продажаў — добра.

— Я шмат займаюся выканальніцкімі працамі і выкладаю ў каледжы імя Глебава. Але мне падабаецца тое, што робіць зараз “Белгазпрамбанк”: напрыклад, такія падзеі як “Арт-Мінск”, “Восеньскі салон”. Вельмі добра, што з’яўляюцца новыя галерэі, якія спрабуюць развіваць рынак, што знаходзіцца пакуль у стадыі праекта. На мой погляд, такое становішча спалучана з эканамічнай сітуацыяй: як правіла, купіць твор мастацтва — не кожнаму па кішэні. Аднак ёсць і другі фактар — культура народа. У Скандынавіі прадметы мастацтва ў кватэры, у жылым доме — гэта частка культуры, яны ўвайшлі ў эмацыйнае жыццё чалавека. У нас жа мастацтва — не тое, чым жывуць людзі.

Тым не менш, Аляксандр Сакалоў упэўнены, што развіваць культуру і візуальную нагледжанасць цалкам магчыма.

— Што тычыцца гарадскіх прастораў, у Мінску шмат добрай скульптуры, але гэта — з большасці, здабытак мінулага. Маладыя аўтары таксама хочуць сябе рэалізаваць, — падкрэслівае ён. — Мае калегі ў секцыі скульптуры Саюза мастакоў даўно мараць адкрыць у Мінску Парк скульптур. Многія аўтары маглі б стварыць для яго творы — ва ўсім свеце, у кожным сур’ёзным горадзе падобныя паркі ёсць. Абстрактнай пластыкі ў гарадскім асяродку рэальна не хапае. Але больш умоўныя рэчы непазбежна з’явяцца, бо гораду патрэбныя не толькі традыцыйныя помнікі. Гэта відавочна, і тое нават было б карысна людзям — разумець знакавыя рэчы, сімвалічныя формы.

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст

НА здымках: “Сэрца”, “Маска”.