Калі час выходзіць на вялікую сцэну

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

Член журы нацыянальнага адбору на конкурс “Еўрабачанне-2020”, спявак, якім захапляюцца калегі і арганізатары івентаў, папулярны ў інтэрнэце і на канцэртных пляцоўках выканаўца сусветных хітоў, аўтар песень, што гучаць у беларускіх радыёэфірах, — і пры гэтым пакуль малавядомы шырокай публіцы артыст Юрый Селязнёў напярэдадні Дня ўсіх закаханых выступіў са сваім першым сольным канцэртам “Научи меня летать” у мінскай зале “Верхні горад”.

Калі месяц таму ў Беларусі праходзіў адбор на конкурс “Еўрабачанне”, многія задаліся пытаннем — а хто гэты Юрый Селязнёў, які ў журы быў разам з удзельнікамі “Еўрабачання” групай Naviband, Zena, са спеваком Георгіем Калдуном, з кампазітарам Аленай Атрашкевіч? Пытанне ўзнікла нават у некаторых канкурсантаў — ці мае права ён там быць? Але дастаткова паслухаць спевы артыста, і зняць пытанні: глыбокі, насычаны і вельмі пазнавальны тэмбр — на беларускай сцэне такія галасы рэдкасць, пачуццё густу і стылю, прафесійнае выкананне… Проста Юрый Селязнёў, хоць і даўно працуе, раней не надта займаўся ўласным піарам — спяваў і пісаў песні, выступаў з кавер-бэндам, выкладваў ролікі ў інтэрнэт — мела розгалас, напрыклад, яго выкананне на беларускай мове песні “Confessa” з рэпертуару Адрыяна Чэлентана. Больш за тое, і двойчы ўжо выступаў на “Еўрабачанні” — быў бэк-вакалістам канкурсантаў ад Беларусі Uzari і Тэа. Рэнамэ Юрыя ў прафесійных колах бездакорнае, не хапае яму толькі вядомасці і, магчыма, смеласці — часта гаворыцца пра сціпласць артыста. Такім чынам, нягледзячы на вялізную колькасць выступленняў у складзе кавер-бэндаў, першы сольны канцэрт па білетах у Юрыя Селязнёва адбыўся толькі сёлета, 12 лютага. І прайшоў ён з аншлагам, а сярод гледачоў было нямала публічных персон і вядомых музыкантаў, якія прыйшлі не проста падтрымаць калегу, але, паводле іх слоў, атрымаць задавальненне. Было і мноства кветак, авацый, і выкананне на біс. Канцэрт прайшоў паспяхова, ды настолькі, што героям вечара прапанавалі яго паўтарыць у хуткім часе.

/i/content/pi/cult/786/16944/9_1.jpg

Юрый Селязнёў і Aquarelle Quartet. Фота Вольгі ЖОГАЛЬ

Поспех па праву падзяляе Aquarelle Quartet. Бо праграма была асаблівая — не з рок-саставам, як больш звыкла, не пад гітару ці раяль — на якіх артыст і сам выдатна іграе — а з цікавым камерным калектывам, у складзе якога габой, скрыпка, альт і кантрабас. Aquarelle Quartet — калектыў не проста прафесійных і таленавітых музыкантаў, у яго аб’ядналіся лаўрэаты і дыпламанты розных конкурсаў і выкладчыкі Акадэміі музыкі: Кацярына Пукст, Сяргей Тумаркін, Анастасія Бурак і Аляксандр Коўган. Не першы раз квартэт выступае з прадстаўнікамі жанру папулярнай музыкі — быў вопыт з групай J:Морс, а жаночая палова калектыву ў складзе аркестраў паіграла і з сусветнымі легендамі рок-музыкі — групамі Manowar і Scorpions.

Для свайго сумеснага канцэрта Юрый Селязнёў і Aquarelle Quartet напярэдадні Дня ўсіх закаханых падабралі рамантычныя творы: часткова аўтарскія кампазіцыі спевака — назву канцэрта, дарэчы, дала яго песня “Научи меня летать”, другую палову складалі сусветныя хіты з рэпертуару Стынга, Фрэнка Сінатры, “Акіяна Эльзы”, Мікалая Наскова, Адрыяна Чэлентана і гэтак далей. Аранжыроўкі, створаныя Кацярынай Пукст, пасавалі і гэтым творам, і насычанаму густому вакалу Юрыя Селязнёва: габой, скрыпка, перкусія, гітара з раялем, вакал — усё сышлося. Таксама ў выкананні Aquarelle Quartet гучалі інструментальныя творы, якія адпавядалі заяўленай рамантычнай тэме.

Увогуле, хочацца адзначыць менавіта гучанне. Як і з тэхнічнага пункта гледжання — а зала “Верхні горад” не ўсім даецца ў гэтым сэнсе, так і з музычнага, мастацкага — усё было вытрымана, стыльна, інтэлігентна і прыгожа — так, як любяць меламаны, што прыходзяць на канцэрты ў філармонію, а не ў клуб. Сама зала “Верхні горад” пасуе, канешне, канцэртам з філарманічным духам — і ўдзячная публіка была гатовая падтрымаць падобную стылістыку, хоць і прыйшла на канцэрт, складзены з папулярных песень. Але калі Юрый Селязнёў, які напачатку практычна не размаўляў з залай, дазволіў сабе трохі разняволіцца, сказаць пару слоў, а пад канец заспяваць і больш жвавыя кампазіцыі, то аказалася, што ўсе гатовыя былі і танчыць, і актыўна праяўляць эмоцыі. Перад другім, трэцім, і наступнымі сольнымі канцэртамі спеваку варта падумаць, што на сцэне трэба быць не толькі музыкантам, але і артыстам. А шчыра хочацца, каб Юрый больш не заставаўся ў ценю, каб у яго склалася сольная кар’ера з уласным рэпертуарам, каб не толькі чужыя хіты былі ў яго праграме, бо, відавочна, як спеваку яму многа дадзена, а нашай эстрадзе менавіта такіх артыстаў не хапае.