І вясковец, і прыроджаны шляхціц!

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

Генадзю АЎСЯННІКАВУ — народнаму артысту Беларусі і СССР, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі нашай краіны, уладальніку медаля UNESCO “Віктор Гюго” — 85! Як звычайна, ён сустрэў свой юбілей на сцэне роднага Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, дзе працуе больш за шэсцьдзясят гадоў, ажно з 1957-га. У свой дзень народзінаў ён сыграў цэнтральную ролю ў спектаклі “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” паводле аднайменнай кнігі Яна Баршчэўскага.

Роля шляхціца Завальні стала для Генадзя Сцяпанавіча не менш знакавай, чым шматлікія вясковыя дзядкі са сваёй філасофіяй і нязгаснай хітрынкай у вачах. Невыпадкова ён задзейнічаны ў гэтай ролі ўжо ў другі раз: яшчэ ў тыя часы, калі Камерная сцэна тэатра змяшчалася ў асобным будынку, Генадзь Аўсяннікаў іграў адпаведны монаспектакль у пастаноўцы Уладзіміра Савіцкага. Цяперашні спектакль Алены Ганум па інсцэніроўцы Сяргея Кавалёва — зусім іншы. Насычаны шматлікімі каларытнымі персанажамі, уключаючы фантастычных, надзвычай відовішчных: тут і зараснікі чароту ўзрастаюць-знікаюць на нашых вачах, і ў палонцы злыдзень гіне, і Цмок-малойца ў жудаснай масцы разгульвае. Але нават усе гэтыя чараўніцтвы-чарадзействы, прыдуманыя мастакамі Кацярынай Шымановіч і Сяргеем Ашухам, не могуць “перайграць”, зацьміць майстэрства артыста-юбіляра, хаця яго знаходжанне на сцэне, здавалася б, не надта працяглае. Як ён гэтага дасягае? Для магчымай “разгадкі” мы сабралі некаторыя выказванні майстра, дадзеныя ім газеце “Культура”.

/i/content/pi/cult/786/16941/7_1.jpg

У спектаклі “Сымон-музыка”.

Пра сваю прафесію

“Раней было такое амплуа — рэзанёр. Акцёр гаворыць вельмі правільныя рэчы: маўляў, трэба рабіць так, гэта будзе добра, а калі гэтак — дрэнна. Дый сам ён робіць усё правільна — усё, як трэба. І пафасу хапае, і ўзнёсласці, і запал быццам ёсць! А нутро ў акцёра пры гэтым — спакойнае. І нічым не ўскалыхнуць. Ён працуе. Але “хадзіць на працу”, “адпрацоўваць” — гэта не пра нашу прафесію. Сапраўдны артыст заўсёды пачынае з сябе: знаходзіць нешта, што дапаможа яму зрабіць ролю “сваёй”, унесці ў яе разыначку, “ажывіць” героя. У акцёрскай справе важны жыццёвы досвед. Я такіх вясковых дзядкоў пабачыў — што ні чалавек, то свая асаблівая гаворка, рухі, звычкі… Ды наўпрост пераймаць — нецікава. Важна ўменне выкарыстоўваць усё ўбачанае і пачутае, трансфармаваць у залежнасці ад ролі. Трэба шукаць у сабе “сваё”. І пакуль ёсць сілы, іграць, не шкадуючы сябе.”

/i/content/pi/cult/786/16941/7_2.jpg

“Лістапад. Андэрсэн”. Люты 2015 года.

Пра ваеннае дзяцінства і тэму вёскі

“Я жыў з цёткай, а яе ўвесь час накіроўвалі з адной вёскі ў другую. Яна была настаўніцай ды яшчэ і завучам, узнімала пасляваенную школу. Вось я з ёй і паездзіў па вёсках. Не было анічога! Ні сшыткаў, ні алоўкаў, не кажучы пра падручнікі. Усё рабілі самі, нават чарнілы. Крыху сажы з печы, да яе вады — вось і будуць чарнілы. А ўлетку яшчэ лепш: можна сокам крушыны пісаць. Не на паперы, вядома, а на старых газетах. Дый пёры самі прымайстроўвалі — на палачку якую, на капсуль ці стары запал. Што знойдзецца, тое і добра. Ніколі не забуду, як адзін хлапец пераблытаў запал з такой самаробнай ручкай. А запал аказаўся не пустым, а дзеючым. Як выбухне! І дагэтуль страшна ўзгадваць… А ўжо ў каго сапраўдная ручка была — у-у-у, гэта ж заможны чалавек! Чаго толькі вяскоўцы не перажылі… Я ж і акупацыю памятаю: у школу яшчэ пры немцах пайшоў. Але ж ніякія выпрабаванні, ніякія жыццёвыя нягоды не зламілі сапраўднага народнага характару. Можа, таму я так люблю спектакль “Вечар” паводле Аляксея Дударава, што ідзе ў нашым тэатры з 2006 года. Справа не толькі ў ролі Васіля, але і ў тэме, узнятай у п’есе ды спектаклі. Пра што пастаноўка — пра вёску? Асабіста для сябе я азначыў яе так: пра спазнанне жыцця, спасціжэнне яго сутнасці. П’еса, здавалася б, не новая: стваралася напачатку 80-х — па цяперашніх мерках, “у мінулым” стагоддзі. Але сёння яна не толькі не састарэла, а наадварот — стала, мабыць, нават яшчэ больш актуальнай, чым калісьці. І “абрастае” дадатковымі сэнсамі, гістарычнымі спасылкамі, псіхалагічнымі адценнямі. Бо вёска без людзей — гэта ўжо не драма, а цэлая трагедыя. Таму спектакль, з аднаго боку, — своеасаблівы рэквіем па вёсцы, з іншага ж — гэта яшчэ і пошук, як быць вяскоўцам у такой сітуацыі.”

/i/content/pi/cult/786/16941/7_3.jpg

З вялікай любоў'ю да артыста. 19 лютага 2020 года.

Пра акцёрскую педагогіку

“Мне пашанцавала: я вучыўся ў народнага артыста Беларусі Канстанціна Саннікава. Вось дзе быў майстар! І ў яго было беспамылковае чуццё на адшукванне тэатральна адораных юнакоў. Цяпер усе захапляюцца КВЗ — Клубам вясёлых і знаходлівых, а ў тыя часы рэгулярна праводзіліся разнастайныя агляды самадзейнасці: мясцовыя, рэгіянальныя, раённыя, абласныя, нарэшце, рэспубліканскія. Саннікава звычайна запрашалі ў журы, шмат гадоў ён быў старшынёй рэспубліканскай камісіі. Вядома, самадзейныя артысты выступалі як умелі. Але ён беспамылкова бачыў магчымыя перспектывы. Так ён “адкрыў” двух будучых народных артыстаў Беларусі: Лілію Давідовіч (між іншым, яна да гэтага спрабавала паступіць у Тэатральна-мастацкі інстытут, але не прайшла), Міхаіла Пятрова — абоіх ужо няма з намі... З Ліліяй мы вучыліся на адным курсе, потым яна таксама працавала ў нашым тэатры. А Міхаіл быў зоркай ТЮГа, без яго амаль ніводны спектакль не абыходзіўся.”

Шукайце самі!

“Прафесія настаўніка, а тым больш у творчых спецыяльнасцях, — надта спецыфічная. Калі вучыш, галоўнае — заўважыць у кожным выхаванцы тое, што ён яшчэ і сам пра сябе не ведае. Для гэтага патрэбны не толькі веды, не толькі ўменне іх перадаваць (ды яшчэ так перадаваць, каб “узялі”, а не кінулі), а яшчэ і нейкае ўнутранае пачуццё — інтуіцыя ці штосьці іншае. Не маё гэта! Заўважыць сапраўдную адоранасць, гэткую іскрынку — далёка не кожнаму дадзена. Нейкім прыёмам навучыць — іншая справа, гэта магчыма. Увогуле, навучыць, натрэніраваць, “выдрэсіраваць” можна і мядзведзяў. Паглядзіце, яны ж і на веласіпедах катаюцца, і ў футбол гуляюць. Але ў нас — іншае. Выкладчык павінен ад пачатку бачыць, ці здольны чалавек да далейшай самастойнасці. Ці можна навучыць гэтаму? Не ведаю, бо кожны павінен шукаць сам.”

Фота Юрыя ІВАНОВА і Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"