Зачараваныя Мінскам…

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

Святочны канцэрт, што адбыўся 13 верасня ў Палацы Рэспублікі, быў не зусім звычайным: у Дзень горада наша сталіца трымала творчую справаздачу, прысвечаную 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Эстафету правядзення падобных канцэртаў Мінск падхапіў ад Брэсцкай вобласці — і перадаў Гомельскай, якая будзе наступнай ладзіць сваю справаздачу на галоўнай сцэне краіны.

Павіншаваць Мінск з днём народзін прыехалі дэлегацыі з усіх абласцей рэспублікі. Напярэдадні ў Міністэрстве культуры адбылася нарада з удзелам начальнікаў і намеснікаў начальнікаў упраўленняў культуры аблвыканкамаў. Падрыхтоўка ж да канцэрта, як адзначыў начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі, пачалася яшчэ з вясны. Такая руплівасць дала плён: праграма атрымалася цікавай і насычанай, у ёй пераважалі не асобныя нумары, а шматсастаўныя разнажанравыя кампазіцыі з удзелам як вядомых артыстаў, так і зусім юных зорак.

У фае, як і мае быць, разгарнулася выстаўка. Яна адлюстроўвала не гістарычнае “ўчора”, а славутае “сёння” і фантастычнае, аднак і рэальнае “заўтра” беларускай сталіцы. Арганізаваная ўпраўленнем культуры і Камітэтам па архітэктуры і горадабудаўніцтве Мінгарвыканкама, выстаўка спалучала “фотапартрэты” сучаснага Мінска з архітэктурнымі “прагнозамі” недалёкай будучыні — макетамі гарадскіх забудоў.

Бы шыкоўная залачоная рамка, што дасталася ў спадчыну, канцэрт абрамлялі незабыўныя песні кампазітара Уладзіміра Алоўнікава — народнага артыста краіны, ганаровага грамадзяніна горада Мінска.

“Песня аб Мінску”, што была прызнана гімнам горада, завяршала ўрачыстасці. Распачынала ж іх і велічна-гімнічная, па-матчынаму цёплая “Радзіма мая дарагая” на словы Алеся Бачылы, і кранальна простая, быццам сатканая з народных інтанацый, “партызанская” (кампазітар пайшоў на фронт артылерыстам) песня “Ой, бярозы ды сосны” на словы Адама Русака.

З прамовай выступіў мэр горада Міхаіл Паўлаў: ён выказаў падзяку мінчанам за ўклад у развіццё вытворчай, сацыяльнай і культурнай сфер беларускай сталіцы.

Каму, як ні моладзі, актыўнай і духоўна багатай, развівацьіх і надалей! Сонечным праменьчыкам бліснулі спевы Хрысціны Святлічнай і Аляксея Жыгалковіча ў атачэнні дзіцячых танцавальных калектываў “Равеснік”, “Зубраня”, “Чабарок”. Менавіта ў выкананні юных талентаў гучала і духоўная тэма: зводны струнны ансамбль дзіцячых музычных школ горада Мінска сыграў на скрыпках узнёслы шубертаўскі зварот да Дзевы Марыі — заступніцы горада. А ўдзельнікі ансамбля танца “Весялушка” дзіцячай харэаграфічнай школы № 1 распавялі пластычнае “Паданне пра Мінск”, дзе ў ролі святой ахоўніцы горада выступіла народная артыстка Беларусі Кацярына Фадзеева.

Блок “Мінчане — віртуозы” склалі выступленні лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі: піяніста Андрэя Шычко, саксафаністкі Дар’і Бабко, скрыпачкі Дар’і Варламавай, баяніста Віталя Варанко і цымбалісткі Аляксандры Дзенісеня. Каб плаўна, без шокавых зігзагаў, “выруліць” ад сусветнай класікі да фальклорнай замалёўкі “Мінскі кірмаш”, рэжысёрам Аляксандрам Вавілавым была абрана гулліва-камічная сцяжынка, складзеная з фрагментаў “Севільскага цырульніка” Дж.Расіні і “Марнай перасцярогі” Л.Герольда ў выкананні лепшых салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь і Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. Апошні калектыў, дарэчы, знаходзіцца ў падпарадкаванні Мінгарвыканкама, таму ўвага да яго ў святочна-справаздачным канцэрце горада была асаблівай.

Невыпадкова крыху пазней была закранута і “малодшая сястра” оперы: папуры “Віват, аперэта!” паставіў дырэктар — мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксей Ісаеў.

Але што па-сапраўднаму ўразіла публіку, дык гэта шоу Беларускага дзяржаўнага цырка “Арэна маладых”. Дык як іначай, калі зухаватыя хлопцы асядлалі “жалезных коней” — матацыклы, але пачалі не ганяцца адзін за адным, а вырабляць на іх разнастайныя гімнастычныя трукі.

Далейшае “зачароўванне” публікі прадоўжылі хлопцы вакальна-інструментальнага гурта “Пяты сезон”. Гэты ансамбль добра знаёмы чытачам і прыхільнікам нашай газеты: менавіта ён, нагадаем, удзельнічаў у прэзентацыі газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва” на Міжнароднай выстаўцы “СМІ ў Беларусі”. Знакаміты лучанкоўскі хіт — песня “Зачарованая” — вядомы ў самых розных інтэрпрэтацыях і пераапрацоўках. У выкананні “Пятага сезона” чароўная мелодыя захавала свой першасны каларыт і пры гэтым набыла новыя яркія фарбы.

Заключны блок канцэрта быў зноў непасрэдна прысвечаны Мінску. У выкананні лаўрэатаў міжнародных фестываляў і конкурсаў Мікіты Фаміных (ён, між іншым, выступіў і вядучым канцэрта), Алены Ланской і Івана Буслая прагучала песня Уладзіміра Кандрусевіча “Мой Мінск”. Улюбёнцы публікі, народныя артысты краіны Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, прапанавалі песню “Беларусь”.

Прадоўжыла і развіла тэму, давёўшы яе разгорт да гучнага клічніка, сімфанічная паэма Валерыя Галаўко “Беларусь. Мінск. Родны дом”. Сімвалічная назва, якая да многага абавязвае, патрабавала не толькі адпаведных кампазітарскіх, але і выканальніцкіх намаганняў. У паказе яе публіцы ўдзельнічалі ледзь не ўсе вядучыя сімфанічныя і харавыя калектывы: Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы, канцэртны аркестр “Няміга”, сімфанічны аркестр і харавая капэла Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, аркестр і хор Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, узорна-паказальны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Такім магутным зводным калектывам кіраваў дырыжор Аляксандр Сасноўскі.

Варта сказаць і пра афармленне залы пад кіраўніцтвам мастака-пастаноўшчыка Веніяміна Маршака, якое было сугучна выступленням артыстаў і яскрава перадавала ўрачысты настрой.

— Гэта быў творчы эксперымент, — падвёў вынік рэжысёр свята А.Вавілаў. — Упершыню ў канцэрце на сцэне Палаца Рэспублікі ўдзельнічала 5 тысяч чалавек!