Цудоўна, як…

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

На ўрачыстым адкрыцці выставы Лазара Хідэкеля ў Нацыянальным мастацкім музеі сярод ганаровых гасцей былі: сын архітэктара, ён і сам архітэктар, Марк Хідэкель з жонкай Рэгінай, доктарам мастацтвазнаўства, прэзідэнтам таварыства Лазара Хідэкеля; траюрадная пляменніца, прэзідэнт Фонду Казіміра Малевіча Івона Малевіч і праўнучка Лазара Лісіцкага Валерыя Лісіцкая,член кансультатыўнай рады Фонду імя свайго дзеда.

/i/content/pi/cult/786/16939/6_1.jpg

Зробленае сто гадоў таму цікава і сёння.

Калісьці я пачуў ад мастацтвазнаўцы Валянціны Вайцяхоўскай, супрацоўніцы Нацыянальнага мастацкага музея, вызначэнне “Цудоўна, як ранняе Хрысціянства”. Такім чынам мая калега ахарактарызавала мастацкія з’явы і асобныя творы, дзе, на яе думку, цалкам адсутнічае палітызаванасць і камерцыйны ўхіл. Зробленае не на продаж, не дзеля таго каб спадабацца начальству ці натоўпу, а проста паводле душэўнага паклікання. Менавіта як хрысціянства, што яшчэ не паспела развіцца ў сусветную рэлігію.

/i/content/pi/cult/786/16939/6_3.jpg

Марк Хідэкель доўжыць справу бацькі.

Мне падаецца, што гэта вызначэнне вельмі пасуе Віцебскаму авангарду, як з’яве і творчасці найбольш значных прадстаўнікоў гэтага напрамку. Сярод іх — Лазар Хідэкель, якога сёння называюць першым у свеце архітэктарам-супрэматыстам. Патрапіўшы на ягоную выставу, што праходзіць зараз у Нацыянальным мастацкім музеі, непадрыхтаванаму гледачу магчыма будзе незразумела, чаму Хідэкеля ставяць у адзін шэраг з карыфеямі ХХ стагоддзя. Схемы, замалёўкі; кампазіцыі, якія можна было б аднесці да геаметрычнага абстракцыянізму; эскізы і накіды, на якіх ці то аблокі незвычайнай формы, ці то нейкае падабенства ўзнесеных над зямлёй будаўнічых канструкцый. Ні табе эфектнай графікі, ні кідкага колеру, пра якія дбаюць праекціроўшчыкі, прэзентуючы свае ідэі.

/i/content/pi/cult/786/16939/6_2.jpg

А між іншым — гэта эскізы будучыні. Не той, пра якую Хідэкель казаў, што іх, супрэматыстаў, зразумеюць хіба праз сто гадоў — гэта значыць сёння. А той, што і сёння толькі-толькі пачынае мільгаціць на даляглядзе. Нас на зямлі яшчэ не прыціснула настолькі моцна праблемы экалогіі і перанаселенасці, каб рубам паўстала пытанне каланізацыі неба. Сёння па ўсім свеце будуюцца хмарачосы, якія глядзяцца на тле традыцыйнай забудовы, як дрэвы пасярод поля. І прывязаныя яны да глебы, як тыя дрэвы, каранямі камунікацый. А вось Лазар Хідэкель быў упэўнены, што аднойчы нам прыйдзецца будаваць гарады ў паветры і нават у космасе, а дзеля гэтага трэба будзе змяняць сваю ментальнасць у глабальным маштабе і грунтоўна перабудаваць сацыяльныя стасункі. Зрэшты, навучыцца жыць дружна, пры тым, уся гісторыя чалавецтва — гэта канфлікты і войны. Гэта сацыялагічны пасыл выразна прачытваецца ў сэнсавым падрадкоўніку Хідэкелевай тэорыі.

Лазар Хідэкель, як я мяркую, падобны да Цыялкоўскага, які даводзіў, што Зямля — калыска чалавецтва, але ж не вечна чалавеку ляжаць у калысцы. Жыў бы архітэктар-супрэматыст сёння, праектаваў бы ён касмічныя станцыі.

Творца працаваў на будучыню. Ягоная вера чыстая і ў чымсьці наіўная, як тое ранняе хрысціянства ці пачатковы камунізм. Але менавіта такім ідэям наканавана перажыць свой час.

Фота аўтара і Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"