“Ала” набывае аблічча

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

Як словы пераўтвараюцца ў справу
Нават калі вельмі чакаеш падзеі, усё адно прыходзіць яна нечакана. Колькі разоў уяўляў пачатак узвядзення мемарыяльнага комплексу “Ала”, але вось прыехаў у мясціны, што сталі ўжо роднымі, і амаль не здзівіўся. Менавіта так яно і павінна быць. Экскаватар, бульдозер, бытоўкі-вагончыкі будаўнікоў, заклапочаныя рабочыя. Добразычлівы старшы прараб Гомельскага домабудаўнічага камбіната Сяргей Уладзіміравіч Чумакоў… Я ўжо ведаю, што менавіта пад яго кіраўніцтвам узводзіўся і мемарыяльны комплекс “Лоеў”. Так што досвед ёсць.

Здаць да 9 мая

— Нас пакуль, як бачыце, не так і шмат. А будзе занята не меней пяцідзесяці чалавек, — кажа ён. — І гэта зразумела: аб’ём працы сур’ёзны і па маштабах, і па значнасці. Ды і тэрміны вызначаны хоць рэальныя, але патрабуюць поўнай засяроджанасці. Мемарыял павінен быць узведзены да 75-годдзя Вялікай Перамогі, а значыць, да 9 мая. Пакуль надвор’е спрыяе. Пачалі са зняцця расліннага грунту і ўсталявання таго, што мы завём вертыкальнай планіроўкай. Сюды спатрэбіцца завезці тры тысячы кубаметраў пяску. Уся праца будзе весціся паралельна. Пачнём з падмурка і пліткі “стары горад”, якую плануецца ўкласці для верхняга, пешаходнага пакрыцця на плошчы ў шэсць тысяч квадратных метраў. Трэба будзе таксама засеяць дзесяць тысяч квадратных метраў газоннай зямлі…

/i/content/pi/cult/786/16936/3_1.jpg

Эскіз мемарыяльнай зоны.

Пра астатнюю працу, якая вызначае аблічча мемарыяла, Сяргей Уладзіміравіч кажа больш асцярожна, аддаючы перавагу самім праектантам. Хоць, вядома ж, ведае ўжо ўсё ці амаль усё. Праект прайшоў неаднаразовае абмеркаванне на нарадах пад кіраўніцтвам губернатара Гомельскай вобласці Генадзя Міхайлавіча Салаўя, быў ухвалены на абласным мастацка-экспертным савеце па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Адбыліся і ўсе іншыя неабходныя ўзгадненні. Ёсць, нарэшце, пастанова Савета Міністраў Беларусі ад 1 лютага 2020 года пра пераўтварэнне рэспубліканскага заказніка “Выдрыца”. Так што праблемы з адводам зямлі таксама няма.

Даведваюся, што ўвесь мемарыял будзе з трох функцыянальных зон. Уваходная група, што складаецца з трох частак, якія пазначаюць уваход на тэрыторыю мемарыяла: партал галоўнага ўвахода з назвай брацкага пахавання, стэла з надпісам-прысвячэннем, стэла з картай спаленых вёсак Гомельшчыны. А таксама аванплошча перад парталам галоўнага ўвахода з размяшчэннем на ёй архітэктурна-мастацкай кампазіцыі ў выглядзе асмаленага дрэва, усталяванага над стылізаваным вадаёмам. Прадугледжаны аўтамабільныя паркоўкі, пляцоўкі пад біяпрыбіральні.

Маршрут жалобы

Пешы маршрут працягласцю 225 метраў па былой вясковай вуліцы, цяпер лясной дарозе з грунтавым пакрыццём, злучае ўваходную групу з мемарыяльнай зонай.

Плануецца пракладка тратуара на месцы былой дарогі на працягу ўсяго маршруту (пліткай і каменем). Уздоўж тратуара, у паласе паміж ім і межамі ляснога масіва, будуць усталяваны 34 (па колькасці двароў спаленай вёскі) стэлы-стылізацыі брамак. Перпендыкулярна тратуару ў трох месцах прадугледжваецца размяшчэнне парталаў — знакаў спаленых хат, што служаць візуальным аналагам удараў набату, якія абазначаюць набліжэнне да мемарыяльнай зоны. На кожным з іх — надпісы з указаннем колькасці бязвінна загінулых жыхароў — 950 дзяцей, 508 жанчын, 300 мужчын сталага веку. Вонкавыя межы пешага маршруту пазначаны дэкаратыўнымі бетоннымі агароджамі, якія паўтараюць абрысы меж ляснога масіва.

“К” працягвае серыю матэрыялаў, прысвечаных узвядзенню мемарыяльнага комплексу на месцы спаленай падчас Вялікай Айчыннай вайны вёскі Ала на Светлагоршчыне. Сёння — гаворка пра пачатак будаўнічых работ на аб’екце.

/i/content/pi/cult/786/16936/3_4.jpg

Эскізная прапанова ўваходнай групы комплексу.

Мемарыяльная зона складаецца з памятнага знака, які завяршае перспектыву пешага маршруту, і фланкуючых яго стэлы з кароткай гістарычнай даведкай пра спаленую вёску і існуючага брацкага пахавання. Тут жа і масіўныя валуны з трагічнымі сюжэтамі, якія ўвасоблены беларускімі скульптарамі ўлетку 2019 года на рэспубліканскім пленэры ў Светлагорску. Каля ўвахода на тэрыторыю мемарыяльнай зоны прадугледжана стэла з рэльефным малюнкам карты з назвамі спаленых вёсак Гомельшчыны, што не адрадзіліся пасля вайны, а таксама тых, дзе загінула найбольшая колькасць мірных жыхароў. Гэта — не менш за 120 населеных пунктаў.

Існуючае брацкае пахаванне — нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць. Праект яго рэстаўрацыі будзе ўзгоднены з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Падчас рамонту плануецца расчыстка, папаўненне страт скульптурнага аб’ёму і афарбоўка выявы ўкленчанага салдата і барэльефа з малюнкам ордэна Айчыннай вайны. Таксама прадугледжаны рамонт пастамента, ачыстка і апрацоўка ахоўнымі саставамі гранітных мемарыяльных пліт…

Вось такім бачаць мемарыял праектанты. Я наўмысна пакідаю спецыфіку іх стылю, каб выпадкова не сказіць праектнай сутнасці. Удакладню толькі, што габарытныя памеры партала галоўнага ўвахода — 13,9 на 6,55 метра. Праём — 8,7 на 4,3. Абеліск з картай спаленых вёсак — 12,9 на 5,7. Ды і сама карта складзе 4,6 на 3,5 метра. Дарога ад уваходнай групы да памятнага знака мемарыяльнай зоны — 292 метры. Вышыня стылізаваных брамак — 3,3. А вышыня падпорнай сцяны, сімвалізуючай “раку памяці”, — 0,6 метра. Абеліскі з праразнымі стылізаванымі сілуэтамі людзей — 5,7 на 2,1.

Па кім плача звон

На памятным знаку вышынёй больш за 10 метраў прадугледжаны сімвалічны крыж і звон, які будзе гучаць. Званіца ў выглядзе стылізаванай вясковай адрыны — вышынёй 4,2 метра. Званоў меншага памеру столькі ж, колькі вёсак, жыхары якіх загінулі 14 студзеня 1944 года ў Але. Вялікіх памераў будзе і стэла (12,7 на 3,7 метра), якая змяшчае кароткую інфармацыю пра тыя трагічныя падзеі. Дарэчы, усе тэксты будуць на беларускай мове.

/i/content/pi/cult/786/16936/5_3.jpg

Фрагмент пешага маршруту да мемарыяльнай зоны.

Усё манументальна. Але мы памятаем словы Прэзідэнта пра тое, што “магчыма, праект трэба дзесьці, пакуль не стварылі, адшліфаваць. Я не кажу, што мы яго зменім. Можам толькі палепшыць…” Так што асаблівых змен быццам бы і не прадбачыцца, хоць Міністэрства культуры таксама можа ўнесці свае карэктывы.

Больш за пяць гадоў мы чакалі ўзвядзення мемарыяла “Ала”. Не, не проста чакалі, а рабілі ўсё магчымае, каб ён набыў рэальныя абрысы. Энтузіястаў яго станавілася ўсё больш і больш. Ахвярная памяць аб 1758 згарэлых лёсах, сярод якіх 950 дзіцячых, набатна стукала і стукае ў нашы сэрцы. Але патрэбныя былі не толькі гнеўна-справядлівыя словы пра звярыную сутнасць фашызму, а будзённыя, поўныя спраў. І яны сталі магчымыя, бо мы прымаем у спадчыну лепшыя традыцыі савецкіх часоў аб святасці нашай агульнай памяці пра тое, як здабывалася і чаго нам каштавала перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. Так, яна была жыццёва неабходная ўсяму свету. Інакш ён мог амаль увесь ператварыцца ў Алу.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Фота з архіва аўтара