Сталіца ў “Вокнах”

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

Дзень горада-2008 запомніцца мінчанам, акрамя шматлікіх канцэртаў і гулянняў, яшчэ і багаццем выставак, паколькі многія сталічныя музеі правялі на свята своеасаблівую “Ноч музеяў”, працягваючы вясеннюю традыцыйную акцыю. Выстаўка “Вокны” вядомага фотамастака Георгія ЛІХТАРОВІЧА адкрылася якраз увечары 13 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Як нарадзіўся адметны погляд на горад, карэспандэнт “К” распытала ў фатографа пад час адкрыцця экспазіцыі.

 /i/content/pi/cult/175/1693/Vokny1.jpg
— “Вокны” я пачаў здымаць для сябе. Калі фота пабачыла мастацтвазнаўца Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава, яна прапанавала гэтую серыю паказаць на “Ночы музеяў”. Праз некаторы час мяне запрасілі выставіць “Вокны” зноў, і вось 13 верасня выстаўка адкрылася ў адной з залаў музея. На ёй — больш за 50 фота.

Заўсёды прытрымліваўся і цяпер прытрымліваюся класічных традыцый, лічу, што сапраўднае фота, без ужывання розных складаных тэхнік і прыёмаў, здольнае выказаць яшчэ вельмі і вельмі шмат. І ёсць настолькі прыгожыя рэчы, якія літаральна патрабуюць уважлівага погляду фатографа, неабыякавасці. Проста, трэба ў неабходны момант быць гатовым лавіць імгненне. Бо фота — гэта якраз тое імгненне, якое трэба спыніць, зафіксаваць яго, і з кімсьці яшчэ падзяліцца ўбачаным. Гэта асноўная задача любога мастацтва.

Навакольны свет такі прыгожы і дасканалы, што пераробліваць яго з дапамогай розных тэхнічных сродкаў не мае сэнсу. Ён бязмежна цудоўны і яго можна перадаваць, адлюстроўваць бясконца. За выключэннем таго, здараюцца выпадкі, калі патрабуе сама нейкая ідэя нешта перарабіць, узмацніць.

Тэма “Вокны” з’явілася выпадкова. Хаця выпадковасцей, бадай, і не бывае. Каталізатарам зрабіўся адзін здымак: я проста правяраў, як працуе тэлеаб’ектыў, і з уласнага вакна ўвечары зняў тое, што бачылася далёка насупраць: метраў за трыста ад майго дома стаяў іншы дом. І калі я разгледзеў атрыманы здымак, дык убачыў, што на ім адлюстраваўся вечаровы горад, які адбіваўся ў шыбах гэтага самага дома.

І ў кожным акне апынулася нейкім дзіўным чынам свая выява. Назваў адразу для сябе гэты здымак “Вечаровы вернісаж” . Зверху на ім нават адбіўся нейкі квадрат, ці дзверцы на сцяне. “Чорны квадрат” Малевіча?” — падумалася тады. Атрыманае мяне падштурхнула здымаць далей у гэтым рэчышчы, праўда, ужо мэтанакіравана.

Што да вокнаў, дык яны трапляліся ў мой аб’ектыў і раней. Нейкія адлюстраванні ў шкле — таксама. А вось спалучыць гэта ўсё неяк не выпадала. Вядома таксама, што акно мае і сакральны сэнс. Яно нібыта аддзяляе ўнутраны свет ад вонкавага. Гэта нейкая мяжа. Нездарма ў старажытных вокнах мы бачым выяву крыжа. Можа, тое было і
 /i/content/pi/cult/175/1693/Vokny2.jpg
канструктыўнае вынаходніцтва, але ж мела на мэце адганяць нячысцікаў. У сучасных вокнах крыжоў меней, але перакрыжаванні ёсць. Адсюль пачынаецца філасофія: калі глядзіш на гэтыя адлюстраванні, дык яны розным шклом адлюстроўваюцца, там пачынаецца незвычайны ўласны, асобны свет, уласнае жыццё. Там нейкія істоты ўзнікаюць, нейкія стварэнні, якіх у рэальным жыцці няма. Яны казачныя, быццам бы прыйшлі з пазалюстэркавай краіны, з казкі пра Алісу Льюіса Кэрала. Атрымалася, што я трошачку паспрабаваў зазірнуць туды. На здымках кожны знойдзе штосьці сваё ці проста ўбачыць цікавыя куточкі нашага горада.

Я абсалютна не выкарыстоўваў ніякіх мудрагелістых прыёмаў. Усё знята “жыўцом”, усё такое, як убачана праз аб’ектыў.

Увогуле, тэма “Вокны” — бясконцая. Сантыметр убок — іншая выява. Як усе гэтыя адлюстраванні ствараюцца — абсалютная фантастыка. І гэта тое, што існуе ў нашым жыцці побач з намі.

У “Вокны” зазірнула Наталля КІРПІЧЭНКАВА