У чаканні цмока ў вышыванцы,

№ 7 (1446) 15.02.2020 - 22.02.2020 г

або Развагі з нагоды дзіцячага чытання
Нядаўна ў “К” (№ 3 за 18 студзеня) быў надрукаваны артыкул “Дзе ты, Дзед Барадзед, або Як скласці паліграфічны пазл?”, дзе ўздымаліся праблемныя пытанні дзіцячага чытання. На матэрыял адгукнулася наша сталая чытачка і аўтар Марына Петрашкевіч. Прапануем увазе чытачоў “К” яе развагі і запрашаем усіх да далейшага абмеркавання ўзнятых пытанняў.

Са смартфонам па кутках

Як бібліятэкар са значным стажам работы, сцвярджаю: дзяцей, якія чытаюць, шмат. Тых, хто не чытае, праўда, таксама нямала.

Змяняюцца носьбіты, змяняюцца густы юных чытачоў, але цікавасць да чытання ўсё ж такі застаецца. Сёння ў нашай бібліятэцы назіраецца вяртанне чытачоў да папяровай кнігі. Гадоў пяць — сем таму электронныя чыталкі і планшэты ўвайшлі ў моду і захапілі сваёй зручнасцю і кампактнасцю вялікую колькасць людзей — і падлеткаў, і дарослых. Але ж цяпер нашы чытачы, якія некалі развіталіся з намі, аддаўшы перавагу электронным носьбітам, пакрысе вяртаюцца ў бібліятэку. Прычын для гэтага некалькі, але ж адну называюць усе — пачынаюцца праблемы са зрокам.

Што чытаюць? Падлеткі чытаюць усё: творы пра каханне, дэтэктывы, фэнтазі, фантастыку, “звярыныя” прыгоды. Але ж практычна ва ўсіх выпадках героем павінен быць падлетак. Малыя не такія патрабавальныя да галоўнага героя, у большай ступені ім усё роўна, абы цікава было. Праўда, апошнім часам назіраецца нейкая ўпартасць сярод малодшых школьнікаў пры выбары кніг. Кнігі аднаго, двух, трох упадабаных аўтараў чытаюцца хутка і па некалькі разоў. А вось потым ніякія прапановы, довады і ўгаворы не могуць прымусіць узяць кнігі іншых аўтараў.

/i/content/pi/cult/785/16925/12_1.jpg

Пра цікавыя прыгоды чытай усюды і заўсёды.

Яшчэ адна не вельмі добрая тэндэнцыя сярод малодшых школьнікаў: чым старэйшымі яны становяцца, тым цяжэй іх зацікавіць кнігай. Штотыднёва нашу бібліятэку наведваюць арганізаваныя групы падоўжанага дня. Першакласнікі ўражаны бібліятэкай, ім усё цікава і мала хто сыходзіць ад нас без кнігі ці часопіса. Перайшоўшы ў другі клас, у руках школьнікаў з’яўляюцца смартфоны, хаваючыся па кутках і між стэлажоў, яны цішком гуляюць на іх, але ж і кнігі дадому бяруць з задавальненнем. Трэцякласнікі ў час, адведзенны на выбар кніг, гуляюць у гульні не хаваючыся, палова з іх у апошнія хвіліны хутка выбіраюць кнігі. У чацвёракласнікаў цікавасць да кнігі яшчэ меншая. Але ж застаюцца дзеці, якія ўпадабалі чытанне, і хай, сталеючы, па шэрагу прычын яны чытаюць менш, усё адно наведваюць бібліятэку рэгулярна.

Пра канкурэнтаў кнігі я падрабязна пісала раней. Зараз бадай нагадаю, што гэта не толькі электронныя цацкі, але і вялікая загружанасць дзяцей школай, а таксама дадатковымі заняткамі, рэпетытарамі і спартыўнымі секцыямі. Школьнікам проста не хапае часу чытаць.

Стыпендыя з кішені Коласа

Некалькі слоў пра школьнае чытанне. Пра гэта я таксама пісала раней: дзеці часцяком не разумеюць тое, што чытаюць па праграме, — у творах можа быць зусім іншы час, іншыя норавы, іншы лад жыцця. Ды і пра густы не спрачаюцца. Да таго ж школьнае чытанне — абавязак. Нават дзеці, якія шмат чытаюць, да школьнай праграмы па абедзвюх літаратурах ставяцца скептычна. Што ўжо казаць пра тых, хто чытаць не любіць.

Не буду крытыкаваць спісы школьнай праграмы, тым больш, што ёсць вельмі цікавыя творы ў кожным класе, і з класікай усё роўна трэба знаёміцца. Толькі шкада бацькоў школьнікаў, якія бегаюць па бібліятэках са спісамі (яны могуць змяшчаць болей за дзесяць назваў!) нейкіх маленечкіх вершыкаў ці казак, якія па адным — два былі надрукаваны ў тоўстых зборніках. У выніку атрымліваецца вялізны і цяжкі стосік кніг. Яшчэ больш шкада дзетак, бо гэтыя самыя зборнікі ім трэба цягнуць у школу — настаўніца патрабуе, каб на парце ляжала кніга. Пераснятыя з кніг копіі або раздрукоўкі з інтэрнэту задавальняюць не ўсіх настаўнікаў. І, што самае цікавае, гэтыя спісы абнаўляюцца амаль штогод.

Яшчэ адна праблема школьнай праграмы па абедзвюх літаратурах — біяграфіі пісьменнікаў. Адкрываем любую кнігу крытыкі на любым пісьменніку, чытаем — нарадзіўся, вучыўся, змагаўся, напісаў, памёр або загінуў... Усе пісьменнікі паўстаюць перад школьнікамі нібы нейкія робаты ці машыны з пералікам тэхнічных характарыстык, падобныя адзін да аднаго, як апошняя і перадапошняя мадэлі тэлефонаў. А кожны з гэтых пісьменнікаў — асоба са сваімі адчуваннямі, хваляваннямі, эмоцыямі, характарам, пачуццямі, прычым не толькі да Радзімы. Чаму не расказаць дзецям пра модніка Янку Купалу, які заўсёды быў апрануты “з іголачкі”, ці як “адшыла” яго заляцанні Паўліна Мядзёлка, а потым вельмі шкадавала аб гэтым. А хто ведае, што Якуб Колас са сваёй кішэні выплочваў Заіру Азгуру стыпендыю, пакуль той вучыўся, ці тое, што ўвесь ганарар за першае выданне “Сымона-музыкі” аддаў дзіцячаму дому, за што меў вялікія непаразуменні з роднымі... А ці ведаеце вы тое, што Францыск Скарына закахаўся ў жонку свайго мецэната? У школьных падручніках пра такое не пішуць.

Крытычныя артыкулы нашпігаваны сухімі датамі, якія праз тыдзень пасля ўроку вучань і не ўспомніць, а таксама падрабязнымі разборамі твораў. А сярод гэтых шматлікіх фактаў губляецца постаць пісьменніка. Усё гэта не спрыяе ўзнікненню зацікаўленасці ў школьнікаў да літаратуры. Трэба перапісваць крытыку, дадаваць звесткі пра сям’ю, дзяцей, сяброў, нават каханкаў ці каханак, калі такія былі, звычкі, у тым ліку і шкодныя, хобі, месцы адпачынку, любімыя стравы, працоўныя спецыяльнасці, не звязанныя з літаратурай. Неабходна ў першую чаргу паказваць чалавека, а ўжо потым пісьменніка.

Па біяграфіях пісьменнікаў, іх творчасці і нават асобных творах можна ладзіць інтэлектуальныя спаборніцтвы, гульні накшталт тэлевізійных. Час ад часу ў часопісе “Роднае слова” друкуюцца мае сцэнарыі такіх гульняў. Адна з апошніх “Сустрэча з Сымонам-музыкам”, дзе, акрамя цікавых пытанняў і заданняў, звязаных са зместам паэмы, дзеці гуляюць у “Мафію”.

Таксама на ўроках варта ўзгадваць, што творы не існуюць самі па сабе. Па іх матывах пішуцца оперы, ставяцца спектаклі і балеты, здымаюцца фільмы, малююцца карціны, ім прысвячаюцца выпускі калекцыйных манет, марак. А памяць аб пісьменніках увекавечваецца не толькі ў назвах вуліц і ў помніках.

Палічка застаецца палічкай

Школа школай, але ж кнігу для свайго задавальнення таксама трэба калісьці пачытаць. Што ў нас атрымліваецца з сучаснай беларускамоўнай літаратурай для дзяцей? Раней я шмат пісала пра змест, аб’ём, знешняе афармленне кніг для чытачоў-пачаткоўцаў і для тых, хто не любіць чытаць, і неяк па-за маёй увагай засталіся дзеці, якія добра навучыліся чытаць і якіх тоўстая кніга не толькі не пужае, а наадварот цешыць. “Дзвесце старонак прыгодаў”, — калісьці захапляльна сказаў мне трэцякласнік пра “Эрпідаў на планеце Зямля”.

А праблем з кнігамі для дзяцей, якія чытаюць, таксама хапае. Галоўная — малая колькасць. Зборнікі вершаў і казак ужо прачытаны, засталіся больш-менш аб’ёмныя кнігі, якіх дзіцяці хопіць у лепшым выпадку на паўтара — два гады. Праўда, тут становішча з кожным годам паляпшаецца і кніжачак у фонды бібліятэк усё прыбывае і прыбывае. Да таго ж дзіця падрастае, пераходзіць да больш дарослых кніг і тут праблема павялічваецца шматкроць.

З падлеткавай літаратурай справа дрэнная. Пара дзясяткаў кніг на беларускай мове прачытаюцца за паўгода — год. Далей чытаць няма чаго. Тут бібліятэкары знаходзяцца ў вельмі кепскім становішчы. Прыходзіць, да прыкладу, сямікласнік, просіць штосьці на беларускай мове, а прапанаваць няма чаго — тое, што ёсць у наяўнасці, ужо ўсё прачытана. Ды ў адрозненне ад літаратуры для школьнікаў малодшых класаў кнігі для падлеткаў амаль што не пішуцца.

Сёння назіраецца тэндэнцыя перакладаў на беларускую мову замежных бестселераў. Дж. Роўлінг, К. Льюіс, А. Конан Дойл, С. Лундберг, А. Сапкоўскі значна папоўнілі палічку беларускамоўнага чытача. Але ж нягледзячы на гэта, палічка застаецца ўсяго толькі палічкай. Да паўнавартаснай бібліятэкі яшчэ вельмі далёка. Пытанне адсутнасці твораў на беларускай мове для падлеткаў стаіць востра.

Вынік — беларускім пісьменнікам трэба пісаць хутка і шмат, але ж не зніжаючы якасць твораў; не забывацца на падлеткаў — ім таксама патрэбна літаратура. А яшчэ даваць максімальную рэкламу надрукаваных кніг. Як сказала ў адным з інтэрв’ю Надзея Ясмінска: “Кніга — гэта прадукт і ёсць неабходнасць данесці інфармацыю пра гэты прадукт да патэнцыяльнай аўдыторыі”.

Маркетынгавая сага пра дамавіка

Да кнігі трэба падыходзіць, як бы гэта не гучала, як да нейкага тавару, які неабходна прадаць. Сыходзячы з такога пункту гледжання, трэба будаваць сістэму маркетынгавых хадоў. Па-першае, гэта рэклама, як асобнай кнігі, так і чытання ў цэлым. Дзякуючы сацыяльным сеткам, данесці нейкую інфармацыю да грамадства цяпер прасцей, хутчэй і танней.

Па-другое, вакол кнігі трэба ствараць дадатковую прастору — налепкі, магніцікі, календары, цацкі, вопратку і посуд з выявай герояў; настольныя, папяровыя, электронныя гульні; трэба арганізоўваць клубы, гарадскія квэсты. Так, гэта нятанна і заўсёды існуе рызыка правалу, таму патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія будуць займацца маркетынгам, прасоўваннем чытання і арганізацыяй калякніжнай прасторы.

Праўда, тут яшчэ трэба стварыць знакавага героя, якога можна было б “раскручваць” такім чынам. У свеце ёсць Гары Потар, Эрагон, пярсцёнкі Толкіна, цмокі, чалавек-павук, у Расіі — фіксікі або смяшарыкі і яшчэ шэраг мульцяшных герояў, упадабаных і малымі дзецьмі, і падлеткамі, і дарослымі. У Беларусі няма нікога. А наш жа фальклор лічыцца адным з найбагацейшых у свеце. Чаму ж не ўзняць яго на новы ўзровень, не стварыць сагу пра дамавікоў, лесуноў ці русалак? Ды і цмок у нас таксама ёсць! У жанры чараўніцтва ўвогуле няма ніякіх абмежаванняў. Любы казачны герой і ўяўны свет успрымаюцца як палёт фантазіі аўтара.

Зыходзячы з таго, што цяпер ёсць у нашай дзіцячай літаратуры, бібліятэкары па піяры беларускамоўнай кнігі наперадзе ўсіх — выставы, гульні, мерапрыемствы, ненадакучлівыя парады і прапановы, лепшыя месцы на паліцах, сустрэчы з пісьменнікамі. Дзіцячая бібліятэка № 2 Мінска арганізавала касцюміраваны квэст па бібліятэцы і навакольных вуліцах па матывах кнігі Ганны Янкуты “Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў”. Дарэчы, амаль што адзінай дзіцячай кнігі, дзе падзеі адбываюцца ў пэўных месцах Мінска.

Тут, да слова, можна сказаць пра яшчэ адну праблему: у Беларусі столькі знакавых месцаў, а мастацкіх прыгодніцкіх твораў для дзяцей, звязаных з імі, амаль што няма. У мінулым годзе выйшла адзіная падобная кніга “Таямніца гары Міндоўга” Міхася Зізюка — выдатны прыклад такой літаратуры. Тут і прыгоды ёсць, і сяброўства, і хай не вельмі развітыя, але ўсё ж такі ўзаемаадносіны паміж падлеткамі, і гістарычныя дадзеныя гарманічна ўпісваюцца ў агульны тэкст.

На сённяшні дзень наша беларускамоўная дзіцячая літаратура не можа пахваліцца шырокім асартыментам, разнастайнасцю жанраў, паліграфічнымі навацыямі, але ж будзем лічыць, што яна толькі пачала ўздымацца і рабіць першыя крокі, бо яшчэ дзесяць гадоў таму было значна горш. Зараз у нас ёсць кніга-перавёртыш, кніга-квэст, круглыя кнігі і кнігі-малюнкі. Таму будзем чакаць беларускамоўнага культавага чараўніка, цмока ў вышыванцы і пярэваратня ў куфры.

Марына ПЕТРАШКЕВІЧ, вядучы бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі № 8 г. Мінска

Фота Юрыя КАРПЕНКІ