Малая радзіма вялікай навукі

№ 7 (1446) 15.02.2020 - 22.02.2020 г

Вёска, якая стала медыцынскай сталіцай
У прысталічным пасёлку Лясны — цэнтры прасторы пад назвай “Бараўляны”, я жыву з 1984 года. За тыя больш як трыццаць гадоў, што прайшлі з таго моманту, калі я з Мінска пераехаў у прыгарад, Лясны, а разам з ім і Бараўляны ўвогуле, сталі ва ўсіх адносінах мясцінай рэспектабельнай. Калісьці мае бацькі дзівіліся майму рашэнню выпісацца з Мінска, а сёння мае дзеці ў бок сталіцы нават і не глядзяць, настроены будаваць сваё жыццё там, дзе нарадзіліся. Лясны — гэта па сутнасці медыцынская сталіца Беларусі, адзін з найважнейшых навуковых цэнтраў краіны. Быў час, калі аблічча пасёлка з яго стандартызаванай забудовай і неразвітай інфраструктурай не надта адпавядала гэтаму статусу, але за апошнія гады тут адбыліся станоўчыя змены. Нешта падобнае я назіраў і ў іншых паселішчах Беларусі, што раней былі, так бы мовіць, незаўважнымі ў ценю вялікіх гарадоў, а сёння ў стане актыўнага пошуку самасці. Прыклад жа Лясного-Бараўлян падаецца мне характэрным для ілюстрацыі згаданай тэндэнцыі. Да таго гэта тэма надзвычай актуальная ў кантэксце Года малой радзімы. Распавесці пра тое, якімі Бараўляны былі і якімі сталі, мы папрасілі аднаго са старэйшых супрацоўнікаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава — доктара медыцынскіх навук, прафесара Аляксандра Машэўскага (на здымку). У названым цэнтры ён узначальвае Цэнтральную экспертную камісію.

/i/content/pi/cult/785/16918/6_1.jpg— Аляксандр Альфрэдавіч, як даўно вы атабарыліся ў Бараўлянах, і што для вас значыць гэта мясціна?

— У Бараўлянах, дакладней у Лясным, я жыву і працую ўжо пяцьдзясят чатыры гады. Я не ўяўляю сябе нікім іншым акрамя як анколагам, і ні на якім іншым месцы, акрамя як у Бараўлянах.

Раней гэта была вёска. Дарэчы, першыя згадкі пра яе датуюцца 1582 годам. У савецкі час пэўную вядомасць Бараўлянам прынесла тое, што тут размяшчалася база падрыхтоўкі спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Дагэтуль адзін з аўтобусных прыпынкаў па дарозе на Лясны называецца “Навучальная гаспадарка”. Ну а зрабіў Бараўляны вядомымі на ўсю Беларусь, Савецкі Саюз ды і на навакольны свет наш РНПЦ, які зыходна быў навукова-даследчым інстытутам.

А перадгісторыя такая. У 1959 годзе Беларуская дэлегацыя ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый выступіла з прапановай узмацніць у сусветным маштабе барацьбу супраць злаякасных утварэнняў. У тым жа годзе ў траўні выйшла Пастанова Савета Міністраў аб стварэнні профільнага навукова-даследчага інстытута. Праблема анкалогіі існавала заўжды і паўсюдна, а ў Беларусі на той момант яна мела нават катастрафічны характар.

— Чаму?

— У рэспубліцы большасць насельніцтва тады было вясковым. Самі разумееце, што вёска па аб’ектыўных прычынах не дацягвала да гарадскіх стандартаў медыцынскай абслугі. У Беларускай ССР была вельмі слабая дыягнастычная база, сур'ёзных навуковых доследаў аб праблемах анкалогіі не вялося. У пяцідзесяці працэнтаў пацыентаў анкалогія тады выяўлялася ва ўжо запушчаных стадыях, а ў амаль трыццаці — увогуле пасмяротна.

Па гэтай пастанове пачаў будавацца інстытут. Напачатку ён быў на базе першай клінічнай бальніцы горада Мінска. А з 1960 года/i/content/pi/cult/785/16918/6_2.jpgпачалося будаўніцтва вось гэтай загараднай базы, яе першай чаргі, якое доўжылася пяць гадоў. Паўсталі два трохпавярховыя карпусы з пераходамі, у якіх размяшчаліся аддзяленні хірургіі, хіміятэрапіі, гінекалогіі, аддзяленне перадпухлінных захворванняў. І яшчэ корпус для лінейнага паскаральніка. Першыя лячэбныя карпусы былі разлічаны на трыста ці крыху болей коек, сёння мы можам размясціць у стацыянары восемсот пацыентаў. Напачатку супрацоўнікаў інстытута было недзе каля трохсот, а зараз больш двух тысяч.

 — Так тады выглядаў інстытут. А што з сябе ўяўляў пасёлак Лясны?

— Я пачаў працаваць тут у 1966 годзе. На гэты момант у пасёлку быў пабудаваны толькі адзін жылі дом. Была школа, якая зараз гімназія, два дзіцячых садкі, дом быту і крама, дзе — на першым паверсе прадукты, а на другім — прамтавары. Дарэчы, снабжэнне пасёлка было вельмі і вельмі някепскім.

— Як стала выглядаць анкалагічная статыстыка ў Беларусі з пачаткам дзейнасці інстытута? Сёння якія паказчыкі?

— Аперацыі, што рабіліся ў цэнтры, адпавядалі высокім стандартам тае пары, але ж той узровень непараўнальны з тэхналогіямі, якія мы скарыстоўваем сёння. Зноў жа, досвед напрацаваны… Ну і вынікі адпаведныя : сёння першая і другая стадыі захворвання выяўляюцца ў 60 — 70 працэнтаў. Пяцігадовая выжываемасць у іх дасягае 95-ці, а пры некаторых пухлінах да 100 працэнтаў. Зараз падоўжылася працягласць жыцця і ў пацыентаў з чацвёртай стадыяй захворвання.

— Вам давялося працаваць з легендарным Мікалаем Аляксандравым…

/i/content/pi/cult/785/16918/6_3.jpg— Так. Менавіта Мікалай Мікалаевіч Аляксандраў, доктар медыцынскіх навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі медыцынскіх навук СССР, у будучым — Герой Сацыялістычнай працы, у 1960 года стаў на чале інстытута. Ён сваю каманду стварыў, запрасіў сюды прадстаўнікоў ленінградскай школы і лепшых анколагаў Беларусі. Кожную праблему ён бачыў у комплексе, у спалучэнні са з’явамі, на першы погляд ад яе вельмі далёкімі. І да вырашэння праблем прыцягваў навукоўцаў розных спецыяльнасцяў. У 1972 годзе па ягонай ініцыятыве быў створаны так званы Каардынацыйны план, куды дзеля рашэння анкалагічных праблем увайшлі шэраг інстытутаў Акадэміі навук Беларусі. Да справы былі падключаны спецыялісты сельскай гаспадаркі, глебазнаўства, генэтыкі, гісторыі, экалогіі.

— Экалогіі? Яшчэ да Чарнобыля?

— Так. Трэба ж было вызначыць, чаму ў розных рэгіёнах розная структура анкалагічных захворванняў.

А ўвогуле Мікалай Мікалаевіч усё рабіў з разлікам на вялікую перспектыву. У яго рукі даходзілі да ўсяго, не толькі да медыцыны. Вось прыклад. Пры будаўніцтве кацельнай, якая працуе і сёння, па ягонай замове была закладзена магчымасць будучай рэканструкцыі і моц, якая на момант запуску аб’екта значна перавышала патрэбы і інстытута, і пасёлка пры ім. А спатрэбілася ўсё гэта, калі пачалося будаўніцтва дзіцячага цэнтра і абласной бальніцы, калі пасёлак разбудаваўся.

— Напачатку працы ў Бараўлянах у вас пры задавальненні прафесійных амбіцый не было гэткага дамешку пачуцця адарванасці ад сталічнага камфорту?

— Мабыць, было. Не хапала транспартнай камунікацыі. Аўтобусы прыгарадныя хадзілі рэдка. Паколькі да нас прыязджалі пацыенты/i/content/pi/cult/785/16918/6_4.jpg з ўсёй Беларусі, дык нават планавалі да нас трамвай з Зялёнага Луга пусціць. Але ідэя не здзейснілася, бо рэйкі давялося бы пракладаць праз сельгасугоддзі.

Тады акрамя санітарнага транспарту інстытут меў два службовыя аўтобусы, каб супрацоўнікаў з горада на працу прывозіць, а потым з працы дадому ў Мінск. Адзін хадзіў ад праспекта Пушкіна, другі ад чыгуначнага вакзала. А цяпер мы не бачым розніцы паміж Бараўлянамі і горадам. Сёння, калі транспартная камунікацыя добра наладжана, ад нас хвілін за дзесяць можна добрацца да Уручча, за дваццаць — трыццаць хвілін — да вакзала. Ды і крамы ў нас не горшыя за мінскія, хоць Лясны і лічыцца аграгарадком. Так што мы не імкнемся станавіцца мінчукамі.

— Якія падзеі вы лічыце этапнымі, знакавымі для гісторыі Бараўлян?

— На маіх вачах будавалася і абласная бальніца, і дзіцячы анкалагічны цэнтр. Дарэчы, напачатку дзіцячае аддзяленне было арганізаванае на нашай базе. Інстытут браў чынны ўдзел у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Радыяцыйнага інстытута яшчэ не было, і пацыенты з Чарнобыльскай зоны траплялі да нас. У 1987 годзе было завершана будаўніцтва другой чаргі інстытута, у 2015 на нашай базе адкрыта Рэспубліканская малекулярна-генетычная лабараторыя і Рэспубліканскі цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі. Іх ва ўрачыстай абстаноўцы адкрываў Прэзідэнт Беларусі.

Дарэчы ў сваёй дзейнасці наш інстытут заўжды адчуваў падтрымку з боку Міністэрства аховы здароўя, Савета Міністраў, Адміністрацыі Прэзідэнта і самога Прэзідэнта.

Схемы лекавання ў нас прыблізна тыя ж, што і за мяжой, але з улікам беларускай спецыфікі, абсталяванне маем цудоўнае, кадры высокай кваліфікацыі. Прайшлі часы, калі мы лекавалі з дапамогай радыёактыўнага калоіднага золата. Цэлая эпоха звязаная з гэтай тэхналогіяй, а скончылася яна ў сувязі з развіццём хіміятэрапеўтычнага напрамку.

/i/content/pi/cult/785/16918/6_5.jpgСёння Бараўляны гэта РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава, Мінская абласная клінічная бальніца, Дзіцячы анкалагічны цэнтр, Абласны туберкулёзны дыспансер, Шпіталь ветэранаў, Мінская раённая бальніца. А штуршок да развіцця ўсяго гэтага комплексу даў згаданы першым РНПЦ. Я не ведаю, ці ёсць дзе на постсавецкай прасторы такая канцэнтрацыя медыцынскіх устаноў на невялікай прасторы. Ды і ў свеце таксама. Цэнтраў, аналагічных нашаму РНПЦ імя Аляксандрава, за мяжой дакладна няма. Там ёсць цудоўныя бальніцы, клінікі і даследчыя цэнтры. Але аперацыі робяць у адным месцы, хіміятэрапію — у другім, промневую тэрапію — у трэцім. У нас жа ўсё, лічы, пад адным дахам. У арганізацыйным сэнсе гэта вельмі зручна.

— Я, мясцовы жыхар, з задавальненнем адзначаю, як вонкава змяніліся Бараўляны…

— Так. Дайшлі рукі і да вонкавага аблічча інстытута і пасёлка. Гэтыя змены заўважаюць бадай усе. Урачы — людзі амаль ваенныя, звыклыя, так бы мовіць, да спартанскага побыту і ўмоў працы. Я дык і не ўяўляў, што можна так змяніць брутальны пейзаж вакол нашага цэнтра і эстэтычна аздобіць нашы чыста функцыянальныя інтэр’еры. Да таго ж адкрыта цудоўная паліклініка, пансіянат для пацыентаў, якія прыехалі здалёк, а паставіць ім дыягназу і вызначыць спосаб лекавання за адзін дзень не атрымліваецца, а таксама для тых, хто наведвае сваякоў у стацыянары.

Наш сённяшні дырэктар — прафесар Алег Рыгоравіч Суконка аказаўся асобай з выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі. Наводзіць парадак, праўда, пачаў яшчэ Іосіф Віктаравіч Залуцкі. Алег Рыгоравіч гэтую ініцыятыву развіў. Ён часта нагадвае, што мы працуем для пацыента, якому ў нас мусіць быць зручна і камфортна. Пэўныя схемы лекавання — гэта цяжкое выпрабаванне для арганізма, а тут вельмі важна псіхалагічная настроенасць пацыента на станоўчы вынік.

Нядаўна прырэзалі цэнтру яшчэ кавалак лесу. Там ужо пачалі ладзіць зону для шпацыру, псіхалагічнай разгрузкі. Лес сасновы, паветра чысцейшае, будуць дарожкі, бяседкі… За апошнія пяць — шэсць гадоў тэрыторыя інстытута змянілася непазнавальна.

— А ці маюць, на вашу думку, Бараўляны аб’ект, які з’яўляецца знакам-сімвалам? Ці яго яшчэ трэба стварыць?

— Летась на тэрыторыі цэнтра перад галоўным корпусам была адкрыта скульптурная група ўрачоў, якая ўвасабляе ўсе тры галоўныя напрамкі, якія існуюць у анкалогіі — промневая тэрапія, хірургія, і хіміятэрапія. Такога, бадай, нідзе няма. Прынамсі, на постсавецкай прасторы. Мемарыяльныя шыльды, бюсты выдатных навукоўцаў я бачыў шмат дзе, а такі знак толькі ў нас.

Гэта скульптурная група — знак ушанавання прафесіі. Урач — не святар, але ў медыцыне вельмі важны духоўны чыннік. Не здарма на тэрыторыі цэнтра ёсць царква. Не здарма па выніках 2017 года Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка асабіста пры вялікім сходзе ўручыў нашаму цэнтру лаўрэацкі дыплом Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.

Фота аўтара

На фота: Аляксандр Машэўскі, на тэрыторыі РНПЦ, Новае аблічча старых карпусоў, скульптуры — сімвал Бараўлян.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"