Канцэрт у бібліятэцы

№ 7 (1446) 15.02.2020 - 22.02.2020 г

Аршанская перспектыва
“К” працягвае адсочваць ход развіцця культурнай сферы Аршанскага раёна. Гэтым разам гаворка пойдзе пра бібліятэчны клопат. Хроніка падзей апошніх месяцаў падрыхтавана пры ўдзеле дырэктара Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Аксаны Кулагінай.

/i/content/pi/cult/785/16914/2_5.jpgНапрыканцы мінулага года пэўным чынам умацавалася матэрыяльна-тэхнічная база бібліятэк раёна. Тэлефанізавана сем устаноў, многія сельскія бібліятэкі падключаны да сеціва. Набыта дзесяць новых камп’ютараў, столькі ж — МФУ (апаратаў з функцымі прынтара і сканера).

Пераможцы V рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання” названы яшчэ летась. Цэнтральная бібліятэка імя Аляксандра Пушкіна заняла ў конкурсе першае месца і атрымала грамату Патрыяршага Экзарха, а таксама — камплект праваслаўных кніг. Сапраўды, асветніцтва, фарміраванне духоўна-маральных якасцяў асобы, выхаванне патрыятызму і грамадзянскасці на аснове праваслаўных традыцый — прыярытэтны бок дзейнасці ўстановы.

Бібліятэка імя Пушкіна актыўна ўдзельнічала ў Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. За апошнія дні мінулага года бібліятэкары правялі для дзятвы Оршы і раёна 14 святочных тэатралізацый.

Сёлета адзначаецца 110-годдзе падпольшчыка Канстанціна Заслонава. У дзіцячай бібліятэцы імя Уладзіміра Караткевіча стартаваў праект “Успомнім тых, хто легендай авеяны”. Гэта адзін са складнікаў доўгатэрміновай праграмы “Краязнаўчая майстэрня”. Натуральна, што рэалізоўваецца яна сёлета пад эгідай 75-годдзя Вялікай Перамогі.

4 лютага ў цэнтральнай бібліятэцы была прэзентавана новая кніга аршанскага пісьменніка Сяргея Кулакова “Калі не позна дараваць”. Твор распавядае пра спрадвечныя сямейныя каштоўнасці. Дасведчаныя кажуць, што чытаецца — на адным дыханні. Можна паверыць, бо аўтар напісаў больш за два дзясяткі кніг.

Бібліятэка імя Аляксандра Пушкіна распачала рэалізацыю новага праекта — “Гуляем разам!” Кожную нядзелю ў чытальнай зале ладзяцца настольныя гульні. Тут можна знайсці новых сяброў, аднадумцаў, атрымаць процьму станоўчых эмоцый.

У пачатку 2020-га пасля капітальнага рамонту адкрылася абноўленая Бабініцкая сельская бібліятэка-клуб. 1 лютага тут выступіў з канцэртам народны клуб “Надзея” Андрэеўшчынскай сельскай бібліятэкі.

На фота: выступленне народнага калектыву “Надзея” ў Бабініцкай сельскай бібліятэцы-клубе.

Фота з архіва Аршанскай ЦБС.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"