Джаз зімовы і дзіцячы

№ 7 (1446) 15.02.2020 - 22.02.2020 г

Джазу многа не бывае. А для дзяцей і “ад дзяцей” яго ўвогуле мала. Сітуацыю часткова выправіць трохдзённы Міжнародны фэст Minsk Winter Jazz 2020, які завяршаецца заўтра ў сталіцы.

/i/content/pi/cult/785/16911/2_2.jpgБольшасць канцэртаў — вячэрнія, ёсць нават адзін начны, што разлічана, вядома, на дарослых слухачоў. Ладзіцца фэст пры падтрымцы пасольстваў Вялікабрытаніі, Францыі, Швецыі ў Беларусі, Польскага інстытута ў Мінску, Праекта Еўрапейскага саюза MOST, шматлікіх спонсараў. А выступаюць там знаныя беларускія музыканты, уключаючы Паўла Аракеляна, гурт Apple Tea і іншых.

Фестываль мае таксама асветніцкі кірунак: акурат сёння ў яго рамках праходзіць майстар-клас — “Майстэрня вакальнай імправізацыі з Клiўлендам Уоткісам”, куды маглі запісацца і дарослыя, і дзеці. Уладальнік безлічы найпрэстыжных прэмій і ўзнагарод, гэты спявак з Вялікабрытаніі — актыўны ўдзельнік усіх фестывальных дзён. Ён жа выступіць у дабрачыннай акцыі “Джаз для дзяцей ад дзяцей”, што пройдзе ў нядзелю. Грошы будуць пералічаны на Міжнародны дабрачынны фонд дапамогі дзецям “Шанс”.

— Акрамя іншых, у майстар-класе і дабрачынным канцэрце ўдзельнічае Студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, — гаворыць кіраўнік калектыву, загадчыца кафедры харавога дырыжыравання, дацэнт Інэса Бадзяка. — Дабрачыннасць даўно стала неад’емнай часткай дзейнасці нашага калектыву. А джаз, такі прыцягальны для моладзі, таксама класіка вышэйшага гатунку, як і акадэмічная музыка. Тым больш, калі з’яўляецца цудоўная магчымасць творчых стасункаў нашых студэнтаў з лепшымі музыкантамі свету.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"