Каліграфія стагоддзяў

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

3 лютага ў галерэі “Універсітэт культуры” адкрылася выстава “Іран — калыска цывілізацыі”, прысвечаная нацыянальнаму святу гэтай краіны.

/i/content/pi/cult/784/16906/9_5.jpgСорак адзін год назад у Іране адбыўся сацыяльны выбух, які адгукнуўся рэхам не толькі ў рэгіёне, але, бадай, ва ўсім свеце. На змену канстытуцыйнай манархіі была ўсталявана рэспубліка, ідэалагічным падмуркам якой быў абвешчаны іслам. Выстава распавядае пра глыбокія карані іранскай цывілізацыі, а таксама пра падзеі, у выніку якіх паўстаў сённяшні Іран, паказвае рэчаіснасць гэтай краіны ў люстэрку мастацтва.

Да арганізацыі выставы прычынілася Культурнае прадстаўніцтва Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у нашай краіне. У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі нязвыклай для беларускага вока прыроды, знакамітых помнікаў дойлідства, узоры традыцыйнага мастацтва і персідскай каліграфіі. І хоць за стылістыкай твораў стаіць не адно стагоддзе гісторыі, адчуваецца, што Іран — дынамічная краіна, адкрытая інавацыйным з’явам, у тым ліку і ў галіне культуры.

У рамках выставы плануецца майстар-клас па каліграфіі, што ўяўляе безумоўную цікавасць для беларускіх мастакоў, чыя спецыялізацыя — шрыфтавое мастацтва. Працаваць выстава будзе да 15 лютага.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"