Дзве радзімы Хізры Асадулаева

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

Відаць, было наканавана, каб чалавек, які нарадзіўся ў высакагорным сяле Карата Ахвацкага раёна Дагестана, знайшоў сваю другую радзіму на беларускай зямлі. Першае, аб чым ён падумаў, калі разам з жонкай Пацімат пераехаў жыць у Мінск, было жаданне вывучыць мову, на якой размаўлялі людзі гэтага прыгожага горада. З маленства Хізры валодала прага спасціжэння прыгажосці свету. Бацька працаваў у школе настаўнікам матэматыкі, маці ткала дзівосныя дываны. Уражлівая душа ўвабрала ў сябе найлепшае з акаляючай прыроды — веліч гор, квітнеючыя даліны, бяздонную сінь неба, а таксама — чалавечыя якасці: шчодрасць, пачуццё ўласнай годнасці, працавітасць.

“Самы жорсткі крытык — гэта я сам”

/i/content/pi/cult/784/16905/9_1.jpgПершыя творчыя работы мастака, які скончыў Дагестанскую і Арлоўскую мастацкія вучэльні, з’явіліся ў 80-х гадах. Гэта былі партрэты вядомых асоб і герояў. У 90-я гады скульптар захапіўся спартыўнай тэматыкай — мастацкая гімнастыка, барацьба, тэніс, баскетбол… Пластыка пераканаўчая, фігуры вельмі дынамічныя. Лёгкія. Зараз яны знаходзяцца ў мінскім Музеі алімпійскай славы. Біблейскай тэматыцы прысвечаны кампазіцыі “Адам і Ева”, “Распяты ў Часе”, “Усведамленне Юды”, “Адзінота” ды іншыя. Творы Хізры Асадулаева ў нечым перагукаюцца з творчасцю заходнееўрапейскіх майстроў скульптуры Жана Арпа, Генры Мура, Наума Габо. Сам ён з цікавасцю назірае за пластычнымі эксперыментамі скульптара з Бурацыі Дашы Намдакова і беларуса Андрэя Асташова.

Бронзавыя статуэткі “Паланэз Агінскага”, “Акрылёная”, “ Аніта”, “Дзяўчына з матыльком”, “Калыханка”, “Лета”, “Гукі музыкі”, “Летуценні”, “Выспа кахання”, “Танец каспійскіх хваляў”, “Першы дождж” , фантан “Мацярынства” — гэта ўсхваляваны гімн жыццю, шчырым пачуццям, радасці быцця. Кампазіцыі “Муза музыкі”, “Балет”, “Беларусь хлебасольная”, “Вальс”, створаныя ў тэхніцы фларэнтыйскай мазаікі, уражваюць гармоніяй і нібыта музычным ладам.

Колеры роднай Караты, суворая прыгажосць прыроды Дагестана вякамі ўмацаваныя ў свядомасць роду творцы, спрыялі з’яўленню такіх жывапісных палотнаў як “Гара Тархо”, “Карата ўначы”, “Цясніна Зані”.

Не менш важныя ў творчасці мастака і партрэты асоб, блізкіх яму паводле характару. Гэта Герой Расіі генерал Максімчук і Герой Савецкага Саюза падпалкоўнік Цялятнікаў — начальнік пажарнай часткі ЧАЭС. Глыбокую псіхалагічную распрацоўку маюць партрэты музычнага дзеяча Дайнекі, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Солапава, мастака Стасевіча. Асобна варта згадаць партрэт жонкі мастака Пацімат.

У леташнім лістападзе Хізры Асадулаеў перамог у конкурсе на помнік-бюст Герою Савецкага Саюза Іону Солтысу, імем якога/i/content/pi/cult/784/16905/9_2.jpgназвана вуліца ў Мінску. Мастак, уражаны постаццю Францыска Скарыны, зрабіў рэльеф з відам Падуі на Першадрукару каля Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама пераклаў ягоныя тэксты са старабеларускай на карацінскую мову.

Няма вышэй палёту мары

Творчыя людзі з удзячнасцю згадваюць сваіх настаўнікаў, якія шчыра дзяліліся з імі прафесійным і жыццёвым досведам. Шчасцем лічыць Хізры Газіевіч шматгадовае сяброўства з народным паэтам Дагестана Расулам Гамзатавым. Розніца ў гадах не перашкодзіла ім сустракацца не толькі на літаратурных імпрэзах, але і без адмысловых падстаў.

Спадар Хізры падтрымлівае сувязь з мясцінамі, дзе з’явіўся на свет. У родным сяле Карата ўсталяваны ягонай работы помнік Герою Савецкага Саюза танкісту Вялікай Айчыннай вайны Абдулманапаву. Партрэт зроблены з каванай медзі. А не так даўно адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Воінскай славы, дзе побач стаяць Салдат-Пераможца, воін інтэрнацыяналіст і дагестанскі апалчэнец. Гэта кампазіцыя створана і адліта ў Мінску.

Цёплае сяброўства звязвала Хізры Асадулаева з Рыгорам Барадуліным. Дзядзька Рыгор, як называе яго карацінец, неаднойчы прапаноўваў Хізры, каб той паказаў яму свае вершы. І ў 2009 годзе пабачыла свет кніга паэзіі Хізры Асадулаева “Гаро” ў перакладзе з карацінскай Рыгора Барадуліна. Другая кніга “Проблески таинства” выйшла на рускай мове ў перакладзе Анатоля Аўруціна. У ёй сабраныя паэзія, а таксама ўзоры выяўленчай творчасці аўтара. Зараз рыхтуецца да друку ягоная трэцяя паэтычная кніга.

/i/content/pi/cult/784/16905/9_3.jpgА яшчэ ў нейкай ступені нечакана для сябе самога Хізры Газіевіч захапіўся музыкай і запісаў сольны CD-дыск “Лирика суровых гор” са сваімі мелодыямі ў аранжыроўцы вядомага беларускага кампазітара Дзмітрыя Даўгалёва. Дарэчы, ведае ён некалькі моў. Перакладае з арабскай на карацінскую Амара Хайяма, з беларускай — Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Яўгенію Янішчыц, з рускай — Міхаіла Лермантава, Аляксандра Пушкіна, Фёдара Цютчава, Сяргея Ясеніна ды сучасных расійскіх паэтаў.

За дасягненні ў галіне культуры, умацаванне дружбы паміж народамі, шматгадовую грамадскую дзейнасць, унёсак у патрыятычнае выхаванне Хізры Газіевіч Асадулаеў мае ўрадавыя і ведамасныя ўзнагароды. А чатыры гады назад быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Творчыя пошукі доўжацца. Праца, роздум, сустрэчы, абмеркаванні… “Трэба быць адкрытым для новых ідэй”, — кажа спадар Хізры. Жыць іначай яму нецікава.

Пачуйце, як да нас звяртаецца паэт з Дагестана, у перакладзе з карацінскай Рыгора Барадуліна.

Дзе б шлях твой ні лёг,

Ты — беларус.

Свой помні парог,

Ты — беларус.

Будзь лепшым,

Будзь першым.

Ты — беларус!

Святлана РАМАНАВА

Фота аўтара

На фота: Партрэт народнага артыста Беларусі Міхаіла Дрынеўскага, “Паланэз Агінскага”, Скульптурная кампазіцыя “Мастацкая гімнастыка”.