Клінам па белых плямах

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

100-годдзе мастацкага аб’яднання УНОВІС, створанага ў тагачасным галодным-халодным Віцебску, адзначаецца шырока. І гэта добрая падстава не толькі для гістарычных згадак, але і для роздуму пра сучаснае мастацтва: ці знайшлі ў ім працяг тагачасныя рэвалюцыйныя для жывапісу ідэі? Дакументальная стужка “УНОВІС”, створаная рэжысёрам Яўгенам Сяцько, цікавая, акрамя ўсяго, спробай перанесці супрэматызм Казіміра Малевіча і яго паплечнікаў на мову кіно. Ці атрымалася?

/i/content/pi/cult/784/16904/8_2.jpgФільм студыі “Летапіс” нашага “Беларусьфільма” зусім не “дацкі” — у сэнсе, створаны не ўшчыльную да круглай даты, не прыхапкам, абы паспець. Яму ўжо два гады, але ён, на жаль, пакуль не атрымаў належнага ўдумлівага позірку. Так, дэманстраваўся ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у рамках дыскусійнага клуба, нават ішоў па тэлебачанні з уступным інтэрв’ю сціплага, нешматслоўнага рэжысёра. Нарэшце, менавіта з паказу гэтай стужкі пачалася сёлетняя “рэкламная кампанія” юбілейных падзей і праекта #UNOVIS100 — з удзелам прадстаўнікоў Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны, Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва і пры падтрымцы кампаніі А1. Але ў цэнтры ўвагі, зразумела, аказалася не столькі кіно, колькі самі мастакі тагачаснай Народнай мастацкай школы, адкрытай у Віцебску.

Фільм і сапраўды ўтрымлівае многа цікавых фактаў, запаўняючы белыя плямы нашай гісторыі, у ім багата цытуюцца ўспаміны/i/content/pi/cult/784/16904/8_3.jpgвідавочцаў, дзённікі уновісаўцаў (рускамоўная абрэвіятура расшыфроўвалася як “Утвердители нового искусства”). Ацэнку тагачасным эксперыментам даюць шматлікія сучасныя гісторыкі, мастацтвазнаўцы Беларусі і замежжа. Надзвычай удалы сцэнарый належыць Уладзіміру Марозу, які паспяхова сумяшчае ў сваёй асобе прафесіі кінарэжысёра, пісьменніка і кіраўніка-арганізатара.

Але ж колькі ў стужцы рэжысёрскіх разыначак, што робяць яе папраўдзе мастацкай! Справа не толькі ў тым, што ролі тагачасных гістарычных асоб выконваюць нашы сучаснікі, спалучаючы дакументалістыку з элементамі гульнявога кіно. Гэты прыём выкарыстоўваецца сёння ледзь не ўсімі, але з розным поспехам. Гледзячы іншыя стужцы, здараецца, так і хочацца крыкнуць: “Не веру!” Ды толькі не гэтым разам. Бо стваральнікі не імкнуцца да наўмыснага “ажыўляжу”, а пры ўсім віраванні рознабаковых пунктаў гледжання знаходзяць свой асабісты ракурс — уласна мастацкі.

/i/content/pi/cult/784/16904/8_4.jpgБелыя бінты, што сохнуць на адкрытым паветры, становяцца не толькі спасылкай на Першую сусветную, але і “сінонімам” роўных белых палосаў у новым жывапісным кірунку. Мы бачым іх быццам вачыма Малевіча, у ролі якога зняўся Канстанцін Конюхаў. Той жа дадатковы сэнс атрымліваюць чыгуначныя рэйкі, колы, на якіх фіксуецца позірк кінакамеры, паралельныя лініі аголеных дрэваў, што мільгацяць за вокнамі цягніка, роўныя прастакутнікі сцен будынкаў, паласа дарогі, знятая зверху. Супрэматызм вакол нас! Добра “абыгрываецца” плакат “Клінам чырвоным бей белых” Эль Лісіцкага, вялізная выява якога змешчана на падлозе Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Фігуры Малевіча і некаторых іншых здымаюцца, наадварот, знізу, што ўзбуйняе іх, надае шматзначнасці. Возера “ператвараецца” ў зямны шар, бачны з космасу — і гэта таксама не залішняя дэталь, а “падказка”: Малевіч захапляўся астраноміяй, філасофіяй космасу.

Напачатку фільма Чорны квадрат, бы ажыўленая загадкавая істота, павольна набліжаецца да мастака, літаральна насоўваецца на яго, а ўнутры — вайна. Пазней “чорнымі квадратамі” становяцца дахі дамоў, знятыя з адпаведнага ракурсу (аператар — Мікіта Пінігін). А заканчваецца стужка світанкам, з якога ўзнікае Белы квадрат. “Перамога над сонцам” (так называлася опера, дзе і нарадзіўся “Чорны квадрат” як частка сцэнаграфіі) завяршаецца ціхім гімнам у гонар свяцілы. І светлым пачуццём, што са стогадовай адлегласці мы зможам разгледзець куды больш.

А вы разгледзелі? Стужка выкладзена на відэасервісе VOKA, і да канца года яе можна паглядзець бясплатна.

Кадры са стужкі прадастаўлены кінастудыяй

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"