Naviband хапае ўдачу за хвост

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

Ксюша Жук і Арцём Лук’яненка з Naviband — сапраўдныя любімцы публікі. Здаецца, што калісьці ім даволі лёгка ўдалося заваяваць сімпатыі слухачоў і гледачоў — абаяльнасцю, шчырасцю, жыццёвым аптымізмам, гісторыяй кахання… Але гісторыя Naviband — гэта і гісторыя сапраўднай працы: увесь час трэба браць новыя вяршыні. Тры гады таму такой вяршыняй быў конкурс “Еўрабачанне”, а зараз гэта — новы студыйны альбом з назвай Naviband, які з’явіўся напярэдадні Новага года: менавіта ў яго ўвайшоў леташні хіт усіх беларускіх радыёэфіраў “Галилео”. Група змянілася, змяніліся песні і гучанне, і гэта крок наперад. Naviband, поўны творчай і жыццёвай энергіі, на старце новага гастрольнага тура.

/i/content/pi/cult/784/16902/13_1.jpg— Ваша новае гучанне стала не толькі больш прафесійным, але і больш электронным, больш стыльным у нейкім сэнсе і блізкім да радыёстандартаў. Раней, здаралася, нейкія “хмурныя дзядзькі-крытыкі” казалі, што ў вас занадта ўсё міла, салодка і сонечна, ажно раздражняе. Ці былі думкі на новай плытцы неяк змяніць імідж, стаць не такімі “салодкімі”?

К: На самай справе, не вельмі турбуюць падобныя заўвагі. Мы ведаем, што ў нас ёсць свая публіка, ведаем, што з кожным днём слухачоў усё более. І мы маем сваё ўласнае разуменне, чаго хочам і куды ідзем.

А: Быў пэўны перыяд жыцця — нарадзіўся сын, пасля “Еўрабачання” мы многа ездзілі… Нямала і сумных падзей здарылася — у мяне памёр сябра, яшчэ нешта адбывалася. І на фоне ўсяго гэтага нараджаліся адпаведныя песні, у якіх адгукалася нашае жыццё. І дакладна мы не адбіралі трэкі для альбома па прынцыпе “салодкія-несалодкія”. Усім жа не дагадзіш, мы ідзем сваім шляхам. Гэтым разам захацелі папрацаваць з вельмі дасведчаным чалавекам, якому б маглі даверыцца ў творчасці, — падумалі пра Віталя Цялезіна, знакамітага ўкраінскага саўндпрадзюсара, які праславіўся работай з Земфірай, “Акіянам Эльзы”, іншымі. Альбом “Капітал” для “Ляпісаў” пісаў таксама ён, а мы ж з імі сябруем. У нас не стаяла канкрэтная задача “абнавіць гучанне групы” — нам цікава было супрацоўнічаць менавіта з гэтым творцам.

К: Але Віталь чалавек дастаткова сціплы, закрыты, і малазнаёмых людзей да сябе асабліва не падпускае. І мы, скажам шчыра, даволі доўга пісалі яму — ці можам сустрэцца, паказаць свой матэрыял, ці будзе яму цікава з намі папрацаваць. Нарэшце сустрэча адбылася, ды настолькі ўдала, як мы нават і не разлічвалі. Прыйшлі проста паспяваць песні, а выйшлі ўжо з першым дэма-запісам.

А: У нейкі момант Віталь сказаў: “Арцём, а якую песню ты хацеў бы запісаць? Ідзі ў студыю, давай пачнём!” Аранжыроўкі мы стваралі разам, да запісу часам падключаліся і іншыя музыканты з Украіны — напрыклад, гітарыст “Акіяна Эльзы” Улад Апсеніца, ці музыканты з папулярнай групы Brunettes Shoot Blondes.

— Вы згодны з тым, што ваша музыка пачала гучаць больш актуальна? І больш інтэрнацыянальна.

А: Згодны. Насамрэч, з новым альбомам у нас відавочна вырасла колькасць слухачоў — гэта бачна па сацсетках, ды й пісаць нам пачалі людзі з розных краін. Нехта толькі праз яго даведаўся пра існаванне групы — маўляў, “а дзе ж я быў раней, чаму не слухаў?” І на канцэртах песні гучаць удала, і мы бачым — вось цяпер, перад пачаткам гастрольнага тура — што білеты добра прадаюцца, што людзям цікавая наша новая творчасць. Так што ўсё ў нас атрымалася. Насамрэч, галоўнае — развівацца і не стаяць на месцы.

— А калі казаць не пра творчы бок, а пра кар’ерны — відавочна ж, што і ў кар’еры вы перайшлі на новы ўзровень. Вы гэта адчуваеце? Ганарары, мабыць, істотна выраслі.

А: Канешне, адчуваем. Па-першае, мы болей нідзе ўжо не працуем — толькі ў Naviband. Па-другое, у нас ужо вельмі зладжаная прафесійная каманда датычна і музыкі, і арганізацыі канцэртаў. Зразумела, і ганарары выраслі — раней мы маглі пагадзіцца і за 100 долараў выступіць, цяпер жа ёсць канкрэтныя расцэнкі. Для нас гэта ужо не хобі, а менавіта праца, у якую мы акрамя сіл укладваем і нямала грошай. Адзін толькі запіс новага альбома нам абышоўся ў немалую суму: тое, што мы сабралі краўдфандынгам, было невялікай часткай яго кошту.

К: Летась у самы актыўны перыяд з красавіка па кастрычнік у нас былі распісаныя канцэртамі кожныя выхадныя, і сярод тыдня нярэдка здараліся выступленні. Увогуле, гастрольны графік насычаны. Вось зараз невялічкая паўза — перыяд рэпетыцый перад гастрольным турам з новай праграмай. Мы пачынаем яго 7 лютага канцэртам у Гродне, 8 лютага іграем у Брэсце — увогуле, выступім ва ўсіх абласных цэнтрах. У Мінску вялікі канцэрт 20 лютага, зімой яшчэ Кіеў і Масква. А потым ужо Берлін, Варшава, Львоў, Вроцлаў, яшчэ нешта ў Еўропе.

— Публіка на вашых еўрапейскіх канцэртах якога паходжання?/i/content/pi/cult/784/16902/13_2.jpg

А: У асноўным збіраюцца не тыя, хто гаворыць на беларускай ці рускай мовах. Нярэдка мы вядзем канцэрты напалову на англійскай для лепшага паразумення. Канешне, удзел у “Еўрабачанні” даў нейкі штуршок, каб людзі пра нас даведаліся і пачалі потым сачыць за нашай творчасцю, пачалі прыходзіць і нават прыязджаць на канцэрты: напрыклад, калі мы ігралі ў Вроцлаве, там былі людзі і з Германіі.

К: Мы як прыедзем у Берлін, то абавязкова хто-небудзь падыдзе сфоткацца. І ўвогуле, нам многа пішуць з таго часу. Нават у Нью-Ёрку — там у сяброў мы сустракалі Новы год — людзі хацелі з намі сустрэцца, перадавалі падарункі… Адзін хлопец ажно з Малайзіі. Усё дзякуючы “Еўрабачанню”.

— Зусім нядаўна вы самі ўжо як члены журы адбіралі тых, хто будзе змагацца за права сёлета прадставіць Беларусь на гэтым конкурсе. Ці спадабаўся вам такі вопыт, хто быў вашым фаварытам?

А: Зазначу, што ў нас быў толькі адзін голас на дваіх. І прыемна, што ў журы запрасілі маладых музыкантаў — быў і Юрый Селязнёў, і Zena. Кагосьці мы адстойвалі і з намі пагаджаліся. Увогуле, працэнтаў на 50 тыя, за каго галасавалі мы з Ксюшай, прайшлі ў фінал.

К: Аднаго канкурсанта мы ўсё ж вызначаем асобна — групу Val. На адборы мы пачулі іх песню ўпершыню, і нам надзвычай спадабалася. Гэта і сучасна, і небанальна, да таго ж, гэта была адзіная песня на беларускай мове.

— Многія вашы паклоннікі — не проста слухачы песень, а адданыя вам людзі, адгукаюцца на ўсе заклікі. Нядаўна вы здымалі кліп на песню “Один из нас”, і лёгка сабралі натоўп прыхільнікаў. У вас, праўда, нейкія асаблівыя адносіны з імі?

А: Аднойчы мой тата пабываў на канцэрце і сказаў, што гэта больш чым проста выкананне музыкі, гэта — нейкая агульная энергетыка ў залы і музыкантаў, агульны зладжаны рух — нешта такое. Мне падаецца, што з цягам часу нашы канцэрты становяцца яшчэ больш эмацыйнымі. Мы можам то расплакацца ад нейкага смутку, а то і пасмяяцца, даць сапраўднага рок-н-ролу, калі ўсе будуць скакаць і адрывацца.

К: Калі мы захацелі зняць такі кліп, то проста за два дні ў сацсетках напісалі, што запрашаем паўдзельнічаць у здымках, запісвайцеся, хто хоча. Адгукнулася такая процьма людзей, што давялося іх абмежаваць. З усёй Беларусі папрыязджалі на здымкі, ад дзяцей да людзей вельмі паважнага ўзросту. І наша слухачка, што перасоўваецца на інвалідным вазку, Ілона, таксама прыехала… У нас была проста як быццам адна вялікая кампанія сяброў. Мы шчаслівыя, што ў нас такія неверагодныя слухачы.

А: А нехта — як, напрыклад, дзяўчынка са Швецыі — вывучае дзякуючы нашым песням беларускую мову. Дзяўчынка зараз едзе да нас на канцэрт у Мінск разам з мамай, ужо набылі білеты. І такія гісторыі нярэдкія.

— Ва Украіне папулярная музыка на ўздыме, і там ёсць шоу-бізнес. Ці не думалі вы развіваць сваю кар’еру і ва Украіне, тым больш што вас там памятаюць па “Еўрабачанні”?

К: У Кіеве зараз адыграем ужо трэці канцэрт, а нядаўна выступалі ў якасці гасцей на канцэрце групы Brunettes Shoot Blondes. У нас ёсць новая песня на ўкраінскай мове “Сумне море”, хутка выпусцім яшчэ адну. Канешне, нам было б вельмі цікава больш працаваць і ва Украіне.

А: А нас там, сапраўды, нярэдка пазнаюць. Не так даўно спыніў гаішнік — а я за рулём трохі перавысіў хуткасць. Кажа: “Я тебе десь бачив”. Падыйшоў другі: “Так вони ж з “Евробачення”. Два гады прайшло, а памятаюць! “Дыск е? То давай, іншим разом заспіваеш”. І адпусцілі з Богам.

— А ў Беларусі вы ж, мабыць, ужо не можаце спакойна хадзіць па вуліцах — усе пазнаюць.

К: Ходзім, а што рабіць. Мы, у прынцыпе, спакойныя і адкрытыя і не адмаўляем, калі просяць сфатаграфавацца ці што. Пасля “Еўрабачання”, праўда, было цяжка, тады стараліся без патрэбы нідзе не з’яўляцца. Зараз ужо прасцей у гэтым сэнсе. Ды й мы асабліва не тусуемся — многа сіл і часу аддаем выхаванню сыночка Мацея, многа працуем над музыкай.

— На новым альбоме ў вас ужо і Мацей заспяваў…

А: Для нас гэта быў сюрпрыз. Мы на студыі ў Кіеве расказвалі Цялезіну, што сыну няма яшчэ і года, а ён ужо нейкія мелодыі выводзіць. Віталь папрасіў паказаць, і мы яму скінулі ў мэсэнджэр. А потым пачулі і Мацея ў нашай песні.

— Група за нядоўгі час запісала пяць студыйных альбомаў, выступіла на “Еўрабачанні”, зняла мноства кліпаў, адыграла процьму канцэртаў. Ці не стаміліся вы, ці не з’явіліся ўжо думкі пра творчы адпачынак?

К: Роўна наадварот. Мы адчуваем, што ў нас усё ідзе правільна і толькі ўгару. Вельмі радуе, што падтрымліваюць калегі. Вось Каця IOWA напісала, што ёй вельмі спадабаўся альбом і асабліва песня “Чувствовать душой”, Яўген Грышкавец напісаў, Улад Апсеніца паслухаў — сказаў, што файна. Антон Tony Fadd — Антон Мацулевіч, нядаўні намінант на прэмію “Грэмі”, не толькі высока ацаніў, але на Дзень усіх закаханых 14 лютага мы выпускаем з ім новы сумесны ЕР “Отпускаю”. Каманда “Ляпісаў”, канешне, сказала, што гэта ў нас новы этап, і давайце толькі наперад.

А: Новыя песні і тое, як іх успрынялі слухачы, нас моцна натхняюць на працу. Гэта пасля “Еўрабачання” мы былі стомленыя, а зараз у нас назапасілася многа сіл, мы задаволены альбомам, і проста хапаем удачу за хвост. Мы быццам на старце, настолькі зараджаныя — гатовыя іграць, спяваць, выступаць… І чым болей, тым лепей.

Фота з уласнага архіва групы