Лінія кіравання ў лініі стварэння

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

Пра гэта распавядае новы старшыня Саюза мастакоў Беларусі
17 снежня 2019 года на чарговым з’ездзе Беларускага саюза мастакоў быў абраны старшынёй Глеб Отчык. Малады манументаліст Глеб Отчык — сын вядомых гомельскіх мастакоў Таццяны і Анатоля Отчыкаў. Апошнія колькі гадоў выконваў абавязкі першага намесніка старшыні БСМ, якім два тэрміны кіраваў Рыгор Сітніца. Хто ён, новы 36-гадовы старшыня? Якімі каштоўнасцямі Глеб Анатольевіч плануе нагрузіць “карабель беларускага мастацтва” і, галоўнае, куды і як яго скіраваць?

/i/content/pi/cult/784/16901/12_1.jpgДракон — гэта дух зменаў

…Уразіў калісьці дракон-цмок гомельскага хлопца-школьніка. І захацелася хлопцу тую шматгаловую істоту “ажывіць”, стварыць рэальна. І хлопец стварыў таго дракона! З пластыліну, які пазычыў ва ўсіх сваіх аднакашнікаў Гомельскай школы. Нават атрымаў свой першы ганарар — дзве бляшанкі згушчонкі, якія юнаму скульптару за пластылінавага дракона даў яго аднагодка. І сімвалічным стаў той дзіцячы пластылінавы дракон-цмок! Бо праз чвэрць стагоддзя дарослы, сталы мастак паляцеў на радзіму другога, усходняга казачнага Дракона — у Кітай. Паляцеў, каб тамтэйшыя юнакі ды дзяўчаты па карцінах мастакоў Беларусі пазнаёміліся з еўрапейскай экзотыкай: блакітам адзінаццаці тысяч азёр, дваццаці з лішнім тысяч рэк, ізумрудам бясконцых лясоў, пушчаў, уробленых палёў.

Радавод

Я: Адкуль такое для Беларусі даволі рэдкае прозвішча Отчык?

О: Мае продкі па лініі бацькі з Гомельскай вобласці Калінкавіцкага раёна. Адна з версій паходжання нашага прозвішча такая: калісьці пры высокапасадных асобах былі першыя саветнікі па эканамічных пытаннях. Колькі гадоў таму мы з бацькам здзейснілі спробу вызначыць наш радавод. Мы дайшлі да шостага калена. Але мы працуем. Вунь у немцаў амаль кожны ведае свой радавод да дванаццатага — трынаццатага калена! Так што ў нас яшчэ шмат сямейнай даследчай працы. Кожны павінен ведаць свае карані, адкуль ён, хто яго продкі…

Я: Самыя першыя мастацкія ўражанні?

О: Думаю, што натуральныя, вясковыя. Мяне ў дзяцінстве на тры месяцы завозілі ў вёску да бабулі, што ў Калінкавіцкім раёне. Бабуля ткала ручнікі, і вось гэтыя ўсе прыстасаванні, кросны моцна мяне ўразілі. Я ўважліва назіраў увесь працэс з’яўлення ручнікоў, і гэта мне вельмі падабалася. Бабуля, дзядуля — першыя, хто далучыў мяне да прыроды, бадай, да жыцця, ад іх я натхніўся прыгажосцю, натуральнасцю вясковага наваколля.

Выбар

Я: А калі ж пачалося мастацкае выхаванне?

О: Даволі позна. Гадоў у дзесяць дзед з бацькам спахапіліся: трэба ж сына-ўнука рыхтаваць. Падрыхтавалі, і я паступіў і з адзнакай закончыў Гомельскую мастацкую школу. Трэба было паступаць далей. Але мой узровень быў прыкладна трэцяга курса Гомельскай мастацкай вучэльні. Таму мы вырашылі, што трэба ў Мінск — так, так, я паступіў у “парнат”, у Гімназію-каледж імя Івана Ахрэмчыка. (Д.Я. — навучэнцы гімназію-каледж жартам называюць “парнатам”: “Парнас”, бо — для адораных дзяцей, а пры ім — інтэрнат, вось і пайшло: “парнат”).

Я: Чаму ўсё ж жывапіс, а не скульптура? Гэты від мастацтва ж прыцягваў з дзяцінства?

О: Я выбраў пасярэдзіне — манументальны жывапіс, які ў пэўным сэнсе аб’ядноўвае і скульптуру, і жывапіс. Хаця зараз планую заняцца скульптурай, мне гэта вельмі даспадобы. А жывапіс — маё творчае, мастацкае хобі, спецыяльнасць жа мая — манументальна-дэкаратыўнае мастацтва. Гэта роспісы храмаў, палацаў.

Я: А якія храмы распісвалі?

О: Напрыклад, храм у вёсцы Вішнева Гарадзенскай вобласці.

Мастацкія прынцыпы

Я: У некаторых артыкулах значыцца, што мастак Глеб Отчык — прадстаўнік новага накірунку ў беларускім мастацтве. Патлумачце, што ў вашым разуменні “новы накірунак”?

О: Гэта, канечне, складанае пытанне. Мы спрабуем змяніць агульную мастацкую сітуацыю ў нашым грамадстве. Пакуль выяўленчае мастацтва з’яўляецца больш элітарным, ім цікавіцца не так шмат гледачоў. Вось у апошніх выставачных праектах мы прапанавалі калекцыю нашых карцін, умоўна больш набліжаных да гледача, каб нашы творы былі яму зразумелымі, а ідэі — запатрабаванымі.

Праблемы і задачы

Я: На чым вы, яшчэ намеснікам Рыгора Сітніцы, засяроджвалі ўвагу?

О: Надзённай праблемай былі і ёсць эканамічныя: кошты за арэнду майстэрань, падаткі. Аднак, удаецца сёе-тое рашыць. Скажам, мы дабіліся значнага зніжэння кошту арэнды за майстэрні скульптараў, што па вуліцы Гая. Там 17 майстэрань з верхнім святлом, з ямамі для гліны, словам, унікальныя мастацкія памяшканні. Год таму да мяне звярнуліся народныя мастакі краіны, заслужаныя людзі з просьбай дабіцца зніжэння кошту арэнды тых майстэрань. Мала хто верыў у станоўчае рашэнне. Я пайшоў да канца. І на агульным пасяджэнні Міністэрства культуры і Мінгарвыканкама наша пытанне было вырашана станоўча. Цяпер каэфіцыент арэнднай платы за карыстанне тымі 17 майстэрнямі зніжаны з 2,5 да 1. Нас падтрымлівае дзяржава ў арганізацыі і правядзенні некалькіх выстаў за мяжой, у прыватнасці, у Кітаі. Так, мы адабралі карціны дзесяцёх мастакоў і прывезлі ў Кітай на сумесную кітайска-беларускую экспазіцыю. Да нас вельмі хораша паставіліся. Кітайцы пабудавалі для нас пляцоўку для правядзення пленэраў. Яны нас запрашаюць прыехаць у сакавіку гэтага года невялікай групай, аплочваюць білеты, атэлі, харчаванне — малюйце! Мы ні капейкі ў гэта не ўкладваем…

Карціну — у кожны дом!

Я: У гэтай сувязі паўстае ідэя татальнага ўплыву выяўленчага і ўвогуле мастацтва на наша грамадства. Бо ў свеце ўжо навукова і практычна зафіксавана, што заняткі музыкай, маляваннем, матэматыкай фарміруюць у дзіцяці творчыя, эўрыстычныя здольнасці шырокага спектра. Нездарма сімваламі абавязковай адукацыі яшчэ ў Старажытнай Грэцыі былі лічба, літара, нота. Ну, а цяпер можна дадаць — і пэндзаль.

О: Маеце рацыю. Напрыклад, падчас пленэраў ці конкурсаў юных мастакоў да мяне падыходзілі бацькі і пыталіся: ці варта нашаму дзіцяці працягваць займацца мастацтвам? Я адказваў: канечне, варта! Кожны, хто дакрануўся да малявання, той уключае ў дзейнасць адразу два паўшарыя галаўнога мозга. Мастацва фарміруе асобу. Многія, хто сёння займае высокія пасады, вядомыя людзі — яны былі мастакамі. Такім людзям будзе вельмі лёгка ісці па жыцці. Гэта вельмі, вельмі важна.

Я: Чалавек, калі прачынаецца, павінен бачыць прыгажосць, прасякнутую пазітыўнай энергетыкай. Мы яе як бы не адчуваем, але яна ёсць! Яна ўздзейнічае! Як у вашым прыкладзе з кітайскімі гледачамі. І вось паўстае такая задача для дзейнасці Саюза ды й для ўсёй дзяржавы: “мастацкі твор — у кожную кватэру!” Гэта, мне ўяўляецца, можа быць адной з самых важных мэтаў дзейнасці Саюза мастакоў Беларусі…

О: Тое, што ў кожным доме павінна быць мастацтва, дык гэта бясспрэчна актуальна. Бо мастацтва дае не толькі як бы “проста” асалоду. Калі ў карціне ёсць нейкая таямніца, яе ж хочацца зразумець, як бы “прымерыць” на сябе, на свой лёс.

Інфармацыя. Камунікацыя. Грамадская думка

Я: Прафесія мастакоў — маўклівая, негаворкавыя творцы, мастакі, бо мова мастацкая — адмысловая, часта авангардная, прытоеная, шараговаму гледачу, часцей, не вельмі зразумелая. Як словамі перадаць фантастыку і абстракцыі колераў і іх спалучэнняў, выразнасць ліній, каларыстыкі, псіхалогіі вобразаў? Адзін з пунктаў вашай перадвыбарнай праграмы — “праблема інфармацыі”. У чым яна і як плануеце яе вырашаць?

О: Па сутнасці, мы сутыкаемся з недарэчнасцю: нас не ведаюць ці мала ведаюць не толькі ў свеце, але і ва ўласнай краіне. Мы невядомыя для вялікай колькасці людзей, асабліва моладзі. І вось мая прапанова: у нас выдатныя скульптары, манументалісты, графікі, керамісты. Трэба стварыць такі сайт, дзе зможам паказаць творчасць усіх нашых 1200 мастакоў, сяброў Саюза. Напоўніць сайт іхнімі творамі, даць кароткія біяграфічныя звесткі, тэлефоны, адрасы, каб можна было да іх звярнуцца, скажам, запрасіць на пленэр, на канферэнцыю, майстар-клас. Дамовіцца, каб мастак свой твор прадаў праз галерэю, напрыклад. Да таго трэба стварыць адмысловую інтэрнэт-пляцоўку, дзе можна было б абмеркаваць нейкую тэму, абвяшчаць пра міжнародныя гранты, сімпозіумы, заяўкі. Гэта будзе імпульсам для аб’яднання аднадумцаў, якія накіраваны на масавае распаўсюджванне твораў выяўленчага мастацтва.

Генеральная мэта

Я: А ўсё ж генеральная мэта дзейнасці Саюза, якая яна?

О: Перадусім, канечне, мастацтва, творчасць. Няма больш значнага для мастака. Для нас важная кожная асоба ў мастацтве. Мы павінны стварыць усе ўмовы для плённай творчай дзейнасці кожнага мастака. Каб мастак мог развівацца, каб яго ведалі, каб ён адчуў палёт. Каб кожны адчуваў, што мы клапацімся пра яго, мы ведаем пра яго праблемы. Заўважу, што ў гэтым накірунку мы зрабілі неблагі крок, каб мясцовыя мастакі ў абласцях таксама сябе адчулі паўнавартаснымі сябрамі Саюза. Мы перанеслі вялікую частку рэспубліканскіх выстаў у рэгіёны. Напрыклад, у мінулым годзе споўнілася 100 гадоў Палацава-паркаваму ансамблю ў Гомелі, дык мы сабралі ўсіх вядомых палешукоў. Гэта Цвірка, Маісеенка, Глінскі, Вашчанка Гаўрыла Харытонавіч, Сітніца, Цімохаў, я, Зінкевіч, Кожух. І атрымалася вялікая плеяда мастакоў, цікавых разнастайнасцю сваёй творчасці. Мы выдалі буклет. Атрымаўся добры праект.

“Войти в айти (ІТ)”

О: Мне ўсцешна, што ў Міністэрстве культуры падтрымалі маю прапанову, каб нашы мастакі прынялі ўдзел у “Парку высокіх тэхналогій” пад назовам, па-руску, “Войти в айти (ІТ)”) — “Увайсці ў айці”… Мы ж сябе пазіцыяніруем, як ІТ-дзяржаву. Дык вось цікава было б прапанаваць арт-аб’екты на тэрыторыі гэтага “Парку”, спланаваць і аформіць, напрыклад, Палац культуры, аздобіць скульптурамі тэрыторыю. Скажам, выдаткоўваюцца сродкі на матэрыялы, ствараюцца эскізы, мы абвяшчаем конкурс, адбіраем 50, 100 работ, і мастакі пачынаюць спакойна працаваць. Выдаем потым як рэспубліканскі праект з каталогам, з прысуджэннем першага, другога, трэцяга месцаў. Правядзём затым выставы за мяжой з лепшымі эскізамі работ. І гэта будзе цікава і мастакам, і гледачам, гэта папрацуе на станоўчы імідж Беларусі як ІТ-краіны.

На жаль, сёння ў нас няма рынку. Пакуль творы мастацтва не стануць таварам, мы не ссунемся з месца ў пашырэнні і распаўсюджванні мастацкіх твораў. Мы не можам з’арыентавацца, напрыклад, паводле кошту той ці іншай карціны — няма попыту і інфармацыі. Тое, што робіць Белгазпрамбанк — гэта спробы стварыць рынак у нашай справе. А маладыя мастакі, між іншым, прыносяць карціны і ставяць цэннік: “10 тысяч даляраў”. А за што? Які крытэрый? Добра, калі атрымаецца, а калі не, дык гэта выглядае, як жарт. Мы павінны арыентавацца ў рэальным кошце таго ці іншага мастака. Разумець, у якім часе мы жывем, якія рэальныя эканамічныя ўмовы.

Выбары і надзея

Я: А ваша творчасць, вашы асабістыя творчыя планы?

О: Канечне, гэта праца вымушае ці не ўсяго сябе аддаваць Саюзу і яго жыццю. Тут ты ўжо не мастак, а падпарадкоўваешся іншым правілам.

Данат ЯКАНЮК