“Ой, бярозы ды сосны...”

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя выставы “Жамчужына беларускай прыроды”, прысвечанай 95-годдзю Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Суаўтарамі праекта выступілі Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова “Бярэзінскі біясферны запаведнік”, філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі — Музей прыроды і экалогіі, а таксама часопіс “Родная прырода”.

/i/content/pi/cult/784/16897/15_1.jpgРашэнне аб стварэнні Бярэзінскага запаведніка было прынятае 30 студзеня 1925 года — ужо тады на яго тэрыторыі забаранілі паляванне, лоўлю рыбы, высяканне і сплаў лесу, распачалі навуковыя даследаванні флоры і фаўны. Але развіццё запаведніка перапыніла Вялікая Айчынная вайна, падчас якой Бярэзінскі запаведнік стаў адным з найважнейшых цэнтраў партызанскага руху ў Мінскай вобласці.

Вайна прынесла запаведніку велізарныя страты: былі згубленыя архівы і калекцыі, разбураны музей і іншыя будынкі, знішчаныя бабровая ферма і ласіны гадавальнік, першабытныя лясы падвергліся высечцы. Але цярпела ад ворага і ваенных разбурэнняў не толькі прырода.

Дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дзем’янюк адзначыў, што тэрыторыя запаведніка падчас акупацыі ў маі і чэрвені 1943 года трапіла ў зону нацысцкай карнай аперацыі “Котбус”, але пушчы і непраходныя балоты давалі надзейны прытулак партызанам і мірным жыхарам, што ўратавала нямала жыццяў.

У пасляваенныя гады навукоўцы, лесаводы і прыродаахоўныя службы мусілі прыкласці максімум намаганняў для таго, каб аднавіць разбуранае і стварыць умовы для далейшага развіцця запаведніка. Як вынікае з унікальных дакументаў, упершыню прадстаўленых на выставе, у 1951 годзе ў рамках рэарганізацыі ледзь не адбылося закрыццё запаведніка з перадачай яго тэрыторыі міністэрству сельскай гаспадаркі — як “не маючага навуковага значэння”. Было ліквідаванае і Галоўнае ўпраўленне па запаведніках пры Савеце Міністраў БССР.

Але, на шчасце, неабыякавым супрацоўнікам і даследчыкам удалося адстаяць гэтыя каштоўныя мясціны, і ў 1958 годзе Бярэзінскі запаведнік быў адноўлены ў ранейшых межах. На выставе прадстаўлены цікавы дакумент — ліст тагачаснага дырэктара запаведніка на імя кіраўніцтва БССР з просьбай выдзяліць для патрэб абслугоўвання запаведніка службовую машыну.

З 1979 года Бярэзінскі запаведнік уваходзіць у Сусветную сетку біясферных рэзерватаў праграмы UNESCO “Чалавек і біясфера”, а таксама шматлікіх еўрапейскіх арганізацый, якія ахоўваюць прыродаахоўныя тэрыторыі.

Выстава дае магчымасць убачыць экспанаты, прадстаўленыя Бярэзінскім біясферным запаведнікам, фатаграфіі супрацоўніка запаведніка, вядомага фотамастака Дзяніса Іўковіча, а таксама дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якія датычацца гісторыі запаведніка.

На выставе ўпершыню экспануюцца дакументы вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання, прысвечаныя яго стварэнню і развіццю, лісты і справаздачы беларускіх навукоўцаў і практыкаў, якія праводзілі даследаванні ў запаведніку, а таксама акты пра шкоду, прычыненую яму нацысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Выстава працягнецца да канца лютага.

На фота: указальнік ля ўезда ў Бярэзінскі біясферны запаведнік, 1980-я гады/

Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў