Сваё слова ён сказаў

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г


Вольга Клебановіч, актрыса НАДТ імя Максіма Горкага, народная артыстка Беларусі:

— З Барысам Іванавічам мы пачыналі разам у Тэатральна-мастацкім інстытуце ў нашага цудоўнага выкладчыка Уладзіміра Андрэевіча Маланкіна. Барыс Іванавіч і Валерый Мікалаевіч Раеўскі — абодва мае аднакурснікі. Факты біяграфіі ўсё вядомыя, але Уладзімір Андрэевіч зрабіў так, што Луцэнка і Раеўскі ўзначалілі два тэатры.

Як творца новай фармацыі Барыс Іванавіч адразу прыўнёс сваё разуменне тэатра. Час яго першага праўлення ў Рускім тэатры быў вельмі нечаканым, яскравым. Знакаміты “Макбет” у пастаноўцы Луцэнкі прагрымеў на ўсю Беларусь, і за яе межамі. Памятаю да гэтай пары, як мы ездзілі з гэтым спектаклем у тады яшчэ Заходнюю Германію.

У чым было наватарства Барыса Іванавіча? У тым, што ён прапанаваў вельмі цікавую форму. У нас тады панаваў псіхалагічны тэатр, а ён у сілу сваёй дапытлівасці вывучаў заходнія тэатры, і адтуль узяў гэта стаўленне да формы. Яго почырк быў цалкам не падобны да іншых творцаў. Узнаўляю ў памяці спектакль “Вяртанне ў Хатынь” паводле Алеся Адамовіча. Барыс Іванавіч прыбраў крэслы, перамясціў гледача на сцэну, і мы ігралі спектакль проста пасярод залы, што давала атмасферу імгненнага дотыку. Гэта было вельмі цікавым рашэннем.

“Трохграшовая опера” па Брэхту мела вялікую папулярнасць у гледача. Бліскучыя спектаклі-вехі: “Хрыстос і Антыхрыст”, “Амфітрыён”, “Дземетрыус”, “Раскіданае гняздо”… Я іграла ў шматлікіх яго пастаноўках, і хоць у нас з ім складваліся часам не вельмі простыя стасункі, ён быў уладным рэжысёрам, тым не менш, гэты творца — з’ява ў нашай прасторы. Барыс Іванавіч умеў так пабудаваць спектакль, што потым станавілася зразумелым: усе нашы слёзы таго вартыя. Вынік быў выдатным.

У апошнія гады ён звярнуўся ўжо больш да рэлігійных пастановак. Барыс Іванавіч вырашыў, што прыйшоў час такіх пакаянных спектакляў, павярнуўся трошкі ў гэты бок. Але яго інтанацыя як аўтара і ў гэтых праектах была вельмі адчувальнай і бачнай.

Вядома, з Барысам Іванавічам сышла цэлая эпоха. Ён — той творца, які здолеў адлюстраваць свой час у мастацтве. Сёння тэатр змяніўся і спавядае цалкам іншае разуменне свету, але Барыс Іванавіч Луцэнка сваё слова сказаў.

Не могу не адзначыць і такі момант: рэжысёр пайшоў з жыцця ў дзень народзінаў Расціслава Янкоўскага. Кажу: “Расціслаў Іванавіч запатрабаваў свайго рэжысёра”. Яны былі вельмі блізкімі сябрамі, творчымі людзьмі — якая нябесная канцылярыя так распарадзілася?

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

/i/content/pi/cult/784/16894/2_2.jpg

 

Рабочы момант з рэжысёрам. Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Эпоха Луцэнкі

Аляксей Дудараў, драматург, старшыня Саюза тэатральных дзеячаў краіны, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі:

“Я шчаслівы чалавек, таму што мне пашчасціла папрацаваць з Барысам Луцэнкам. Але магу сказаць, што працаваць з ім было вельмі нялёгка, і я ніколі б не пазайздросціў яго артыстам. Мы з Барысам Іванавічам разам стварылі спектакль, які называецца “В сумерках”, ішоў ён вельмі даўно. Адна з лепшых роляў Расціслава Іванавіча Янкоўскага была акурат у гэтым спектаклі. Дык вось, самая першапачатковая ідэя зыходзіла менавіта ад Барыса Луцэнкі. Неяк мы адпачывалі на поўдні, і ўсё гаварылі і гаварылі, як бы зрабіць спектакль накшталт “Раскіданага гнязда” Купалы. Так і нарадзіліся героі, Леонаў і Старцаў — адзін, які ўсё прымае, і другі, які наадварот змагаецца за сваё гняздо. Я адштурхнуўся ад ідэі Барыса Іванавіча, і з’явіўся спектакль.

Канешне, гэта была эпоха — эпоха Барыса Луцэнкі, Валерыя Раеўскага. У нейкай ступені гэта і мая эпоха, таму што я з іх тэатра, я нават з іх школы, хаця маімі педагогамі яны не былі, але мы разам працавалі. Я лічу, што тэатр імя Максіма Горкага — гэта тэатр Барыса Іванавіча Луцэнкі, нездарма ён яго ажно двойчы ўзначальваў. Лінію такіх як Луцэнка, як Раеўскі, як Макаёнак, трэба працягваць, а не будаваць нешта кардынальна новае. Таму што яны стварылі нашаму тэатру трывалы падмурак, на які проста трэба класці ужо свае цагліны, і далей будаваць вялікі гмах, імя якому Яго вялікасць Тэатр.”

Надзея КУДРЭЙКА

 

 

Бліскучы прафесіянал Эдуард Герасімовіч, дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага:

— Высокі прафесіяналізм, творчы падыход і бліскучая адукацыя — вось тыя якасці, якія я мог бы вылучыць у Барыса Іванавіча Луцэнкі. Не кожнаму рэжысёру быў “па зубах” Шэкспір, а Барысу Іванавічу быў. Як і такія аўтары як Бертольд Брэхт, Імрэ Мадач ды іншыя. Лепш за ўсё ўдаваліся яму спектаклі па сусветнавядомых драматычных творах, хоць гэта не выключала і яго працы над камедыйнымі пастаноўкамі. Усё, што рабіў Барыс Іванавіч, несла пячатку высокага прафесіяналізму і бліскучага творчага ўвасаблення.

У нашых узаемастасунках — як паміж дырэктарам тэатра і рэжысёрам, творчым кіраўніком — нам удавалася лавіраваць у складаных сітуацыях і выходзіць на паразуменне. Калі Барыс Іванавіч прыйшоў служыць у тэатр і ў першы раз, і ў другі, нам удавалася вытрымаць лінію ўзаемнай павагі, праяўляць мудрасць і гнуткасць. Беларускі тэатр страціў вялікі талент і прафесіянала вялікага класа.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

 

 

На крылах Думкі

Якім бы зорным ні быў склад артыстаў, галоўнай дзеючай асобай усіх яго спектакляў была Думка. Яна паводзіла сябе па-рознаму, заўжды непрадказальна.

Дзесьці спакваля рушыла да гледача, часам бліскала маланкай. А здаралася, увогуле трымала цябе ўвесь спектакль — без хвілін спакою ў антракце. І заставалася надоўга пасля заканчэння прагляду.

У “Макбеце” генеральнай кульмінацыяй станавіўся фінал: смерць, што напаткала тырана, нараджала жудаснае, “замбіраванае” ўслаўленне новага такога ж ці нават яшчэ больш жорсткага. “Трохграшовая опера” ўражвала незвычайнасцю і самога твора, і хвосткасцю, задзірлівасцю пастаноўкі, па тых часах не ўласцівых беларускаму тэатру. Зусім іншай была містэрыя “Блаславі нас, Госпадзі…” — спектакль, пастаўлены на харавыя творы двух сучасных беларускіх кампазітараў: Сяргея Бельцюкова і Алега Залётнева. А неверагодная сумесь у ім праваслаўных і каталіцкіх традыцый, дзіўная для некаторых, быццам працягвала ўніяцкія старонкі беларускай гісторыі.

Ён умеў зноў і зноў вяртацца да некаторых улюбёных п’ес — і ставіць іх штораз іначай. Так было, напрыклад, з “Зацюканым апосталам” Андрэя Макаёнка. А быў жа яшчэ і тэлефільм — быццам бы зняты “паводле спектакля”, а насамрэч зусім іншы.

Бо думкі Барыса Іванавіча, выказаныя ім у яго спектаклях, не былі “закасцянелымі” — яны жылі сваім жыццём і развіваліся разам з творцам і з усім нашым грамадствам. Дарэчы, жывымі яны былі яшчэ і таму, што выказваліся не беспадстаўна, самі па сабе, а як вынік складанай метафарычнай дзеі і адначасова надзвычай дакладных псіхалагічных стасункаў між героямі.

Спалучаць адно з другім дадзена вельмі нямногім. Луцэнка ж заўсёды імкнуўся да тэатра сінтэтычнага, і ў гэтым мог даць фору многім маладым творцам. Але як шкада, што разам з ім сышлі-адляцелі і тыя думкі, якія, на жаль, не паспелі выліцца ў новыя спектаклі…

Надзея БУНЦЭВІЧ

 

Інтуіцыя на таленты

Яму было 82 гады. Многа гэта ці мала? Для Луцэнкі-чалавека, напэўна, нямала. Але для Луцэнкі-рэжысёра, ужо сапраўды — няшмат.

Наша сумеснае творчае жыццё пачалося яшчэ ў мінулым стагоддзі, у 1992 годзе, калі вялікі рэжысёр запрасіў мяне ў свой тэатр у якасці кампазітара спектакля “Браты Моор” па п’есе Фрыдрыха Шылера. З першых жа хвілін нашай размовы Барыс Іванавіч уразіў мяне нечакана яркай, вобразнай манерай гаворкі, глыбінёй і нестандартнасцю думкі і, адначасова, прастатой і даходлівасцю афармлення гэтай думкі ў простыя словы. Тады я яшчэ не ведаў, што імгненная канвертацыя складанага ў простае даступная толькі абраным рэжысёрам. Вялікі тэатральны вынаходнік захоплена распавядаў мне аб сваім плане, а я, захоплены яго аповедам, раптам сеў за раяль і пачаў ціхенька найграваць нешта атмасфернае, міжволі ўзніклае ў падсвядомасці. Барыс Іванавіч замоўк, прыслухаўся і... адышоў да акна, адвярнуўшыся да мяне спінай. Я ціхенька зачыніў вечка раяля. “Ну, не дык не”, — падумаў я, гатовы накіравацца да выхаду, а ён раптам: “Заўтра я чакаю вас на рэпетыцыі, і яшчэ: я прапаноўваю вам пасаду музычнага кіраўніка тэатра”. Вось такой нечаканай для мяне фразай скончылася наша афіцыйнае знаёмства і пачалося наша моцнае творчае і чалавечае сяброўства.

Сёння кожнаму і ў Беларусі, і на постсавецкай культурнай прасторы вядома, што менавіта Луцэнка стварыў і ўсе гэтыя гады будаваў і развіваў тэатр, які ў нашы дні называецца Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага. Ён узбагаціў тэатр новымі формамі, новай эстэтыкай, заклаў падмурак высокай духоўнасці і бездакорнага мастацкага і літаратурнага густу. Яго “Макбет” — сусветны ўзровень, “П’ерэта” — адважны эксперымент, “Зыход” — вяршыня духоўнасці, рок-опера “Анджэла” — эталон спалучэння сучаснай музыкі і класічнай паэзіі.

Барыс Іванавіч валодаў рэдкай інтуіцыяй на таленты. Ён быў гатовы бясконца захапляцца таленавітымі людзьмі. І калі чалавек быў па-сапраўднаму адораны, вялікі рэжысёр быў гатовы бясконца дараваць яму вельмі і вельмі многае. Памятаю, як падчас працы над чарговым спектаклем, яшчэ зусім малады, нявопытны акцёр пастаянна вымотваў Барыса Іванавіча недарэчнымі, часам некарэктнымі каментарыямі і рэплікамі, спрабуючы апраўдаць сваю негатоўнасць. Нават я стамляўся ад гэтага і аднойчы прапанаваў Луцэнка выклікаць на рэпетыцыю акцёра з другога складу. Рэакцыя рэжысёра была нечаканай: “Не-не. Давай пачакаем яшчэ. А раптам ён — геній? ” Гатоўнасць Барыса Іванавіча ў любым чалавеку разгледзець генія ўзнікала з абсалютнай рэальнасці таго, што Барыс Іванавіч Луцэнка сам быў незвычайна таленавітым чалавекам.

Барыс Іванавіч часта казаў мне: “Вы — мой талісман”. Я не разумеў зместу гэтай фразы і таму не верыў. Думаў, ён жартуе. А сёння разумею. І веру. І незвычайна ганаруся тым, што мы былі сябрамі, што мы былі на рэдкасць блізкія па духу і зарадзе творчага фанатызму. Ён вельмі любіў музыку і разумеў найтанчэйшыя адценні музычнай структуры. Менавіта дзякуючы разуменню і падтрымцы Барыса Іванавіча ўдалося надаць тэатру высокі музычны густ, зрабіць трупу здольнай вырашаць складаныя музычныя задачы. Шмат, вельмі шмат хрэстаматыйна-класічнага заклаў у структуру тэатра неардынарны вынаходнік. І сёння наш тэатр яшчэ шмат у чым рухаецца на тым духоўным энергетычным паліве, якое калісьці загрузіў выбітны тэатральны творца Барыс Іванавіч Луцэнка.

Аляксей ЕРАНЬКОЎ, кампазітар, загадчык музычнай часткі НАДТ імя Максіма Горкага