Новы фармат старадруку

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

Рукапіснае Слуцкае Евангелле, створанае князем Юрыем Алелькавічам, існуе, вядома ж, толькі ў адным асобніку. Але з нядаўняга часу гэты унікальны помнік беларускага пісьменства можа “пагартаць” кожны ахвотны. Каб пазнаёміцца з ім, цяпер зусім неабавязкова нават дакранацца да кнігі, што з’явілася на свет у 1582 годзе і таму патрабуе да сябе асаблівай далікатнасці. Зрабіць гэта магчыма з дапамогай кампакт-дыска, прэзентацыя якога адбылася 4 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Дыск змяшчае не толькі факсіміле Евангелля, але і падрабязныя навуковыя каментарыі, транслітэрацыю тэксту, кодыка-палеаграфічны аналіз рукапісу і слоўнік. Грунтоўная навуковая праца стала магчымай дзякуючы супрацоўніцтву Беларускай Праваслаўнай Царквы (у чыёй уласнасці і знаходзіцца рукапіс), Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі і фінансавай падтрымцы Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. А вось зрабіць гэты медыяпрадукт здабыткам шырокага кола зацікаўленых дапамагло беларускае прадстаўніцтва кампаніі “Брыціш-Амерыкан Табака Трэйдынг Компані”, якое прафінансавала тыражаванне дыска накладам у 600 асобнікаў. Па словах дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рамана Матульскага, яны трапяць у абласныя бібліятэкі, музеі, а таксама царкоўныя прыходы.
Як адзначыў дырэктар Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец, тая акалічнасць, што Слуцкае Евангелле тыражуецца менавіта ў лічбавым фармаце, робіць гэты праект больш прывабным для моладзі. Але, нягледзячы на гэта, плануецца налета ажыццявіць і традыцыйнае кніжнае выданне помніка беларускага пісьменства.
Дарэчы, гэтая дабрачынная акцыя — далёка не першы прыклад супрацоўніцтва паміж кампаніяй і галоўнай бібліятэкай краіны. Пад час прэзентацыі адбылася таксама перадача ў дар “Нацыяналцы” пяці старадрукаў XVIIXVIII стагоддзяў.

Ілля СВІРЫН