Алені, лілеі і… фальшывыя асігнацыі

№ 5 (1444) 01.02.2020 - 08.02.2020 г

Амаль дэтэктыўная гісторыя пра Ніну Бохан — самабытную мастачку, якая малявала дываны і грошы

(Заканчэнне. Пачатак у № 4.)

/i/content/pi/cult/783/16889/14_1.jpg“Козыры” самадзейнай мастачкі

Недзе ў 1963 — 1964 гадах Ніну бачылі на Астравеччыне. Сын Броні, Аляксандр Бохан, з жонкай Фаінай перабраўся ў вёску Віктасіна. Пачаў там будаваць дом. “Мне было гадоў шэсць, калі ў нас з’явілася сваячка-мастачка, — расказвае іх дачка Людміла Гродзь з вёскі Варона. — Ніна жыла ў нас, харчавалася і малявала. Рабочым кабінетам ёй служыў вялікі пакой у хаце, у ім тата яшчэ нават падлогу не паслаў. Яна малявала дываны з вялікімі і малымі вянкамі з кветак, а таксама з казачнымі сюжэтамі, жывёл (звычайна аленяў ці ласёў), лебедзяў. Хадзіла, каб прадаць свае маляванкі, у Валэйкавічы, Старую Рудню, іншыя вёскі (да Клочак, дзе была адшукана другая маляванка, — рукой дацягнуцца — аўт.). Там таксама спынялася ў мясцовых людзей і малявала, а пасля вярталася ў Віктасіна”.

У хаце Боханаў у Віктасіна доўга вісеў на сцяне дыван з выявамі жанчын у хітонах. На жаль, да гэтага часу ён не захаваўся. А вось другі, ідэнтычны, знайшоўся ў Ніны Колтан, роднай сястры Фаіны Бохан. Гэта была наша першая знаходка, якую дакладна стварыла Ніна. Але па сюжэце і тэхніцы выканання вельмі моцна адрознівалася ад тых маляванак, якія належаць СЭТаўцам.

Яшчэ адзін прыгожы дыван — з выявамі трох волатаў — знайшоўся ў Варнянах. Бацькі Людмілы Кухарэвіч купілі яго на кірмашы ў Міхалішках бліжэй да сярэдзіны 60-х гадоў.

Пошукі працягваліся. У Маладзечанскім раёне знайшліся раннія работы Ніны Бохан - “кветкавы” абрус і вельмі цікавы абраз Святой Кацярыны, многае распавяла пра сваячку пляменніца Галіна з Радашковічаў.

Напрыканцы жніўня ў раённай газеце быў змешчаны фрагмент маляванкі з Лісічына і зварот да чытачоў, каб дапамаглі ўстанавіць аўтара работы і расказалі штосьці пра Ніну Бохан. Адзін тэлефонны званок раскрыў нам “козыры” самадзейнай мастачкі. Аказалася, працяглы час яна жыла ў вёсках Сінькоўскага сельсавета. У сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя за ежу і начлег стварала прыгажосць у хатах мясцовых жыхароў. Усе насілі ёй свае старыя капы, а мастачка ператварала іх у квяцістыя дываны — адзін такі мы знайшлі ў Сяльцы. Вялікая маляванка, на ўсю шафу, з вельмі цікавым сюжэтам, захавалася ў вёсцы Наваспаск, у сям’і Ульяш./i/content/pi/cult/783/16889/15_1.jpg

У Сяльцы, у хаце 85-гадовай Галіны Вяршковіч, чакаў сапраўдны скарб: карціны, якія малявала Ніна Бохан на сценах. Выява трох волатаў, памерам 135х115 сантыметры, паверх якой павесілі сучасны дыван. Дзве іншыя - заклеілі шпалерамі. Тым не менш гаспадыня, убачыўшы зацікаўленасць да насценных малюнкаў, дазволіла нам іх “адкрыць” — зняць шпалеры. А пад імі, на адной сцяне — казачныя павы (паўліны) на ярка-блакітным фоне. На другой — плывуць лебедзі.

Ларыса, дачка Галіны Вяршковіч, успамінае пра нязвыклую тэхніку стварэння гэтых карцін: “Ніна малявала знізу ўверх. Напрыклад, пачынала з хваста паўліна і пайшла-пайшла ўверх. Мяне гэта здзіўляла, бо звычайна чалавека ці жывёлу пачынаюць маляваць з галавы”.

А ў руках чамадан

/i/content/pi/cult/783/16889/15_2.jpg“Ніна казала, што прыйшла ў Сялец з Ленкаўшчыны. Там жыла яе малодшая сястра, — удакладняе Галіна Вяршковіч. — Яна была вельмі простая ў зносінах, непераборлівая ў ежы, худзенькая. Па ўсім было відаць, што многа гаравала. Вялікіх грошай за работу ў людзей не прасіла. З мужчынамі не зналася. Пастаянна была адна”.

Сярод сясцёр і брата (якія былі шатэнамі з прамымі валасамі) яна найперш/i/content/pi/cult/783/16889/15_3.jpgвыдзялялася цёмненькай шавялюрай. Фарбавала вусны і вочы (што на той час было рэдкасцю), сачыла за модай. Галоўны аксесуар, па якім здалёку пазнавалі мастачку, — вялікі драўляны чамадан, дзе знаходзіліся пэндзлікі і фарбы.

Аляксей Крукоўскі пачуў ад пляменніцы Ніны, што цётка памерла прыкладна ў 1980 годзе ў смаргонскай бальніцы. На жаль, радня не ведала, дзе яе пахавалі, і цяпер вельмі шкадуюць, што ў апошнія гады Нінінага жыцця не зналіся з ёй.

Са сваім сынам я настойліва шукала месца пахавання мастачкі. Мы абышлі старыя смаргонскія могілкі. Дакументацыі пра пахаванні тут ніхто ніколі не вёў. Смаргонскія старажылы сцвярджалі, што раней тут хавалі людзей адзін на адным. Стомленыя, мы прыселі, і сын прамовіў: “Шукаць магілу — як іголку ў стозе сена”./i/content/pi/cult/783/16889/15_4.jpg

Звестак пра Ніну няма ні ў смаргонскай бальніцы (інфармацыя пра хворых ёсць толькі за апошнія 25 гадоў), ні ў пашпартна-візавай службе, ні ў ЗАГСе. Супрацоўнікі ЗАГСа вылучылі версію, што мастачка магла жыць без пашпарта. І гэту версію пацвердзіў Міхаіл Бохан. Таму не захавалася і пасведчанне аб смерці.

Людзі часам называлі Ніну Бохан “жабрачкай”. А на мой погляд, яна ў прамым сэнсе была вольнай мастачкай.

На гэты час мы знайшлі каля 20 работ самадзейнай мастачкі. Невядомае імя Ніны Бохан паціху раскрывае свае таямніцы…

P.S. Папулярнае апошнім часам стварэнне муралаў — карцін на гарадскіх сценах — дало магчымасць мне памарыць. Я выразна ўяўляю, як цудоўна глядзеліся б алені, паўліны ці лебедзі на сценах смаргонскіх збудаванняў. Такім чынам можна было б увекавечыць імя малавядомага пакуль народнага талента.

Інфармацыя пра Ніну Бохан здабывалася рознымі шляхамі. І адначасова распаўсюджвалася. Тэмай знойдзеных “аленяў” зацікавілася Дзіяна Бранцэвіч са Смаргоні, якая цяпер вучыцца на мадэльера-дызайнера адзення. Сабе і маці яна пашыла сумкі, на іх — копія маляванак, якія знайшлі ў Лісічына і Клочках. А я сабе вырашыла заказаць у юнай майстрыхі “паўлінаў” — цудоўны напамін пра гісторыю, якая стала нагодай для няпростага, але такога захапляльнага журналісцкага даследавання. І якая, спадзяюся, яшчэ будзе мець працяг.

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара і Аляксея КРУКОЎСКАГА

На здымках: роспісы ў Ручыцкай царкве. 40-я гады ХХ стагоддзя, лебедзі на сцяне дома ў вёсцы Сялец, “Алені”, знойдзеныя ў Клочках, сялецкія “Тры волаты”.