Тыражы вырашаюць усё?

№ 5 (1444) 01.02.2020 - 08.02.2020 г

У пазамінулым нумары “К”, у № 3 за 18 студзеня, быў надрукаваны артыкул “Дзе ты, Дзед Барадзед, або Як скласці паліграфічны пазл?” Нагадаю, што ў названым матэрыяле ўздымаліся праблемныя пытанні дзіцячага чытання, у прыватнасці, вялікіх коштаў айчынных кніг у параўнанні з расійскімі, малых тыражоў, нястачы на беларускім кніжным рынку кніг-раскладанак ці кніг-квэстаў, ды многія іншыя.

У бліжэйшы час “К” плануе зладзіць круглы стол па гэтай тэме, запрасіўшы да ўдзелу ў ім адказных асоб з міністэрстваў культуры і інфармацыі, з Нацыянальнага інстытута адукацыі, бібліятэкараў і пісьменнікаў. А пакуль мы папрасілі выказацца па некаторых праблемах, узнятых у артыкуле, прадстаўнікоў айчынных выдавецтваў, а таксама кіраўніцтва Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска.

/i/content/pi/cult/783/16887/13_1.jpg

Таццяна ШВЕД, дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска:

— Ці чытаюць нашы дзеці? Ці шмат кніг яны бяруць у бібліятэках? Ці завітваюць да нас на мерапрыемствы? Вось тыя пытанні, якія хвалююць мяне як кіраўніка бібліятэчнай сістэмы. Бо ўсё, што патрэбна дзецям, у нашых бібліятэках сёння ёсць. Значнае бюджэтнае фінансаванне і летась, і сёлета дазваляе нам набываць для папаўнення нашых кніжных фондаў вялікую колькасць рознай літаратуры як айчынных, так і замежных выдавецтваў.

Да слова, дзеці і іх бацькі самі нам падказваюць, што лепей набыць, якімі навінкамі кніжнага рынку іх можна зацікавіць. Так, кнігі айчынных выдавецтваў (у тым ліку, на беларускай мове) даражэйшыя за літаратуру, якую мы набываем у расійскіх выдавецтваў. Разам з тым, гэты, больш высокі кошт, вымушае дзяцей звяртацца па беларускую літаратуру менавіта ў бібліятэкі. Бо, як я ўжо казала, многія, нават вельмі дарагія айчынныя выданні, у нас ёсць у вольным доступе.

Па гэтай прычыне, а таксама таму, што цікавасць да беларускай кнігі сёння расце, у нас павялічваецца кнігавыдача беларускамоўнай літаратуры. Спрыяе гэтаму таксама і правядзенне беларускамоўных чацвяргоў, што ладзяцца ў кожнай бібліятэцы сістэмы, і сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, і з’яўленне цікавай перакладной дзіцячай замежнай літаратуры (у тым ліку, нядаўняй кнігі “Гары Потар і філасофскі камень”). Мяркую, цікавасць да падобнай літаратуры будзе толькі ўзрастаць. А мы, канечне, будзем набываць такія кнігі для сваіх чытачоў, бо зацікаўлены ў тым, каб нас наведвала як мага больш дзяцей і падлеткаў.

Сяргей ПЕШЫН, дырэктар выдавецтва “Беларусь”:

— Айчынная кніга каштуе даражэй за расійскую па шэрагу прычын. Адна з іх, бадай, самая галоўная прычына — высокія тыражы расійскай літаратуры ў параўнанні з айчыннай. Напрыклад, мы выдаём кнігі тыражом у 500 — 700 экзэмпляраў, расіяне — у пяць — сем тысяч асобнікаў. Натуральна, калі ўлічыць выдаткі на паперу, аўтарскія ганарары, друк, ілюстрацыі і гэтак далей, дык кошт аднаго асобніка будзе больш высокі менавіта ў айчынным выдавецтве. Таму з падобнымі тыражамі мы расіян па кошце ніколі не дагонім.

Таксама многае залежыць ад колькасці чытачоў (параўнайце 140 мільёнаў чалавек у Расіі і 9,5 мільёнаў у нас), ад скарачэння колькасці айчынных бібліятэк, асабліва ў сельскай мясцовасці, ад таго, што сёння ў Беларусі ў некаторых раёнах няма нават дзяржаўных кніжных крамаў, якія маглі б набываць у нас прадукцыю. Натуральна, сёння гэтая сетка кнігарань пакрыху аднаўляецца (скажам, да Дня пісьменства ў Рагачове ці Іванаве з’явіліся новыя кніжныя крамы), але гэты працэс ідзе даволі марудна, бо ўсё залежыць ад пазіцыі мясцовага кіраўніцтва, яго жадання мець у тым або іншым раённым цэнтры гэты сацыяльны аб’ект.

Яшчэ адна прычына высокага кошту айчынных выданняў таксама навідавоку: сёння мы, выдавецтвы, працуем ва ўмовах адкрытага рынку. Цэны на паперу, на паслугі аўтараў ці ілюстратараў нам дыктуе рынак. Між тым, у той жа Расіі да нядаўняга часу кніжныя выдавецтвы былі вызвалены ад некаторых падаткаў. Акрамя таго, у расійскіх выдавецтваў ёсць магчымасць атрымліваць фінансавую падтрымку ў межах федэральнай праграмы “Культура Расіі”, а таксама ў межах рэгіянальных мэтавых праграм падтрымкі кнігавыдання. Да таго ж, у Расійскай Федэрацыі часта ладзяцца гарадскія кніжныя фестывалі, арганізуюцца кніжныя алеі, а кніжныя крамы па рашэнні выканаўчых уладаў могуць нават вызваляцца ад арэнднай платы за памяшканні.

Да слова, я нядаўна пабываў на ўкраінскім кніжным фестывалі. Дык у нашых паўднёвых суседзяў таксама склалася падобная сітуацыя: ёсць там і дзяржаўная падтрымка выдавецтваў, і ільготы для кнігарань, і субсідыі на выпуск разнастайнай кніжнай прадукцыі на ўкраінскай мове.

Мы ж, паўтаруся, цалкам камерцыйная ўстанова, працуем на камерцыйных пачатках. Так, ёсць сацыяльна значная літаратура, выпуск якой часткова фінансуе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, але ж гэтага яўна недастаткова. Вось таму маем тое, што маем.

Да таго ж, на жаль, у нас не так ужо і шмат робіцца ў плане прапаганды чытання (як дзіцячага, так і дарослага), у газетах, часопісах ці на тэлебачанні вельмі мала інфармацыі пра кніжныя навінкі, амаль няма аналізу кніжнага рынку (як айчыннага, так і замежнага). Між тым, любая прапаганда кнігі, а таксама працы нашага выдавецтва для нас вельмі важныя. Таму калі “К” зладзіць круглы стол па праблемах кнігадрукавання, мы з задавальненнем у ім паўдзельнічаем!

Юлія ДАШКЕВІЧ, намеснік дырэктара выдавецкага дома “Звязда”:

— Нядаўна мы выпусцілі дзіцячую кнігу-квэст “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці” аўтарства Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, дзе ў забаўляльнай форме чытачу прыходзіцца разгадваць сакрэтныя коды, зашыфраваныя на старонках названага выдання. Такім чынам спрабуем зацікавіць нашых чытачоў, бо з дапамогай падобных выданняў продажы кніг значна павялічваюцца. Напрыклад, кніга таго ж аўтара, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой “Вухуцік. Васiльвася” накладам у 1,5 тысячы асобнікаў у нас разышлася за сем месяцаў. Гэта вельмі добры вынік. Дадам, што менавіта актыўны ўдзел аўтара ў рэалізацыі кніжнай прадукцыі спрыяе высокім паказальнікам продажу выдання.

Натуральна, часам айчынная кніга выходзіць значна даражэйшай за расійскую, бо ўсё залежыць ад тыражоў. У нашым выдавецтве наклады складаюць ад 700 да 2,5 тысяч асобнікаў, а ў Расіі часцяком кнігі выдаюць па 10 — 15 тысяч экзэмпляраў. Таму і кошт аднаго асобніка атрымліваецца меншым. Разам з тым, тая ж, ужо згаданая мной кніга “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці” — аб’ёмнае выданне ў цвёрдай вокладцы і з малюнкамі — каштуе сёння 11,5 рублёў. Гэта не такі і вялікі кошт для падобнага выдання. Так што і мы выдаём некаторыя кнігі па даволі дэмакратычным кошце. У першую чаргу, натуральна, гэта кнігі сацыяльна значнай тэматыкі, што выдаюцца з датацыяй і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Віктар ШНІП, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”:

— Кнігі-пазлы, кнігі-трансформеры, на жаль, даволі цяжка выпусціць у свет: у нашых друкарнях часцяком няма патрэбнага для гэтага абсталявання. Акрамя таго, падобную кнігу трэба аўтару напісаць, мастаку — стварыць макет, а мы ўжо гэтую кнігу рыхтуем да друку. Так што не ўсё залежыць ад нас. Скажам, да Чэмпіянату свету па хакеі мы выдалі кнігі ў выглядзе хакейнай шайбы. А сёння вельмі вялікім попытам карыстаецца яшчэ адна наша незвычайная кніга — “Дзіцячы атлас Беларусі”. Але, на жаль, падобныя кнігі з’яўляюцца ў нашым выдавецтве не так часта, як хацелася б. Магчыма, у будучым іх стане больш.

Што да кошту на кнігі, дык яны сапраўды ў многім залежаць ад тыражоў. Малы тыраж — дарагая кніга. Таксама кошт нашмат залежыць ад афармлення кніжнага выдання, цвёрдая ці мяккая ў яго вокладка і гэтак далей. Да таго ж, падобную літаратуру трэба абавязкова ўсюды рэкламаваць, каб пра яе ведалі, цікавіліся, набывалі. Мы робім рэкламу сваіх выданняў і ў сацыяльных сетках, і на сваім сайце, супрацоўнічаем з бібліятэкамі, ладзім там прэзентацыі выданняў і сумесныя мерапрыемствы, запрашаем на прэзентацыі новых кніг аўтараў. Іншая справа, што не кожны пісьменнік можа працаваць з аўдыторыяй, зацікаўліваць яе сваім выступленнем, бо гэта не так проста. Дарэчы, супрацоўніцтва з бібліятэкамі дазваляе нам вывучаць попыт на беларускую кнігу, падказвае, што выдаваць у перспектыве.

Мы ў асноўным выдаём арыгінальную беларускамоўную літаратуру, але працуем таксама і з перакладамі замежных аўтараў. Шмат што тут упіраецца не толькі ў працу перакладчыка, але і ў аўтарскія правы, іншыя складнікі. Але праца ў гэтым кірунку паступова ідзе. Скажам, кніжная серыя пра прыгоды Мамы Му і Крумкача аўтарства шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр вельмі добра ў нас разышлася. І мы, шчыра кажучы, вельмі рады за калег з выдавецтва “Янушкевіч” з іх кнігай “Гары Потэр і філасофскі камень”, наклад якой у дзве тысячы экзэмпляраў быў распрададзены літаральна за месяц. Гэта значыць, што ў нас ёсць цікаўны беларускамоўны чытач, што нам ёсць куды расці і развівацца, бо усе мы разам робім агульную справу на карысць беларускага чытання, на карысць беларускай айчыннай кнігі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"