Рэверанс мінулым стагоддзям

№ 5 (1444) 01.02.2020 - 08.02.2020 г

Як спасцігнуць танцавальную граматыку
Адчуць час з дапамогай мінулых культурных эпох, заглыбіцца ў страчаныя кантэксты, і, дзякуючы гэтаму, зрабіць адкрыццё сучаснасці. Такую магчымасць дае Вялікі навагодні баль у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь вось ужо адзінаццаты раз. Раскоша ўбораў расквечвае касцюміраванае шэсце. Пагодлівыя цёплыя дні сёлетняй зімы як нельга лепш пасуюць для настрою танцаў, якія выстрэльваюць фантанам.

/i/content/pi/cult/783/16886/12_1.jpgЗаўсёднікі прывыклі да балю як да свайго дома: тут ім усё знаёмае і блізкае: натхняльная ігра аркестра, натхняльны рытм, трапныя падказкі трэнера, выпростванне паставы, адухоўленыя позіркі…

— Паглядзіце, як вакол прыгожа! — заўважае Эрнст Пятровіч, асістэнт балетмайстра, пастаянны ўдзельнік баляў (гэта ўжо яго дзявяты сезон). — Дзе яшчэ ўбачыш дам у такіх сукенках?! Ды і фрак асабліва больш няма куды адзець… На работу — наўрад ці… Хаця я, па сутнасці, мог бы (выкладаю ў БНТУ фізіку)… Да танцаў прыйшоў дзякуючы сыну Дзмітрыю. Па душы мне вальс. Ён — як мора: тут наймацнейшыя яркія эмоцыі. Падобныя ў мяне здараліся, калі на Ямайцы на пляжы над намі ішоў на пасадку самалёт. Ці эмоцыі ад вадаспада Дзеціфос у Ісландыі — першага па маштабах і па колькасці вады ў Еўропе. Так і вальс для мяне ў танцах першы.

Ася Пятровіч, жонка Эрнста, таксама асістэнт балетмайстра, з балем параднілася з часоў яго заснавання. Хоць па прафесіі выкладчык вышэйшай матэматыкі, без высокіх пачуццяў і танцаў жыццё не ўяўляе:

— Адно другому не перашкаджае. Я з сямі гадоў працую ў тэатры: спачатку — у драматычным, потым — у оперным. Баль як такі пачаўся з трэцяга сезона. Да гэтага ўсе прыходзілі ў джынсах і світарах. Колькі спатрэбілася энтузіязму, каб усіх пераканаць прыйсці на баль у адпаведным касцюме. Як гэта так: я — у доўгай сукенцы, а астатнія — у джынсах! Было складана. Але сённяшні плён нельга не ацаніць. Дрэс-код — неад’емны складнік балю. Каб адчуць важнасць дрэс-кода, дастаткова параўнаць рэпетыцыі і вечар урачыстасці. Сёння баль каштоўны тым, што тут няма дакладнага вызначэння, на які ён узрост: прыходзіць і моладзь, і сярэдняе пакаленне, і старэйшае. І я не ведаю іншага такога мерапрыемства, дзе, напрыклад, было б цікава адначасова і нам з мужам, і сыну з яго дзяўчынай. Баль — па-за пакаленнямі, што рэдкасць у наш час. На дыскатэку з моладдзю наша пакаленне не пойдзе, у тэатр моладзь часам не зацягнуць. А баль — у адным месцы сыходзяцца інтарэсы многіх пакаленняў.

Кавалеры стараюцца пераўзысці адзін аднаго. У палёце грацыёзных па раскрываецца тэмперамент. Разнастайнасць фігур нагадвае жывапіс.

“У кожным нашым танцы — дакладныя элементы, — працягвае Ася Пятровіч. — Яны носяць навучальны характар. І калі пасля нашых заняткаў танцоры пойдуць на іншы баль, будуць умець выконваць фігуры танца: “люстэрка”, змены, асноўны крок, праменад, балансэ — адным словам, будуць мець базу. Госці нашага балю на любым іншым змогуць прадэманстраваць валоданне танцавальнымі прыёмамі”.

/i/content/pi/cult/783/16886/12_2.jpgУрачыстасць паланэза, выразнасць вальса, гуллівасць кантрданса, бадзёрасць полькі, акрыленасць кадрылі Вірджынскай. Гэты танец на балі прадэманстравалі ўпершыню. І ён адразу ўсім прыйшоўся даспадобы. Кадрыля духмяная, мядовая: здаецца, яна пахне настроем пераспелай пачуццёвасці, світальнай песняй, чэрвеньскім дажджом. На вуліцы цёпла, не па-зімоваму. Ад гэтага пачуцці абвастраюцца ў разы. Асабліва калі кадрыля дорыць магчымасць сысціся з партнёрам, моцна ўзяўшыся з ім за рукі, і кружыцца, кружыцца. Потым — падскокваць, і зноў разам, і зноў вочы ў вочы, і сэрцы напагатове. Вірджынскую кадрылю танцавала Скарлет А’Хара і Рэд Батлер, што засведчыў фільм “Знесеныя ветрам”. Звонкагалосая паскакуха, кадрыля-заранка — быццам жарт, але такі прыемны. І наталіцца немагчыма: яшчэ, яшчэ! Танец — адзінае мастацтва, матэрыялам для якога служым мы самі, гаварыў амерыканскі танцор Тэд Шон. Ці не гэтым вабіць баль адданых прыхільнікаў?

— Колькі ўсяго баляў адтанцаваў, лічу па сукенках жонкі, калі гляджу фатаграфіі, — расказвае заўсёднік Ігар Філатаў (па адукацыі фізік). — Сёлета апрануў першы раз фрак (і, трэба адзначыць, ён зусім лёгкі). З танцаў больш за ўсё па душы мне вальс (можа, і таму, што я яго доўга вучыў і нарэшце вывучыў). На гэтым балі ўпершыню прадставілі паказальны нумар вальса. Мая жонка Ірына — партнёрша — асоба артыстычная. Хоць мы і фізікі па адукацыі, у свой час Ірына іграла ў тэатры-студыі кінаакцёра, займалася пантамімай.

— Я фізік і лірык у адной асобе, — гаворыць жонка Ігара Філатава Ірына. — Усё жыццё спалучала скачкі ў воду, танцы, гімнастыку, аэробіку, вяла пластыку і іграла ў тэатры-студыі кінаакцёра. У кагосьці ні дня без радка, а ў мяне ні дня без танца, без руху. Баль прыцягвае атмасферай, прыгожай залай. Мы ўдзельнічаем ужо дзясяты раз (прыйшлі на другі сезон). Каштоўна тое, што з’явілася вельмі шмат сяброў. Сабралася мнагалетняя кампанія. І ўсе мы качуем з аднаго балю на другі. Танцавалі тры разы на балі ў Мірскім замку. Мяне натхняе вальс. Асабліва з прадметамі: з шалікам, напрыклад, з веерамі. Яшчэ я вельмі люблю нашы рэпетыцыі. Яны — як прадвеснік чароўнай атмасферы. Баль праходзіць хутка, а рэпетыцыі даюць працяглыя зносіны — адно з самых галоўных задавальненняў.

На ўвасабленне бальнай задумы працуе цэлы арсенал сродкаў. Немалаважны вобраз. Яго апантаныя балем прадумваюць да дэталяў.

— Я аддаў перавагу фраку — гэта больш тэматычна і робіць вобраз завершаным, — дзеліцца дэбютант Мікіта Саладуха (выкладае на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ). — Да фрака абавязковыя пальчаткі. Для мяне баль — спосаб зносін. Хтосьці скажа, што для гэтага падыдзе і дыскатэка, але дыскатэка і баль — зусім розны ўзровень. Баль — для ўсвядомленых асоб, якія кіруюцца высокімі каштоўнасцямі і прыярытэтамі… І таму прыемна знайсці аднадумцаў.

Сярод сённяшніх танцораў-карыфеяў ёсць асоба, у каго найбліжэйшыя продкі гулялі на балях. Эрнст Пятровіч, асістэнт балетмайстра, — карэнны мінчанін, шляхціч. У яго моцныя сямейныя традыцыі: прапрадзед Людвік Пятровіч і яго сын Юліян Пятровіч былі сярод кіраўнікоў у Лошыцкім прадмесці. Адзіны склеп на галоўнай алеі Кальварыйскіх могілак належыць з сярэдзіны XIX стагоддзя іх сям’і, бо яны ахвяравалі на будаўніцтва храма.

Балямі захапляўся Пушкін і быў іх заўсёднікам. Менавіта на балі ён упершыню ўбачыў Наталлю Ганчарову. На балі знаходзілі каханне і жаніха. Гэтаму ў многім спадарожнічала ўнікальная танцавальная мова: жэсты, паклоны, павароты корпуса і галавы.

Насычаная танцавальная мова ў полькі. Яе бурлівай энергіі няма межаў. Яна падхоплівае і ўзнімае на грэбень хвалі. Гэта самы дынамічны танец праграмы. Тут і выстукванні нагамі, і тэмпераментныя павароты, але пачынаецца ўсё даволі рамантычна. Гледзячы ў вочы, кавалер працягвае даме адну руку, і яна — сваю, потым кавалер — другую. Узяцца за рукі — і злучыцца ў апантанасці, праскакаць польку-весялуху, якая адорыць шчодра: зіхатлівая, квяцістая, яна кружыць галаву. Гулкая, бунтарная, раз’юшаная, гэтая непакора б’е ў бубен радасці. Жывая непрадказальнасць балю трымае ў хваляванні.

Гасцінная зала опернага абуджае мары. Надзея на жаданую сустрэчу ззяе незгасальна. Танец — гэта амаль прызнанне ў каханні, гаварыў Фёдар Дастаеўскі. Сапраўды, танец — найдалікатнейшыя зносіны: тут ігрюць ролю нахіл галавы, дотык, позірк, сінхроннасць у рытме. І рамантыку не спыніць…

Гэты баль стаўся першым для сям’і Рыгора і Ганны Дземідовіч.

— Авантура прыйсці на баль належыць жонцы, — смяецца Рыгор Дземідовіч. — І такая авантура абавязкова будзе мець працяг. Гэта чаканне свята і само свята. Я канструктар. Сядзіш на працы, а тут заўсёды ў руху… Драйв. А яшчэ — успаміны юнацтва, вельмі люблю танцаваць.

На пад’ёме дзякуючы балю і сям’я Вольгі і Віктара Касцяк:

— Мы першы раз на балі, але абавязкова з ім пасябруем, бо ён дае ўзвышаныя пачуцці, багатыя эмоцыі, якія зашкальваюць. Усё зіхаціць, удзельнікі балю зараджаюць радасцю. Чароўны вальс дае адчуванне палёту. Гэта лёгкасць, плаўнасць, пяшчота і прыгажосць. Абавязкова будзем удзельнічаць у наступных балях.

Дэбютанты ўліваюцца хутка і становяцца арганічнай часткай балю. Агульнавядома, што заняткі бальнымі танцамі развіваюць густ і арыстакратычнасць, акцёрскае майстэрства, выхоўваюць адчуванне стылю і, самае галоўнае, правільныя паводзіны з партнёрам: кавалеры дэманструюць найлепшыя мужчынскія якасці, даючы даме магчымасць адчуць сябе пад надзейнай абаронай, сапраўднай жанчынай. Знаёмства з бальнымі тонкасцямі, танцавальнымі тэхнікамі дае плён: натура нябачна ўзбагачаецца. Гэта пацвярджаюць пастаянныя ўдзельнікі. Шматгадовая адданасць балю — найлепшае сведчанне яго высокай місіі і запатрабаванасці. Дыпломамі на балі за адмысловы танцавальны почырк і майстэрства адзначаны Віталь і Наталля Дзернаковы, Ігар і Ірына Філатавы, Аляксандр Жук і Анастасія Астапеня, Юрый і Валянціна Баркуновіч, Сяргей і Таццяна Нікіфаравы ды іншыя пары.

З тэхнічнага боку бальныя танцы нескладаныя — але тут вялікую ролю адыгрывае артыстычнасць. Узгодненасць, зладжанасць рухаў дасягаецца доўгімі трэніроўкамі, але і, вядома, унутраным пасылам. На характар рухаў уплываюць асаблівасці касцюма, і часам гэта няпроста: трэба прызвычаіцца. Але заўсёднікі ўпарта авалодваюць бальнай граматыкай, і тыя, хто праявіў настойлівасць, натхненне, атрымліваюць у распараджэнне найбагацейшую танцавальную палітру. І ці не яна прыцягвае на баль з года ў год?

Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара