Інклюзіўнае сола для рамёстваў

№ 5 (1444) 01.02.2020 - 08.02.2020 г

Сучасны код традыцыйнага мастацтва
Мсціслаўская зямля — унікальная. Не толькі драўлянай царкоўнай архітэктурай, не толькі таямнічымі загадкамі Успенскага манастыра ў Пустынках і адмысловай старасвецкай забудовай самога Мсціслава. Тут, амаль на мяжы з Расіяй, па нейкіх невядомых законах нацыянальнай дыялектыкі здолелі захавацца носьбіты традыцыйнага беларускага мастацтва. Праўда пэўныя з іх нават не задумваліся, што працяг справы бацькі і дзеда, маці і бабулі — гэта не проста любімы занятак для душы, а гарантыя яе захавання.

Сувенір для Мулявіна

/i/content/pi/cult/783/16885/11_4.jpg

Раздзел замест уступу. У свой час пісьменнік Уладзімір Караткевіч і фатограф Юрый Іваноў вырашылі выдаць кнігу пра Мсціслаўшчыну. Снежнай зімой 1982 года Юрый Сяргеевіч запрасіў “Песняроў” на радзіму Пятра Мсціслаўца “для карцінкі”. Цяпер ужо ніхто не памятае дакладна, якія сувеніры падарылі ў раёне Уладзіміру Мулявіну. Але тое, што ён быў уражаны мясцовай народнай культурай — факт неаспрэчны. Юрый Іваноў распавядае, што пасля фотасесій на мсціслаўскіх краявідах “Песняры” адправіліся на гастролі ў Амерыку. Калі вярнуліся, Іваноў запытаўся ў кіраўніка ансамбля: “Ну, як краіна?” Мулявін адрэагаваў так: “Якая Амерыка! Як там Мсціслаў?” Каментарыі, як кажуць, — пазалішнія.

Пяты па ліку

/i/content/pi/cult/783/16885/11_2.jpgАрцём Сяргееў — пяты па ліку дырэктар раённага дома рамёстваў. За плячыма — 31 год жыцця і вучоба на знакамітым мастграфе Віцебскага ўніверсітэта. Падбіраючыся да ўзросту Хрыста і няблага валодаючы пэндзлем, дамагчыся можна многага. Арцём дамагаецца, без мітусні і аўралу. У тым, што калектыў РДР значна амаладзіўся, ёсць і ягоная канкрэтная заслуга. Штосьці падобнае я бачыў калісьці ў Ганцавіцкім доме рамёстваў. На пасады кіраўнікоў, майстроў-метадыстаў і навуковых супрацоўнікаў прыйшлі маладыя людзі, і ўстанова, як старое жывапіснае палатно пасля дасканалай рэстаўрацыі, зайграла яркімі адноўленымі фарбамі.

Годна пастараліся “рэстаўратары” і ў Мсціславе. І ўвогуле, сівы рамеснік, укленчаны ад шматгадовай працы з ганчарным кругам, разцом ці мастыхінам, — ілюстрацыя для састарэлага падручніка па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Сённяшнія майстры — маладыя ды дзёрзкія ў творчасці. Арцём распавядае, што ў аматарскім мастацкім аб’яднанні РДР — 25 сталых і дасведчаных рамеснікаў з раёна. Іх, натуральна, болей (60), аднак, 25 — гэта тое ядро народных майстроў, якія заўжды гатовы прыйсці на дапамогу штатным рамеснікам і складаюць пазаштат практычных дарадцаў установы.

Нават каваль ёсць!

Якія ж рамёствы лічацца для Мсціслаўшчыны традыцыйнымі? У маёй калекцыі ўжо з дзясятак гадоў захоўваецца маленькая гліняная выява Пятра Мсціслаўца. Люблю кераміку, мсціслаўскую — асабліва. Ёсць у ёй штосьці вытанчанае ды лятучае. А яшчэ ў Доме рамёстваў выкладаюць саломкапляценне. Магілёўшчына славіцца традыцыяй вырабу павукоў, кветак і жывёлін з саламяных сцёблаў. Цяпер, падаецца, нават дамы пачалі будаваць з саламяных блокаў. А ў Горках, сам бачыў, з гэтага матэрыялу вырабляюць сучасныя дзявочыя строі для дэфіле.

Але вернемся ў Мсціслаў. Тут у пашане таксама вышыўка ды традыцыйная лялька. З’явіліся ў РДР і новыя кірункі дзейнасці (а новае, як вядома, заўжды забытае старое): разьба па дрэве, выяўленчае мастацтва і нават кавальства.

Ну, мастак, вядома, адкуль узяўся — з Віцебскага мастграфа. А рэзчык Мікіта Мартынаў — малады спецыяліст пасля/i/content/pi/cult/783/16885/11_1.jpgМагілёўскагамастацкага каледжа. Знаўца мастацкай коўкі — Сяргей Кудзікаў. Працуе са жніўня. Раней зарабляў у Расіі. Днямі яго прынялі ў Саюз народных мастакоў Беларусі. Працуе Сяргей па старых аўтэнтычных тэхналогіях, гаджэтаў ад кавальскай справы не прызнае. Горан, мяхі, кавадла і шчаслівая магчымасць молатам у ахвотку памахаць. Кавалі, кажуць доўга не старэюць, бо з агнём сябруюць, у полымі загартоўваюцца. Дзеці-гурткоўцы Мікіту вельмі любяць.

Як дырэктар РДР займеў каваля? Сяргееў кажа: настойліва папрасіў прыйсці на працу. Гэта ж якую сілу пераканання трэба для гэтага мець? Яшчэ адзін доказ, што кіраўнік творчай суполкі павінен быць маладым, кантактным ды абаяльным.

А Кудзікаў у адказ пастараўся, каб кузня стала мабільнай (усё абсталяванне змяшчаецца ў кузаве грузавіка) і магла прысутнічаць на самых розных раённых, абласных і рэспубліканскіх акцыях. Кавальскія майстар-класы — надзвычай запатрабаваныя, бо я, да прыкладу, не ведаю болей дамоў рамёстваў, дзе сярод майстроў-метадыстаў ёсць на сёння каваль. Мсціслаў і тут застаецца непаўторным.

/i/content/pi/cult/783/16885/11_3.jpg

“Вясёлка” — з гісторыяй

З 2009 года раённы дом рамёстваў перабраўся ў рэканструяваны аднапавярховы будынак колішняга цэха па вырабе тканін і коўдр. У мясцовых рамеснікаў пачалася новая эра. Раней яны туліліся ў самых розных установах культуры, свайго даху не мелі. Нават так сітуацыя складвалася: у вёсцы Капачы, пры мясцовым СДК, была галоўная ўстанова РДР (рэй вяла тут саломкапляцельшчыца Валянціна Рыбакова), а ў Мсціславе знаходзіўся філіял. Цяпер, балазе, сітуацыя адваротная.

Што ж займелі рамеснікі ў райцэнтры? Будынак, дзе ёсць памяшканні не толькі для заняткаў у гуртках і аб’яднаннях 160 дарослых і дзяцей, але і для двух выставачных памяшканняў (паказаць ёсць што!).

У структуру РДР перайшла і ўзорная студыя дэкаратыўна-прыкладногамастацтва “Вясёлка”, дзе займаюцца дзеці ад 5 да 17 гадоў. Раней студыя дзейнічала пры РДК. Дарэчы, кіраваў ёй у свой час мастак Арцём Сяргееў. Студыя на сёння — вельмі знаная, бо пастаянна ўдзельнічае ў абласных, рэспубліканскіх ды міжнародных мастацкіх конкурсах. І не проста ўдзельнічае, а з упэўненасцю перамагае.

Еўрасаюз зацікавіўся

/i/content/pi/cult/783/16885/11_5.jpg

Гэтымі днямі я ніяк не мог заспець Арцёма Сяргеева для гаворкі. Сітуацыя тлумачылася вось чым: раён “асаджала” абласное тэлебачанне, якое здымала два дні запар не толькі турыстычныя аб’екты раёна, але і сумесны праект дома рамёстваў і цэнтра карэкцыі дзяцей “Вясёлка надзей”. У Мсціславе перакананы, што задумка зацікавіць прадстаўнікоў Еўрасаюза. Сутнасць акцыі вось у чым: юныя мастакі з “Вясёлкі” будуць займацца жывапісам разам з дзецьмі з цэнтра карэкцыі. Старэйшыя “вясёлкаўцы” нават паспрабуюць сілы ў настаўніцтве. Калі маладыя кантактуюць з маладымі, сацыяльная рэабілітацыя прыносіць больш плёну.

Чарговы прааанаўскі праект, сцвярджае кіраўнік РДР, будзе звязаны з пашырэннем маштабаў ганчарства. Трэба прыдбаць ганчарныя кругі, муфельную печку патрэбнага памеру. У таго, хто шмат ад душы працуе, шмат і надзённых клопатаў.

Вось і атрымліваецца, што ў Мсціслаўскім РДР не толькі адраджаюць і развіваюць спадчынную традыцыю, але і несупынна адшукваюць код сацыяльнай арыентаванасці мастацтва. Адшукваюць і знаходзяць.

Фота з архіва Мсціслаўскага РДР

На здымках: будынак дома рамёстваў, кіраўнік РДР Арцём Сяргееў. Каваль Мікіта Мартынаў, “Вясёлка” на пленэры ў аграсядзібе “Духмяны сад”, “Вясёлка” (кіраўнік Анатоль Лявонаў) у цэнтры карэкцыі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"