Юбілей? На радзіме!

№ 5 (1444) 01.02.2020 - 08.02.2020 г

Сусветна вядомаму дырыжору Аркадзю БЕРЫНУ споўнілася 75. Для музыканта стала традыцыяй адзначаць свае юбілеі на радзіме. 6 лютага прыхільнікі і сябры маэстра прыйдуць у Беларускую дзяржаўную філармонію, каб павіншаваць яго з гэтай падзеяй.

— Маэстра! Вы адзначаеце свой юбілей канцэртам у Мінску. У чым прычына такога рашэння?

/i/content/pi/cult/783/16881/8_1.jpg— Сустрэча з Мінскам і беларускай публікай заўсёды дастаўляе мне вялікую радасць і задавальненне. Мінск для мяне асаблівы горад. Наогул уся мая творчая дзейнасць непарыўна звязана з Беларуссю. Я нарадзіўся ў Ветцы Гомельскай вобласці. Як музыкант пачаў навучацца ў Гомелі, затым у Мінску ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер гэта Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). Маімі педагогамі па дырыжыраванні былі ў Ленінградзе Ілля Мусін, а ў Маскве Лео Гінзбург. З 1968 года выкладаў у кансерваторыі ў Мінску. А затым у гэтай навучальнай установе ўзначальваў кафедру аркестравага і оперна-сімфанічнага дырыжыравання. За трыццаць гадоў падрыхтаваў больш за 70 дырыжораў, многія з якіх працуюць у вядучых музычных калектывах і навучальных установах Рэспублікі Беларусь.

— У Акадэміі музыкі вы кіравалі студэнцкім духавым аркестрам “Фанфары Беларусі”.

— Так. Гэты аркестр у 1998 годзе стаў уладальнікам Гран-пры як найлепшы моладзевы аркестр свету на міжнародным конкурсе ў Люксембургу, які праводзіўся UNESCO. У тым жа годзе ў Германіі быў выдадзены дыск аркестра “Фанфары Беларусі”. Пасля конкурсу было вялікае турнэ па Еўропе. Мы выступалі з канцэртамі ў Германіі, Італіі, Люксембургу і завяршылі яго ў Міленіум-цэнтры ў Лондане. Гэта былі вельмі цікавыя гастролі. Мне ўспамінаецца таксама выступленне аркестра “Фанфары Беларусі” 9 траўня 1989 года ў Мінску ў святочным канцэрце “1000 труб” на плошчы ля Вялікага тэатра. Памятаю, як я аб’ездзіў усе музычныя вучылішчы нашай рэспублікі, падрыхтаваў там аркестры духавых інструментаў. Усе яны ігралі ў гэтым канцэрце, а “Фанфары Беларусі” займалі цэнтральную пазіцыю. Двума гадамі пазней маладыя музыканты ігралі з аркестрам “Салісты Масквы” пад кіраваннем Юрыя Башмета. Башмет тады саліраваў, а я быў за дырыжорскім пультам. Знамянальным быў таксама ўдзел аркестра “Фанфары Беларусі” ў канцэрце, прысвечаным 15-гадовай гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Акрамя таго праз два гады пасля чарнобыльскай катастрофы аркестр разам з майстрамі мастацтваў выступаў на стадыёнах у Гомельскай вобласці ў зоне адчужэння, заражаных месцах. Гэта быў праект Ігара Лучанка, я быў тады галоўным дырыжорам.

— Вы заўсёды ўражвалі сваёй велізарнай энергіяй і новымі цікавымі ідэямі, якія, дарэчы, заўсёды паспяхова ажыццяўлялі. Можна сцвярджаць, што вашым вялікім дасягненнем было стварэнне першага ў Беларусі Дзяржаўнага духавога аркестра “Няміга”.

— Я быў вельмі шчаслівы, калі ўдалося пераканаць міністра культуры, што такі аркестр павінен быць у Мінску. Асабліва гэтаму дапамаглі канцэрт “1000 труб” і тагачасны прарэктар Акадэміі музыкі прафесар Барыс Нічкоў. Аркестр, ідэя стварэння якога “тапталася” 14 гадоў, нарэшце атрымаў сваё нараджэнне. Ім я кіраваў чатыры гады. Быў цікавы рэпертуар, мы давалі канцэрты ў Мінску і ў розных гарадах Беларусі. У 1991-м лонданскай фірмай “Алімпія” быў выдадзены дыск O Sole Mio.

— Ужо шмат гадоў вы жывяце ў Германіі і паспяхова выступаеце ў розных краінах свету. Як вам удалося заваяваць такі прафесійны аўтарытэт?

— Усім вядома: каб нешта атрымалася, трэба шмат працаваць. У 2003 годзе ў Германіі мне ўдалося арганізаваць аркестр International Symphony Orchestra of Germany, мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам якога з’яўляюся і ў цяперашні час. Сярод шматлікіх праектаў, звязаных з працай гэтага аркестра, асаблiва хачу вылучыць яго ўдзел у канцэрце “60 гадоў Вялікай Перамогі”, які праходзіў у 2005 годзе ў Берлінскім Konzerthaus. Адказнымі былі выступы ў пасольствах Расіі і Беларусі ў Берліне, а таксама ў Генеральным консульстве ў Боне. Вялікай падзеяй для нямецкай публікі стаў фестываль Юрыя Башмета. Ідэя правесці яго ў Дортмунтдзе з’явілася ў мяне ў 2003 годзе. На працягу 6 гадоў мне пашчасціла быць арганізатарам і прэзідэнтам гэтага фестывалю.

— Не памылюся, калі скажу, што любы музыка пазайздросціць вашым гастролям.

— З канца 90-х гадоў я выступаў з найлепшымі сімфанічнымі і камернымі аркестрамі свету, з самымі зорнымі салістамі. Канцэрты праходзілі на вядучых канцэртных пляцоўках Італіі, Германіі, Нідэрландаў, Англіі, Венгрыі, Польшчы, Бельгіі, Францыі, Турцыі, Аўстрыі, Люксембурга, Ліхтэнштэйна, Расіі. Дзе б я ні выступаў, памятаю, што павінен годна прадстаўляць беларускую і рускую дырыжорскія школы. І заўсёды маёй галоўнай задачай была прапаганда беларускай і рускай культуры.

— Вы стала ўключаеце ў праграмы канцэртаў сачыненні рускіх кампазітараў. За ўклад у развіццё рускай культуры за мяжой у 2005 годзе вы ўзнагароджаны ордэнам імя М. Ламаносава. У снежні таго ж года ў Цюрыху вам была ўручана прэмія “VIP-персона Еўропы” за прапаганду рускай класічнай музыкі. Напэўна, асобная старонка ў вашай творчай біяграфіі звязана з працай з расійскімі калектывамі?

— У сезоне 2009 — 2010 я ўзначальваў Маскоўскі сімфанічны аркестр, ажыццявіў еўрапейскі тур па гарадах Германіі і розных краінах Еўропы. Мая сумесная праца з Дзяржаўным камерным аркестрам “Віртуозы Масквы” вылілася ў гастролі па СНД. З нязменным кіраўніком гэтага аркестра Уладзімірам Співаковым мяне звязвае мінскі фестываль “Уладзімір Співакоў запрашае”. У сакавіку гэтага года будзе ўжо шосты такі фэст.

— Апошнім часам вы часта бываеце ў Мінску, праводзіце самыя разнастайныя канцэрты і спектаклі (дастаткова згадаць балеты “Лебядзінае возера” і “Шчаўкунок” у Палацы Рэспублікі і оперу “Яўген Анегін” у нашым Вялікім тэатры), стала супрацоўнічаеце з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, менавіта з ім вы праводзіце і цяперашні юбілейны вечар.

— Мне вельмі падабаецца працаваць з гэтым аркестрам. У яго склад уваходзяць таленавітыя музыканты найвышэйшага прафесійнага класа, якія заўсёды прымаюць мае ідэі, разумеюць мяне і з поўнай спагадлівасцю адказваюць на ўсе мае патрабаванні. На рэпетыцыях перад канцэртамі мне ўдаецца з усёй дбайнасцю адточваць усе дэталі твораў.

Я доўга выбіраў юбілейную праграму і спыніўся на творах Ёганэса Брамса — Сімфоніі № 4 і Канцэрце для скрыпкі з сімфанічным аркестрам. Гэта шэдэўры музычнай класікі. Мне вельмі імпануе кампазітарскі стыль, ідэі, мысленне і яркая эмацыйнасць Брамса. Сімфонія № 4 — гэта апошняя сімфонія кампазітара, вяршыня яго творчасці. У ёй атрымлівае ўвасабленне асноўны прынцып Брамса — спалучэнне традыцый рамантызму і класіцызму. Яна нібы падводзіць вынік XIX стагоддзя.

А Скрыпічны канцэрт Брамса — адзін з самых віртуозных твораў у гэтым жанры. Ён адрозніваецца атмасферай светлай урачыстасці. Чаргуючы драматычныя і лірычныя вобразы, кампазітар прыводзіць да стыхіі венгерскіх народных напеваў і танцаў. Наогул гучанне скрыпкі для Брамса заўсёды было звязана з экспрэсіяй і запалам венгерскай музыкі. І, вядома ж, будуць бісоўкі, у якіх прагучаць любімыя публікай “Венгерскія танцы” Брамса. Канцэрт завершыцца сюрпрызам, пра які не будзем казаць, каб пакінуць інтрыгу.

— У якасці саліста будзе выступаць Максім Вянгераў. Вы калі-небудзь раней супрацоўнічалі з гэтым скрыпачом?

— Не, я працую з ім упершыню. Канцэрты гэтага скрыпача заўсёды праходзяць пры захопленых авацыях публікі. Думаю, у Мінску яго таксама чакае вялікі поспех. У Вянгерава выдатная школа, ён вучыўся ў Новасібірскай кансерваторыі ў славутага скрыпача і педагога Захара Брона. У 1990 годзе выйграў конкурс у Лондане, а ў 1995 уганараваны італьянскай прэміяй як выдатны малады музыкант. Прызначаны эмісарам ЮНІСЕФ, ён іграў для дзяцей Уганды, Гарлема, Тайланда і Косава. Вянгераў мае таксама званне ганаровага пасла культуры Ізраіля, з’яўляецца лаўрэатам прэмій “Грэмі”. У 1996-м ён перамог у намінацыі “Класічны альбом года”, а ў 2004-м як “Найлепшы інструментальны саліст з аркестрам”.

— Маэстра! Якія вашы планы на будучыню?

— Хочацца дажыць да наступнага юбілею і таксама адзначыць яго канцэртам на радзіме, у Беларусі. А на наступныя пяць гадоў ужо намечаны канцэртныя паездкі ў ЗША, Расію, выступы ў розных еўрапейскіх гарадах і, вядома, у роднай Беларусі.

Элеанора СКУРАТАВА

Фота прадастаўлена Аркадзем Берыным