Марыя Гулегіна: “Беларусь — мой родны дом”

№ 5 (1444) 01.02.2020 - 08.02.2020 г

У першы дзень лютага, пасля перапынку амаль у 30 гадоў, на сцэну Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь ізноў выйдзе Марыя Гулегіна — адна з найславуцейшых спявачак свету, найлепшая “Тоска” сучаснасці, і ўвогуле “найлепшае драматычнае сапрана”, як кажуць крытыкі. Яе параўноўваюць з самой Марыяй Калас. Марыя Гулегіна — заслужаная артыстка БССР, грамадзянка Беларусі.

Апошні раз у Мінску яна выступала ў 1992 годзе — на арганізаваным ёй жа дабрачынным канцэрце зорак сусветнай оперы для пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі. Прыязджала і ў 2002-м падчас правядзення “Дзіцячага Еўрабачання” ў якасці Пасла добрай волі ЮНІСЕФ, але не спявала. Сёння ў яе адбудзецца сольны канцэрт: у праграме — італьянская опера, першае аддзяленне плануецца цалкам прысвяціць музыцы Джузэпэ Вэрдзі, непераўзыдзенай выканаўцай якой і лічыцца спявачка. За дырыжорскім пультам — маэстра Альберта Веранэзі, з якім артыстка супрацоўнічае з даўніх часоў.

/i/content/pi/cult/783/16880/3_5.jpg

Марыя Гулегіна і Валянцін Елізар'еў

Сённяшнюю падзею можна назваць гістарычнай і доўгачаканай не толькі таму, што беларуская публіка зможа пачуць такую праслаўленую артыстку, якой даўно скарыліся ўсе лепшыя тэатры свету — ад міланскага “Ла Скала” да нью-йоркскага “Метраполітэн-опера” — але і таму, што менавіта ў Мінску на сцэне нашага Вялікага тэатра Марыя Гулегіна рабіла першыя крокі ў кар’еры і нават праз 30 гадоў, якія жыве і працуе ў Еўропе і Амерыцы, называе Беларусь родным домам. У Мінск маладая выпускніца Адэскай кансерваторыі трапіла ў 1983 годзе і трапіла невыпадкова — хацела працаваць з нашым праслаўленым дырыжорам, народным артыстам СССР Яраславам Вашчаком: пры кожнай нагодзе яна не стамляецца згадваць, як удзячна музыканту за навуку. Гэтак жа не забываецца дзякаваць народнай артыстцы СССР Святлане Данілюк, якая дапамагла і ў прафесіі, і ў кар’еры. У сярэдзіне 80-х кожны спектакль Гулегінай на мінскай сцэне меў розгалас — “Аіда”, “Дон Карлас”, “Яўгеній Анегін”, “Севільскі цырульнік”… Неўзабаве Марыя Гулегіна ўжо выходзіла і на сцэну “Ла Скала” — яе партнёрам быў сам Лучана Павароцці. А ў мінскім тэатры сітуацыя абвастрылася — панавалі яшчэ савецкія парадкі: пра драматычныя падзеі тых часоў нямала сказана і напісана. У выніку артыстка з усёй сям’ёй пераехала ў Германію — каб мець магчымасць выступаць і рабіць міжнародную кар’еру. Пра Беларусь ніколі не забывалася. І на прэс-канферэнцыі, зладжанай у Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі напярэдадні сённяшняга сольнага канцэрта, Марыя Агасаўна многа і з любоўю гаварыла пра нашу краіну і Мінск.

— Калі чалавек вырастае са свайго роднага дома, калі яго крылцы толькі пачынаюць умацоўвацца, яму хочацца паляцець далёка-далёка. А потым чалавек сталее і пачынае разумець, што вытокі свае ўсё роўна трэба памятаць. Канешне, я хачу сюды вяртацца, я хачу тут спяваць, хачу паказваць усё майстэрства, набытае за дзесяцігоддзі. Насамрэч, мне вельмі хочацца сюды прыязджаць.

Дарэчы, хоць і нарадзілася Марыя Гулегіна ў Адэсе, і па бацьку армянка, але, як зазначыла, у яе ёсць і “тры кроплі беларускай крыві”:

— Па матчынай лініі мае продкі — Міклашэвічы з Белавежскай пушчы. Так што я тут дома!

На прэс-канферэнцыі мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі, народны артыст СССР Валянцін Елізар’еў сказаў:

— Я марыў пра тое, каб Марыя праспявала ў нас не толькі канцэрт, але і спектакль. Вось пакуль толькі канцэрт, які, думаю, для ўсіх будзе ашаламляльнай падзеяй. Спадзяюся, што потым будуць і спектаклі.

Зараз артыстка жыве ў Люксембургу, які ёй нечым нагадвае Беларусь: і там яна можа гэтак жа паспяхова аддавацца сваёй страсці — збіраць грыбы. Гастрольны графік у Марыі Гулегінай, якая летась адзначыла 60-годдзе, насычаны і напружаны. У Мінск яна прыляцела з Сафіі, дзе бліскуча адыграла Тоску, праз тыдзень у яе Бухарэст — і сольны канцэрт, і опера “Турандот”, потым ізноў жа “Турандот” у Расіі ў Марыінскім тэатры, і гэтак далей — графік распісаны на гады. Магчыма, спраўдзяцца чаканні Валянціна Елізар’ева, якія супадаюць з жаданнем самой спявачкі, і мы яе ўбачым у Мінску не толькі з канцэртам, але і ў спектаклі.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ