Ноу-хау ў доме Коласа

№ 5 (1444) 01.02.2020 - 08.02.2020 г

Зусім нядаўна знакавая ўстанова Беларусі — Дзяржаўны літаратурны-мемарыяльны музей Якуба Коласа — адзначыла свой 60-гадовы юбілей. Пра юбілейныя ўрачыстасці, ІТ-тэхналогіі, аўдыёгіды, кітайскіх турыстаў, развіццё філіяла “Мікалаеўшчына” ды многае іншае “К” пагутарыла з сённяшнім дырэктарам музея Аляксандрам ХРАМЫМ.

/i/content/pi/cult/783/16874/6_1.jpg

— Аляксандр Васільевіч, адразу хачу павіншаваць вас і з новай пасадай, і з юбілеем установы. Не цяжка было амаль адразу пасля прызначэння на пасаду дырэктара планаваць юбілейныя мерапрыемствы?

— Дзякуй за віншаванні! Сапраўды, прызнаюся, было крыху цяжкавата. Але ж значную дапамогу па арганізацыі юбілейнага мерапрыемства мне аказалі самі супрацоўнікі музея Якуба Коласа. Таксама ў правядзенні свята нам дапамаглі міністэрствы культуры і інфармацыі. Так што ў нас у гэты дзень было даволі людна — прысутнічалі і прадстаўнікі пасольстваў, і кіраўнікі музеяў Беларусі, і родзічы Якуба Коласа і шмат-шмат гасцей.

— Здзівіць гасцей удалося?

— Думаю, што так. Скажам, выставай “Песняры зямлi беларускай. Мiцкевiчы: ад Адама да Канстанцiна”, зробленай сумесна з вядомым калекцыянерам Уладзiмiрам Лiхадзедавым. А яшчэ для нашых гасцей мы прадэманстравалі фільм на беларускай мове “Народны пясняр”, зняты Юрыем Тарычам. Гэтая стужка мала вядома шырокаму колу аматараў кінематаграфіі, — напрыклад, у архівах “Беларусьфільма” яго проста няма! — тым не менш, яна прыцягвае з першых хвілін прагляду. Мяркуецца, што калісьці сам Тарыч падарыў Якубу Коласу гэты фільм, які так і не выйшаў у шырокі эфір. Дарэчы, мы плануем зладзіць у музейных сценах тыдзень праглядаў сваіх фондавых фільмаў, прысвечаных класіку беларускай літаратуры.

— Новы кіраўнік — новае бачанне развіцця музейнай дзейнасці. З чаго пачалі працу на пасадзе? Можа, з нейкіх новаўвядзенняў?

— У прынцыпе, мяне вельмі, як ужо адзначаў, падтрымалі і падтрымліваюць супрацоўнікі музея Песняра. Так, мне адразу дапамаглі зразумець, у якім напрамку лепш рухацца, як вызначыцца са стратэгіяй развіцця ўстановы і гэтак далей. Гэта, паверце, неацэнная дапамога. Таму менавіта ў гэтым кірунку працуем і цяпер. Так, у лістападзе зладзілі традыцыйную, ужо 33-ю па ліку, навуковую канферэнцыю “Каласавіны”. Яна заўсёды праходзіла ў літаратурным рэчышчы, але, я спадзяюся, мы пашырым яе межы. Прынамсі, хацелася б запрасіць на канферэнцыю спецыялістаў у галіне аховы драўлянай гісторыка-культурнай спадчыны, бо, як вядома, у нас ёсць ва ўласнасці цэлы шэраг падобных старадаўніх аб’ектаў.

— Гэта больш справы творчыя. А што да матэрыяльнай базы музея? Ці змаглі да юбілею нешта абнавіць?

— Так, здолелі і, лічу, даволі няблага. Скажам, абнавілі парк камп’ютарнай тэхнікі, закупілі як з бюджэтных, так і пазабюджэтных сродкаў два серверы (скарыстаем іх, у першую чаргу, для алічбоўкі музейных фондаў). Таксама цяпер усталёўваем сучасную пажарную сігналізацыю. Акрамя таго, мяркуем размясціць у музейных сценах стэнд для продажу сувенірнай прадукцыі. Дарэчы, продаж сувеніраў за апошнія месяцы значна павялічыўся, і мы плануем пашыраць гэтую дзейнасць. Таму набываем для рэалізацыі розныя сувеніры, сочым за попытам, каб пазней працаваць з пакупнікамі ўжо наўпрост, без пасярэднікаў.

— Я ўжо на ўваходзе пабачыў і іншыя змены: напрыклад, гардэроб цяпер месціцца зусім не там, дзе раней…

— Так, бо ранейшы гардэроб быў калісьці гардэробам самога Якуба Коласа і сямейнікаў, таму вырашылі, што наведвальнікі будуць распранацца ў іншым месцы. Яшчэ адна навіна — увесь другі паверх музея цяпер цалкам мемарыяльны. Акрамя таго, днямі мы зрабілі рэбрэндынг музейнай сімволікі, распрацавалі новы лагатып, а таксама цягам мінулага месяца пры дапамозе Мінгарвыканкама размясцілі сваю рэкламу ў метро і наземным грамадскім транспарце. Вынік пабачылі літаральна адразу, бо за апошні час колькасць наведвальнікаў музея значна павялічылася.

— А ці будзе задзейнічаны падчас мерапрыемстваў музейны дворык? Калісьці менавіта ў ім ладзілася сумесная імпрэза музейшчыкаў з газетай “Культура”…

— Музейны двор будзе абавязкова задзейнічаны! Мяркуем там сёлета правесці і Масленіцу, і адзначыць Дзень закаханых, і зладзіць дзясяткі цікавых мерапрыемстваў. Так што заходзьце да нас часцей…

— Аляксандр Васільевіч, памятаю, што калі вы яшчэ працавалі ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, дык на Міжнародным форуме па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях TIBО з веданнем справы разважалі пра неабходнасць ІТ-тэхналогій у музейнай справе, расказвалі пра новыя тады QR-коды… Ці мяркуеце нешта рабіць у гэтым рэчышчы ў музеі Якуба Коласа?

— Ужо робім. Напрыклад, актыўна ствараем новы сайт апошняга пакалення, са зменнай геаметрычнай канфігурацыяй (у тым ліку, для віртуальных наведвальнікаў, якія завітваюць на сайт праз свой смартфон), прычым, на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай. У планах, да слова, і кітайская. Ва ўсіх магчымых сацыяльных сетках мы сёння ёсць, але, зразумела, варта пашыраць кола наведвальнікаў, у тым ліку, за кошт замежных гасцей.

— А ці можна будзе, скажам, на гэтым сайце замовіць квіткі ў музей?

— Пакуль што падобнай функцыі на сайце не будзе, бо не ўсё тут залежыць ад нас: як вядома, у Мінску продажам квіткоў займаецца некалькі арганізацый. Таму нам трэба спачатку дамовіцца з імі пра супрацоўніцтва. Разам з тым, на сайце плануем стварыць прыладу, дзякуючы якой можна будзе ў рэжыме анлайн замовіць групавую музейную экскурсію. Так што пэўныя ноу-хау ў нас на сайце абавязкова з’явяцца.

— А што з аўдыёгідамі? Ці можна, скажам, сёння ўзяць у музеі аўдыёгід з кітайскай мовай?

— Цяпер у нас ёсць аўдыёгіды на тых жа трох мовах, пра якія я згадваў, — беларускай, рускай, англійскай. І зноў такі, у планах — кітайская. Прычым, мне вельмі хацелася б, каб гэтую працу для нас зрабілі самі кітайцы і за свае грошы.

 — Чаму? Няўжо ў Беларусі не стае добрых перакладчыкаў з кітайскай мовы?

— З досведу працы ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь я ведаю, што, на жаль, перакладчыкамі не заўсёды робіцца пераклад на літаратурную кітайскую мову. Часам гэта можа быць і пераклад на адзін з дыялектаў кітайскай мовы, што выклікае пэўныя пытанні ў замежных гасцей. Таму, натуральна, у гэтай справе лепш перастрахавацца. А з кітайскімі турыстамі плануем, да слова, доўгатэрміновае супрацоўніцтва. Можам іх зацікавіць, да прыкладу, тым, што твор Якуба Коласа “Дрыгва” быў перакладзены на кітайскую яшчэ за савецкім часам, а таксама паездкамі ў наш філіял “Мікалаеўшчына”, бо турысты з Паднябеснай вельмі любяць аўтэнтыку. А ў нас там, у філіяле, як я ўжо згадваў, знаходзіцца даволі шмат аўтэнтычных драўляных пабудоў з адпаведным начыннем.

— Мабыць, гэта таксама ў вашым сённяшнім прыярытэце — больш актыўна задзейнічаць філіял “Мікалаеўшчына”, у які ўваходзяць Альбуць, Смольня, Акінчыцы і Ласток.

— Так, бо, на жаль, сёння гэтыя музейныя асяродкі функцыянуюць не так актыўна, як хацелася б, асабліва ў зімовы перыяд. Таму плануем ладзіць у філіяле розныя мерапрыемствы, зазываць туды турыстаў (балазе, непадалёк ад гэтых мясцін знаходзяцца Мірскі і Нясвіжскі замкі), паказваць ім беларускую драўляную аўтэнтыку ва ўсёй яе прыгажосці, зладзіць велавандроўкі па мясцінах, дзе жыў Якуб Колас... Праўда, спачатку ў філіяле трэба правесці дадатковыя рамонтныя работы. Скажам, дзе-нідзе перакрыць дах, замяніць пажарную сігналізацыю, сістэму грамаадводаў і гэтак далей. Працы ў гэтым кірунку, натуральна, хапае, як, мабыць, і кожнай музейнай установе, у якой ва ўласнасці ёсць старадаўнія драўляныя пабудовы.

— І апошняе пытанне. Наколькі я ведаю, наяўная музейная экспазіцыя даўно не абнаўлялася. Няма жадання папрацаваць над яе рэбрэндынгам, прычым, з улікам усіх найноўшых тэхналогій і распрацовак, якія сёння існуюць у музейнай справе?

— Так, па маім перакананні, сённяшняя экспазіцыя маральна састарэла. Таму вырашылі, са згоды родзічаў Якуба Коласа (з якімі ў мяне, дарэчы, цяпер наладжаны самыя цесныя кантакты), распачаць працу ў гэтым кірунку. Цягам бліжэйшых месяцаў зробім дызайн-праект для новай экспазіцыі, а пазней пачнём абнаўляць экспазіцыю ўжо ў рэальнасці. Таму гэты, 2020-ты год, будзе вельмі важны і для мяне, як для новага дырэктара ўстановы, так і для самога Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.