Шчорсы Храптовічаў: вяртанне ў часе і прасторы

№ 5 (1444) 01.02.2020 - 08.02.2020 г

23 студзеня ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася прэзентацыя выставачнага праекта “Вяртанне”, прысвечанага спадчыне графаў Храптовічаў — сядзібе ў Шчорсах Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Арганізатарамі праекта “Вяртанне” выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і сядзіба-музей “Шчорсы”, размешчаная на тэрыторыі колішняга маёнтка Храптовічаў. Акурат на сродкі ад дзейнасці сядзібы былі выкананыя прадстаўленыя на выставе копіі карцін, што некалі належалі роду Храптовічаў і захоўваліся ў Шчорсах, а сёння знаходзяцца ў Дзяржаўным музеі выяўленчага мастацтва імя А.С. Пушкіна ў Маскве.

Тут можна пабачыць жывапісную копію карціны Іагана Томаса ван Кеселя “Бяленне палатна пад Харлемам” 1675 года, а таксама сем лічбавых копій карцін вядомых еўрапейскіх мастакоў XVII — XVIII стагоддзяў, якія яшчэ чакаюць свайго аднаўлення ў жывапісе. Мэта праекта “Вяртанне” акурат палягае ў стварэнні копій і аднаўленні калекцыі жывапісу, якая захоўвалася ў Шчорсах да 1914 года.

/i/content/pi/cult/783/16873/4_2.jpg

Фальварак ХраптовічаўМураванка ля Шчорсаў

Лёс мастацкай калекцыі графаў

Калекцыянер і краязнавец Дзмітрый Шаўня, які выступіў ініцыятарам праекта “Вяртанне”, адзначае, што выраб прафесійнымі мастакамі жывапісных копій карцін на сёння з’яўляецца ці не адзіным спосабам вярнуць страчаную спадчыну Шчорсаў на радзіму. З мэтай росшуку жывапіснай калекцыі шляхецкіх родаў Храптовічаў і Буцянёвых, якія некалі валодалі маёнткам, краязнавец наведвае архівы, музеі, мясціны звязаныя з гісторыяй абедзвюх дынастый, стасуецца з іх нашчадкамі, якія жывуць далёка за межамі нашай краіны. Пошук карцін накіраваны перадусім на стварэнне іх копій, альбо выкуп тых палотнаў, якія захоўваюцца ў прыватных калекцыях — бо, на жаль, весці гаворку аб вяртанні твораў жывапісу, якія захоўваюцца ў дзяржаўных музеях за мяжой, пакуль маларэальна.

Падчас аднаго з візітаў у Маскву калекцыянер высветліў, што шэраг карцін, якія належалі Храптовічам, знаходзяцца ў Дзяржаўным музеі выяўленчага мастацтва імя Пушкіна. Чатыры карціны выстаўленыя ў асноўнай экспазіцыі, а яшчэ чатыры знаходзяцца ў сховішчы, сярод іх — партрэт графа Іахіма Храптовіча, які быў апошнім канцлерам Вялікага Княства Літоўскага.

Магнацкі род Храптовічаў быў адным з самых старажытных, славутых і ўплывовых на беларускіх землях цягам доўгіх стагоддзяў. Нядзіўна, што яго прадстаўнікам удалося сабраць вялікую і каштоўную калекцыю твораў мастацтва, якая захоўвалася ў маёнтку ў Шчорсах. З пачаткам Першай сусветнай вайны, з прычыны нямецкага наступу на тэрыторыі Беларусі, узнікла пагроза разрабавання калекцыі. Тагачасныя ўладальнікі Шчорсаў палічылі за лепшае вывезці творы мастацтва ў Маскву.

/i/content/pi/cult/783/16873/4_3.jpg

Гаспадарчы будынак сядзібы Храптовічаў у Шчорсах

Але неўзабаве распачалася Лютаўская рэвалюцыя. Каб лепш забяспечыць захаванасць калекцыі ў такі неспакойны час, гаспадары перадалі яе ў Румянцаўскі музей. А тут здарылася яшчэ адна рэвалюцыя —Кастрычніцкая, пасля якой усе зборы музея былі нацыяналізаваныя. Самі ўладальнікі шчорсаўскіх збораў былі вымушаныя эміграваць.

Даследчыкі падазраюць, што частку калекцыі жывапісу Храптовічаў, якая захоўвалася ў Румянцаўскім музеі і налічвала 25 палотнаў работы еўрапейскіх майстроў, савецкія ўлады распрадалі. Толькі восем палотнаў перадалі ў 1924 годзе ў музей імя Пушкіна, дзе яны захоўваюцца і сёння. Ёсць падазрэнне, што яшчэ адно палатно знаходзіцца ў Алма-Аце, другое — у Казані, а трэцяе можна знайсці ў Варшаве. Не выключана, што рэшту карцін таксама магчыма адшукаць у прыватных калекцыях, але дакладных звестак на гэты конт пакуль няма.

Ад царквы да маёнтка

Каб адчуць атмасферу месца, дзе зберагаліся і назапашваліся мастацкія скарбы Храптовічаў, накіроўваемся ў іх колішнія ўладанні. Акрамя ўласнай сядзібы, у Шчорсах Іахім Храптовіч у 1770-я гады фундаваў пабудову ў цэнтры мястэчка хрысціянскага храма — на той час уніяцкага. Будаваў яго славуты італьянскі дойлід Джузэпэ дэ Сака, будынак храма лічыцца помнікам пераходнага стылю ад барока да класіцызму.

/i/content/pi/cult/783/16873/4_1.jpg

Царква святога Дзмітрыя Салунскага

Сёння гэта праваслаўная царква, асвечаная ў гонар святога Дзмітрыя Салунскага, якая ўражвае сваім магутным і ўрачыстым выглядам. Краязнаўцы шкадуюць толькі аб тым, што будынак страціў сваю высокую вежу-званіцу — яна пацярпела ад абстрэлаў падчас Першай сусветнай вайны. Не менш цікавае відовішча ўяўляе ўнутранае ўбранства храма. Некалі тут знаходзіліся абразы пэндзля славутага італьянскага майстра Марчэла Бачарэлі, які, між іншага, аздабляў у свой час інтэр’еры Каралеўскага замка ў Варшаве.

Але і сёння ў шчорсаўскай царкве ёсць на што паглядзець — настаяцель айцец Дзмітрый звяртае ўвагу на харугву, што размешчаная ля іканастаса — яна паходзіць з ХІХ стагоддзя і мае на адваротным баку надпіс “Братство щорсовской церкви”. Яшчэ дзве харугвы, якія захоўваюцца побач, вядомыя па фотаздымках з 1930-х гадоў. А на адным з абразоў у цудоўным народным стылі можна бачыць подпіс мясцовага майстра — “Н. Серединский”. Адметна, што створаны абраз у 1954 годзе — у эру навуковага атэізму.

З царквы накіроўваемся ўласна да колішняй сядзібы Храптовічаў. Комплекс сядзібных будынкаў быў узведзены ў 1770-я гады еўрапейскімі архітэктарамі Джузэпэ дэ Сака, Карла Спампані і Якубам Габрыэлем. Маёнтак славіўся сваёй бібліятэкай і мастацкай калекцыяй, таму нездарма тут гасцявалі такія вядомыя творцы, як Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот — апошні нават пэўны час працаваў тут бібліятэкарам. А Міцкевіч менавіта тут ствараў свае знакамітыя творы — паэмы “Гражына” і “Конрад Валенрод”. Цікавы факт з найноўшай гісторыі сядзібы прыгадаў на адкрыцці выставы кінарэжысёр Уладзімір Арлоў: менавіта тут адбываліся з траўня 1994 па чэрвень 1995 года здымкі аднаго з першых беларускіх серыялаў пад назвай “Пракляты ўтульны дом”.

Сам графскі палац, на жаль, не захаваўся, а рэшта будынкаў, што дайшлі да нашага часу, знаходзяцца сёння ва ўласнасці Навагрудскага райвыканкама. Пабудовы не выкарыстоўваюцца, але з 2015 года вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі сядзібнага комплексу з акцэнтам на рамонт, кансервацыю і захаванне ацалелага. Ідуць пошукі новага ўласніка і інвестара, які надаў бы сядзібе ў Шчорсах другое жыццё. З дапамогай “Белрэстаўрацыі” быў вызначаны продажны кошт забудовы: 2,5 тысяч квадратных метраў памяшканняў на плошчы 32 га прадаюць за 50 тысяч рублёў, а парк мяркуюць перадаць у доўгатэрміновую арэнду. Тым не менш, на жаль, ужо восем аўкцыёнаў скончыліся безвынікова.

Прысмакі шчорсаўскай вяндлярні

Галоўны спецыяліст аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Наталля Жышко распавяла, што за два апошнія гады была праведзеная расчыстка фундаментаў шчорсаўскай сядзібы ад дрэваў, якая дапаможа прадухіліць пагрозу іх разбурэння. Захаваць падмуркі ў прымальным стане надзвычай важна, бо тады не выключаная і магчымасць аднаўлення страчанага будынку палаца. Таксама лясгас, валанцёры і сябры БРСМ расчысцілі тэрыторыю фальварку Храптовічаў Мураванка, які размешчаны непадалёк ад Шчорсаў — тут захаваліся старадаўнія гаспадарчыя пабудовы. Вялікую ролю ў добраўпарадкаванні сядзібы адыгрываюць валанцёры культурна-асветніцкага фонду “Шчорсы і Храптовічы”.

У планах — рамонт даху вяндлярні, яшчэ адной з адметных пабудоваў шчорсаўскай сядзібы. Для гэтага ўжо рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя, райвыканкамам выдзеленыя сродкі. Таксама пададзеная заяўка на стварэнне сумеснага польска-беларускага турыстычнага маршрута ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Звяртаючы ўвагу на вяндлярню Храптовічаў, у Шчорсах хочуць зладзіць гастранамічны фэст.

/i/content/pi/cult/783/16873/4_6.jpg

Наталля Жышко адзначае, што Навагрудскі раён налічвае 85 аб’ектаў у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў, з іх 55 архітэктурных, а два пункты дугі Струвэ адносяцца да спісу сусветнай спадчыны UNESCO. Гэта адзіны раён у Беларусі, на тэрыторыі якога часткова захаваліся два замкі — і абодва яны цяпер знаходзяцца ў працэсе рэстаўрацыі.

Што ж тычыцца нематэрыяльнай спадчыны — у Навагрудку нядаўна акурат адкрылася выстава, на якой была прадстаўленая кракаўская шопка — славутая польская батлейка, унесеная ў спіс сусветнай спадчыны UNESCO. Таксама адбыўся падвойны майстар-клас, падчас якога польскія майстры вучылі рабіць шопку, а беларускія — паказвалі сакрэты стварэння навагрудскай выцінанкі-набіванкі, традыцыйнага майстэрства выразання з паперы. Таксама могуць прэтэндаваць на ўваходжанне ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны танцы са стогадовай традыцыяй, якія дайшлі да нашых дзён — ацьмінаўская і масцішчанская кадрылі.

Карціны і кнігі ўзнаўляюць гісторыю

Мэта выставачнага праекта “Вяртанне” — падтрымаць рэканструкцыю сядзібы ў Шчорсах. Як знешне, так і па змесце: аднавіць і напоўніць былую бібліятэку і мастацкія калекцыі Храптовічаў, узнавіць маёнтак, парк — пакуль гэта магчыма зрабіць хаця б вобразна, сродкамі жывапісу. На выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы прадстаўленыя жывапісныя работы, эцюды, акварэльныя замалёўкі, створаныя ў выніку трох пленэраў, якія прайшлі ў сядзібе “Шчорсы”. Мастакі імкнуліся ўзнавіць аблічча палацава-паркавага комплексу і яго ваколіц у такім выглядзе, быццам іх не закрануў час.

Месца правядзення выставы невыпадковае: у экспазіцыі прадстаўленыя таксама два выданні з кніжных збораў Храптовічаў, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы. А ініцыятар праекта “Вяртанне” Дзмітрый Шаўня прадставіў увазе гасцей, што сабраліся на адкрыцці выставы, і трэці асобнік з уладальніцкім надпісам Храптовічаў.

Першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Даўгаполава распавяла, што ў 2009 годзе сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Украіны імя У.І. Вярнадскага пры падтрымцы UNESCO быў створаны дыск, які змяшчаў бібліяграфічны паказальнік і лічбавыя копіі тытульных аркушаў дзвюх тысяч асобнікаў кніг са збораў Храптовічаў, што захоўваюцца ва Украіне. Туды яны трапілі яшчэ напачатку ХХ стагоддзя, і не былі вернутыя ў Беларусь насуперак запавету ўладальнікаў і шматлікім спробам ды намаганням беларускага боку.

Сёння страчаная спадчына пакрысе вяртаецца ў Беларусь, хай сабе і толькі ў выглядзе копій. Так ці іначай, культурны набытак Храптовічаў робіцца даступным для ўсіх народаў. Цяпер варта звярнуць увагу на аднаўленне шчорсаўскіх муроў, якія бясспрэчна належаць нашым зямлі і народу.

Фота аўтара