Оперныя спакусы...

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

11 верасня адбыўся збор трупы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь: 16 верасня неўміручай “Аідай” Дж.Вердзі калектыў адкрывае свой 76-ты сезон. Але ўжо заўтра салісты і аркестр на чале з дырыжорам, заслужаным дзеячам мастацтваў краіны Мікалаем Калядкам дадуць канцэрт каля гарадской ратушы, складзены са святочнай танцавальна-аперэтачнай музыкі І.Штрауса, І.Кальмана, Ф.Легара.

Прыемныя сюрпрызы падрыхтаваны і ў першых спектаклях новага сезона.

17 верасня ў “Яўгеніі Анегіне” партыю нягеглага француза Трыке ўпершыню праспявае малады саліст Міхаіл Пузанаў (дарэчы, у канцы сезона публіка павінна ўбачыць новую пастаноўку гэтай оперы П.Чайкоўскага). Новы маладзёжны склад удзельнічае ў нацыянальнай класіцы — “Дзікім паляванні караля Стаха” Уладзіміра Солтана паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча. У канцы лістапада плануецца прэм’ера рахманінаўскага “Алека”. Пакуль жа артысты запрашаюцца на прымеркі сцэнічных строяў оперы Дж.Вердзі “Макбет”. А ў кабінеце мастацкага кіраўніка Беларускай оперы, заслужанага дзеяча мастацтваў краіны, кандыдата мастацтвазнаўства, прафесара Маргарыты Ізворска-Елізар’евай стаіць макет сцэнаграфіі будучага спектакля (мастак — Вячаслаў Окунеў).

— Прэм’еру оперы “Макбет”,— паведаміла Маргарыта Мікалаеўна,— мы прымяркоўваем да адкрыцця адноўленага будынка тэатра. Бо такі маштабны спектакль са шматварыятыўнай сцэнаграфіяй і разнастайнымі тэатральна-светлавымі эфектамі патрабуе не толькі майстэрства артыстаў, якое ў нашай моладзі ўжо напрацавана, але і адпаведнай тэхнічнай забяспечанасці сцэны. Гэтая шэкспіраўская тэма надзвычай актуальная: яна, на мой погляд, — пра вышэйшыя спакусы, паддаўшыся на якія нават неблагі чалавек пачынае страчваць свае лепшыя якасці. Я не ведаю іншай такой оперы ў сусветным рэпертуары, дзе былі б увасоблены не толькі чалавечыя памылкі, але і іх асэнсаванне. Вердзі выступае ў гэтым творы найвялікім псіхолагам. Ягоная лэдзі Макбет не столькі ўладарная жанчына, колькі — закаханая, і ўсе свае злачынствы яна робіць дзеля кахання, дзеля хуткага ўзыходжання свайго мужа да ўлады. А як нечакана вырашаны кампазітарам вядзьмаркі! У іх музыцы няма нічога непрыгожага, яны быццам сімвалізуюць тыя веды, якія мы раптоўна атрымліваем: ці гатовы мы да іх? Ці можам адэкватна ўспрыняць новую, нечаканую для сябе інфармацыю?

Іншымі словамі, гэта той спектакль, які пакліканы не забаўляць гледачоў адно відовішчам, а глыбінна закрануць іх душу, скіраваць да роздуму. Опера (як, дарэчы, і тэатр увогуле) — гэта адзін з найбольш дзейсных сродкаў выхавання. На жаль, традыцыі ўдумлівага ўспрыняцця гэтага жанру ў нас у чымсьці страчаны.

Але, спадзяёмся, з вяртаннем тэатра на адноўленую сцэну яны стануць больш трывалымі. За мяжой усе выказваюць жаданне працаваць з нашым калектывам і надалей, — падкрэсліваю, што нават у Італіі, славутай на свае спеўныя традыцыі, не так лёгка знайсці такіх прафесіяналаў, як нашы. Пэўна, трэба цяпер пераканаць у гэтым і нашу патрабавальную публіку.

 

...і экстрым

У той час, як частка трупы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь гастралявала летам на Канарах (гл. “К” № 35), другая частка артыстаў рушыла ў Германію для ўдзелу ў фестывалі “Маншау-класік-2008”.

— На гэтым фестывалі, — расказала вядучая салістка тэатра Ніна Шарубіна, — я была, у адрозненне ад многіх маіх калег, упершыню. І толькі цяпер, убачыўшы ўсё, як кажуць, на свае ўласныя вочы, змагла напоўніцу адчуць атмасферу опернага свята на адкрытым паветры. Надвор’е было халаднаватым, не надавалі ўтульнасці і горныя відарысы, але спектаклі насычаліся каларытам натуральных дэкарацый — таго ж напаўразбуранага будынка, на руінах якога ладзіўся спектакль “Набука”. Дый прымалі нас надзвычай горача — мы разоў па 25 выходзілі на паклон.

Не абышлося і без творчага “экстрыму”. Той жа “Севільскі цырульнік” Расіні ў нашым тэатры даўно ідзе з укаранелымі ў опернай практыцы купюрамі. А ў Германіі, як высветлілася, ставяць спектакль без усялякіх скарачэнняў. І нашаму хору давялося ўжо на месцы літаральна за некалькі дзён давучваць некалькі старонак нотнага тэксту. Арганізатары былі вельмі ўражаны, калі ўжо на наступны дзень усё гэта спявалася на памяць, прычым не па-руску, як у нашым тэатры, а па-італьянску, як у арыгінале. Але ж салісты ў “…цырульніку” былі пераважна замежныя. Як, дарэчы, і ў “Тосцы” Пучыні, дзе, апрача хору і аркестра, з нашых удзельнічалі толькі Сяргей Франкоўскі і Станіслаў Трыфанаў (адразу заўважу, што пастаноўка была мадэрновай — дзеянне перанесена ў часы з’яўлення фашызму ў Германіі, і, каб наблізіць рэаліі, выкарыстоўваліся сапраўднае адзенне і атрыбутыка тых гадоў: збіралі іх па ўсёй краіне). А вось “Набука” Вердзі і “Чыо-Чыо-сан” Пучыні ішлі цалкам з нашымі салістамі. І гэта дадаткова пераканала ў тым, наколькі нашаму тэатру патрэбны не толькі падобныя выезды, але і паўнавартасныя гастролі, якія могуць паказаць увесь багаты патэнцыял нашай трупы, разнастайнасць рэпертуару і многія іншыя здабыткі.


Надзея БУНЦЭВІЧ