Алені, лілеі і… фальшывыя асігнацыі

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

Амаль дэтэктыўная гісторыя пра Ніну Бохан — самабытную мастачку, якая малявала дываны і грошы.
Ніколі б не падумала, што здымак з чужога фотаальбома стане нагодай для журналісцкага даследавання даўжынёй амаль у дзевяць месяцаў. Асабіста для мяне самадзейная мастачка Ніна Бохан — сенсацыя. Практычна дэтэктыўная гісторыя пачалася вось з чаго. Аляксей Крукоўскі з Мінска, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, даслаў мне фота, зробленае падчас пазалеташняй экспедыцыі па Смаргоншчыне. На здымку — маляваны дыван, які ўдзельнікі экспедыцыі купілі ў Браніславы Шутовіч з Лісічына. Маляванка ўразіла самабытным, у нейкай ступені дзіцяча-наіўным “почыркам”, незвычайным сюжэтам і яркасцю фарбаў. Нічога падобнага я не бачыла.

Яшчэ адну маляванку этнографам перадала журналістка Святлана Станкевіч, шукальніца “скарбаў” даўніны, якая літаральна выцягнула яшчэ адных “аленяў” з-пад завалаў старой хаты ў Клочках. Знойдзены дыван аказаўся вельмі падобным да лісічынскага.

Боханіхін акоп

Пасля майго знаёмства з першай маляванкай прайшло месяцы чатыры. Аднойчы ў знаёмай швачкі Наталлі Трацяк я разглядала старыя фотаздымкі. Мяне зацікавіла фота, зробленае ў Санкт-Пецярбургу каля паўсотні гадоў таму. Сваякі Наталлі сфатаграфаваліся на фоне маляванага дывана. Гаспадыня ўзгадала, што на Смаргоншчыне таксама была самадзейная мастачка. Тады ўпершыню я пачула пра Боханіху — менавіта так называлі па-мясцоваму Ніну Бохан. У цяжкі пасляваенны час, здавалася б, усім было не да карцін. А жанчына хадзіла па вёсках і зарабляла на хлеб маляваннем. Людзі, хоць і жылі бедна, але шукалі спосабы ўпрыгожыць сваё жыллё.

/i/content/pi/cult/782/16868/14_1.jpg

 

 

Мастачка Ніна БОХАН. 50-я гады ХХ стагоддзя

Калі я расказала Аляксею Крукоўскаму пра здагадкі наконт аўтарства “аленяў”, ён зацікавіўся асобай Ніны Бохан і актыўна далучыўся да пошуку інфармацыі па-за межамі Смаргоншчыны.

“Я была яшчэ малой, але помню Нініны работы, у суседзяў мастачка размалявала дзверы і сцяну, а яе дываны былі практычна ў кожнай укропенскай хаце. Гэта маляванка з Лісічына падобная да тых, — удакладняе Наталля Трацяк. — Я помню, што на адной карціне маглі быць і возера з лебедзямі, і алені, і бярозы, і кветкі буйныя — ружы і лілеі. Маляванкі нагадвалі дзіцячы малюнак. Толькі вялікага памеру. Не пейзажы Шышкіна ці Левітана. Але ў сціплы хатні інтэр’ер яны цудоўна ўпісваліся”.

91-гадовая Вера Кабак, маці Наталлі Трацяк, расказвала, што Ніна з’явілася ва Укропенцы пасля вайны не адна — з братам і сёстрамі. Яны былі, як казалі, “бежанцамі”. Бацькоў не мелі. Жылля таксама. Хадзілі па людзях. Ніна малявала, старэйшая сястра і брат дапамагалі ёй. Дзе працавалі, там і жылі. У астатні час спыняліся ў лесе, паміж Чарнятамі і Укропенкай, у адной з зямлянак, дзе вайной хаваліся мясцовыя жыхары. Той акоп у народзе празвалі Боханіхін.

/i/content/pi/cult/782/16868/14_2.jpg

 

 

Лісічынскія “алені”

Пра родных мастачкі вядома няшмат. Яе старэйшая сястра Вольга пачала сустракацца з мясцовым хлопцам Ёзафам і зацяжарыла, нарадзіла дзяўчынку, але сям’і ў іх не атрымалася. Оля з дзіцём некуды з’ехала.

Толькі ў 80-х гадах ХХ стагоддзя малодшая сястра Вера знайшла Олю, якая жыла пад Ленінградам. Сёстры збіраліся пабачыцца, але, на жаль, Вольга раптоўна памерла.

Пётр, брат Ніны, сустрэўся ў аповедах толькі раз. Пляменніца паказала фотакартку, якую ў 1953 годзе Пётр падарыў Ніне, калі яны сустрэліся ў Іжы Вілейскага раёна.

Грошай не стае?

Смаргонец Міхаіл Бохан, 66-гадовы стрыечны пляменнік мастачкі, удакладняе: “Пасля вайны ў нас сапраўды было шмат бежанцаў. Неўраджай 1946 года прынёс страшэнны голад. Людзі хадзілі па хатах, прасілі есці.

/i/content/pi/cult/782/16868/14_3.jpg

Абраз Святой Кацярыны. Год прыкладна 1957

Боханы на Смаргоншчыну прыйшлі з Вілейскага раёна. Жылі ў вёсцы Пукелы (цяпер Засценкі). Бацька Ніны таксама быў мастаком. Ён вёў вандроўны лад жыцця. Я быў падлеткам, калі з мамай трапіў у царкву ў вёсцы Ручыца. Мама мне ўзгадала, што напачатку 40-х гадоў мінулага стагоддзя родны брат майго дзеда Сцяпан Бохан распісваў царкву. Мне казалі, што фрэскі і дагэтуль захаваліся”.

У сеціве фотаздымкаў з роспісамі Ручыцкай царквы я не знайшла. Паехала на Вілейшчыну, каб на свае вочы пабачыць, што захавалася. Фрэскі сапраўды ёсць. Высока пад столлю. Сцены святыні шмат разоў перабельвалі, але ні ў кога не паднялася рука поўнасцю знішчыць старыя роспісы. Вобразы святых выглядаюць, як аплікацыі на выбеленым фоне. На жаль, ні мясцовыя жыхары, ні святар, які ў Гануце служыць працяглы час, нічога не ведаюць пра аўтарства гэтых роспісаў.

Міхаіл Бохан з усіх дзяцей дзядзькі найбольш помніць Ніну. Яна нарадзілася ў 1917 годзе. Пасля вайны, зусім нядоўга, жыла ў смаргонскім Доме культуры, дзе ёй адвялі невялікі пакойчык. Афармляла наглядную агітацыю, афішы для кіно. Ездзіла да сваякоў у Чарняты і Укропенку, там малявала для мясцовых жыхароў.

/i/content/pi/cult/782/16868/14_4.jpg

Сялецкія паўліны на сцяне і на торбачцы, якую зрабіла Дзіяна Бранцэвіч

1947 год стаў трагічным у лёсе мастачкі. У Вільнюсе яе злавілі з падробнымі грашыма: сама намалявала. У міліцыю пра яе, быццам, данёс кавалер, калі ўбачыў, як Ніна капіруе асігнацыі. Свой тэрмін — сем гадоў — адбывала на Калыме, у Магадане.

Гісторыя з Нінай і падробнымі грашыма ператварылася ў народны жарт. Працяглы час людзі яе ўспаміналі прымоўем: не маеш грошай — ідзі да Боханіхі, хай намалюе.

Ніна вярнулася з Калымы на Смаргоншчыну ў 1954 годзе. Пасялілася ў Чарнятах — прытуліла жанчыну цётка Броня, удава па Нініным стрыечным браце.

/i/content/pi/cult/782/16868/14_5.jpg

 

Дыван з кветкамі

“Малявала Ніна вельмі шмат. У хляве ці пад паветкай. Розныя дываны з лебедзямі, аленямі, прыродай, кветкамі. Прадавала іх па вёсках і ў Смаргоні на кірмашы, — удакладняе Міхаіл Бохан. — Афармляла насценную агітацыю, плакаты з надпісамі тыпу “Дагонім, перагонім, пераможам”. Пісала па клетачках партрэты правадыроў — Леніна і Сталіна. Каб “карціна” была больш трывалай, аснову грунтавала растворам крухмалу ці зубнога парашку. Фарбы купляла ў Смаргоні. На вуліцы Кірава жыла Зязюля. Яна вазіла з Вільнюса фарбы — вельмі яркія, з гадамі зусім не бляклі”.

Той, хто бачыў, як працуе мастачка, гаварылі, што эскізаў яна не рабіла, трафарэтамі ніколі не карысталася. А малявала на ўсім, што людзі прапаноўвалі, — на старых “капах”, на дзіцячых коўдрах, цыраце, паперы, кардоне, на даматканай тканіне. Размалёўвала шафы, люстэркі, сцены.

У Чарнятах Ніна пражыла да канца 50-х гадоў, пакуль сын гаспадыні не ажаніўся. Адтуль яна накіравалася да малодшай сястры Веры ў Ленкаўшчыну Маладзечанскага раёна. Пасля гэтага Міхаіл бачыў цётку толькі аднойчы. Недзе напачатку 70-х гадоў ХХ стагоддзя яна заязджала ў госці. “Вельмі жвавая, стройная, голас нізкаваты, пастаўлены”, — такой запомніла мастачку жонка Міхаіла Аляксеевіча, якую, дарэчы, таксама завуць Ніна Бохан.

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара і Аляксея КРУКОЎСКАГА

Заканчэнне — у наступных нумарах "К".