Пякуцька Альбіна Васільеўна

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

Беларуская культура панесла цяжкую страту. Пайшла з жыцця прафесар кафедры харавога і вакальнага майстэрства ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдат педагагічных навук, прафесар Пякуцька Альбіна Васільеўна.

/i/content/pi/cult/782/16866/12_2.jpgАльбіна Пякуцька нарадзілася 31 кастрычніка 1940 года. У 1967 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А.В. Луначарскага па спецыяльнасці “харавое дырыжыраванне”. Ва ўстанове адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў” працавала з 1975 года. У перыяд з 1987 па 2003 год Альбіна Пякуцька кіравала кафедрай харавога дырыжыравання, з 2003 па 2019 год — кафедрай харавога і вакальнага мастацтва.

Глыбокае веданне класічнага і нацыянальнага рэпертуару, тонкая і ўдумлівая інтэрпрэтацыя музычных твораў, творчая энергія і высокае прафесійнае майстэрства спрыялі дасягненню ёю высокіх вынікаў у канцэртнай практыцы, выхаванні і навучанні маладых спецыялістаў.

За час сваёй педагагічнай дзейнасці Альбіна Пякуцька выхавала плеяду вучняў, якія працуюць выкладчыкамі ва ўстановах вышэйшай адукацыі, музычных школах, каледжах, кіраўнікамі творчых калектываў, рэгентамі і пеўчымі ў царкоўных хорах.

Альбіна Васільеўна з’яўляецца двойчы лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “За ўклад у выхаванне творчай моладзі” (у 1999 і 2012 гадах).

За творчую работу па прапагандзе і папулярызацыі духоўнай музыкі Альбіна Васільеўна двойчы ўзнагароджаная Беларускай Праваслаўнай Царквой Ордэнамі Святой Прападобнай Еўфрасінні Полацкай (у 2009 і 2011 гадах). Грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз музычных дзеячаў” Альбіна Пякуцька ўзнагароджаная нагрудным знакам “За ўклад у развіццё музычнага мастацтва” (2010 год).

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь смуткуе ў сувязі з гэтай цяжкай стратай і выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім Альбіны Васільеўны Пякуцька.

Светлая памяць аб Альбіне Васільеўне Пякуцька назаўжды застанецца ў нашых сэрцах.