Словы ўдзячнасці і смутку...

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

Тыдзень таму пайшла з жыцця знакаміты харавы дырыжор, заслужаны работнік адукацыі Беларусі, двойчы лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта нашай краіны, кандыдат педагагічных навук, прафесар Альбіна Пякуцька. Яе сыход — вялізная страта для ўсёй нацыянальнай культуры. Але з намі былі і застаюцца гонар за яе ўнёсак у развіццё харавой справы, памяць пра тыя адчуванні прыгажосці, радасці, свята, якія яна дарыла і сваім мастацтвам, і самой сваёй асобай.

Мне даводзілася не раз назіраць яе са сцэны, сутыкацца на рознага кшталту музычных мерапрыемствах і ў кулуарах, нават разам працаваць у журы. І заўсёды гэта быў суцэльны выбух пазітыву. Што ні здаралася б у жыцці, на публіцы яна заставалася артысткай у лепшым сэнсе гэтага слова: спагадлівая ўсмешка на твары, ззянне ў вачах, зацікаўленасць суразмоўцамі. А голас — сапраўдны званочак. Невыпадкова, што ўсе адразу прасілі яе заспяваць. І яна пагаджалася. Але ўмела імгненна ператварыць сваё сола ў зладжаны хор. Прычым атрымлівалася ўсё быццам само сабой. Яна спявала, усе былі ў захапленні і ад спеваў, і ад чароўнай жанчыны. Потым Альбіна Васільеўна неяк вельмі натуральна пачынала “дапамагаць” сабе рукамі, запрашальныя жэсты трансфармаваліся ў дырыжыраванне — і вось ужо спявалі ўсе прысутныя, адгукнуўшыся на яе энергетыку і запал. Пры гэтым, заўважце, ніякага ўціску, прымусу з яе боку — толькі добрая воля нечаканых “харыстаў”. Што ж тады казаць пра студэнтаў і калег! Яна іх, нягледзячы на сваё прозвішча, не “дапякала”, а рабіла аднадумцамі.

Памяць пра выдатнага педагога, хормайстра і кіраўніка застаецца ў сэрцах усіх, хто ведаў Альбіну Васільеўну. І найперш — па яе працы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, дзе яна працавала з моманту яго заснавання, апошнія 32 гады ўзначальваючы кафедру харавога і вакальнага мастацтва. Мы сабралі толькі маленечкую частку ўспамінаў, якія маглі б скласці суцэльную кнігу.

/i/content/pi/cult/782/16865/12_1.jpg

Міхаіл Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г.Цітовіча, народны артыст Беларусі, прафесар:

— Мы былі знаёмыя з ёй цягам 57 гадоў. Калі я паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, яна вучылася там ужо на трэцім курсе. З таго часу і працягваліся нашы стасункі. Яе любілі ўсе! За аптымізм, гатоўнасць дапамагчы, з кожным знайсці агульную мову. Яна магла б яшчэ доўга ўзначальваць кафедру, бо кіраваць — гэта было адным з яе жыццёвых прызванняў. Мне многа даводзіцца ездзіць па краіне, і ўсе, хто калісьці ў яе вучыўся ці ведаў, перадавалі ёй самыя шчырыя прывітанні і падзякі.

Аліна Корбут, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат педагагічных навук, дацэнт:

— Наша Альбіна Васільеўна і ўніверсітэт — паняцці непадзельныя. Яна падрыхтавала не дзясяткі і нават не сотні — тысячы высокапрафесійных хормайстраў, дырыжораў, педагогаў, музыкантаў-выканаўцаў. І яны працягваюць яе справу, таксама робяць свой унёсак у развіццё мастацтва, услаўляюць нашу краіну за яе межамі. Пад кіраўніцтвам Альбіны Васільеўны камерны хор духоўнай музыкі “Дабравест” і мужчынскі хор Vivat неаднаразова ўдзельнічалі ў найпрэстыжных конкурсах, фестывалях, іншых значных праектах у нас і ў іншых краінах свету, заўсёды прыцягвалі ўвагу публікі, спецыялістаў і, ва ўмовах творчага спаборніцтва, выходзілі пераможцамі. Невыпадкова яе дасягненні неаднаразова адзначаліся на самым вышэйшым узроўні. Яна была ўганаравана званнем заслужанага работніка адукацыі двойчы, у 1999-м і ў 2012-м, атрымлівала спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, была ўзнагароджана Ганаровым знакам Міністэрства культуры нашай краіны “За значны асабісты ўклад у развіццё беларускай культуры”, мела два ордэны Святой Вялебнай Еўфрасінні Полацкай — І і ІІ ступеняў. Яе добра ведалі ў Кітаі і ў 2007-м прысвоілі званне Ганаровага прафесара Дзяржаўнага перагагічнага ўніверсітэта горада Чжэнчжоу. Таму яе ўнёсак у развіццё школы акадэмічных харавых спеваў, у папулярызацыю харавога мастацтва ў нашай краіне і за яе межамі — безумоўна, неацэнны.

Віктар ЯЗЫКОВІЧ, прарэктар па навуковай рабоце, кандыдат філасофскіх навук, прафесар БДУКіМ:

— У яе была папраўдзе музычная душа. І асаблівы талент аб’ядноўваць людзей вакол сябе. Студэнты прыходзілі да яе самыя розныя, са сваімі “прыхамацямі”. А хор атрымліваўся — знітаваным калектывам. Бо навучала яна не толькі вакалу і дырыжыраванню, а ўменню жыць сумленна, быць мэтанакіраваным, ніколі не здавацца, арыентавацца на вечныя каштоўнасці, а не на зменлівую моду.

Тамара ВЕЛІШКЕВІЧ, загадчыца аспірантурай БДУКіМ:

— Яна заўжды клапацілася пра новыя пакаленні не толькі дырыжораў і выкладчыкаў, але і навукоўцаў. Запрашала на кафедру маладых педагогаў, якія нядаўна скончылі навучанне. Рыхтавала змену — і гэта правільна.

Ганна Нячай, загадчыца кафедрай харавога і вакальнага мастацтва БДУКіМ, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт:

— Для харавога мастацтва Альбіна Васільеўна — чалавек нешараговы. Гэта цэлая эпоха! Разам са сваім мужам, прафесарам Яўгенам Рэутовічам яны падрыхтавалі і выпусцілі больш за паўтысячы хормайстраў вышэйшай катэгорыі, якія працуюць цяпер ва ўсіх куточках Беларусі: у школах мастацтваў і іншых навучальных цэнтрах, у клубах, палацах культуры — у самых розных установах. Кафедра стала сапраўднай творчай лабараторыяй па падрыхтоўцы харавых кадраў. А колькі было зроблена яшчэ да яе з’яўлення! Пякуцька з Рэутовічам працавалі ў Педагагічным універсітэце імя Максіма Танка — тады гэта быў педінстытут, там быў факультэт культасветработы і там вучылі, у тым ліку, харавых дырыжораў. А калі ў 1975 годзе адкрылася наша навучальная ўстанова, тая кафедра ўвайшла ў яе склад. Прычым спачатку рыхтавалі акадэмічных і народных харавікоў адначасова, а пазней іх падзялілі, бо гэта ўсё ж розныя спецыяльнасці. Што ж да асабістага, дык я ведала Альбіну Васільеўну яшчэ з часоў майго студэнцтва. Яна была побач са мной на ўсіх этапах майго росту, прысутнічала на абароне дысертацыі. Заўсёды ўсім дапамагала, умела падбадзёрыць, натхніць, бо была вельмі “цёплым” чалавекам. Яна, калі можна так сказаць, “прарасла” ва ўсіх нас — сваёй асобай, стылем стасункаў. Мы заўжды звяралі з ёй, бы з камертонам, свае думкі і адчуванні: а як бы яна адрэагавала, як паступіла, што зрабіла б. І гэты стан захаваецца надоўга, бо яна і зараз з намі.

Валянціна Маеўская, прафесар кафедры:

— Студэнты яе не проста любілі — абагаўлялі. Імкнуліся чымсьці здзівіць, асабліва ў дні народзінаў. Аднойчы прынеслі для яе вялізную звязку паветраных шарыкаў. А яшчэ, памятаю, праклалі чырвоную дарожку ад дзвярэй універсітэта да шасэ, куды пад’ехаў лімузін. Усё было абстаўлена так, бы яна сусветная кіназорка. Валодаючы папраўдзе жалезным характарам, яна магла імгненна падрыхтаваць новую праграму — і зрабіць гэта на вышэйшым узроўні. Вы ведаеце, што такое згуртаваць вакол сябе хлопчыкаў? А яна магла. Ды яны закаханыя былі ў яе шалёную энергетыку! І потым станавіліся вельмі паспяховымі — дастаткова згадаць саліста Тэатра эстрады Яўгена Ермалковіча, саліста Вялікага тэатра Васіля Мінгалёва, Ілью Пакацілава, які жыве і працуе ў Амерыцы. А неяк я разгаварылася з урачом, і тая радасна: “Ды яна ж кіравала аматарскім хорам 3-й бальніцы. Мы на ўсіх аглядах перамагалі! Дагэтуль памятаем, як рэпеціравалі і сябравалі”.

Святлана Ярохіна, прафесар кафедры:

— Фарміруючы кафедру, яна арыентавалася не толькі на прафесійныя, але і на чалавечыя якасці выкладчыкаў. Бо ў яе быў талент да калектыўный творчасці і сутворчасці. Чалавек шырокай душы, яна была дыпламатам вышэйшай пробы: ніколі не сварыла людзей, не стварала ніякіх нязручнасцей, адразу гасіла ўсе непаразуменні.

Дзмітрый Купрыянюк, начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю:

— Найвялікшы педагог не толькі па сваёй спецыяльнасці, але і, для ўсіх і кожнага, па этыкету.

Юрый Іваноў, фотамастак:

— Калі я праводзіў сваю выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі і хацеў аздобіць яе адкрыццё музыкай, мне параілі звярнуцца да Альбіны Васільеўны. І калі я пачуў яе харавыя калектывы, прыйшоў у захапленне. А сама яна — выключнай душы чалавек і надзвычай прыгожая жанчына. Ва ўсіх адносінах!

 

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"