“Ой там, пад Шчадром…”

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

Загадкі і патэнцыял давыд- гарадоцкай карнавальнай традыцыі
Калядны карнавал “Конікі”, які праводзіцца на Шчодры вечар у Давыд-Гарадку, атрымаў нядаўна статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці (НКС) Беларусі. Толькі тут спраўляюць абрад, у якім асноўны персанаж — конь з вершнікам. Пра тое, колькі часу існуе такая традыцыя, гарадчукі спрачаюцца. А навукоўцы адназначна падкрэсліваюць: конь — татэмная жывёла ў славян, звязаная з культам сонца, што натуральна менавіта на Каляды, у пераломны перыяд года пасля зімовага сонцавароту.

А як у Еўропе?

І калі ў Давыд-Гарадку на кані вайсковец, то ў Польшчы гэта татарын са шматлікай світай і музыкамі: шэсце Лайконіка штогод з XIX стагоддзя адбываецца ў Кракаве, а з 2014 года яно ўключана ў Нацыянальны інвентар НКС Польшчы. Падобныя вобразы каня з вершнікам ёсць у карнавальных традыцыях Украіны, Румыніі, Венгрыі, Іспаніі і іншых краін Заходняй Еўропы.

Што да вершніка і хрысціянскай традыцыі шанавання святога Васіля 14 студзеня, наяўнасць у традыцыйным давыд-гарадоцкім абрадзе Дзеда Мароза (раней ён хадзіў без Снягуркі), то яе варта параўноўваць з вобразам Дзеда Мароза ў Грэцыі і на Кіпры, дзе шануецца свята Васіль Кесарыйскі Вялікі, падобны да святога Мікалая (Санта-Клауса). Дарэчы, у Грэцыі ставяць на Раство не ёлку, а сасну, там ёсць песенка, аналагічная вядомай нам “В лесу родилась ёлочка”. Што цікава — старажылы Давыд-Гарадка ўспамінаюць, што раней у іх таксама ставілі на Раство сасну (Ніна Іванаўна Галавач 1939 года нараджэння пацвердзіла гэта на Васілле 2020 года).

Што прадаваў Цыган

У Беларусі калядаванне і шчадраванне з Канём раней было распаўсюджана на Міншчыне і на Усходнім Палессі, дзе Каня або Кабылу вадзіў і прадаваў Цыган (часам на Усходнім Палессі ў якасці павадыра быў афіцэр і барыня), але ў Заходнім Палессі маску Каня з вершнікам можна было сустрэць часцей. Фалькларыст Васіль Ліцвінка, сам родам са Століншчыны, лічыў, што ваджэнне Казы і Каня — водгукі перасялення плямён і народаў. Ён узгадваў шчадроўку, якую чуў з маленства. Яна сведчыць, што вобраз вершніка трэба звязваць са святам Васілле 14 студзеня (некалі першы дзень новага года 1 студзеня).

/i/content/pi/cult/782/16864/11_1.jpg

Мой белы конь…

Навуковыя эксперты Таццяна Кухаронак і Таццяна Валодзіна, якія адстойвалі каштоўнасць давыд-гарадоцкага карнавалу як элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў, лічаць, што выява збройнага вершніка — найперш знак таго стану грамадства, дзе чалавек прафесійна займаўся вайсковай справай і меў уладу. Як і ў іншых індаеўрапейскіх міфалогіях, у беларусаў на кані ці на калясніцы ездзяць і некаторыя багі, перш за ўсё Пярун, бог навальніцы і маланкі, і самое сонца. Мае значэнне масць каня: ва ўсіх герояў ён белы — ад бога Свентавіта да княжацкага каня на гербе Пагоня. Гэта выяўляецца ў святах Юр’я, Сёмухі, Купалля. Усюды белы конь сімвалізуе святло.

Забаранялі, а цяпер ахоўваюць

Тэксты столінскіх шчадровак упамінаюць талер — срэбную манету, шырока распаўсюджаную ў Еўропе ў XVI — XIX стагоддзях (на некаторых чаканілі белага каня або вершніка на кані). Дык вось у адной са шчадровак гаворыцца, што за такую манету гаспадар хацеў прадаць свайго каня: “Ой, косю мой, косю, косю вараненькі, прадам цябе, косю, за талер драбненькі…” Дыялог з гаспадаром, у якім конь нагадвае, што верна служыў яму, прымушае яго не прадаваць каня: “Ой, косю мой косю, косю вараненькі, няхай прападае талер бяленькі! На талер драбненькі я не разжывуся. З табою, мой косю, я не разлучуся!” Безумоўна, што конь быў самай важнай гаспадарчай жывёлай на сялянскім падворку, і яго гаспадар цаніў больш за ўсё. Шчадроўка запісана Васілём Ліцвінкам у 1984 годзе ў Давыд-Гарадку. Дарэчы, Васіль Дзмітрыевіч сведчыў, што Конь з вершнікам (яздовым на мясцовай гаворцы) скакаў, затым падаў падчас абраду, яго “лячылі”, але падымаўся ён толькі пасля таго, як гаспадары адорвалі калядой. Больш выразна дыялог вершніка з канём перадае шчадроўка з Давыд-Гарадка, якую спявалі гаспадару або яго сыну (фанаграмы гарадоцкіх песень-калядак і шчадровак запісаны мной у 2009 годзе з захаваннем мясцовай гаворкі ад Соф’і Царык, якая нарадзілася ў 1938 годзе).

/i/content/pi/cult/782/16864/11_2.jpg

Вобраз Васілька на кані ў столінскай шчадроўцы ў пэўныя гістарычныя перыяды мяняўся і набываў характэрныя для гэтых перыядаў рысы — ваяра, князя, цыгана, казака, салдата. У наш час у Давыд-Гарадку можна ўбачыць вершніка ў шляпе з пяром і нават міліцыянера.

Сталяры і цесляры

Наяўнасць у Давыд-Гарадку разнастайных масак — ад традыцыйных вясковых з Конікам да сучасных сацыяльных, казачных і персанажаў мульцікаў — натуральная для гарадскога карнавалу, яна складалася на працягу ўсёй гісторыі горада. Перыяд, калі Давыд-Гарадок быў у складзе Вялікага Княства Літоўскага, стаў для яго плённым, пакінуў значныя сляды ў традыцыйнай культуры. З 1522 года ім валодала каралева Бона, якая заснавала тут традыцыю тонкага ткацтва — жаночы галаўны ўбор “галовачка” сведчыць пра гэта. У наш час касцюм гарадоцкай мяшчанкі прысутнічае ў калядным карнавале Давыд-Гарадка на Шчодры вечар. Бона Сфорца эканамічна ўмацавала горад, асадзіўшы тут яўрэяў з Заходняй Еўропы, развіла рамёствы. Яўрэі навучылі гарадчукоў прадпрымальніцтву. Калі зямля не магла пракарміць, дапамагалі рамесныя вырабы, мясцовыя лясныя промыслы, рыбалоўства, паляванне. Рачныя шляхі давалі магчымасць адвозіць на продаж мясныя, рыбныя і малочныя вырабы ў Заходнюю Еўропу.

Асаджаныя тут пленныя татары, ажаніўшыя з мясцовымі мяшчанкамі і сялянкамі, унеслі значны ўклад у развіццё рамёстваў, агародніцтва, заснавалі промысел ізвозу.

Касцюм Вясны не так проста ўключаны ў гурт шчадроўнікаў, ён адлюстроўвае жаночы промысел “веснуваты” — прадаваць насенне агародніны і кветак. А татарскія гурты конікаў — адны з лепшых на калядным карнавале ў наш час, уключаюць разнастайныя маскі і прадстаўнікоў усіх пакаленняў старажытнага роду Скабічоў, як яго тут называюць.

12 жаданняў

Менавіта на гарадзішчы раней збіраліся гарадоцкія “конікі”. Тут яны пачыналі і завяршалі свае абыходы хат на Шчодры вечар цікавым рытуалам, звесткі пра які данеслі студэнты Універсітэта культуры і мастацтваў свайму выкладчыку Пятру Гуду. Кожны “канец” вуліц Давыд-Гарадка, якія сыходзіліся ў цэнтры на гарадской плошчы, падобна промням сонца, збіраў свой гурт (іх назвы на мясцовай гаворцы — Болото, Комора, Осэлыца, Вугонь, Мэльнікі, Радзічы, Засцёлье, Каралін, Лоза, Сешка, Лужок, Кодак). Чалавек 15 маскіраваных на чале з Конікам — яздовым на кані, а разам з ім традыцыйныя маскі Дзеда і Бабы (сімвалы продкаў), Дзеда Мароза, Казла, Мядзведзя, Ваўка, Барана, Лісы, Зайца, Бусла з дзіцем-немаўляткам у дзюбе, Смерці з касой, Бабы-Ягі і іншых персанажаў (была нават маска Каровы), як толькі сцямнее і на небе з’явіццца першая зорка, абыходзілі падворкі і шчадравалі. А ў 12 ночы збіраліся на плошчы, дзе ўсімі кіраваў дзед Сурмач. Яго імя паходзіць ад назвы сігнальнага і музычнага інструмента — сурмы, якая вядома ў Беларусі як пастуховая труба, труба паляўнічага і вайскоўца-трубача. Так што традыцыя “конікаў” трубіць у рог, абвяшчаючы пра свой надыход, а таксама біць у барабаны ідзе ад вайсковай старажытнай практыкі. Дзед Сурмач абвяшчаў пачатак конкурсаў гуртоў конікаў і музыкаў — хто збярэ вакол сябе больш гараджан. Затым запальвалася вогнішча, і пераможцы абыходзілі яго тры разы, загадваючы 12 жаданняў пад гукі барабанаў і ражкоў.

Як захаваць традыцыю?

Калядны карнавал у Давыд-Гарадку стварылі на аснове сельскага абраду шчадравання жыхары горада і захавалі яго, пэўным чынам развілі ў адпаведнасці з гістарычнымі зменамі ў грамадстве, данеслі да нашага часу. Многія хлопцы і мужчыны іграюць на баянах, акардэонах, гармоніках, ёсць таленавітыя выканаўцы на бубне, турэцкім барабане. Шкада, што страчаны асноўны абрадавы сігнальны інструмент — дудка з каровінага рога або ражок, труба існуе ў адзінкавым экземпляры як латунная паляўнічая — яна перадаецца з пакалення ў пакаленне. Часам выкарыстоўваюцца непатрэбныя зараз піянерскія горны або купляюцца пластмасавыя дудкі і ражкі, якія выдаюць добры гук, але не адпавядаюць традыцыі.

Культработнікі заўсёды бачылі сваю ролю ў тым, каб наладзіць заключную частку святкавання Шчодрага вечара на плошчы, арганізуючы сцэнічныя формы. Аднак статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці вымушае працягваць менавіта народную традыцыю, не скажаючы яе. За час ваяўнічага атэізму і забароны на народныя абрады было страчана шмат калядных і шчадроўных песень, дыялогаў, сямейных традыцый, стала мала таленавітых спевакоў і музыкаў, танцораў, зніклі многія традыцыйныя народныя рамёствы. Натуральная іх пераемнасць немагчымая з-за таго, што людзі сёння жывуць больш ізалявана параўнальна з тым часам, калі суседзі збіраліся разам на попрадкі-вячоркі. Да таго ж, культработнікі арыентуюцца на сцэнічныя формы, не выкарыстоўваючы вялікі патэнцыял традыцыйнай культуры ў сваёй працы.

Неабходна стварэнне асобных праграм этнавыхавання і папулярызацыі калядных традыцый у дзіцячых садках і школах, у Доме культуры, музеі, бібліятэцы. На гэта скіроўвае Канвенцыя UNESCO 2003 года “Аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны”, выконваючы якую Беларусь складае свой Нацыянальны інвентар НКС. У дакументах столінскага райвыканкама, пададзеных у Міністэрства культуры, пералічваюцца пагрозы для існавання традыцыі, на якія ўказваюць старэйшыя гарадчукі, параўноўваючы сучасную традыцыю з тым, што яны памятаюць. Нягледзячы на тое, што гуртоў і разнастайных масак стала больш, некаторыя пачалі выкарыстоўваць купленыя маскі, што супярэчыць традыцыі, а некаторыя дзіцячыя гурты часам шчадруюць без Коніка. Не ўсе маскі абыгрываюцца.

Назіраецца камерцыялізацыя абраду, калі гаспадары выносяць толькі грошы, хоць па традыцыі трэба ну хоць бы сімвалічна вынесці калядныя мясныя і хлеба-булачныя вырабы ад свайго сямейнага шчодрага стала, цукеркі і садавіну — гэтым шчадравальнікі, сабраўшыся разам у той хаце, дзе апраналіся, падсілкуюцца пасля абыходаў. Абрад засявання дзецьмі на Васілле 14 студзеня спрошчаны да немагчымасці: “Са святам, дайце грошы!”

Я, безумоўна, утрырую, але хацелася б бачыць больш высокую культуру абраду праз выкананне шчадровак і дыялогаў, а таксама менш шуму на плошчы, які не мае дачынення да традыцыі. Усе еўрапейскія і сусветныя карнавалы рыхтуюцца на працягу года. І калі ўжо гарадоцкія “Конікі” ў нашым Нацыянальным інвентары прапісаліся як першы і адзіны гарадскі карнавал, што існуе на аснове традыцыі шчадравання з канём, то настаўнікам, краязнаўцам, культработнікам у гэты трэці Год малой радзімы трэба прыкласці ўсе намаганні, каб карнавал стаў прыкладам для іншых гарадоў нашай краіны.

Рэгіна ГАМЗОВІЧ, грамадскі эксперт у галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны

Фота Паўла КУНІЦКАГА