Адкрыццё фэсту адбудзецца ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры. 20—21 конкурсныя выступленні распачнуцца ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. Узнагароджанне пераможцаў і гала-канцэрт запланаваны на 22 лютага. Гродзенская епархія арганізуе на сваім партале онлайн-трансляцыю выступленняў.
“Каложскі Дабравест” на сёння — галоўны фестываль праваслаўных спеваў на постсавецкай прасторы. Удзельнікі свята прапануюць публіцы творчыя справаздачы ў спеўным мастацтве, якое цягам стагоддзяў захоўвае аўтэнтычнасць, не губляе актуальнасці і набліжае слухачоў да вечных жыццёвых ідэалаў.
Падчас фэсту кінатэатры горада запрашаюць на прагляд і абмеркаванне фільмаў праваслаўнай тэматыкі. У актавай зале царкоўна-парафіяльнага комплексу Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора адбудзецца вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песні. Музычнымі падарункамі для гарадзенцаў стануць вячэрнія канцэрты харавых калектываў.
Ала БЯЛЬКЕВІЧ, рэдактар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці