Рамонт у стылі мадэрн. Жывапісная гісторыя мінскага Свята-Петрапаўлаўскага сабора

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

Жоўтая царква, Кацярынінская царква, Свята-Петрапаўлаўскі сабор — так у розныя часы называўся адзін з самых старажытных мінскіх храмаў, які з’яўляецца адной з архітэктурных дамінант вуліцы Няміга. Будынак сабора — гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца пад абаронай дзяржавы. Ён узведзены пры Петрапаўлаўскiм мужчынскiм манастыры, узнiкненне якога датуецца 1611 годам, i на працягу ўсяго свайго iснавання адчуваў уплыў мастацкiх i культурных плыняў, што панавалі на беларускіх землях. Сёння тут вядуцца аднаўленчыя работы, але сярод гараджан існуе думка, што рэстаўратары, якія ўжо 17 гадоў працуюць у храме, толькі і робяць, што замінаюць людзям маліцца бясконцым пылам, шумам. А рыштаванні і наогул загароджваюць палову прасторы сабора...

Сучасная гісторыя старажытнага Свята-Петрапаўлаўскага сабора адлічваецца ад 7 снежня 1991 года, калі было праведзена першае набажэнства. У 1992 па запрашэнні настаяцеля сабора протаіерэя Георгія Латушкі групай мастакоў-рэстаўратараў творчай майстэрні “Басталія” распачалася праца па даследаванні і рэстаўрацыі роспісаў у інтэр’ерах сабора. Метадалагічны кантроль за ходам рэстаўрацыйных работ сталі выконваць спецыялісты Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Перад рэстаўратарамі ўзніклі пытанні: як захаваць прыгажосць і ўрачыстасць старажытнага храма, які выгляд павінен мець сабор, неаднаразова перайначаны за амаль што 400-гадовую гісторыю? І хаця фасад сабора i вонкавы выгляд значна не мяняліся, аднак жывапісная аздоба сцен і скляпенняў у інтэр’ерах абнаўлялася, адлюстроўваючы чарговую гістарычную падзею на Беларусі ці змену мастацкіх арыенціраў.

З сярэдзіны 70-х гадоў мінулага стагоддзя да 1992 года ўнутраная прастора храма была падзелена на чатыры паверхі і прыстасавана пад сховішчы Дзяржаўнага архiва навуковай дакументацыi. Пад слоем тынку i зафарбовак нельга было разгледзець тое багацце жывапiсу, якое сёння можа ўбачыць кожны. Зрэшты, сабор — унікальны помнік, якраз таму што тут адначасова можна назіраць узоры рознастылёвага манументальнага мастацтва XVII — ХХ стагоддзяў, у якім спалучыліся заходнія і ўсходнія плыні.

Фрэскавы роспіс інтэр’ераў канца ХVIII стагоддзя, а дакладней — перыяду 1793 — 95 гадоў, на погляд рэстаўратараў, — самы цэласны і ўрачысты слой жывапісу. У спалучэнні складанага архітэктурнага і расліннага арнаменту на скляпеннях цэнтральнай часткі храма, аздобленай акантамі і чаротавымі сцябламі, вызначаюцца тры авальныя карціны, напісаныя на столі: “Саваоф”, “Уваскрашэнне” і “Пакладанне ў труну”. Жывапіс гэтага часу выкананы ў зялёных стрыманых тонах, але багата ўбраны дэкорам. Фрагменты мастацкага вырашэння на сценах трэба аднесцi да перыяду класiцызму.

Звернемся да алейнага роспiсу другой паловы ХIХ стагоддзя, выкананага ва ўласцівай тагачаснаму мастацкаму светапогляду акадэмічнай манеры пісьма па ўзорах са сталiчных храмаў Расійскай iмперыi ў ружова-вохрыстых тонах. На сценах паміж фрызамі і пілонамі намаляваны шэсць карцін, на якіх адлюстравана зямное жыццё і подзвіг Ісуса Хрыста: “Шлюб у Кане Галілейскай”, “Наталенне народа пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі”, “Нагорнае казанне”, “Хрыстос і дзеці”, “Здрада Юды”, “Нясенне крыжа”. Паміж карцінамі на пілонах — выявы святых апосталаў.

Роспic ад пачатку ХХ стагоддзя да 1915 года адлюстроўвае новы этап у развiццi выяўленчага мастацтва — з’яўленне стылю мадэрн як расказвае творчы кіраўнік рэстаўрацыйных работ Хведар Сарока, у гэты час цалкам былі распiсаны скляпенні i сцены, выкананы жывапiс у алтарнай частцы, перамаляваны дэкор фрыза, што над капiтэлямi i на споднiх частках арак. Адноўлены сюжэтныя карцiны. На скляпеннях цэнтральнай часткі сабора з’явіліся выявы херувімаў і серафімаў на ружовым небе… На жаль, гэты жывапісны слой панёс вялікія страты і знаходзіўся ў аварыйным стане, што вельмі ўскладняла аднаўленчую працу мастацтвазнаўцаў і рэстаўратараў. Гэтаму “паспрыяла” і тое, што пэўны час да 1937 года царква была зачынена. Адноўленыя пад час Вялікай Айчыннай вайны набажэнствы спыніліся каля 1947 года. У 1940-х роспіс паднаўляўся. Жывапісная манера і кампазіцыйны строй мадэрна пачатку ХХ стагоддзя прынцыпова не мяняліся. Па-сучаснаму кажучы, у гэты час быў выкананы «жывапісны касметычны рамонт». Царква ў хуткім часе была зачынена амаль на паўстагоддзя, не дзіва, што алейны роспіс быў часткова страчаны, а захаваныя фрагменты знаходзіліся ў аварыйным стане...

Так здарылася, што мне самой пашчасціла прымаць удзел у рэстаўрацыйных работах у Свята-Петрапаўлаўскім саборы. Работа цікавая, але і вельмі складаная. Напрыклад, каб адкрыць слой фрэскавага роспісу, трэба вельмі асцярожна, пры дапамозе медыцынскага скальпеля, міліметр за міліметрам расчышчаць яго ад слаёў замалёвак і ператынковак. Праца займае шмат часу і сіл, але альтэрнатывы гэтаму спосабу сёння няма.

Зараз рэстаўратары завяршылі чарговы этап сваёй працы ў цэнтральнай наве, знялі рыштаванні і ўсталёўваюць іх у новым месцы — на хорах. Амаль усё, што можна было адкрыць, ужо ачышчана і замацавана, але бясконцы куродым ад свечак з’яўляецца першым ворагам рэстаўратараў: ужо праз некалькі месяцаў пасля заканчэння працы роспісы пачынаюць пакрывацца чорнай пацінай куродыму… Пакуль што гэтая праблема невырашальная. Магчыма з’явяцца новыя тэхналогіі да 2011-га, калі будзе адзначацца знамянальная дата ў жыцці храма — 400-годдзе з дня заснавання. Да яе рыхтуюцца святары, прыхаджане і, вядома, майстры-рэстаўратары.


Марыя САРОКА