“Каралеў я не іграла…”

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

“Знамянальна, што так супалі даты: 100 гадоў Купалаўскаму тэатру, 100 гадоў з дня нараджэння Галіны Макаравай, 110 гадоў з дня нараджэння Паўла Пекура. Пра гэта абавязкова трэба было згадаць”, — звярнуўся да публікі вядучы творчай вечарыны “Каралеў я не іграла” Аляксандр Падабед. Тэатр імя Я. Купалы ў свой юбілейны год распачаў новы цыкл “Легенды Купалаўскага тэатра”.

100-гадовы юбілей народнай артысткі Беларусі, народнай артысткі СССР Галіны Макаравай адзначаўся 27 снежня, у мінулым жа /i/content/pi/cult/782/16859/6_2.jpgгодзе было і 110 гадоў з дня нараджэння яе мужа Паўла Пекура, заслужанага артыста Беларусі — таксама легенды Купалаўскага, які працаваў у тэатры ажно з 1932 года. Вечар “Каралеў я не іграла”, прысвечаны славутай артыстцы, прайшоў 16 студзеня новага, 2020 года. На Камернай сцэне тэатра сабраліся і гледачы, што набылі білет, і акцёры, рэжысёры, супрацоўнікі тэатра. Сабраліся артысты старэйшага пакалення, якія працавалі і сябравалі з Галінай Макаравай, прыйшлі і маладзейшыя, што маглі пабачыць яе хіба што ў кіно ці на кадрах відэа.

— Людзі павінны збірацца і ўспамінаць, і мы сёння ўспамінаем не столькі саму актрысу, колькі пэўны прамежак часу, эпоху з жыцця Купалаўскага тэатра, якую немагчыма ўявіць без Галіны Макаравай ды іншых, каму мы яшчэ прысвяцім сустрэчы ў межах цыкла “Легенды…”, — кажа галоўны рэжысёр тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Пінігін. — Вось мая маці глядзіць тэлевізар: “Ой, такі геній памёр! І гэтага генія ўжо няма”. А я тых артыстаў практычна не ведаю, я іх не бачыў на сцэне. Яны куміры і героі маёй мамы, а не мае. Бо тэатральны артыст як матылёк — ён жыве ў сваім часе і са сваім часам сыходзіць. І таму вельмі каштоўна, што зусім маладыя людзі, зусім маладыя акцёры вось хаця б такім чынам могуць даведацца пра папярэднікаў, якія былі гонарам адыйшоўшай тэатральнай эпохі.

Ідэю адзначыць падобнай праграмай юбілей Галіны Макаравай тэатру падказала яе дачка Таццяна Касцюніна, якая шмат гадоўадпрацавала на тэлебачанні і якая не толькі клапатліва, але і актыўна захоўвае памяць пра сваіх бацькоў. Рэжысёрам праграмы стаў Дзмітрый Цішко:

— У мяне самога ёсць яскравы ўспамін з дзяцінства: як бачыў па тэлевізары які фільм з Галінай Кліменцьеўнай, то думаў, што гэта мая прабабуля — такое было падабенства. І толькі тады, калі ў якасці рэжысёра пачаў працаваць над праграмай, па-сапраўднаму даведаўся пра гэтага чалавека. Насамрэч, як неаднойчы гучала ва ўспамінах гасцей вечара, нельга сказаць, што яна іграла — яна жыла. І я нават не ўяўляў сапраўднай велічыні і маштабнасці гэтай артысткі. Цяпер шкадую, што мы зрабілі гэта на Камернай сцэне, — матэрыялу і цікавасці да гісторыі Галіны Макаравай хапіла б і на больш працяглую праграму.

Хоць і прысвячаўся вечар толькі Галіне Макаравай, але і пра Паўла Пекура было сказана нямала добрых слоў — пра яго інтэлігентнасць, мяккасць, пра іх клапатлівую сям’ю і пяшчотнае стаўленне адзін да аднаго.

/i/content/pi/cult/782/16859/7_1.jpgАднак легенд у той вечар у Камернай зале тэатра было нашмат болей — Галіна Кліменцьеўна на партрэце і на экране, а іншыя славутыя артысты старэйшага пакалення ўласнай персонай — прыгожыя, годныя, з пункта гледжання нашага хуткага і мітуслівага часу нават шляхетныя: менавіта яны дзяліліся ўспамінамі пра Галіну Макараву. Такая кампанія “вялікіх” сапраўды дазволіла хоць крыху наблізіцца да той эпохі Купалаўскага, якую мы, маладзейшыя, не заспелі. Я міжволі нават адзначыла, як натуральна, трохі не па-цяперашняму гучыць беларуская мова з вуснаў знаных артыстаў. Пералічыць хоць бы тых, хто выходзіў да мікрафона: народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, народны артыст Беларусі, народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, заслужаны артыст Беларусі Фама Варанецкі, народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валерый Анісенка, акцёр і драматург Аляксей Дудараў, у ролі вядучага — заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Падабед.

Канешне, не толькі жывым словам узгадвалі артыстку — на экране паказваліся ўрыўкі з фільмаў і спектакляў, можна было пабачыць маладыя і проста рэдкія фота Галіны Макаравай. Але афіцыёзу ўдалося пазбегнуць — атмасфера была па-хатняму ўтульнай. Быццам сабралася кампанія сяброў, кампанія калег і блізкіх людзей, каб з замілаваннем, з захапленнем, і нават з гумарам успомніць народную артыстку. А маладзейшыя няхай слухаюць, няхай ведаюць, якімі продкамі ім трэба ганарыцца.

На вечары пра Галіну Кліменцьеўну многа разоў успаміналі як пра “мамку” — менавіта такой яна была і для калег, і для ўсіх астатніх,/i/content/pi/cult/782/16859/7_2.jpg хто трапляў у поле яе зроку. Бадай што не так пра тэатральную геніяльнасць і акцёрскае майстэрства ішла гаворка, як пра чалавечыя якасці артысткі, якая ўсім была гатовая дапамагаць і ўсё магла аддаць іншым. Хаця ў самой яе лёс быў не просты, ды й да акцёрскай славы яна ішла доўга.

Дарэчы, многія лічылі Макараву “артысткай з народа” — так арганічна, так дакладна яна жыла жыццём сваіх гераінь. А насамрэч яна мела высакародныя карані: дзед быў свяшчэннікам, бацька — царскім афіцэрам, які служыў нават у стаўцы цара і ваяваў у арміі Дзянікіна, але ж вярнуўся ў Старобін да сям’і, дзе перажыў арышт, турму і пазбаўленне правоў. І юная Агата Чаховіч (а менавіта так звалі будучую артыстку), калі атрымлівала пашпарт, запісалася на маціна прозвішча Апанашчык. Галінай яна стала ўжо ў Мінску, а Макаравай — па першаму мужу-афіцэру, за якога выйшла замуж яшчэ да вайны і з’ехала з ім на Кольскі паўвостраў. З фронта той вярнуўся жывым — але не адзін, а з новай /i/content/pi/cult/782/16859/7_3.jpgжонкай. А Галіна Макарава з Масквы, дзе паспяхова прайшла пробы ў тэатр імя Вахтангава, вярнулася ў Мінск у свой родны Купалаўскі тэатр. Былы муж потым стаў партыйным начальнікам, і, меўшы ўладу, нават паўплываў на тое, каб іх сумесны з Галінай сын Эдуард, калі падрос, жыў у яго сям’і ў Маскве. Але ж усе канікулы хлопец праводзіў у Мінску. Эдуард потым таксама пайшоў па партыйнай лініі, нейкі час працаваў рэферэнтам у Міхаіла Гарбачова. Дарэчы, на святочную вечарыну ў Мінску прыехалі ўнукі і праўнукі артысткі і ад дачкі Таццяны ад брака з Паўлам Пекурам, і ад сына Эдуарда. Артыстычныя дарослыя ўнукі чыталі публіцы ўрыўкі з перапіскі Галіны Макаравай і Паўла Пекура, а кранальныя малыя праўнукі парадавалі музычнымі нумарамі і канчаткова стварылі атмасферу сямейнага свята.

Усім нам добра вядомы вобраз Галіны Макаравай, амаль усе пазнаюць актрысу ў твар. Але ж для большасці яна быццам заўсёды была толькі бабуляй — маладой мы яе і не памятаем. А яна ж была ў маладосці яшчэ якой! І энергічнай, і гарэзлівай, і спартыўнай — у родным Старобіне за звонкасць ёй нават далі мянушку Бубен. А хто, згадваючы артыстку па кінаролях, уявіць, што яшчэ ў 1937-м годзе яна стала чэмпіёнкай Беларусі па мотакросу, захаплялася конным спортам, кіданнем кап’я, лёгкай атлетыкай і гэтак далей. І на фотаздымках мы можам пабачыць прыгожую і, відавочна, гарэзлівую/i/content/pi/cult/782/16859/7_4.jpgдзяўчыну — зусім не “Усесаюзную бабулю”, як яе калісьці называлі. А ўсё чаму — бо ў кіно яна праславілася толькі ва ўзросце 57-мі гадоў, калі сыграла ў пранізлівым фільме “Вдовы” разам з актрысай Галінай Скарабагатавай. Дарэчы, фільм настолькі ўразіў Леаніда Брэжнева, што праз пэўны час у адным сваім дакладзе ён сказаў, што трэба больш клапаціцца пра ўдоваў тых, хто загінуў на вайне. І ўдовам падвысілі пенсіі ажно на пяць рублёў! Славутая карціна рэжысёра Сяргея Мікаэляна ўбачыла свет у 1976 годзе, але і раней у 70-я актрыса іграла ў кіно адразу бабулек, паважаных жанчын. І потым, зразумела, яе часта запрашалі сыграць менавіта “жанчыну з народа”. Несумненна, нават маладыя сучасныя гледачы пазнаюць актрысу — бо тэлеэкраны дагэтуль не пакідае кінахіт 1983 года “Белые росы”, Галіна Макарава іграла Матрону, зусім невялічкую ролю. У кіно ёй часта даставаліся такія.

Інакш было на тэатральнай сцэне — усе памятаюць, што славуты драматург Андрэй Макаёнак, здаралася, менавіта пад гэтую актрысу пісаў свае п’есы, напрыклад, “Лявоніхай на арбіце” для яго магла быць толькі Галіна Макарава. Зорная роля артысткі — у спектаклі “Трыбунал” па п’есе Макаёнка. Прысутныя на вечары маглі не толькі ўбачыць на экране ўрыўкі са спектакля, але і ўжывую паслухаць шматгадовага сцэнічнага мужа актрысы ў “Трыбунале” Генадзя Аўсяннікава. “Каралеў я не іграла, прынцэс не іграла” — казала Галіна Кліменцьеўна ў дакументальным фільме 1983 года. І так глядзіш на спіс яе роляў у тэатры — сапраўды: Маці, Старая, Карміліца, Цёця Каця, Дзятлічыха, Кабаніха, Квашня… Яе Ганна ў спектаклі “Вечар” пра трох старых у закінутай вёсцы па п’есе Аляксея Дударава потым пражыла і сцэнічнае жыццё ў фільме “Осенние сны”.

/i/content/pi/cult/782/16859/7_5.jpgІ як каштоўна, што жыццё “тэатральнага матылька” можна падоўжыць такімі вечарынамі, калі самое жыццё актрысы становіцца тэатральнай гісторыяй, калі яна сама — гераіня захапляльнай п’есы і не застаецца толькі вобразам на экране, а становіцца блізкай нам як жывы і вельмі добры чалавек, якім наш беларускі народ сапраўды можа ганарыцца. І слова “народ” у дадзеным кантэксце не гучыць занадта напышліва — бо яна была і артысткай народа, і народнай артысткай.

Тэатр плануе запіс праграмы “Каралеў я не іграла” выкласці на сайце тэатра, а я даю вам магчымасць пачуць частку тых гісторый і тых прызнанняў у любві да артысткі, якіх хапала на вечарыне. І вы паверыце, што словы пра “мамку” я пісала нездарма.

Заслужаны артыст Беларусі Фама Варанецкі:

“Калі, прыехаўшы з Масквы, дзе прагледзеў лепшыя маскоўскія спектаклі, я ўбачыў “Трыбунал” Купалаўскага тэатра, я проста закахаўся ў гэтага чалавека — таму што яна была сапраўднай, жывой, ад зямлі. Пасля даведаўся, што яна яшчэ і дрэвы саджае, і кветкі вырошчвае. І на гэтай падставе мы моцна пасябравалі. Яна была як старэйшая сястра, ці як мамка — у тэатры ўсе яе і называлі мамкай. Пра тэатр, дарэчы, яна не любіла байкі баяць, і ні ў якіх тусоўках тэатральных, як гэта бывае, ніколі не ўдзельнічала. Яна і Стэфанія Станюта. Як Валянцін Белахвосцік, што быў парторгам, казаў пра Станюту: “Яна не абшчэственны чалавек”. А я лічу, хто такі “абшчэственны” чалавек? Гэта той, які да ўсіх з дабром, як Галіна Кліменцьеўна”.

Генадзь Аўсяннікаў, народны артыст Беларусі, народны артыст СССР:

“З ёй немагчыма было схлусіць, яна ўсё рабіла па праўдзе. І яна была чалавекам, які любіў многа аддаваць. Успамінаю, прыехалі мы неяк позняй восенню на выязны спектакль. Як гэта звычайна ў калгасе — на адным пляцы клуб, магазін, сельсавет і помнік партызанам. І дзеці бегаюць вакол гэтага помніка. Проста на цэменце сядзіць хлопец гадоў пяці — без штаноў, у адной сарочцы. Астатнія на яго не звяртаюць увагі. Галіна як пабачыла гэтага хлопчыка: “А дзетачка ж ты мая, а чый ты такі!” — Дзеці кажуць, што нейкіх там п’яніц мясцовых. Яна за гэтага хлопчыка і ў магазін, купіла яму і штаны, і бацінкі, і куртачку з шапкай, і ўсё аднесла ў яго хату. Вось такі чалавек!”.

/i/content/pi/cult/782/16859/6_1.jpgЗінаіда Зубкова, народная артыстка Беларусі:

“Аднойчы яна мне расказала, як пазнаёмілася з Пекурам. Ён быў такі інтэлігент, а тут, маўляў, пабачыла, як той купляе жаночыя панчохі. А гэта ж пасляваенны час — і грошай не было, і наскоў, мабыць, таксама. Кажа: “Ён іх насіў-насіў, потым нажніцамі адразаў, падцягваў і зноў насіў. І так мне яго стала шкада!” А ў яе ж быў другі жаніх — Хацкевіч! І там была другая гісторыя! Не буду расказваць, што ды як, але яна аддала сваё сэрца Пекуру.

Людзей такой дабрыні, як яна, рэдка знойдзеш. Неяк — пакуль тэатр ездзіў па гастролях — яна здала кватэру цыркачам, і там жылі ліліпуты. Адзін з іх захварэў. Дык вось, і мы з гастроляў даўно вярнуліся, і сезон тэатральны ўжо пачалі, а ён там так і жыў, ляжаў хворанькі. І Галіна яго маленькага на ручках насіла ў ванну, карміла, лячыла, а як той паздаравеў, дык за свае грошы і адправіла туды, куды яму трэба было з наказам: “Каб толькі тэлеграму даслаў, што ўсё ў парадку!”. Ну хто акрамя яе так зробіць? Хоць у самой было цяжкае дзяцінства, і потым бывала вельмі цяжка, але яна ўся знутры свяцілася. Яна ж яшчэ такая “шкадлівая” была! У яе вачах і такое часам праскоквала. І ўсё гэта яна аддавала сваім ролям”.

Аляксей Дудараў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, драматург:

“Як хто, а я асабіста Галіну Кліменцьеўну як артыстку ніколі не ўспрымаў. Ёй дастаткова было выйсці на сцэну ўздыхнуць, кашлянуць, слоўца сказаць, а калі ўжо слязой капнуць — дык усё! Мяне адразу нейкая сіла хапала, закідвала ў маё дзяцінства — да бацькоў, да нашых суседзяў, у маю вёску. Гэта нейкі цуд! Гэта не акцёрства. Сказаць: “Ой, якая выдатная актрыса, геніяльная, таленавітая!..” — мне падаецца, гэта не пра Макараву.

А калі вызначыць для яе нейкае адно слова, то я абраў бы галоўнае — Мама, Маці. У гэтым слове ёсць усё — і строгасць, і іронія, і дабрыня... усе мы ведаем, што такое мама. Галіна Кліменцьеўна, я вас люблю, я вас памятаю, і я вам кланяюся!”

Марыя Захарэвіч, народная артыстка Беларусі:

“Найперш я хацела б адзначыць яе вялікі дар — безумоўна, ад Бога — дапамагаць іншым, прыносіць радасць іншым. Яна ніколі не была спінай да чалавека, якому патрэбная дапамога. Неяк я была ў вельмі складанай жыццёвай сітуацыі і мне не было дзе жыць. У адзін з дзён у тэатры да мяне падыйшлі Галіна Кліменцьеўна і Павел Аляксеевіч Пекур — цудоўны чалавек і акцёр, і прапанавалі мне пажыць у іх двухпакаёвай кватэры на плошчы Перамогі, з імі разам. Я была бясконца ўдзячная, сапраўды пажыла ў іх некаторы час і яшчэ больш пазнала іх дабрыню, цеплыню і шчодрасць — гэта тое самае, што ніколі ў жыцці не забудзецца. Пры гэтым Галіна Кліменцьеўна ніколі не гаварыла аб сваіх праблемах — ніколі! Але ведала чамусьці аб праблемах іншых”.

Валерый Анісенка, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, рэжысёр:

“У тэатры збіраліся ставіць вершаваную п’есу Мустая Карыма ў цудоўным перакладзе Уладзіміра Караткевіча. Галіна Кліменцьеўна рыхтавалася да ролі Маці і звярнулася да мяне, каб я папрактыкаваў яе ў рабоце з вершамі. А я, малады, па розных прычынах жыў тады ў тэатры ў бібліятэцы. Лета, шэсць гадзін раніцы, і раптам чую пад вокнамі гучнае: “Валерык!” І вось так кожную раніцу мы па дзве гадзіны хадзілі па скверы ці парку і рэпетавалі. І з таго часу я ведаю, бо бачыў сваімі вачыма, як усё даецца. Калі мне гавораць — у яе інтуіцыя, талент! — Не! Я быў сведкам, якая гэта вялікая ўнутраная работа, і як няпроста ўсё давалася, і як многа яна думала, спрабавала — менавіта працавала. Праз некалькі тыдняў на рэпетыцыях быў цуд — яна абсалютна валодала вершаванай формай, больш за тое — гэта было так насычана знутры, так разумна, так мудра! Сустрэчы з такімі людзьмі потым вызначаюць і твой шлях, і менавіта яны вызначаюць свой час”.

На фота: Галіна Макарава ў спектаклі “Лявоніха на арбіце”, 1961 г., Галіна Макарава, 1939 г.,  Галіна Макарава і Павел Пекур у спектаклі “Маладая гвардыя”, 1947 г., Галіна Макарава і Генадзь Аўсяннікаў у спектаклі “Паўлінка”, 1980 г., Галіна Макарава і Павел Пекур з дачкой Таццянай. 1951 г.. На творчай вечарыне “Каралеў я не іграла” 16 студзеня 2020 года, ля мікрафона Зінаіда Зубкова (Фота Дзмітрыя Кужалькова)