Праект #UNOVIS100

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

Выстава Лазара Хідэкеля “Нас зразумеюць праз сто гадоў” у Нацыянальным мастацкім музеі, міжнародная навуковая канферэнцыя ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва — далёка не поўны пералік грандыёзных мерапрыемстваў, якія чакаюць нас у год стагоддзя сусветнавядомага авангардысцкага аб’яднання. Пра пачатак святкавання значнай даты разам з партнёрамі абвясціла кампанія А1, зладзіўшы паказ дакументальнай стужкі “УНОВИС” Яўгена Сяцько ў Voka Cinema і анансаваўшы адмысловы праект #UNOVIS100.

На вялікую навуковую канферэнцыю, што распачнецца напярэдадні знакавага дня абвяшчэння УНОВИСА 14 лютага, прыедуць нашчадкі сусветнавядомых мастакоў — Лазара Хідэкеля, Эль Лісіцкага, слынныя мастацтвазнаўцы.

— У прыватнасці, запрошаны Дзмітрый Гутаў, вядомы расійскі мастак і тэарэтык мастацтва, — паведаміў дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва і Музея гісторыі Віцебскага народнага вучылішча Андрэй Духоўнікаў. — Запланаваны і візіт куратара з Van Abbemuseum з Эйндховена Віллема Яна Рэндэрса (арт-інстытуцыя, вядомая ў свеце вялікай калекцыяй Эль Лісіцкага — Д.А.), іншых адмыслоўцаў…

У Мінску тым часам 15 лютага адкрыецца вялікая выстава аднаго з выбітных вучняў Казіміра Малевіча — супрэматычнага архітэктара і наватара Лазара Хідэкеля, стваральніка нябесных і экалагічных гарадоў. Дзякуючы падтрымцы A1, у сталіцу Беларусі з Нью-Ёрка будуць дастаўлены каля 100 арыгінальных твораў мастака, а таксама дакументы з архіваў сям’і, датычныя аб’яднання УНОВИС. Будуць на адкрыцці выставы і самі спадкаемцы: сын сусветнавядомага архітэктара Марк Хідэкель, жонка Марка — Рэгіна Хідэкель, іх сын — Раман Хідэкель.

Стваральнікі праекта #UNOVIS100 прапануюць гледачу “ўвайсці ў тэму”: ужо з гэтага тыдня фільм “УНОВИС” Яўгена Сяцько, што распавядае пра гісторыю нараджэння авангардысцкага аб’яднання ў Віцебску, яго мастацкі феномен, можна бяcплатна паглядзець на сайце voka.tv напрацягу цэлага года.

#UNOVIS100 рэалізуецца пры падтрымцы Цэнтра беларуска-яўрэўскай культурнай спадчыны сумесна з Музеем гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча і кампаніяй A1.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"