Памятаем!

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

Мне даводзілася сутыкацца з тым, што маладыя і адносна маладыя людзі — мае суграмадзяне, для якіх Вялікая Айчынная ўжо даволі далёкая гісторыя, з цяжкасцю ўсведамляюць жахі акупацыйнага рэжыму на беларускай зямлі. У іх проста ў галаве не ўкладваецца, што такое ўвогуле магло быць, што людзі маглі так абыходзіцца з людзьмі.

/i/content/pi/cult/782/16852/2_3.jpgЗлачынствы акупантаў успрымаюцца як вар’яцтвы; як нешта не адпавядаючае маральнаму досведу і ментальнасці нармальнага чалавека. Аднак, было… І быў у Беларусі сярод іншых жахаў Халакост — татальнае знішчэнне нашых землякоў за тое, што яны яўрэі.

Памяці ахвяр Халакосту прысвечана персанальная выстава мастака Юрыя Крупянкова “Старонкі памяці. Маё мястэчка”, што праходзіць у галерэі “Універсітэт культуры”. Гэта своесаблівая мастацкая хроніка даваеннага беларускага мястэчка, дзе з часоў існавання “рысы аседласці” яўрэйская прысутнасць была даволі выразнай. У экспазіцыі прадстаўлены партрэты жыхароў мястэчка за характэрнымі заняткамі, а таксама сюжэтныя сцэны, у якіх адлюстраваны побыт і звычаі гэтых людзей. Кантрастам жыццярадаснаму настрою прадстаўленых карцін паўстаюць сцэны трагедыі, што адбылася з нашымі землякамі ў часе вайны. Мяркуючы па стылістыцы твораў гэтай часткі экспазіцыі, аўтар творча пераасэнсоўваў спадчыну Міхаіла Савіцкага. Можна нават гаварыць пра вызначальны ўплыў мэтра беларускага жывапісу на стылістыку і вобразны лад твораў Юрыя Крупянкова.

У цэнтры экспазіцыі стаіць сямісвечнік з шыльдаў, на якой пазначана колькасць знішчаных нацыстамі ў часе Другой сусветнай вайны яўрэяў і надпіс “Памятаем”. Так, памятаем. І сама гэта выстава ёсць адбітак нашай памяці.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"