Рывок з нізкага старту

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

Да 95-годдзя беларускага кіно
Пасля “Чырвонага лісця” вядучы майстар “Беларусьфільма” Корш-Саблін бярэцца за экранізацыю эпапеі Якуба Коласа “На ростанях”. І адразу трапляе ў драматургічную пастку: проза класіка, скажам шчыра, статычная, з мінімумам дыялогаў. А памкненні сцэнарыстаў Максіма Лужаніна — дарэчы, у мінулым сакратара Коласа — і ўжо дасведчанага Аркадзя Куляшова надаць падзеям кінематаграфічны рух і займальнасць сустрэлі папрокі ў “адыходзе ад першакрыніцы”.

(Працяг. Пачатак у №№ 43 — 51 2019-га, № 2 2020-га.)

Школа Корша

Канешне ж, млявая неакрэсленасць літаратурнай асновы (хай і зробленай паводле знакамітага твора) урэшце далася ў знакі. Пра фільм крытыка пісала:

“Установка на величавость, авантюрная пристройка видоизменили стиль романа”.

“Из кадра в кадр переходит прямолинейный деятель с “железной сдержанностью”.

І яшчэ пра галоўнага героя:“…функция в схеме”.

Але я тады мала рупіўся пра адзнакі крытыкі: мяне вабіў сам працэс стварэння фільма! Дылогія “Першыя выпрабаванні” стала працягам маёй “школы Корша”: пасля 1-га курса рэжфака я працаваў на фільме ўжо ў статусе “асістэнта-практыканта”. Разам са мной праходзілі тую ж навуку таленавітыя Валянцін Вінаградаў, Валерый Рыбараў і рана спачылы Коля Калінін.

/i/content/pi/cult/781/16848/15_1.jpg

Рабочы момант: аператар Андрэй Булінскі, Уладзімір Арлоў (стаіць) і Уладзімір Корш-Саблін

Наша чацвёрка з гэтай рэжысёрскай групы дапоўніла спіс прозвішчаў з групы “Чырвонае лісце”: Ніна Савва, Валерый Рубінчык і я. У дадатак, рэжысёрам-дакументалістам стаў Рычард Ясінскі, які таксама працаваў з майстрам. Адсюль выснова: Корш беспамылкова браў да сябе ў памочнікі толькі тых, хто хацеў стаць рэжысёрамі — і стаў!

І яшчэ. Звярніце ўвагу на фота рабочага моманту: Корш, Булінскі і я — усе ў гальштуках. Корш, магу сцвярджаць, быў моднікам. Ён нават на выбар натуры выязджаў у светлым касцюме. Тое самае тычылася і аператара Андрэя Булінскага.

Майстры нас не павучалі, а сваім прыкладам паказвалі, як трэба адчуваць сябе пры стварэнні фільма. Гэта быў наступны клас кінашколы, нашых універсітэтаў.

У “Першых выпрабаваннях” Корш заняў пяць маладых акцёраў, трое з якіх толькі што скончылі ВГИК: Наташа Кусцінская, Лена Карнілава, Эдуард Ізотаў. Але далей іх жыццёвы і творчы лёс складзецца неяк нязграбна.

Затое сапраўдным адкрыццём стала таленавітае пераўвасабленне Мікалая Яроменкі: вясковы настаўнік-піяка, які адыходзіць ад паплечнікаў, апускаецца ў побыце. На жаль, акцёру больш не давядзецца іграць вострахарактарных, “несімпатычных” персанажаў: яго ў далейшым зацыклілі на ролях міністраў ды генералаў — усе ў мундзірах, капялюшах, пры гальштуках.

Але “лёгкую руку” на адкрыццё талентаў Корш не страціў: ён запрасіў пісаць музыку маладога тады Яўгена Глебава. З той карціны кампазітар пачаў адлік сваіх кінапрацаў — агулам іх болей за сорак.

Потым ён узгадваў:

— Корш нервуецца: “Тут у Чайкоўскага ігралі б трубы!” Я ў адказ: “А ў нас будуць віяланчэлі”. І Корш згаджаўся.

З тае карціны мы з Жэнем вялі адлік нашага сяброўства: сорак гадоў!

За не надта паспяховай экранізацыяй эпапеі Коласа па законе коршавай церазпалосіцы павінен ісці яго ўдалы фільм. Так яно і адбудзецца! Але пра гэта пазней.

Не вышэй за сярэдні ўзровень

Тым часам, на студыі, якая ўсё яшчэ туліцца ў Чырвоным касцёле, новыя фільмы здымаюць франтавікі. Рычард Віктараў, які заўсёды абапіраецца на кіёчак пасля атрыманага яшчэ юнаком ранення, выпускае “Наперадзе круты паварот”. Іосіф Шульман і Георгій Удавенкаў — вясковую драму “Строгая жанчына”. Мікалай Фігуроўскі — “Веснавыя навальніцы”.

Затым Шульман урэшце запускаецца і з карцінай на “сваю” тэму — “Чалавек не здаецца” — пра выратаванне ў вайну сцяга дывізіі.

Але трэба прызнаць: карціны гэтыя не ўзняліся хоць крыху вышэй за сярэдні ўзровень. Хаця экраны ўжо запаўнялі савецкія кінашэдэўры: “41-шы”, “Балада пра салдата”, “Ляцяць жураўлі”, “Чыстае неба”, “Чалавек нарадзіўся”.

Невысокая якасць прадукцыі — перш за ўсё, праз банальнасць драматургіі.

Такой жа невыразнай атрымалася і драма “Дзень, калі спаўняецца трыццаць год”. Але варта адзначыць, што яна адкрыла імя незвычайнага рэжысёра: Валянцін Вінаградаў. Яму выпадзе зняць на “Беларусьфільме” стужкі спрэчныя, супярэчлівыя, з прыкметным уплывам тагачаснай моды ў сусветным кінематографе: мы ж тады “ўзахлёб” глядзелі на закрытых паказах блытаны твор “Летась у Марыенбадзе” Алена Рэнэ, нуднавата-напружаныя загадкі Антаніёні, з першага прагляду малаўцямны “8 1/2” Феліні…

Для маладых летуценнікаў

І вось, напачатку 60-х беларускі кінематограф скаланулі тры падзеі, і адбыліся яны амаль адначасова.

Першая. Вытворчасць мастацкіх карцін перамясцілася ў новы кінастудыйны комплекс на праспекце, які тады яшчэ насіў імя Сталіна, а потым шмат разоў мяняў назву — у будынак № 98.

Другая. На новую кінастудыю прыбыў вялікі атрад таленавітай моладзі, якая прагнула рэалізацыі: рэжысёры, акцёры, аператары, мастакі — усе са спецыяльнай кінаадукацыяй. Рэжысёры, канешне ж, прывядуць з сабой сцэнарыстаў свайго пакалення — з новымі думкамі і падыходамі.

І трэцяя. Абноўленую студыю ўзначаліў дасведчаны арганізатар, былы дырэктар Віцебскага драмтэатра Іосіф Дорскі.

Ён зрабіў галоўнае: усіх забяспечыў працай. Раздаў маладым рэжысёрам 2 — 3-часткавыя навелы з гісторыі камсамола — маўляў, тварыце, паказвайце сябе! Альманах называўся “Апавяданні пра юнацтва”.

З чатырох аўтараў навел двое неўзабаве будуць праслаўляць студыю ўжо поўнаметражнымі карцінамі: Віктар Тураў і Барыс Сцяпанаў.

У цітрах з’явіліся прозвішчы, якія замільгацяць і ў шмат якіх наступных нашых фільмах: аператары Анатоль Забалоцкі і Ігар Рамішэўскі, мастакі Яўген Ігнацьеў і Уладзімір Дзяменцьеў.

Услед — яшчэ адзін альманах “Маленькія летуценнікі” і проста асобныя навелы: дэбюты, “спробы пяра”. Ужо знаёмыя імёны: Тураў, Забалоцкі, Глебаў… Але з’яўляюцца і новыя: Ігар Дабралюбаў, Віталь Чацверыкоў, Леанід Мартынок, сцэнарыст Генадзь Шпалікаў, аператары Юрый Марухін і Юрый Цвяткоў.

Увага, чараўнік!

Леў Голуб працягваў распрацоўваць дзіцячую тэму ў сваёй традыцыйнай манеры: “Вуліца малодшага сына”, “Пушчык едзе ў Прагу”, “Анюціна дарога”, “Паланэз Агінскага”.

Але на “Беларусьфільме” з’яўляецца яшчэ адзін аўтар, які таксама прагне здымаць дзіцячыя фільмы — толькі ўжо фільмы-казкі. Я некалі на “Ленфільме” бачыў шыльдачку на дзвярах здымачнай групы: “Тамбу-ламбу”, рэжыссёр Уладзімір Бычкоў”. Гэтая карціна — яго паспяховы дыплом, таму ў Мінску яму адразу ж даверылі поўнаметражны фільм “Увага! У горадзе чараўнік”.

У ім Бычкоў па-майстэрску і з фантазіяй спалучаў існаванне “несімпатычных” персанажаў з імі ж, але ператворанымі ў лялькі. Тым жа прыёмам ён скарыстаецца праз 20 гадоў у сваім апошнім фільме “Палёт у краіну пачвараў”, дзе я сыграў брыдкага шпега — і, натуральна, ператвараўся ў ляльку.

/i/content/pi/cult/781/16848/15_4.jpgУслед за “Чараўніком” Уладзімір Сяргеевіч экранізуе папулярную п’есу-казку Тамары Габэ “Горад майстроў”. Карціну паглядзелі, здаецца, усе дзеці СССР. Прэса ажно заходзілася ад захапленняў. У Бычкова — карт-бланш для выбару наступнага сцэнарыя. І ён зробіць найлепшы, бліскучы выбар!

Толькі вось гэтая праца асудзіць і яго, і паплечнікаў, ды і ўсю студыю на няшчасце.

Браты па фільме і па жыцці

Дырэктар студыі Іосіф Дорскі пра гэта не дазнаецца: у 1964-м загіне ў аўтакатастрофе. Колькім выдатным творцам ён паспеў даць пляцоўку для старту!

Глыбокі сцэнарый “Апошні хлеб” Вадзіма Труніна — ён жа аўтар “Беларускага вакзала”, — і першы поўнаметражны фільм Барыса Сцяпанава: упэўненая дакладная рэжысура, вынаходлівая праца аператараў Забалоцкага і Марухіна, кранальныя пераўвасабленні акцёраў!

Але на двары — 63-ці год: правал эканамічных кіданняў імпульсіўнага генсека Хрушчова. Краіна закупае зерне ў Амерыцы — а тут крамола ўжо ў самой назве! Цікавы і сёння фільм ацанілі па самай нізкай катэгорыі ды пусцілі нейкім пятым экранам па фабрычных клубах.

Наступная карціна Сцяпанава — прафесійна на прыступку вышэй: экранізацыя шчырай наватарскай прозы Васіля Быкава “Альпійская балада”. На экране зліты непадзельны дуэт: Станіслаў Любшын і наша Люба Румянцава. Прызы, дыпломы, узнагароды фестываляў атрымлівае і фільм, і актрыса, і аператар Анатоль Забалоцкі.

/i/content/pi/cult/781/16848/15_3.jpg

Сцяпанаў пашырае межы творчасці і бярэцца за гісторыка-біяграфічны матэрыял “Я, Францыск Скарына” па моцным сцэнарыі

 Садковіча. У галоўнай ролі яшчэ мала каму вядомы Алег Янкоўскі. Ёсць сцэна, дзе ён разам з братам — па экране і па жыцці, — з нашым Расціславам Янкоўскім, які граў Івана Скарыну. Гэта два будучыя народныя артысты СССР. Унікальны выпадак у гісторыі кіношнага радства!  Міколы 

Загрузнуць у побытавай драме

Ігар Дабралюбаў адвучыўся ва ўніверсітэце, але праз любоў да мастацтва 

/i/content/pi/cult/781/16848/15_2.jpg

пайшоў у акцёры ТЮГа, а затым скончыў ВГИК. Пасля дэбютнай 2-часткавай навелы “Мост” ён упэўнена стварае карціну “Іду шукаць” — пра перыпетыі стварэння першых ракет. На адрас іх канструктара ідуць паклёпы, абвінавачванні ў наўмысна няўдалых стартах. У ролю вельмі добра ўжыўся Георгій Жжонаў: сыграў пранікнёна, стрымана. Што такое рэпрэсіі, ён добра ведаў па жыцці.

Вучань Міхаіла Рома Дабралюбаў заняў годнае месца ў нашым кіно. У 68-м выходзіць яго “Іван Макаравіч”: хлопчык-сірата ў вайну працуе ў тыле на такарным станку. Гэты фільм Дабралюбава — яго лепшы ў тым дзесяцігоддзі, ён быў абсыпаны ўзнагародамі, узнесены прэсай. Наступны трыумф будзе не вельмі хутка — праз 15 гадоў, “Белыя росы”.

А вось наступныя пасля “Івана Макаравіча” працы — “Крокі па зямлі”, “Шчаслівы чалавек” — не сталі вяхой у творчасці рэжысёра: бляклыя нецікавыя сцэнарыі, адарваныя ад рэаліяў Беларусі, спрэс маскоўская акцёрская абсада…

Такімі ж шараговымі выглядаюць і наступныя карціны Іосіфа Шульмана: ён аніяк не можа выбрацца з нуднага неакрэсленага жанру “побытавая драма”. Вось, напрыклад, экранізацыя рамана Івана Шамякіна “Крыніцы”: ва ўспамінах герояў тэма вайны, асцярожнае, як заўсёды ў гэтага пісьменніка, асуджэнне былых недахопаў сістэмы, блякла прапісаныя характары…

Услед ідзе кволы, зусім незаймальны дэтэктыў “Чужое імя”. Ізноў рэхам тэма вайны — на тое ж і “Партызанфільм”. Далей — маркотная судовая жуйка “І ніхто іншы”. Усё адарвана ад Беларусі, у ролях спрэс масквічы ці прыбалты. Гэтаксама будзе і ў наступнай стужцы Іосіфа Абрамавіча “Неспадзяванае каханне”: сцэнарныя схемы, іграюцца сітуацыі, а не характары. У рэцэнзіях — спагадлівае заахвочвальнае пахлопванне па плячы ветэрана вайны і кіно.

І тут ізноў на поўную моц падаў голас мэтр…

Фота з архіва аўтара і з Сеціва

Працяг — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр