Калі згушчаецца туман

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

“О! Сёння, аказваецца, канцэрт, — вымавіў мужычок у бруднаватай ватоўцы. — Жонцы скажу, трэба было б схадзіць”. І так і не прадставіўшыся, сеў на ровар і “пачасаў” кудысьці ўдалячынь. “Сапраўды, канцэрт”, — зірнуў я на афішу. Потым яшчэ раз услед незнаёмцу, пачухаў патыліцу і адчыніў уваходныя дзверы ў культуру аграгарадка Абольцы.

У пошуку змены

Пры беглым аглядзе знутры і звонку манументальнага будынка, дзе размяшчаюцца Аболецкі дом фальклору і Аболецкая бібліятэка-філіял Талачынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, я ўспомніў аб тым, пра што не раз мне казалі работнікі “культурнага фронту” краіны, — маўляў, дадатковае фінансаванне гэтай галіны не перашкодзіць.

/i/content/pi/cult/781/16846/11_2.jpg

У гэтым манументальным будынку і знаходзіцца Дом фальклору

— Так, напэўна, прыйшоў час для рамонту будынка, у якім мы знаходзімся, — уступае ў дыялог са мной дырэктар Дома Лілія Аўласенка. — Стан яго не аўральны, але дзе-нідзе ён працякае, а зімой у кабінетах холадна.

/i/content/pi/cult/781/16846/12_3.jpg

Лілія Аўласенка

І вось гэтыя “з аднаго боку” / “з іншага боку” на працягу нашай гутаркі мелі месца часта. Да прыкладу: з апаратурай у АДФ усё гладка — і для агучкі залы яе хапае, і для выязных мерапрыемстваў. А касцюмы для народнага фальклорнага калектыву “Суседзі” шыюцца і перашываюцца сіламі яго артыстаў.

— Улады аб праблемах, вядома ж, ведаюць, вырашаюць іх, як могуць, — працягвае мая суразмоўніца. — Натуральна, яны ў курсе, чым творча дыхае ўстанова. Адзначаюць яе ўзнагародамі і “ставят на вид” — асабліва дастаецца, калі на мерапрыемствы, што праводзяцца намі, збіраецца мала публікі. І адгаворкі, — а дзе яе ўзяць? — не ратуюць. Зрэшты, скардзіцца на нешта я не маю звычкі. Лепш адзначу людзей, якія займаюцца ў нашых фарміраваннях. Тых жа ўдзельнікаў “Суседзяў”, што “паднялі” пятнаццаць старадаўніх танцаў — дзевяць з іх ужо зафіксавана на відэа. (З адроджаных асаблівай увагі заслугоўвае крыўлянская кадрыля — вельмі складаны танец.) Такім жа чынам аднаўляем старадаўнія песні, распаўсюджаныя ў нашым рэгіёне.

Прыблізна каля ста абрадаў можа прадэманстраваць гэты калектыў! У ходзе этна-экспедыцый ім сабраны і найбагацейшы аўтэнтычны матэрыял, што складаецца з прадметаў вясковага ўжытку, запісаныя характэрныя толькі для гэтага краю прыказкі, прымаўкі, гульні, якія не захоўваюцца мёртвым грузам у летапісах, а абавязкова выкарыстоўваюцца ў розных імпрэзах.

— Моладзь бы яшчэ падцягнуць да народнай творчасці, — пераходзіць да набалелага дырэктар. — Мы стараемся, шукаем і знаходзім тых, каму неабыякавыя беларускія традыцыі, але такіх замала. І ў якія рукі іх тады перадаваць? Юныя разумеюць, што размова з імі ідзе пра вельмі важныя рэчы, краевугольныя ў маштабе краіны. Аднак, на жаль, не так шмат жадаючых быць сярод тых, хто захоўвае і прасоўвае каранёвую культуру. Тое ж самае тычыцца і маладых спецыялістаў. Пакуль у нас патрэбы ў іх няма — цяперашнія нашы супрацоўнікі знаходзяцца ў самым росквіце творчых сіл, але надыдзе час і неабходнасць у прытоку новых кадраў паўстане. Ад сваіх калегаў ведаю, што з папаўненнем цяпер цяжка — і едуць неахвотна, і з’язджаюць хутка, і да кваліфікацыі ёсць пытанні. Таму часам і задумваюся аб пераемнасці пакаленняў. Выклікае некаторы неспакой і будучыня Дома фальклору наогул. Яна ж наўпрост залежыць ад таго, якая складзецца ў аграгарадку дэмаграфічная сітуацыя.

Цяпер дзевяць аб’яднанняў функцыянуюць у АДФ. Спакойная душа Ліліі Леанідаўны, перш за ўсё, яшчэ за гурткі харавога і сольнага спеваў — там і спадчыну продкаў берагуць, і сучасным эстрадным павевам не чужыя. Адзначае яна і дарослы тэатр мініяцюр, у рэпертуары якога ёсць сцэнкі, заснаваныя на тутэйшым каларыце. У аматарскім клубе “Сударушка” людзі пенсійнага ўзросту абмяркоўваюць хатнія справы, рэцэпты, займаюцца вырабам папяровых кветак, бісерапляценнем і іншымі дэкаратыўна-прыкладнымі мастацтвамі.

Усім чытаць Брэдберы!

Юрыст па адукацыі Ганна Піхцерава ўзначальвае Аболецкую бібліятэку-філіял два гады.

/i/content/pi/cult/781/16846/11_1.jpg

Ганна Піхцерава. Фота з архіва бібліятэкі

— Абставіны склаліся так, што я апынулася на гэтай пасадзе, — тлумачыць яна. — І як цяпер разумею, тыя ж разборкі ў судах — гэта было не маё. А тут — у пастаянным кантакце з людзьмі — пакуль дакладна адчуваю сябе на сваім месцы. Праўда, чытачы розныя трапляюцца. Адных проста не разумею — навошта яны бяруць кніжкі. Пытаюся ў такога школьніка: “І што ты “вынес” з твора?” Маўчыць, лыпае вачыма, паціскае плячыма. За кампанію з сябрамі прыходзіў. Другі ж, захлёбваючыся, пераказвае засвоенае.

Дарэчы, Ганна Аляксандраўна нават праводзіць спецыяльныя мерапрыемствы для юных наведвальнікаў, на якіх яны дзеляцца з аднагодкамі ўражаннямі ад прачытаных кніг, раяць ці не раяць ім той ці іншы твор. Аднак у цэлым, адзначае бібліятэкар, падлеткі без асаблівага энтузіязму адгукаюцца на прапанаваныя акцыі. Так, ёсць актыўныя хлапчукі і дзяўчынкі, якім усё цікава, але ў масе сваёй яны інэртныя. Сёння іх “бог” — інтэрнэт, а не кніга.

— З чытаннем беларускай літаратуры справы ідуць па-рознаму, — кажа спадарыня Піхцерава. — А каб ішлі лепш, мы рэгулярна праводзім імпрэзы, накіраваныя на папулярызацыю айчыннай літаратуры, беларускай мовы, нашых аўтараў. Зараз, дапусцім, сталі шмат браць Караткевіча. Адна бабуля, упершыню прачытаўшы “Каласы пад сярпом тваім”, сказала мне: “Вельмі захапляльна!” Ёсць жанчына, якая з’яўляецца заўзятай прыхільніцай творчасці Мікалая Чаргінца.

Ганна Піхцерава згодная з тым, што сёння пальма першынства належыць электроннай кнізе. Але ў смерць папяровай яна не верыць, падзяляючы меркаванне, што чалавецтва ніколі не адмовіцца ад яе — хаця б з-за жадання захаваць сябе. Бо, калі, не дай Бог, здарыцца глабальная катастрофа, людзі пазбавяцца штучнага святла, энергія зарадных прылад з часам вычарпаецца, кніга і будзе той крыніцай ведаў, выкарыстоўваючы якія магчыма наладзіць на Зямлі жыццё, у тым ліку жыццё культурнае. Ну а ўсім тым, хто адмаўляецца ад наогул якога-небудзь чытання, бібліятэкар раіць усё ж напружыцца і прачытаць раман Рэя Брэдберы “451 градус па Фарынгейце”, дзе апісана грамадства, што пазбавілася кніг.

А падзялілася сваім меркаваннем пра культуру аграгарадка выкладчыца беларускай мовы і літаратуры ў мясцовай школе Наталля Фядзюк. Вядзе яна ў ёй і фальклорны гурток, члены якога выступаюць і на мерапрыемствах, што праводзяцца АДФ. “Я не стала б вінаваціць агулам усіх дзяцей, — маўляў, ім справы няма да мінулага нашай краіны, да яе традыцый, культуры, — кажа педагог. — У нашы дні — дні спакус — патрэбныя вялікія намаганні, каб здолець прышчапіць ім вечнае. Нельга махаць адразу рукой, бачачы, што яны не хочуць чуць. Да ўсіх можна знайсці падыход, нават да тых, каму гаджэты, здавалася б, замянілі ўсё і ўся. У маім гуртку не замянілі: у падлеткаў і на іх час ёсць, і ёсць натуральная цяга да ўсяго таго, што звязана з беларускай спадчынай”.

Каментарый Наталлі ФЯДЗЮК:

/i/content/pi/cult/781/16846/11_4.jpg

 

Наталля Фядзюк

— Мне здаецца, вакол Дома фальклору і ў яго сценах ужо склалася групоўка людзей, якім цікава ўсё, што адбываецца ва ўстанове. Таму выдумляй нешта новае, не выдумляй, калі для кагосьці з жыхароў аграгарадка песні, танцы, народныя мастацтвы — пусты гук, то ніякімі пернікамі іх у Дом не прывабіць. І з бібліятэкай сітуацыя падобная: тыя, каму вельмі важна мець зносіны з “жывой” кнігай, ніколі ад яе не адмовяцца. Але, я лічу, хай будуць і яе камп’ютарныя заменнікі — абы людзі чыталі. А наогул, думаю, аўдыторыі бібліятэкі і Дома фальклору шмат у чым адны і тыя ж.

Нягледзячы на аптымізм Наталлі Віктараўны, пытанні пераемнасці пакаленняў у народнай творчасці, малой цікавасці да яго ў моладзі, узроўня падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў у галіне культуры ўсё роўна нікуды не знікаюць. Іншы раз паглядзіш па тэлевізары — накшталт усё з танцавальнай і песеннай спадчынай у нас у парадку. А прыгледзішся — усяго толькі з дзясятак такіх калектываў на ТБ і мільгаюць, — калі не браць у разлік спецыяльныя тэлепраекты, у якіх занятая рэгіянальная мастацкая самадзейнасць. А сельскія бібліятэкі? За шчасце, калі ў іх набіраецца дзясятка тры чытачоў, што аддаюць перавагу ўсім іншым беларускай літаратуры на беларускай мове — і не толькі ў межах школьнай праграмы. Адказы ёсць, праўда, лягчэй ад іх не становіцца. І таму вясёлкавыя перспектывы вельмі імглістыя.

Мінск — аграгарадок Абольцы Талачынскага раёна — Мінск

Фота аўтара і з архіва бібліятэкі

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"