Новае жыццё песняроўскага “Вянка”

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

Толькі аднойчы ансамбль “Песняры” паказаў на сцэне праграму “Вянок” на вершы Максіма Багдановіча — у 1991 годзе. А некалькі гадоў таму намаганнямі Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча “Вянок” быў адноўлены. Сёлета падчас традыцыйнага канцэрта 12 студзеня на дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна “Вянок” ізноў прагучаў у поўным аб’ёме, на той жа славутай і роднай для “Песняроў” сцэне Белдзяржфілармоніі. Авацыі ў перапоўненай зале не сціхалі: імі віталі і талент аўтараў песень, і талент сучасных музыкантаў, якія здолелі годна, а месцамі нават бліскуча амаль праз 30 гадоў даць новае жыццё гэтым творам.

Калі слухаеш напоўненую надзіва прыгожымі і такімі празрыста беларускімі мелодыямі праграму “Вянок”, здзіўляешся, чаму ж на гады і на дзесяцігоддзі многія песні былі амаль забытыя. Пасля прэм’еры працягвалі жыць хіба што “Слуцкія ткачыхі” і “Лявоніха”, раз-пораз выконвалася “Пагоня”. Лёс у праграмы і сапраўды асаблівы. У 91-м адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, і да гэтай даты Уладзімір Мулявін як аўтар музыкі і Алег Молчан як аранжыроўшчык стварылі цыкл песень “Вянок”. Толькі дадалі два раней вядомыя творы — “Вераніку” Ігара Лучанка і “Зорку Венеру” Сымона Рак-Міхайлоўскага: Уладзімір Мулявін не захацеў уступаць у творчае спаборніцтва з аўтарамі.

/i/content/pi/cult/781/16842/8_1.jpg

Падчас канцэрта ў Белдзяржфілармоніі Фота Аляксандра МАКАРАВА

Якраз 9 снежня адбыўся той адзіны канцэрт “Песняроў” на сцэне мінскай філармоніі з праграмай “Вянок”. Але ўпершыню яна прагучала за месяц да таго ў бібліятэцы штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку. Не засталося ні нот, ні якаснага запісу. Праз многа-многа гадоў знайшлася кампакт-касета, якую гукарэжысёр Аляксандр Папроцкі проста паставіў у магнітафон падчас рэпетыцыйнага прагону, а потым падарыў яе старшыні маскоўскага фан-клуба “Песняроў” Уладзіміру Пазняку. Знойдзены запіс намаганнямі Яўгена Саламаціна з Масквы — вялікага паклонніка беларускага ансамбля — алічбавалі, “пачысцілі”, і нават выдалі на кампакт-дыску. А аркестр імя Жыновіча, які многа гадоў мэтанакіравана займаецца адраджэннем творчай спадчыны “Песняроў”, вырашыў даць “Вянку” новае канцэртнае жыццё — гэтак жа як раней і “Песні пра долю” і “Гусляру”. Дырыжор аркестра, заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Крамко па магнітафонным запісе на слых перанёс аранжыроўкі, адаптаваў іх пад народны аркестр, і песні загучалі. На дзень нараджэння паэта ў снежні 2017 года і на дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна ў студзені 2018-га адбыліся прэм’еры адноўленай праграмы на сцэне філармоніі.

І на сёлетнім святочным канцэрце за дырыжорскім пультам быў маэстра Аляксандр Крамко. Праграма “Вянок” цалкам прагучала ў другой частцы, а ў першай гледачоў, сярод якіх былі і трое дзяцей Уладзіміра Мулявіна — Марына, Вольга і Валерый — радавалі іншымі славутымі песнямі з рэпертуару ансамбля. Тры вакалісты ўвесь вечар панавалі на сцэне — саліст аркестра Андрэй Коласаў і два запрошаныя — Вячаслаў Ісачанка і Ян Жанчак, у якіх была галоўная роля ў выкананні песень з “Вянка”. Ім жа дасталася ільвіная доля апладысментаў і авацый. Абодва — моцныя вакалісты “песняроўскага”, так бы мовіць, тыпу, і па жыцці звязаныя з гэтай славутай назвай. Ян Жанчак яшчэ юнаком многа гадоў адпрацаваў у ансамблі, якім кіраваў Леанід Барткевіч, ды й з аркестрам імя Жыновіча даўно выконвае творы “Песняроў”: спявае і ў “Вянку”, і ў “Песні пра долю”, і ў “Гусляры”. Пры сучасным абліччы і манеры артысту ўдаюцца вакальныя партыі менавіта Уладзіміра Мулявіна, атрымліваецца напаўняць іх нервам, страсцю і глыбокімі эмоцыямі. “Крик птицы”, што прагучаў у першым аддзяленні, “Ой, чаму я стаў паэтам” і “Пагоня” ў другім — былі ўдарнымі нумарамі ўсяго канцэрта. Дарэчы, з нядаўняга часу Ян Жанчак — саліст Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”.

Вячаслаў Ісачанка — саліст першага складу БДА “Песняры” — у гэты вечар выконваў творы, што ў арыгінальным “Вянку” спявалі Валерый Дайнэка і Ігар Пеня, у яго гэткі ж яскравы тэмбр і добра пазнавальныя песняроўскія інтанацыі. Яго выкананнем “Слуцкіх ткачых” таксама можна было заслухацца. Зараз Вячаслаў Ісачанка працуе ў ансамблі, што мае ў сваёй назве слова “Песняры” — “Песняры І. Свечкіна”, калектыў выступае ў асноўным у Расіі і ва Украіне. А на радзіме Вячаслава можна пачуць не так часта. Для адроджанай аркестрам імя Жыновіча, беражна перанесенай у сучаснасць праграмы “Вянок”, здаецца, і нельга было знайсці лепшых вакалістаў, чым Вячаслаў Ісачанка і Ян Жанчак. Паўтаруся, гэта дзіўная па меладычнасці і беларускасці песенная праграма, ёй бы жыць і жыць не толькі ў рэдкіх канцэртах, і не толькі ў выкананні народнага аркестра, і не толькі ў канцэртным выглядзе, а добра, калі б і ў студыйных сучасных запісах. Тая ж “Пагоня”, што завяршае песенны цыкл “Вянок” і што на гэты раз закрывала канцэрт у гонар дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, ніводнага беларуса не пакідае абыякавым і гучыць неверагодна сучасна і актуальна. Зала філармоніі вітала песню стоячы.

Дарэчы, да гэтага былі падрыхтаваныя тры дыскі: перавыданне таго даўняга запісу праграмы “Вянок”, перавыданне апошняга альбома “Песняроў”, і абсалютна новая зборка рэдкіх запісаў Уладзіміра Мулявіна 80 — 90-х гадоў “Повинуясь песенному дару”. Акрамя таго, пабачыла свет невялічкая кніга “Заповедный напев”— летапіс нашага легендарнага ансамбля — створаны музыказнаўцам, рэдактарам аркестра імя Жыновіча і шматгадовай вядучай усіх яго канцэртаў Вольгай Брылон. Потым гэты тэкст увойдзе ў вялікую кнігу (яна павінна выйсці напрыканцы года), прысвечаную гісторыі беларускай эстрады.

80-годдзе Уладзіміра Мулявіна будзе адзначацца праз год, і ўпэўнена, адзначацца будзе маштабна — не толькі на сцэне філармоніі і не толькі сіламі аркестра імя І. Жыновіча. Але на сёлета гэты калектыў запланаваў яшчэ адну сур’ёзную і важную справу — да 75-годдзя Вялікай Перамогі ён адродзіць славутую песняроўскую праграму “Через всю войну” і 5 мая пакажа яе на сцэне.