Несупастаўныя велічыні

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

Калі меркаваць па водгуках у СМІ, складаецца ўражанне, нібы галоўная культурная падзея мінулага тыдня — гэта скандал у Нацыянальным мастацкім музеі. Пра яго напісалі ці не ўсе буйныя Інтэрнэт-парталы. А вось пра тую выставу, якая воляй нядобрага лёсу стала пляцоўкай для сваркі, я знайшоў усяго пару публікацый. У большасці выпадкаў, у медыяпрасторы яна згадваецца менавіта ў звязку са скандалам. Ці правамерная такая оптыка? Глядзіце самі.

На ўвазе маецца грунтоўная рэтраспектыва легендарнай Зоі Літвінавай “Знакі творчай волі”, якая ўключае каля сямідзесяці ейных прац, створаных цягам доўгага і плённага жыцця. Выстава стала падзеяй яшчэ і таму, што маштабнымі персаналкамі вальнадумная мастачка ніколі не была аблашчаная. І вось, урэшце, здарылася магчымасць ацаніць яе талент у поўнай меры — і з галавой занурыцца ў свет дзівосных вобразаў.

Што да скандалу… Яго выклікала паведамленне ў “Фэйсбуку” хроснай дачкі і вучаніцы Зоі Літвінавай — таксама вядомай беларускай мастачкі Зоі Луцэвіч. Па сваёй ініцыятыве яна зладзіла экскурсію па выставе, сабраўшы на яе пад сотню гледачоў. Праўда, адміністрацыю музея папярэдзіць чамусьці забылі. Але, уласна, камянём сутыкнення стала патрабаванне білецёркі аплаціць экскурсію. Вось, у прынцыпе, і ўсё.

Мастачку абурыла тое, што “ніхто з адміністрацыі музея не выйшаў да нас… ніхто не падзякаваў за работу, якую павінны выконваць яны самі!” Музей у адказ ветліва патлумачыў, што пра экскурсію даведаўся постфактум, адміністрацыя адсутнічала чыста фізічна, бо дзень быў выхадны. А ладзіць тыя ці іншыя імпрэзы без узгаднення ў Нацыянальным мастацкім забаронена — як, зрэшты, і ў кожнай іншай падобнай установе. Хочаш правесці экскурсію — спытай дазволу не толькі ў аўтара выставы, але і ў адміністрацыі. Такія правілы, і музей мае права іх усталёўваць.

Мяне вось таксама дзівіць, чаму журналістаў “К” не пускаюць бясплатна ў Нацынальны мастацкі, пра які мы пішам бадай несупынна. Маё пасведчанне адчыніла перада мной дзверы дзясяткаў замежных музеяў, але… я не крыўдую, бо разумею, што там адны правілы, а ў нас яны могуць быць іншымі. І калі ў НММ дбаюць пра піяр меней за калегаў з іншых краін — што ж, гэта іх права. Са сваім статутам, як кажуць, у чужы манастыр не лезуць.

Зрэшты, не хацеў бы (ды і не лічу ўправе) браць на сябе функцыі трацейскага суддзі ды меркаваць, хто тут і ў якой ступені мае рацыю. Адзначу хіба адно: здарыўся банальны дробны канфлікт, якія нярэдка бываюць ці не ва ўсіх супольнасцях. Ну, напрыклад, муж смецце не вынес, а жонка на яго насварылася. Або калега па працы брудны кубак пакінуў — і пачуў за гэта ў свой адрас “пару ласкавых”. Узровень, як мне падаецца, прыблізна той самы. Нічога істотнага я ў тым канфлікце — па сутнасці, калегаў і аднадумцаў, аднаго культурнага поля ягадаў — не бачу.

Адпаведна, дробны скандал і вялізная выстава — велічыні проста несупастаўныя!

Таму галоўнае пытанне ў іншым: ці варта распавядаць пра такі інцыдэнт на ўсю краіну? Або яго лепей было, усё ж, вырашыць міжсобку, без старонніх вачэй? Без квяцістых галінак форумаў і рэзкіх эмацыйных выказванняў на публіку — з-за якіх, мабыць ужо заўтра будзеш шкадаваць, але… слова не верабей.

Можа, так бы яно ўрэшце і здарылася. Дый наўрад ці той выпадак выйшаў бы за межы вузкага кола, калі б прыватны пост у ФБ не быў гэтак ахвотна апублікаваны столькімі СМІ. Але што тут паробіш: на слова “скандал” медыяпрастора рэагуе бы кот на валяр’янку. Любая сварка з пэўным — хай і немудрагелістым — сюжэтам, вабіць куды болей, ніж развешаныя па сценах творы. Хай сабе, нават геніяльныя.

Што ж, вельмі хацелася б, каб СМІ больш уразліва рэагавалі на словы “талент”, “самабытнасць”, а то і проста “мастацкая выстава”.