Дзе ты, Дзед Барадзед, або Як скласці паліграфічны пазл?

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

Заўсёды, калі пры мне пачынаюць гаварыць пра тое, што сённяшнія дзеці не чытаюць папяровых кніг, я ўспамінаю адзін, здавалася б, неверагодны факт: апошняя кніга серыі “Гары Потэр і Падарункі Смерці” за адзін дзень, 21 ліпеня 2007 года, пабіла ўсе сусветныя рэкорды па продажы. Тады ў Вялікабрытаніі і ЗША за 24 гадзіны былі прададзены 11 мільёнаў экзэмпляраў названага выдання.

Кніга ва ўмовах канкурэнцыі

Гэта, так бы мовіць, мая “прыказка” да круглага стала “Пра кнігу, пра чытанне, пра дзяцей”, які днямі ладзіўся Цэнтралізаванай сістэмай дзіцячых бібліятэк горада Мінска і Камітэтам па арганізацыі абслугоўвання дзяцей і падлеткаў Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Тым больш, і на гэтым мерапрыемстве ішла гаворка і пра наклады (праўда, на жаль, не мільённыя), і пра сістэму продажу дзіцячай літаратуры, і пра перспектывы беларускай дзіцячай кнігі ды шмат пра што яшчэ.

/i/content/pi/cult/781/16836/12_1.jpg

 

 

Працуе круглы стол

Многія ўдзельнікі круглага стала — а на ім прысутнічалі прадстаўнікі выдавецтваў, дзіцячыя пісьменнікі, бібліятэкары, — уздымалі падчас размовы самыя розныя пытанні. Напрыклад, пра састарэлыя, амаль не змяняльныя з савецкіх часоў, спісы літаратуры, размешчаныя ў сённяшняй школьнай праграме. Або разважалі пра статус айчыннай дзіцячай кнігі, праблемы з яе распаўсюджваннем, высокі кошт (чаму, скажам, расійскія выданні часцяком маюць цэннік у 10 — 15, а беларускія — 20 — 25 рублёў?), а таксама гаварылі пра кніжныя навінкі ды наракалі на адсутнасць некаторых выданняў, патрэбных сённяшняму рознаўзроставаму чытачу — і цікаўным малым дзецям, і дапытлівым аматарам чытання падлеткавага веку.

Так, у выступленні вядучага бібліятэкара дзіцячай бібліятэкі № 8 Марыны Петрашкевіч (да слова, сталага пазаштатнага аўтара “К”) шматкроць гучала думка пра тое, што дзіцячая кніга сёння мае шмат канкурэнтаў — гэта і інтэрнэт, і камп’ютарныя гульні, і тэлевізар, — што, натуральна, вымушае выдаўцоў прыдумваць нешта новае і цікавае для дзяцей. Скажам, у дзіцячых бібліятэках Мінска можна сёння пагартаць кнігі-пазлы, кнігі-тэрмометры, кнігі са старонкамі, з якіх робіцца карабель ці дыназаўр, ды іншыя папяровыя цікавосткі незвычайнага фармату.

/i/content/pi/cult/781/16836/12_2.jpg

 

 

Вухуцік у атачэнні кніг

Натуральна, што большасць падобных кніг у бібліятэках — на рускай мове і выдадзены расійскімі выдавецтвамі. Сярод беларускамоўных выданняў пераважаюць кнігі, так бы мовіць, традыцыйныя, якія адрозніваюцца хіба што шрыфтам, аб’ёмам ці вокладкай. Таму падобным выданням трэба прыцягваць чытачоў, у першую чаргу, цікавым зместам, каляровымі малюнкамі і гэтак далей. Што, у прынцыпе, і робяць Ганна Янкута (згадаю, да прыкладу, яе кнігу “Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў”), Надзея Ясьмінска (“Дом цікаўных казак”), Кацярына Хадасевіч-Лісавая (“Вухуцiк. Васiльвася”) ды многія іншыя.

Замежжа нам дапаможа?

Але ж не сакрэт, што і да зместу, і да афармлення дзіцячых беларускамоўных выданняў сёння можна прад’явіць шмат прэтэнзій. Цікавых дзіцячых твораў ад айчынных аўтараў на кніжным рынку з’яўляецца штогод не так ужо і многа, а паліграфічныя паслугі цяпер даволі дарагія, асабліва, калі гаворка ідзе пра неабходнасць аформіць кнігу прыгожымі каляровымі малюнкамі.

Скажам, у дзіцячай бібліятэцы ва Уруччы мне колісь на вочы трапілі дзве кнігі аднаго прыватнага выдавецтва пад назвамі “Выйшаў зайчык пагуляць” Артура Вольскага і Рыгора Барадуліна “Выпаў грук у грома з рук” (усе 2009 года выдання). Цікавыя зборнікі вершаў знакамітых беларускіх аўтараў — праўда, у назве апошняга выдання правільна пісаць грому, а не грома, — былі аформлены настолькі безгустоўна бедна (у дзіцячай кнізе для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту амаль не было малюнкаў, а калі і былі, дык графічныя і невялікага фармату), што ўзяць іх дадому для чытання дачцэ абсалютна не хацелася.

Так што аксіёму пра тое, што аўтар дзіцячай літаратуры абавязкова павінен працаваць у звязцы з мастаком-ілюстратарам, айчынныя пісьменнікі і выдаўцы, на жаль, не заўсёды яшчэ разумеюць і рэдка выкарыстоўваюць на практыцы. Вось і вынікае, што нават добра напісаны твор без каляровых і прыцягальных малюнкаў у кнізе рызыкуе застацца без свайго чытача.

/i/content/pi/cult/781/16836/12_3.jpg

Пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая са сваёй кнігай пра Вухуціка

Таму сённяшняя тэндэнцыя на дзіцячым кніжным рынку, пра якую таксама казала Марына Петрашкевіч, — з’яўленне адметнай беларускамоўнай перакладной літаратуры: серыі кніг шведскіх пісьменнікаў Юі Вісландар пра “Маму Му”, Свэна Нурдквіста пра “Пэтсана і Фіндуса”, Эвы Сусы пра “Снежнага чалавека” ды многіх іншых. І гэта, нейкім чынам, сапраўднае выйсце з праблемнай сітуацыі нястачы якаснай дзіцячай беларускамоўнай літаратуры, з густам і па-мастацку аформленай выдатнымі малюнкамі, якія можна разглядаць нават незалежна ад тэксту, бо гэта сапраўдныя шэдэўры паліграфічнай творчасці.

Можна сказаць болей: гэтыя кніжныя навінкі сусветнага ўзроўню часам вымушаюць чытаць беларускамоўныя кнігі нават тых дзяцей, якія да таго часу бралі кнігі выключна па-руску. Так, па словах Марыны Петрашкевіч, у яе бібліятэцы часам бывае так, што тая ці іншая кніга пра Фіндуса і Пэтсана або пра Маму Му ёсць толькі на беларускай мове. І дзеці яе бяруць, бо вельмі хочуць прачытаць яшчэ адну цікавую гісторыю пра Старога і ягонага Коціка ці пра Карову і Крумкача. Так што не назойлівая прапаганда беларускамоўнай кнігі прыносіць свой плён. Праўда, як вынікае, часцяком праз перакладную літаратуру.

Я, дарэчы, прынёс на круглы стол нядаўняе выданне “Гары Потэр і філасофскі камень”, перакладзеную з англійскай на беларускую мову і выдадзеную адным з прыватных выдавецтваў нашай краіны. І расказаў, што менш чым за месяц былі прададзены дзве тысячы асобнікаў названага выдання (гэта, да слова, увесь наклад кнігі), а само выдавецтва цяпер мяркуе не толькі працягнуць перакладную серыю кніг пра хлопчыка-чараўніка з Хогвартса, але і надрукаваць дадатковы тыраж першай кнігі.

 

 

/i/content/pi/cult/781/16836/12_4.jpg

Пухлік, які жыве ў Сіняй Падушцы

Справа тут, канечне, не толькі ў хуткасці распродажу названай кнігі, — хаця нават адзін гэты прыклад цалкам абвяргае думку пра тое, што беларускамоўную дзіцячую кнігу сёння ніхто не чытае, — а, на мой погляд, у тым, што айчынныя дзяржаўныя выдавецтвы не зусім добра дбаюць пра адметныя маркетынгавыя хады, не заўсёды цікавяцца “гучнымі” і “выбуховымі” кніжнымі навінкамі ў замежных краінах, не дастаткова поўна аналізуюць рынак дзіцячай літаратуры як у Беларусі, так і ў краінах-суседзях. І, адпаведна, не заўсёды хутка рэагуюць на зменлівыя тэндэнцыі еўрапейскага кніжнага рынку ці сусветныя тэндэнцыі ў галіне паліграфіі.

Напрыклад, хто перашкаджаў нашым айчынным выдавецтвам выдаць па-беларуску Гары Потэра яшчэ ў канцы 1990-х гадоў, калі кнігі Джоан Роўлін пачалі з’яўляцца ў Вялікабрытаніі і захопліваць увагу дзяцей па ўсім свеце? Або хаця б у пачатку 2000-х гадоў, калі быў зроблены першы мастацкі фільм Патэрыяны — экранізацыя цудоўнай гісторыі пра хлопчыка Гары і яго змаганне са злым чараўніком Валандэмортам?

Ці, працягну сваю думку, звярнуўшыся зноў да даклада Марыны Петрашкевіч, чаму ў Беларусі дасюль не выпускаюцца кнігі-пазлы, кнігі з акенцамі або кнігі-раскладанкі? Кнігі, у якіх можна пагуляць з якім-небудзь Дзедам Барадзедам, Несцеркай або Пранцішам Вырвічам, прасунуўшы ў яго руку або проста склаўшы яго са старонак кніг? Скажам, у нашай дачкі падобная кніга (з цацкай на руку) ёсць — пра блакітна-паласатага пана Потвура. Яе жонка прывезла з навуковай канферэнцыі ў Варшаве.

Думаю, не варта і казаць, што гэтае польскамоўнае выданне карысталася значнай цікавасцю ў маёй дачкі да пэўнага ўзросту. Як, дарэчы, і ўкраінская дзіцячая кніжка з акенцамі, якую я гады два таму прывёз з Кіева. Але чаму падобныя выданні сёння трэба прывозіць з-за мяжы, але нельга набыць у айчынных выдавецтвах? Пытанне, на мой погляд, зусім не рытарычнае.

Поспех — праз працу

Часткова на мае як зададзеныя, так і не прагавораныя пытанні адказалі ўдзельнікі круглага стала. Так, вядучы спецыяліст аддзела падпіскі і маркетынгу РВУ “Выдавецкі дом “Звязда” Алена Юрына адзначыла, што летась у іх выйшла дзіцячая кніга-квэст “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці” аўтарства Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, дзе ў забаўляльнай форме чытачу прыходзіцца разгадваць сакрэтныя коды, зашыфраваныя на старонках названага выдання.

Прычым, дзеля разгадкі таямніцы кнігі маленькім дэтэктывам трэба пераходзіць, скажам, з 3 старонкі на 18-ю, потым перагортваць кнігу яшчэ далей, а пасля вяртацца назад. Але ж, як прызналася Алена Юрына — гэта пакуль што толькі першае падобнае дзіцячае выданне айчыннага аўтара, выдадзенае выдавецтвам “Звязда”. Між тым, як адзначылі прысутныя на круглым стале бібліятэкары, у той жа Расіі кнігі-квэсты ўжо не рэдкасць і выдаюцца шмат гадоў. Як бачна, і тут мы адстаём ад сусветных — ці нават агульнаўсходнеславянскіх, — тэндэнцый.

Што да беларускамоўнай кнігі, дык, як адзначыла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска Алена Беразоўская, летась у сістэме быў распрацаваны і, галоўнае, ажыццёўлены праект па падтрымцы чытання дзецьмі беларускамоўных кніг “Гучы, родная мова”. У рамках праекта ў дзіцячых бібліятэках сталіцы, куды, да слова, завітвае штогод больш за 120 тысяч чалавек (а чытачы да 15 гадоў складаюць у іх пераважную большасць), праходзяць беларускамоўныя чацвяргі, ладзяцца мерапрыемствы для дзяцей на беларускай мове: сустрэчы з пісьменнікамі, літаратурныя віктарыны, чытанні беларускамоўных кніг услых і гэтак далей.

Як дадала да гэтай інфармацыі намесніца дырэктара ЦСДБ горада Мінска Алена Чарняўская, за 2019 год колькасць беларускамоўных выданняў павялічылася ва ўсіх бібліятэках сістэмы, у параўнанні з леташнім перыядам, прыкладна на 30 тысяч кнігавыдач. І гэта толькі пачатак працы ў агучаным кірунку: як запэўнілі мяне бібліятэкары, цікавасць да беларускамоўнай кнігі расце, у дзіцячыя “кніжніцы” часцей завітваюць беларускамоўныя дзеці і іх бацькі, зацікаўленыя ў кнігах на роднай мове. Таму названы праект запланавана працягнуць і ў 2020-м годзе і, магчыма, і надалей.

А пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая прынесла на круглы стол не толькі новыя кніжныя выданні свайго аўтарства, а і ляльку, якую завуць Вухуцiк, зробленую па адным з яе твораў. Як расказала аўтарка, яе Вухуцік карыстаецца падвышаным попытам у дзяцей, якія пастаянна просяць яго прадаць ці запытваюцца, дзе яго можна набыць падчас прэзентацый ці сустрэч з чытачамі.

На жаль, лялька зроблена самой пісьменніцай у адзінкавым экзэмпляры, таму продаж яе, натуральна, не прадугледжаны. Магчыма, на мой погляд, выйсцем з гэтай сітуацыі “самавырабу лялек” было б супрацоўніцтва айчынных пісьменнікаў з Саюзам майстроў народнай творчасці. Бо не сакрэт, што нашы народныя ўмельцы могуць сёння выразаць з дрэва, вылепіць з гліны ці зрабіць з саломкі ды льну любыя цікаўныя фігуркі, у тым ліку — і тых жа герояў дзіцячых кніг. Чаму б не аб’яднаць свае намаганні? І дзецям была б карысць, і якая “капейчына” для народных умельцаў, і стваральнікам дзіцячых кніг трэба было б думаць толькі пра слушнасць таго ці іншага слоўнага выразу, а не над тым, як і з якога матэрыялу рабіць герояў сваіх кніг.

А я, у сваю чаргу, прапанаваў праз некаторы час зладзіць на базе нашай газеты ці ЦСДБ Мінска яшчэ адзін круглы стол на тэму дзіцячага чытання. Прычым, не толькі з удзелам бібліятэкараў і пісьменнікаў, але і адказных асоб з міністэрстваў культуры і інфармацыі, з Нацыянальнага інстытута адукацыі ды з кіраўнікамі дзяржаўных і прыватных выдавецтваў нашай краіны. Бо, як вядома, праблемныя пытанні — сярод агучаных згадаю яшчэ і праблему абнаўлення спісаў дзіцячай літаратуры ў школах, неабходнасць зніжэння падаткаў на выданне дзіцячай літаратуры, дзяржпадтрымку выдавецтваў, якія займаюцца беларускамоўнай дзіцячай літаратурай, неабходнасць рэкламы дзіцячых навінак па тэлебачанні і некаторыя іншыя, — трэба не толькі ставіць, але і даносіць іх да адказных асоб і дзяржаўных структур. Так што працяг гэтай тэмы на старонках “К” яшчэ будзе. І, магчыма, бліжэйшым часам.

І апошняе. Больш за ўсё на круглым стале мяне ўразіла актыўная пазіцыя прысутных бібліятэкараў. Яны задавалі пытанні ўсім удзельнікам, выказвалі свой пункт гледжання на кожнае пытанне і фактычна зрабілі гэтае пераднавагодняе святочнае мерапрыемства адметным ды насычаным праблемнымі аспектамі. Было бачна, што супрацоўнікі бібліятэк сапраўды хвалююцца за будучыню дзіцячай кнігі, за дзіцячае чытанне, за дзяцей. Таму яшчэ раз — першы раз я зрабіў гэта падчас круглага стала — прапаную бібліятэкарам сістэмы дасылаць свае матэрыялы і артыкулы па ўзнятай тэме, а таксама па ўсіх іншых праблемных пытаннях дзіцячага чытання ў “К”. Разам мы зможам болей.

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"